Ян Чыквін
| Ян Чыквін | |
|---|---|
| польск.: Jan Czykwin | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 18 мая 1940 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 14 лістапада 2022 (82 гады) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Альма-матар |
|
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | літаратуразнавец, перакладчык, паэт, пісьменнік, дацэнт |
| Мова твораў | беларуская і польская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Член у | |
| Узнагароды | |
Ян Чы́квін (польск.: Jan Czykwin; 18 мая 1940, в. Дубічы Царкоўныя, цяпер Гайнаўскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 14 лістапада 2022[1], Бельск-Падляскі) — беларускі паэт, перакладчык, гісторык рускай і беларускай літаратур. Доктар гуманітарных навук, звычайны прафесар.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З дзяцінства меў схільнасць да літаратурнай творчасці, аднак вырашыў спачатку атрымаць грунтоўную філалагічную прафесію. У 1959 годзе паступіў, а ў 1964 годзе скончыў факультэт рускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у якасці настаўніка ў IV агульнаадукацыйным ліцэі ў Беластоку. У 1969 годзе перайшоў на працу ў беластоцкі філіял Варшаўскага ўніверсітэта, дзе стаў першым мясцовым русістам, які абараніў доктарскую дысертацыю, а затым і атрымаў ступень доктара габілітаванага[2].
У сувязі з адсутнасцю на той час пасады дацэнта ў Беластоку, з 1985 па 1997 год працаваў у Варшаўскім універсітэце, пасля чаго ў 1998 годзе вярнуўся ўжо ў самастойны Беластоцкі ўніверсітэт. У 2002—2008 гадах займаў пасаду дырэктара Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта[3].
У 1970 годзе Ян Чыквін разам з Сакратам Яновічам сталі першымі беларускамоўнымі пісьменнікамі, прынятымі ў Саюз літаратараў Польшчы (з 1989 года быў членам Саюза польскіх пісьменнікаў). Неўзабаве пасля гэтага яны стварылі ў Беластоку Літаратурны клуб, які аб'яднаў мясцовых творцаў[4]. З 1989 года Ян Чыквін з'яўляўся старшынёй Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Выступіў ініцыятарам стварэння і галоўным рэдактарам часопіса «Тэрмапілы» (польск.: Termopile), а таксама заснавальнікам і выдаўцом серыі «Бібліятэчка Белавежы», у межах якой выйшла больш за сто кніг[5]. З'яўляўся членам беларускага ПЭН-цэнтра. Жыў у Бельску-Падляскім.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Як літаратуразнавец і гісторык літаратуры даследаваў рускую паэзію «сярэбранага веку», у тым ліку напісаў гісторыка-літаратурнае даследаванне, прысвечанае творчасці Афанасія Фета. Вывучаў лірыку медытатыўнага характару, якая адлюстроўвае захапленне хараством свету і гармоніяй прыроды[3].
Аўтар шэрагу літаратуразнаўчых і крытычных манаграфій па гісторыі беларускай літаратуры:
- «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа» (Беласток, 1997);
- «Беларускія пісьменнікі Польшчы. Бібліяграфічны даведнік 1957—1998» (Беласток, 2000);
- «Па прызванні і абавязку. Літаратурна-крытычныя артыкулы» (Беласток, 2005);
- «Ідэя, вобраз, інтэрпрэтацыя» (2014)[6].
Выступіў укладальнікам і аўтарам прадмовы да кнігі «Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова XX ст.» (Мінск, 2000)[7].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў як паэт на старонках тыднёвіка «Ніва» ў 1957 годзе. Паэзія Яна Чыквіна носіць філасофскі, сімвалічны, часам ускладнёна-метафарычны характар[8].
Аўтар шэрагу зборнікаў беларускамоўнай паэзіі:
- «Іду» (Беласток, 1969);
- «Святая студня» (Беласток, 1970);
- «Неспакой» (Беласток, 1977);
- «Светлы міг» (Мінск, 1989);
- «Кругавая чара» (Беласток, 1992);
- «Свет першы і апошні» (Беласток, 1997).
У перакладзе на польскую мову выйшлі кнігі «На парозе свету» (польск.: Na progu świata, Варшава, 1983), «Сонечная вязь» (польск.: Splot słoneczny, Ольштын, 1988), «Адпачынак ля перасохлай крыніцы» (Беласток, 1996). Апублікаваў таксама некалькі вершаў па-польску.
Актыўна працаваў як перакладчык. Перакладаў беларускую паэзію на польскую мову, а таксама творы польскіх паэтаў на беларускую, у прыватнасці, вершы Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай, Тадэвуша Ружэвіча, Станіслава Баранчака[3].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Залаты медаль «За заслугі ў культуры Gloria Artis» (2008) — за выдатны ўклад у літаратуру і асветніцкую дзейнасць[3][9].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Пайшоў з жыцця беларускі паэт і перакладчык Ян Чыквін . Новы Час (14 лістапада 2022). Праверана 14 лістапада 2022.
- ↑ Srodowisko 2018, с. 88—90.
- 1 2 3 4 Srodowisko 2018, с. 86.
- ↑ Srodowisko 2018, с. 92.
- ↑ Srodowisko 2018, с. 86, 148.
- ↑ Srodowisko 2018, с. 148.
- ↑ Беларускія пісьменнікі Польшчы: другая палова XX ст. / Прадм. У. Конана. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-6318-80-7.
- ↑ У. Конан (2000)
- ↑ Арлоў І.. Безайчынныя вершы (руск.)(недаступная спасылка). Вечерний Брест (23 снежня 2009). Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2022. Праверана 27 красавіка 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 373. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 173. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- 533 // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5. Скамарохі — Яшчур. — 703 с. — 10 000 экз.
- 303 // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — 684 с.; іл. — ISBN 985-11-0022-6.
- Białostockie środowisko filologiczne 1968-2018: historia w 45 wywiadach / Dominik Sołowiej, Jarosław Ławski. — Białystok: Wydawnictwo Alter Studio, 2018. — 523 с. — ISBN 978-83-64081-49-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Яну Чыквіну — 80! (недаступная спасылка). СБП (18 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2020. Праверана 20 мая 2020.
- Нарадзіліся 18 мая
- Нарадзіліся ў 1940 годзе
- Нарадзіліся ў Брэсцкай вобласці
- Памерлі 14 лістапада
- Памерлі ў 2022 годзе
- Памерлі ў Бельску Падляскім
- Пахаваныя ў Бельскім павеце (Падляскае ваяводства)
- Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта
- Выкладчыкі Беластоцкага ўніверсітэта
- Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта
- Члены Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа»
- Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
- Члены Саюза польскіх пісьменнікаў
- Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
- Узнагароджаныя залатым медалём «За заслугі ў культуры Gloria Artis»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Беларусісты Польшчы
- Перакладчыкі Беларусі
- Паэты Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Паэты Польшчы
- Літаратуразнаўцы Беларусі
- Гісторыкі літаратуры
- Дактары гуманітарных навук
- Прафесары Беластоцкага ўніверсітэта
- Нарадзіліся ў Гайнаўскім павеце