Яўрэйская паліцыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Нарукаўная нашыўка супрацоўніка яўрэйскай паліцыі
Роварная рота яўрэйскай паліцыі ў варшаўскім гета

Яўрэйская паліцыя (ням.: Jüdischer Ordnungsdienst) — найменне «Службы парадку», — органа для забеспячэння парадку, які ўтвараўся ў кожным яўрэйскім гета падчас нацысцкай акупацыі.

Стварэнне і структура[правіць | правіць зыходнік]

Ініцыятарам стварэння яўрэйскай паліцыі быў намеснік Адольфа Эйхмана гаўпштурмфюрар СС Алоіз Брунэр (Alois Brunner). Ён пачынаў са стварэння яўрэйскай паліцыі Берліна, якая дапамагала дэпартаваць яўрэяў у гета і лагеры на Усходзе. Існавала ў 1939—1944. Фармальна падпарадкоўваліся юдэнратам — саветам яўрэяў, якія стаялі на чале адпаведных гета. Кіраўніком яўрэйскай паліцыі звычайна быў адзін з членаў юдэнрата.

Камплектаванне яўрэйскай паліцыі адбывалася пры ўдзеле немцаў і кіраўнікоў юдэнратаў. Звычайна яўрэйская паліцыя зброі не мела — членам паліцыі дазвалялася насіць гумовыя дубінкі. Аднак, некаторыя яўрэйскія паліцыянты былі ўзброены. Яўрэйскім паліцыянтам, якія выявілі сябе перад нямецкімі ўладамі з добрага боку, дазвалялася ўвесь час мець агнястрэльную зброю. Зброя таксама выдавалася на час правядзення акцый, для аховы важных аб'ектаў і начных дзяжурстваў. Кіраўнікі і камандзіры яўрэйскай паліцыі (звычайна гэта былі прадстаўнікі юданрата) мелі права на сталае нашэнне зброі (пісталета і ручных гранат)[1].

На чале паліцыі варшаўскага гета стаяў былы палкоўнік польскай паліцыі Юзэф Шэрынскі.

Функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Функцыі яўрэйскай паліцыі можна падзяліць на тры тыпу:

  1. выкананне нямецкіх загадаў, атрыманых праз юдэнрат ці непасрэдна ад акупацыйных улад;
  2. выкананне распараджэнняў юдэнрата ў сувязі з яго мерапрыемствамі: збор кантрыбуцый.
  3. задавальненне ўнутраных патрэб яўрэйскага грамадства: ахова вуліц гета, ахова ўваходу і выхаду з гета.

Да першых двух тыпаў адносіліся збор кантрыбуцый, штрафаў і падаткаў, канфіскацыя маёмасці, збор на прымусовыя працы, удзел у аблавах і арыштах, этапаванне насельніцтва ў лагеры і да месцаў растрэлаў, сачэнне ўсярэдзіне гета, выяўленне партызанаў і падпольшчыкаў. Пры гэтым нярэдка чальцы яўрэйскай паліцыі самі былі падпольшчыкамі ці мелі сувязь з падполлем. Сярод яўрэйскіх паліцыянтаў было нямала агентаў гестапа.

Супрацоўнік яўрэйскай паліцыі. Гета ў г. Лодзь

Да трэцяга тыпу адносіцца падтрыманне парадку і чысціні ў грамадскіх месцах, барацьба са злачыннасцю.

Часам яўрэйскія паліцыянты бралі ўдзел у растрэлах. 27 кастрычніка 1942 года 7 чальцоў яўрэйскай паліцыі пад кіраўніцтвам начальніка Вільнюскага гета С. Дэслера ў Ашмянах удзельнічалі ў масавым забойстве 406 чалавек[1]. Яўрэйскія паліцыянты Вільнюскага гета суправаджалі калоны яўрэяў у Панеряй да месца масавых забойстваў. Таксама ў Вільнюскім гета ў 1942 годзе яўрэйскай паліцыяй было павешана 6 яўрэяў за крымінальныя злачынствы[1].

Лёс чальцоў паліцыі[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што яўрэйская паліцыя актыўна дапамагала немцам у пераследзе іншых яўрэяў, у тым ліку ў іх адпраўцы ў канцлагеры, шматлікія яе чальцы ў канчатковым рахунку падзялілі лёс іншых ахвяр Халакоста, але не ўсё. Частка былых чальцоў яўрэйскай паліцыі Вільнюса, Каўнаса і Шаўляя ўлетку 1944 года былі арыштаваны НКВД і асуджаны за калабарацыянізм з немцамі[1].

У адзін з апошніх дзён ліквідацыі Варшаўскага гета немцы арыштавалі спачатку ўсіх чальцоў сем'яў паліцаяў, а неўзабаве адправілі ў канцлагеры і іх саміх. Некаторыя былыя паліцаі ўдзельнічалі ў паўстанні ў Варшаўскім гета. Таксама вядомыя факты ўдзелу яўрэйскай паліцыі ў руху супраціву ў Рыжскім гета.

Э. Бярковіч. Вера пасля Катастрофы:

«…мы чулі пра ганебныя паводзіны некаторых яўрэйскіх паліцыянтаў у гета, пра нялюдскасць капа і асобных зняволеных. Сцвярджаюць, што часам яны пераўзыходзілі ў жорсткасці немцаў. Але хто можа дазволіць сабе такія параўнанні, не ведаючы жудасных умоў, у якія былі пастаўлены гэтыя людзі! Усякі, хто старанна вывучыць дакументы, адразу зразумее: нават у гета жыццё было настолькі дэгуманізаваным, што той, хто захаваў там рэшткі людскасці быў героем. А гета яшчэ раскоша ў параўнанні з лагерамі, пра якія адзін нямецкі службовец пісаў дамоў, што пекла Дантэ — толькі камедыя побач з імі.»

У Варшаўскім гета яўрэйская паліцыя налічвала каля 2500 чалавек; у Лодзь да 1200 чалавек; у Львове да 500 чалавек; у Вільнюсе да 250 чалавек і т. д.[2]

Яўрэйская паліцыя ў канцлагеры Вестэрборк (Галандыя) у сваім супрацоўніцтве з нацыстамі адрознівалася жорсткасцю ў адносінах да зняволеных. Складалася з яўрэяў Галандыі і іншых еўрапейскіх краін. Чальцы «Ordnungsdienst» адказвалі за ахову блока пакаранняў і за падтрыманне агульнага парадку ў канцлагеры. «Ordnungsdienst» у канцлагеры Вестерборк налічвала 20 чалавек у сярэдзіне 1942 года, 182 чалавека ў красавіку 1943 і 67 у лютым 1944. Нашэнне знака «OD» уведзена загадам па лагеры № 27 ад 23 красавіка 1943.[3]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Станкерас, 2009
  2. Raul Hilberg, The Destruction of the European Jews, Quadrangle Books, Chicago, 1961, p. 310.
  3. http://fcit.usf.edu/holocaust/gallery/11548.htm Загад № 27 ад 23 красавіка 1943

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кніга:Альтман І. А.:Халакост і яўрэйскі супраціў на акупаванай тэрыторыі СССР 4-3
  • Станкерас П. Літоўскія паліцэйскія батальёны 1941-1945 гады. — М.: Веча, 2009. — 304 с. — (Ворагі і саюзнікі). — ISBN 978-5-9533-3897-4.