Яўген Юр’евіч Афнагель
| Яўген Юр’евіч Афнагель |
|---|
Яўген Юр’евіч[1] Афнагель (нар. 7 лютага 1979) — беларускі грамадска-палітычны актывіст, палітычны зняволены[2].
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», быў адным са стваральнікаў і актыўным удзельнікам маладзёжнага руху «Зубр». За сваю апазіцыйную публічную дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску. Пасля падзеяў 2010 года Яўген Афнагель працяглы час быў вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі, але вярнуўся ў выніку ў Беларусь, дзе працягнуў актыўную палітычную дзейнасць.
Яўген Афнагель быў затрыманы ў час пратэстаў у Беларусі 25 верасня 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). Сілавікі выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў. 1 кастрычніка Яўгену Афнагелю было прад’яўлена абвінавачанне. Ён утрымліваўся ў СІЗА-1 г. Мінска.
Суд над ім і шэрагам іншых палітычных актывістаў праходзіў у 2021 годзе ў закрытым рэжыме ў Магілёве. 25 мая Яўгену Афнагелю прысудзілі 7 гадоў зняволення за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Столькі ж далі Паўлу Севярынцу, Андрэю Войнічу[3].
11 верасня 2025 года пасля памілавання быў фактычна дэпартаваны ў Літву разам з яшчэ паўсотняй беларускіх палітвязняў[1].
Зноскі
- ↑ а б Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся. Наша Ніва.
- ↑ Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Праваабарончы цэнтр «Вясна».
- ↑ Да сямі гадоў: вынесены прысуд Севярынцу і актывістам «Еўрапейскай Беларусі». У судзе яны скандавалі «Верым! Можам! Пераможам!». Наша Ніва.