Ян Абрамовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ян Абрамовіч
Герб «Ястрабец зменены»
Герб «Ястрабец зменены»
8-ы Ваявода смаленскі
1596 — 1602
Папярэднік Ян Валмінскі
Пераемнік Пётр Дарагастайскі
4-ы Ваявода менскі
1593 — 1596
Папярэднік Багдан Паўлавіч Сапега
Пераемнік Андрэй Ян Завіша
староста лідскі
1579 — 1602
Папярэднік Мікалай Радзівіл Руды
Пераемнік Аляксандр Галоўчынскі

Нараджэнне 1540
Смерць 19 красавіка 1602(1602-04-19)[1]
Род Абрамовічы
Бацька Станіслаў Абрамовіч
Жонка Дарота Валовіч
Дзеці Мікалай, Марына
Веравызнанне кальвінізм[1]
Дзейнасць эканаміст

Ян Абрамовіч (? — 19 красавіка 1602) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода менскі (1593—1596), ваявода смаленскі (з 1596).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З роду Абрамовічаў герба «Ястрабец». Выхоўваўся пры двары князя Мікалая Радзівіла Рудога і ўсё жыццё быў звязаны з біржанскай галіной роду Радзівілаў. Побач з Радзівіламі быў адным з лідараў кальвінізму ў Вялікага Княства Літоўскага. Упершыню згадваецца ў 1587 як староста лідскі, войскі і намеснік віленскі, атрымаўшы гэтыя пасады з радзівілаўскай пратэкцыі, дзякуючы ёй прасоўваўся па кар’ернай лесвіцы, атрымаў прэзідэнцтва дорпацкае (1591—1598, склаў паўнамоцтвы з утварэннем Дорпацкага ваяводства); у 1593 прызначаны ваяводам менскім, у 1596 — ваяводам смаленскім.

Захоўваў адданасць Радзівілам і, як сведчаць лісты, займаўся іх прыватнымі справамі. Браў актыўны ўдзел у палітычным і царкоўным жыцці ВКЛ, будучы разам з біржанскімі Радзівіламі ў антыпольскім крыле. Гэта выразна выявілася пры абароне правоў ВКЛ, калі ішла справа аб наданні віленскай кафедры Мацяёўскаму (ад 1595 і пазней), а таксама калі Я. Абрамовіч на соймах выступаў за перадачу Інфлянтаў ВКЛ (1585). Удзельнічаў у торуньскім сіноду калівіністаў (1595), у перамовах з тымі, хто не прыняў Берасцейскую унію ў Вільні (1599), у дыспуце кальвіністаў з езуітамі (1599). Трымаў сувязь з К. І. Астрожскім, бо праз жонку Ганну Дароту з Валовічаў, быў цесна звязаны з праваслаўнымі коламі ў ВКЛ. Ганна Дарота была апякункай Віленскага брацтва, і сам Абрамовіч неаднаразова выступаў у абарону праваслаўных мяшчан, напр. у спрэчцы пра пабудову брацкай царквы, якая была забароненая віленскім магістратам у 1596, з-за чаго меў канфлікт з канцлерам Л. І. Сапегам, які падтрымліваў уніяцкага мітрапаліта. Таксама Ян Абрамовіч быў апекуном кальвінскага палеміста Андрэя Волана. У сваім маёнтку ў Варнянах заклаў збор, шпіталь, школу, якія праіснавалі да сяр. 17 ст. На смерць Я. Абрамовіча кальвіністы адазваліся друкаванай «Прамовай на жалобную смерць і пахаванне вялікага патрона Божага Збору і мудрага Сенатара».

Напісаў «Думкі літвіна, пра танную куплю і дарагі продаж збожжа» (1595), на яго заказ Ян Радван напісаў паэму «Радзівіліяда» (1592). Сваім коштам выдаў шэраг кніг, м.інш. «Катэхізіс» Станіслава Судроўскага, віленскага міністра, з 300 рэлігійнымі песнямі (1598).

Меў сына Мікалая, генерала артылерыі і ваяводу троцкага.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 4, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV-XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 216. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5