Перайсці да зместу

Райніс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Яніс Райніс)
Райніс
лат.: Rainis
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні лат.: Jānis Pliekšāns
Псеўданімы Rainis, Jānis Jasēns Plikšis, Pēterpilietis, Petrapilietis, Bezdarbis, Jasietis, Henricus Lettus
Дата нараджэння 30 жніўня (11 верасня) 1865[1][2]
Месца нараджэння хутар Варславаны, цяпер Дунаўская воласць, Екабпілскі край
Дата смерці 12 верасня 1929(1929-09-12)[3][4][…] (64 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Жонка Аспазія
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, драматург, палітык, пісьменнік, перакладчык, журналіст
Кірунак Новая плынь
Мова твораў латышская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Узнагароды
Вялікі крыж ордэна Трох зорак ордэн Трох Зорак
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ян Ра́йніс (лат.: Rainis), сапраўднае імя Яніс Пліекшанс (лат.: Jānis Pliekšāns; 11 верасня 1865, хутар Варславаны, цяпер Дунаўская воласць, Екабпілскі край, — 12 верасня 1929, Юрмала, Латвія) — латышскі паэт, драматург, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 11 верасня 1865 года ў сям’і арандатара маёнтка Крыш’янаса Пліекшанса. Вучыўся ў Дзвінску ў нямецкай школе (цяпер Даўгаўпілская 6-я школа імя Рэйніса). У 1884—1888 гадах вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. У 1889—1891 гадах працаваў у Віленскім судзе. У 1891—1895 гадах быў рэдактарам дэмакратычнай газеты «Dienas Lapa» («Штодзённы лісток»). Першыя вершы апублікаваў у 1895 годзе.

У чэрвені 1897 года за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны, у Рыжскай губернскай турме скончыў пераклад на латышскую мову «Фаўста». У снежні 1897 года сасланы ў Пскоў, у 1899 годзе — у горад Слабадской Вяцкай губерні. Вярнуўся ў 1903 годзе, у 1905 годзе нелегальна эміграваў у Швейцарыю.

З 1920 года жыў у Латвіі. У 1920 годзе Рэйніс ад Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі быў абраны ў Канстытуцыйны сход Латвійскай Рэспублікі. Быў адным з аўтараў латвійскай канстытуцыі[6]. З 1921 года — дырэктар Нацыянальнага тэатра ў Рызе.

У 1921 годзе пры яго падтрымцы быў створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі[7]. Абараняў у сейме інтарэсы беларусаў Латвіі[7]. Садзейнічаў адкрыццю беларускіх гімназій у Дзвінску і Люцыне[7]. 28 лютага 1925 года першым з латышскіх дзеячаў культуры быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай краіны — Ордэнам Трох Зорак I ступені.

Ведаў беларускую мову і беларускія народныя песні[7]. У лістападзе 1926 года ўдзельнічаў у рабоце міжнароднай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Мінску[8]. У 1926—1928 гадах быў міністрам асветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Таварыства культурнай сувязі з народамі СССР.

Быў жанаты з латвійскай паэткай Аспазіяй. Памёр 12 верасня 1929 года ў Юрмале, пахаваны ў Рызе.

Друкаваўся з 1887 года. Бунтарскі настрой і вера ў перамогу дабра і прыгажосці выявіліся ў яго п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913), трагедыі «Ілля Мурамец» (1922). Аўтар зборнікаў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філасофскай паэмы «Ave sol!» (1910).

У творчасці Яна Рэйніса арганічна спалучаюцца вобразная метафарычная форма з глыбокай філасофскай сімволікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклорныя матывы[7].

На беларускую мову творы Рэйніса перакладалі Эдзі Агняцвет, Мікалай Арочка, Алесь Астапенка, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Артур Вольскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Сяргей Дзяргай, Язэп Дыла, Кастусь Кірэенка, П. Масальскі (Пятро Сакол), Пімен Панчанка, Васіль Сёмуха.

Рэйніс і беларусы

[правіць | правіць зыходнік]
Беларускія пісьменнікі на сустрэчы з Янам Рэйнісам 19 лістапада 1926 года. Сядзяць (злева направа): Змітрок Бядуля, Ян Рэйніс, Янка Купала, Кандрат Крапіва. Стаяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кузьма Чорны. З фондаў БДАМЛМ.

Ян Рэйніс быў актыўным прапагандыстам беларускай нацыянальнай культуры ў міжваеннай Латвіі, абаронцам і прадстаўніком беларусаў у Сейме Латвіі. Ён дамагаўся для беларускай нацыянальнай меншасці культурных і адукацыйных правоў.

З выступлення Рэйніса ў Сейме Латвіі ў 1922 годзе:

Пытанне паставілі так: хто ж у сапраўднасці прыдумаў беларусаў? Гэтых беларусаў, як быццам, выдумаў я. Выдумаць іх я не мог, бо само існаванне такога народа — гэта факт. Але што я іх абараняю, дык я не хачу і не магу гэта адмаўляць… З беларускім пытаннем у нас справа выглядае так, што беларусы ў Латвіі без абароны… Я ж абараняю ўсіх тых, у каго другога абаронцы няма… [9]

Рэйніс ведаў пра беларусаў з дзяцінства. Ён вырас у шматмоўным прыдзвінскім краі, дзе побач жылі латышы, беларусы, літоўцы, рускія, палякі і яўрэі. У аўтабіяграфічных матэрыялах паэт згадваў, што яшчэ ў дзяцінстве прыслухоўваўся да беларускіх песень і мелодый. Пазней ён сведчыў, што добра разумее беларускую мову і калісьці сам размаўляў па-беларуску.

Асаблівае месца ў яго дзіцячых успамінах займала Дзвіна — Даўгава. Па рацэ ішлі стругі і плыты, сплаўляўся лес, а на берагах і каля вогнішчаў гучалі песні плытагонаў. У дзяцінстве Рэйніс хадзіў на лесасплаўны рум слухаць плытагонаў з Беларусі, сярод якіх былі дудары.[10]

Гэтыя ўспаміны адлюстраваліся ў паэме ўспамінаў «Сонечныя леты» (лат.: Saules gadi). У ёй Даўгава паказаная як вялікая рачная дарога, па якой плылі стругі і плыты, а ля вогнішчаў адпачывалі плытагоны. У латышскім арыгінале згадваюцца песні gudi — беларусаў, а музычны інструмент названы дакладна dūdas — дудай. Беларускі фрагмент твора быў перакладзены Рыгорам Барадуліным.[10]

З дудовым эпізодам звязаны верш Рэйніса «Mana dūda» («Мая дуда»), упершыню надрукаваны ў 1924 годзе з падзагалоўкам «Матыў беларускай песні» і пазней уключаны ў «Сонечныя леты». У творы дуда гучыць сярод плытагонаў, якія знаходзяцца далёка ад роднага дому. Яна весяліць чалавека на чужыне і адначасова захоўвае памяць пра радзіму.[10]

У лістападзе 1926 года Рэйніс прыбыў у Мінск для ўдзелу ў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. На канферэнцыі ён казаў:

Я звязаны з беларусамі сяброўствам. <…> Мне здаецца, што беларускі народ, які меў ужо высокую культуру ў той час, калі ў нас не было яшчэ ніякай культуры, гэты народ хутка дасягне культуры агульнаеўрапейскай і зойме віднае і пачэснае месца ў сям’і іншых народаў. Вашая будучыня самая слаўная.

Падчас мінскага прыезду Рэйніс сустракаўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Кандратам Крапівой, Кузьмой Чорным, Уладзімірам Дубоўкам, Язэпам Пушчам і іншымі беларускімі пісьменнікамі. Вядомы групавы фотаздымак Рэйніса з Купалам і ўдзельнікамі літаратурна-мастацкага аб’яднання «Узвышша» быў зроблены 19 лістапада 1926 года.

Рэйніс мэтанакіравана знаёміўся з гісторыяй і сучасным станам беларускага тэатра. Паводле ўспамінаў Язэпа Дылы, ён папрасіў размаўляць з ім па-беларуску, бо добра разумеў беларускую мову і ў маладосці сам на ёй гаварыў. Дыла расказаў Рэйнісу пра беларускія народныя песні і абрады, скамарохаў, батлейку, народную драму, творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і развіццё беларускай сцэны.[11]

Асабліва Рэйніс зацікавіўся дзейнасцю першай беларускай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага, яе рэпертуарам і сцэнічным выкананнем беларускіх народных танцаў.[11] Трупа Буйніцкага была створана ў Глыбоцкім краі на Беларускім Паазер’і. У складзе яе традыцыйнай музычнай капэлы выступаў дудар Адам Шульга.[10]

У Мінску Рэйніс паглядзеў спектаклі «Пінская шляхта», «Каваль-ваявода» і «Кастусь Каліноўскі», сустракаўся з беларускімі артыстамі, драматургам і рэжысёрам Яўсцігнеем Міровічам. Разам з беларускімі дзеячамі ён наведаў Віцебск, дзе выступіў на ўрачыстым адкрыцці Другога беларускага дзяржаўнага тэатра.[11]

У Віцебску на Старасямёнаўскіх могілках пахаваная маці паэта Дарта Пліекшане, якой усталяваны памятны знак.

Рэйніс перакладаў вершы Янкі Купалы на латышскую мову, падтрымліваў беларускія школы і культурна-асветныя арганізацыі ў Латвіі, збіраў матэрыялы для задуманай фальклорна-гістарычнай драмы «Беларусы». У 1927 годзе падчас сустрэчы з беларускай пісьменніцкай дэлегацыяй у Рызе ён выказваў намер стварыць латышска-беларускае таварыства ўзаемнага вывучэння навукі і мастацтва.

Творы Рэйніса перакладаліся на беларускую мову. У час наведвання Мінска ён даў Язэпу Дылу згоду на пераклад п’есы «Гірт з Воўчага Логу», якая выйшла асобным выданнем у 1930 годзе.

Рэйнісу прысвячалі творы Язэп Пушча, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Васіль Вітка, Віталь Вольскі, Сяргей Грахоўскі, Васіль Зуёнак, Пятро Прыходзька, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Максім Танк і Станіслаў Шушкевіч. У вершы «Яну Рэйнісу» (1957) Язэп Пушча ўзгадаў сустрэчу з латышскім паэтам у Мінску ў 1926 годзе і прадставіў яе як сімвал культурнага збліжэння Беларусі і Латвіі.

  • 1897 — Ё. Гётэ. Фаўст (пераклад на латышскую мову)
  • 1903 — Tālas noskaņas zilā vakarā
  • 1905 — Vētras sēja
  • 1907 — Uguns un nakts
  • 1909 — Zelta zirgs
  • 1909 — Klusā grāmata
  • 1910 — Ave sol!
  • 1911 — Tie, kas neaizmirst
  • 1911 — Indulis un Ārija
  • 1912 — Gals un sākums
  • 1912 — Г. Э. Лесінг. «Натан Мудры»
  • 1913 — Pūt, vējiņi!
  • 1916 — Daugava. Sērdieņu dziesma
  • 1917 — Krauklītis
  • 1919 — Jāzeps un viņa brāļi
  • 1919 — Spēlēju, dancoju
  • 1922 — Iļja Muromietis
  • 1927 — Mīla stiprāka par nāvi

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]
  • Гірт з Воўчага Логу. — Мн., 1930.
  • Выбранае / склаў А. Вольскі. — Мн.: Дзяржвыд БССР, Рэд. мастацкай літаратуры, 1956.
  • Ветрык, вей!: народная песня ў 5 актах / Ян Рэйніс. — Мн.: Беларусь, 1965. — 174, [1] с.
  • Агонь і ноч / пер. з латышскай мовы В. Сёмухі: Даўняя песня ў новым гучанні. — Мн.: Юнацтва, 1988.
  • Выбранае: з латышскай / уклад., прадм. і камент. М. Абалы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 463 с. — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  • Сонечныя леты: фрагменты паэмы ўспамінаў, у тым ліку твор «Mana dūda» / пераклад з латышскай мовы Рыгора Барадуліна.
  • Dzīve un darbi, sej. 1—11. — Riga, 1925—1931.
  • Kopoti raksti, sej. 1—14. — Riga, 1947—1951.
  • Kopoti raksti, sej. 1—30. — Riga, 1977—1990.

У Мінску і Ерэване яго імем названы вуліцы. Імя Рэйніса носіць адзін з кратараў на планеце Меркурый. У Юрмале дзейнічае Дом Райніса і Аспазіі.

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #11889496X // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Rainis // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Jānis Rainis // Brockhaus EnzyklopädieF.A. Brockhaus, 1796. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. literatura.lvLiteratūras, folkloras un mākslas institūts. Праверана 16 снежня 2023.
  6. «Izstrīdētā» Latvijas Satversme — Latvijas Avīze(недаступная спасылка) (лат.)
  7. 1 2 3 4 5 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0216-4 (т. 13). С. 271.
  8. Марат Гаравы. Адкрылася выстава «Ян Райніс і беларуская культура». Новы час (16 лістапада 2013).
  9. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. Кн. 2 / рэдкал.: У. С. Богаў, А. Ф. Бубала [і інш.]. — Мн., 2000. — С. 259.
  10. 1 2 3 4 Воранаў В. Дудары Глыбоцкага краю / рэд. М. Чарнякевіч. — Глыбокае: Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, 2019. — 98 с. — Электронная версія.
  11. 1 2 3 Дыла Я. Сустрэчы з Янам Рэйнісам // Творы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1981. — 351 с.
  • Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. — Мн., 1968.
  • Воранаў В. Дудары Глыбоцкага краю / рэд. М. Чарнякевіч. — Глыбокае: Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, 2019. — 98 с.
  • Дыла Я. Сустрэчы з Янам Рэйнісам // Творы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1981. — 351 с.
  • Кулеша Т. Сустрэчы з Янам Рэйнісам // Беларускае мастацтва. — Мн., 1962. — Вып. 3.
  • Пушча Я. Яну Рэйнісу // Вершы. — 1957.
  • Дауге П. Ян Рэйнис. Певец борьбы, солнца и любви. — М., 1920.
  • Краулинь К. Ян Рэйнис. — М., 1957.
  • Сокол Э. Жизнь и творчество Яна Рэйниса. — Рига, 1957.
  • Krauliņš K. Raiņa dzīve un darbība. — Riga, 1953.
  • Sokols E. Rainis. — Riga, 1962.
  • Hausmanis V. Tautas dzejnieks Rainis. — Riga, 1968.
  • Hausmanis V. Raiņa daiļrades process. — Riga, 1971.
  • Hausmanis V. Raiņa dramaturģija. — Riga, 1973.