Яўрэйскі аддзел Беларускага дзяржаўнага музея
Яўрэйскі аддзел Беларускага дзяржаўнага музея — структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага музея (БДМ), якое існавала ў Мінску ў 1924—1933 гадах і займалася зборам, вывучэннем і захаваннем помнікаў яўрэйскай гісторыі, рэлігіі і культуры.
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак гісторыі фарміравання калекцыі ўзыходзіць да 1907—1908 гадоў, калі пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце быў заснаваны царкоўна-археалагічны музей, зборы якога ў час Першай сусветнай вайны былі эвакуіраваны ў Разань[1]. Створаны ў 1919 годзе Мінскі абласны музей ужо ў 1920 годзе падчас адступлення польскіх войскаў быў разграблены, а найбольш каштоўныя рэчы былі вывезены[2][3].
У перыяд беларусізацыі 1921—1922 гадоў абласны музей быў адноўлены і размешчаны ў былым архірэйскім доме, на месцы якога цяпер стаіць Дом афіцэраў. У 1923 годзе ён атрымаў статус Беларускага дзяржаўнага музея, і пачалося актыўнае папаўненне яго збораў[4][5].
Яўрэйскі аддзел БДМ пачаў арганізоўвацца 15 снежня 1924 года[6]. Пра яго заснаванне было афіцыйна абвешчана ў часопісе «Полымя» ў 1925 годзе[7]. Загадчыкам аддзела з самага пачатку быў прызначаны Аляксандр Давыдавіч Палеес — гісторык, антыквар і мастацтвазнаўца яўрэйскага паходжання. У адрозненне ад іншых падраздзяленняў, якія існавалі яшчэ з часоў абласнога музея, яўрэйскі аддзел збіраўся цалкам нанова і размяшчаўся на першым паверсе былога архірэйскага дома[8][9].
Фарміраванне калекцыі
[правіць | правіць зыходнік]Папаўненне калекцыі адбывалася за кошт экспедыцый, набыцця ў грамадзян, перадачы прадметаў з іншых устаноў і ахвяраванняў. Ужо ў 1925 годзе ад мастацтвазнаўцы М. М. Шчакаціхіна паступілі здымкі мінскіх і слуцкіх сінагог[10][9].
У 1926 годзе пачаліся перамовы аб перадачы з Віцебскага абласнога музея каштоўнасцей са знакамітай калекцыі А. Р. Брадоўскага. Нягледзячы на супраціў віцебскіх навуковых супрацоўнікаў, згодна з пастановай аб канцэнтрацыі мастацкіх каштоўнасцей ад 14 лістапада 1924 года, у БДМ былі перададзены 54 прадметы яўрэйскай культуры, сярод якіх выдатныя помнікі: тасы, ханукальныя лямпы, шабатныя падсвечнікі, літаграфіі і прадметы побыту[11][12]. У тым жа годзе аддзел набыў напісаныя на пергаменце Кабалу і малітоўнік, якім было па 300 гадоў, з мястэчак Ляды і Дуброўна[13][14].
Набыццё каштоўнасцей адбывалася і шляхам абмену. У 1928 годзе музей перадаў Узлянскай абшчыне ківот з былой Мінскай харальнай сінагогі ў абмен на ківот XVIII стагоддзя з мясцовай сінагогі. Таксама адбыўся абмен з бэс-мідрашам на Школьнай вуліцы ў Мінску, дзе музей аддаў ханукальны падсвечнік з накладнога серабра ў абмен на гравіраваную медзяную тацу XVII стагоддзя, якая ўяўляла «значную каштоўнасць»[15][16].
На працягу 1931—1932 гадоў у зборы БДМ таксама трапіла частка калекцыі ліквідаванага ў Ленінградзе музея Яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства, якую сабраў вядомы этнограф і фалькларыст С. А. Ан-скі падчас экспедыцый па Падоліі і Валыні[17][18].
Спробы рэстытуцыі з РСФСР
[правіць | правіць зыходнік]Музей вёў актыўную інтэнсіўную працу па пошуку і вяртанні яўрэйскіх каштоўнасцей, якія ў розныя часы вывозіліся з беларускіх зямель на тэрыторыю РСФСР. Беларускім бокам рабіліся неаднаразовыя спробы рэпатрыяцыі страчаных рэчаў, сярод якіх былі:
- Калекцыя, сабраная ў Віцебску жыхаром Рапапортам (Ан-скім), якая трапіла ў Рускі музей. У вяртанні было адмоўлена пастановай СНК СССР ад 5 ліпеня 1926 года з прычыны яе «агульнасаюзнага значэння».
- Шрыфт і абсталяванне старажытнай яўрэйскай друкарні, канфіскаваныя ў 1920 годзе. З Гомельскага музея прыйшоў адказ аб іх адсутнасці ў фондах.
- Старажытны скрутак Торы, падараваны імператару Мікалаю ІІ прадстаўнікамі яўрэйскага кагала ў Віцебску ў 1904 годзе (знаходзіўся ў Зімнім палацы, далейшы лёс невядомы).
Нягледзячы на цяжкасці, у 1928 годзе Казанскі дзяржаўны ўніверсітэт перадаў музею ўнікальны дакумент — «Адрас Полацкіх яўрэяў Кацярыне Вялікай на 6 лістах, 1780 г.»[19][20].
Ідэалагічны ціск і распродаж калекцыі
[правіць | правіць зыходнік]З канца 1920-х гадоў савецкая палітыка ў адносінах да музеяў пачала змяняцца, пачалася так званая «перабудова», накіраваная на ўзмацненне ідэалагічнай працы. Яўрэйскі аддзел неаднаразова падвяргаўся жорсткай крытыцы за залішнюю ўвагу да рэлігійных прадметаў: «…У яўрэйскім аддз. для гледача складаецца ўражаньне, што яўрэі толькі моляцца богу. Няма яўрэя-рамесьніка, яўрэя-земляроба, яўрэя-гандляра, няма падзелу на клясы…»[21][18].
Паралельна кіраўніцтву музея даводзілася выконваць загады ўсесаюзнага аб’яднання па экспарту «Антыкварыят», якое адбірала музейныя каштоўнасці для продажу за мяжу з мэтай папаўнення дзяржаўнай казны валютай. У 1931—1932 гадах значная частка помнікаў яўрэйскай культуры была перададзена на экспарт. Паводле акта ад 2 лістапада 1931 года з аддзела канфіскавалі больш за 80 найкаштоўнейшых прадметаў: срэбраныя кароны Торы, тасы, ханукальныя свяцільні, падсвечнікі, ламбрыкены, парэйхасы і іншае. У сакавіку 1932 года для рэалізацыі за мяжу былі адабраны мастацкія працы Л. Антакольскага, Я. Кругера, Ю. Пэна[22][23].
У 1930 годзе музей быў пазбаўлены свайго будынка і пераселены ў Дом селяніна, які значна саступаў па плошчы. У 1933 годзе ў выніку рэарганізацыі экспазіцыі яўрэйскі аддзел быў канчаткова зачынены, а паслядоўныя арышты і звальненні вопытных супрацоўнікаў прывялі ўстанову ў заняпад[24][25].
Лёс калекцыі падчас і пасля Другой сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]На пачатку Вялікай Айчыннай вайны калекцыя БДМ не была эвакуіравана. Музей перажыў рабаванні як з боку мясцовых жыхароў, так і з боку акупантаў. У 1943 годзе яўрэйскія культурныя каштоўнасці былі адпраўлены нямецкімі акупацыйнымі ўладамі (структурамі штаба рэйхсляйтара Розенберга) ў Інстытут гебраістыкі (ням.: Institut zur Erforschung der Judenfrage)[26]. Дырэктар музея ў перыяд акупацыі Антон Шукелойц склаў спіс з 236 перададзеных прадметаў: пераважна пісьмовыя помнікі і прадметы рэлігійнага характару[27]. У 1944 годзе экспанаты былі вывезены па маршруце Інстэрбург—Гёхштэт.
Пасля вайны ў 1947 годзе ў Мінск з Берліна былі вернуты два вагоны з музейнымі прадметамі (3491 адзінка). З яўрэйскай калекцыі вярнулася толькі каля 70 прадметаў (тасы, бсамімы, рымонім, пасудзіна для захавання этрога, конаўкі з дзвюма ручкамі і інш.). Паколькі Беларускі дзяржаўны музей доўгі час не быў адноўлены, рэчы былі размеркаваны паміж Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўным мастацкім музеем і Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем[28][29].
Сучасныя знаходкі
[правіць | правіць зыходнік]У 2019 годзе ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі перададзены прадметы невызначанага паходжання. Па ўліковых нумарах удалося высветліць, што яны паходзяць з даваеннага збору БДМ. Сярод іх 22 прадметы яўрэйскай культуры: 16 тасаў, ханукальная свяцільня, тфілін і яд[30].
Таксама даследчыкамі былі знойдзены каштоўнасці музея за мяжой. У калекцыі Ізраільскага музея ў Іерусаліме быў ідэнтыфікаваны кабалістычны амулет XVIII стагоддзя са штампам БДМ і нумарам 6029/1. У далейшым у Ізраілі было выяўлена яшчэ 10 прадметаў з нумарамі і штампамі беларускага музея, сярод якіх:
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Белорусский государственный музей // Белорусская культура. — Мн.: 1928. — № Сб. 1. — С. 49.
- ↑ Ластоўскі В. У. Беларускі дзяржаўны музей // Наш край. — 1927. — № 10. — С. 48.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 181.
- ↑ Гужалоўскі А. А. Музеі Беларусі (1918–1941 гг.). — Мінск: НАРБ, 2002. — С. 25.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 181—182.
- ↑ // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — С. 56.
- ↑ Жылуновіч З. Ф. [і інш.] Хроніка жыдоўскай культуры // Полымя: літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс. — 1925. — № 3. — С. 170—171.
- ↑ // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — С. 56.
- 1 2 Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 182.
- ↑ Бамбешка І. І. Камплектаванне фондаў Беларускага дзяржаўнага музея ў 20-я гг. // Музейны веснік / НМГіКБ. — Мн.: Юніпак, 2005. — С. 23.
- ↑ Сьпіс рэчаў яўрэйскай культуры з калекцыі А. Р. Брадоўскага, перададзеных Віцебскім аддзяленнем Беларускага Дзяржаўнага музея // Навуковы архіў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 182—183.
- ↑ Жылуновіч З. Ф. [і інш.] Хроніка беларускай культуры // Полымя. — 1926. — № 3. — С. 198.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 183.
- ↑ // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — С. 10, 64—65.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 183—184.
- ↑ Синило А. Н. Экспонаты из музея Еврейского историко-этнографического общества в собраниях белорусских музеев // Забута спадщина. — 2017.
- 1 2 Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 185.
- ↑ Бамбешка І. І. Паступленні ў Беларускі дзяржаўны музей са сховішчаў Масквы і Ленінграда ў 1922–1927-я гг.: новыя дакументы і факты // Музейны веснік / НМГіКБ. — Мн.: Юніпак, 2005. — С. 27.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 184—185.
- ↑ // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — С. 22аб.
- ↑ // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — С. 4, 16—20.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 185—186.
- ↑ Ксяневіч Ю. Структура Беларускага дзяржаўнага музея ў 20–30-я гг. ХХ ст. // Музейны веснік / НМГіКБ. — Мн.: Юніпак, 2005. — С. 7.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 186.
- ↑ Вяртанне-2. Артыкулы, дакументы і архіўныя матэрыялы па праблемах пошука і вяртання нацыянальных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. — Мінск: Беларускі фонд культуры, 1994. — С. 31.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 186—187.
- ↑ Акт и опись музейных экспонатов, возвращенных в БССР из Германии, 08.12.1947 // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — С. 1—229.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 187—188.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 188.
- ↑ Лёс фамільных скарбаў... 2020, с. 188—189.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі : зборнік матэрыялаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Лёс фамільных скарбаў магнацкіх родаў Беларусі» (Нясвіж, 10 лістапада 2020 г.) і Міжнароднага навуковага семінара «Крыпта князёў Радзівілаў у Нясвіжы: гісторыя, сучасны стан, даследаванні, перспектывы выкарыстання» (Нясвіж, 4 кастрычніка 2019 г.) / уклад. У. У. Караленак, С. М. Клімаў. — Нясвіж: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», 2020. — 380 с. — ISBN 978-985-904-826-5.