Ян Дамель

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ян Дамель
Jan Damiel. Ян Дамель.jpeg
Фатаграфія
Дата нараджэння: 1780(1780)
Месца нараджэння: Мітава
Дата смерці: 30 жніўня 1840(1840-08-30)
Месца смерці: Мінск
Месца пахавання:
Грамадзянства:
Род дзейнасці: мастак
Месца працы:
Жанр: мастак-партрэціст
Вучоба:
Стыль: класіцызм, неакласіцызм, рамантызм
Вядомыя працы: «Смерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Хрышчэнне княгіні Вольгі», «мерць князя Юзафа Панятоўскага», «Павел I вызваляе Касцюшку з турмы»
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Ян Да́мель (польск.: Jan Krzysztof Damel; 1780, Мітава — 30 жніўня 1840, Мінск) — беларускі мастак пачатку XIX стагоддзя, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўніверсітэта. Пакінуў значны след у мастацтве Беларусі і Літвы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Курляндскім герцагстве ў сям'і купца. Дзяцінства і школьныя гады правёў у Мітаве. У 1797 годзе пераехаў у Жамойць і жыў у Жагарах. Там на працягу аднаго года быў гувернёрам у гродскага пісара Бурневіча. Адтуль для вучобы пераехаў у Вільню.

З 1799 года навучаўся жывапісу ў Віленскім універсітэце ў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма. Пасля заканчэння некалькіх курсаў і здачы экзаменаў атрымаў ступень магістра свабодных навук, а пазней гімназічнага настаўніка.

У 1809 годзе стаў майстрам жывапісу і віцэ-прафесарам. У alma mater служыў да 1820 года, як малады педагог быў захавальнікам калекцыі малюнка і гравюры ўніверсітэта. Паралельна з вучобай і працай ва ўніверсітэце займаўся творчасцю.

У лютым 1815 года Дамель апынуўся пад следствам па ўзбуджанай справе супраць Цэйзіка, абвінавачанага ў фальшываманецтве. Ён быў дастаўлены ў Мінск, дзе знаходзіўся пад вартай прынамсі да чэрвеня 1816 года.

Яго становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ва ўніверсітэце пачаліся ганенні на прафесараў, якія ў 1812 годзе выступілі на баку Напалеона. Першапачаткова Дамель таксама звязваў з «імператарам французаў» надзеі на аднаўленне незалежнасці Літвы. Ён ахвотна прыняў удзел у афармленні ўрачыстасці ў гонар Напалеона, якая адбылася ў Вільні 15 жніўня 1812 года.

У 1820 годзе 40-летні мастак быў адпраўлены ў ссылку ў Сібір. Да 1822 года Дамель пражываў у Табольску. Пабываў у гэтыя гады ў Іркуцку, Томску, Енісейску. Распісваў у Сібіры каталіцкія храмы і маляваў прыгожыя сібірскія пейзажы («Заход сонца ў Табольску»).

Неўзабаве на творчасць і вясёлы характар мастака звярнуў увагу кіраўнік Сібіры — генерал-губернатар граф Міхаіл Спяранскі, які садзейнічаў вяртанню Дамеля ў Мінск.

У 1831-1835 гадах здзейсніў падарожжа па Сібіры (ад Іркуцка да Кяхты), верагодна разам з Юзафам Кабылецкім, які падарожнічаў у тым жа рэгіёне ў 1831-1834 гг.

Пасля вяртання Дамель аж да сваёй смерці ў 1840 годзе пражываў у Мінску. Пахаваны ў крыпце Кальварыйскага касцёла на Кальварыйскіх могілках Мінску. Замест помніка над яго магілай была павешана карціна «Маленне Збавіцеля», якую мастак лічыў лепшым сваім творам.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Святы Іосіф з Дзіцяткам Ісусам, касцёл Святога Тадэвуша ў Вішневе, 1811

Ян Дамель пісаў пераважна на гістарычныя тэмы: «Смерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Хрышчэнне княгіні Вольгі», «Смерць князя Юзафа Панятоўскага», «Павел I вызваляе Касцюшку з турмы», «Разбітыя войскі Напалеона ў Вільні», «Пераправа французаў праз Бярэзіну» (апошняя не скончана), а таксама некаторыя іншыя палотны.

Вядомыя яго творы на рэлігійныя тэмы («Становішча ў труну», «Хрыстос і самарыцянка», «Святы Іосіф з Дзіцяткам Ісусам», «Святы Тадэвуш»), партрэты князя Дамініка Радзівіла, графаў Яўхіма Храптовіча, краязнаўца і археолага графа Канстанціна Тышкевіча, мінскага губернатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча, мінскага губернскага маршалка (1847—1853) Атона Ігнатавіча Горвата з жонкай Людвікай, Валадковіча з жонкай, рэктара Віленскага ўніверсітэта С. Малеўскага, ксяндза Ф. Галанскага, М. Равіча з сынам, Міхаіла Спяранскага, С. Строганава, Е. Кабылінскага і іншых, пейзажы Мінска і яго наваколляў («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»), малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры. Акрамя таго, Дамель, як і іншыя мастакі таго часу, аддаў даніну альбомнаму малюнку.

Альбом малюнкаў і акварэляў "Маё знаходжанне ў Сібіры". 1831-1835[правіць | правіць зыходнік]

З сібірскай вандроўкі ад Іркуцка да Кяхты 1831-1835 гадоў Дамель прывёз альбом малюнкаў і акварэляў пад назвай “Mon sejour a Sibirie depuis 1831 au mois de Mars, j’usqu’e 1835 le 12 de Mars” да якога была далучана мапа падарожжа і аўтарскія анатацыі[1]. У альбоме былі прадстаўлены панарамы гарадоў Табольска, Омска, Томска, Іркуцка, Енісейска, а таксама тыпы бухарскіх татараў, кіргізаў, манголаў, кітайцаў, самаедаў. Дамель браў тэмы з жыцця гарадоў і вёсак, без ідэалізацыі адлюстроўваў паўсядзённае жыццё найбяднейшых саслоўяў. Як і яго настаўнік Францішак Смуглевіч, канцэнтраваўся на асаблівасцях строяў дадзенага рэгіёна, звычаях, рамястве, будаўніцтве. Верная перадача строяў, іх дэталей, фізічных рысаў кожнай этнічнай групы дэманструе даследчыцкі характар малюнкаў, імкненне да найбольш праўдзівага адлюстравання  рэальнага жыцця іншых народаў і культур. Альбом быў выкананы ў тэхніцы акварэлі, гуашы, малюнку пяром і алоўкам. Частка з гэтых малюнкаў была выдадзена ў тэхніцы літаграфіі (7 літаграфій, якія паўтараюць сюжэты і кампазіцыі акварэлей і малюнкаў: татары, бухарцы ў Табольску, самаеды, сяляне з вакольц Табольска, панарама Омска, панарама Табольска, Бухтармы, Маймачэна). Альбом з’яўляецца адным з першых айчынных даследванняў культуры Ўсходу[2].

Эскізы Яна Дамеля знаходзіліся ў прыватных калекцыях графа Канстанціна Тышкевіча і Юзафа Ігнацыя Крашэўскага.

Творчасць мастака фарміравалася пад уплывам класіцызму, але ў шэрагу яго твораў адчуваецца імкненне да рамантычнага адлюстравання рэчаіснасці. Партрэтам Дамеля ўласцівая тонкая псіхалагічная характарыстыка.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Карціны Яна Дамеля займаюць ганаровае месца ў музеях Літвы і Польшчы, маюцца працы і ў Беларусі. У гонар мастака 27 чэрвеня 2005 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла мастацкі канверт з арыгінальнай маркай «225 гадоў з дня нараджэння Яна Дамеля»[3].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. (Памеры альбома 15,5х24 см. Захоўваецца ў Кабінеце Польскага малюнка Нацыянальнага музея ў Варшаве)
  2. Joanna Woch. Podróże I ekspedycje naukowe polskich artystów po Sybirze w pierwszej połowie XIX wieku (Jan Damel, Leopold Niemirowski, Bronisław Zaleski) // Sztuka Europy Wschodniej T. 1. Polska – Rosja: Sztuka I historia. Polski Instytut Studiów nad Sztuką Świata & Wydawnictwo Tako. – Warszawa – Torun, 2013. – S. 327-332.
  3. Сайт БелПошты.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rastawiecki E. Slownik malarzòw polskich tudziez obcych w Polsce osiadlych lub czasowo w niej przebywajacych. — T.1. — Warszawa, 1850. — S. 128.
  • Szemesz А. Wspomnienia o Damelu // Athenaeum. — T. 2. — Wilno, 1842. — S. 170.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Joanna Woch. Podróże I ekspedycje naukowe polskich artystów po Sybirze w pierwszej połowie XIX wieku (Jan Damel, Leopold Niemirowski, Bronisław Zaleski) // Sztuka Europy Wschodniej Искусство Восточной Европы Art of the East Europe. T. 1. Polska – Rosja: Sztuka I historia Польша – Россия: Искусство и история. Polski Instytut Studiów nad Sztuką Świata & Wydawnictwo Tako. – Warszawa – Torun, 2013. (370 s.). – S. 327-332.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Joanna Woch. Podróże I ekspedycje naukowe polskich artystów po Sybirze w pierwszej połowie XIX wieku (Jan Damel, Leopold Niemirowski, Bronisław Zaleski) // Sztuka Europy Wschodniej Искусство Восточной Европы Art of the East Europe. T. 1. Polska – Rosja: Sztuka I historia Польша – Россия: Искусство и история. Polski Instytut Studiów nad Sztuką Świata & Wydawnictwo Tako. – Warszawa – Torun, 2013. (370 s.) - S. 328-332. https://www.hse.ru/pubs/share/direct/document/127562475