Гісторыя яўрэяў Польшчы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Яўрэі ў Польшчы)

Гісторыя яўрэяў на польскіх землях налічвае каля 800 гадоў. На працягу гэтага часу былі доўгія перыяды рэлігійнай талерантнасці з боку дзяржавы і спрыяльных абставін для польскай яўрэйскай абшчыны, але было і амаль поўнае знішчэнне (Халакост), якое праводзілася нацысцкай Германіяй падчас акупацыі  (руск.).

Прыняцце яўрэяў у Польшчы ў 1096 годзе. Карціна Яна Матэйкі.
Святы Войцех абвінавачвае яўрэяў у гандлі рабамі-хрысціянамі перад князем Чэхіі Баляславам Набожным. Рэльеф з Гнезненскіх варотаў.

Першыя невялікія групы яўрэяў пасяліліся ў Польшчы ўжо з XIII стагоддзя, а на працягу наступнага часу іх колькасць павялічвалася. Сюды пераходзілі выгнаныя яўрэі  (руск.) з усёй Еўропы, у прыватнасці з Германіі (1346), Венгрыі (1349—1526 і 1686—1740), Францыі (1394), Аўстрыі (1420), Іспаніі (1492), Партугаліі (1497), Кіева (1886), Масквы (1891). Кароль Казімір III Вялікі лічыцца пратэктарам яўрэяў у Польшчы. У 1334 годзе ён вызваліў яўрэяў з-пад юрысдыкцыі магдэбургскага права і з тых часоў яўрэйскія абшчыны  (руск.) пачалі падвяргацца юрысдыкцыі каралеўскіх судоў. Дзякуючы гэтаму рашэнню Казіміра Вялікага, якім аберагалася фізічная бяспека і маёмасць яўрэяў, Каралеўства Польскае стала аазісам бяспекі іўдэяў, выгнаных з усёй Еўропы. З моманту ўзнікнення Каралеўства Польскага і далей — у Рэчы Паспалітай, да ваенных бедстваў паўстання Хмяльніцкага і Шведскага патопу ў XVII стагоддзі Польшча была адной з самых талерантных дзяржаў Еўропы. Як следства, яна стала домам для адной з найбуйнейшых і дынамічнейшых у развіцці яўрэйскіх абшчын. Невыпадкова тагачасныя людзі называлі сучасную ім Польшчу раем для яўрэяў (лац.: paradisus Iudaeorum)[заўв. 1], а кракаўскі рабін з шаснаццатага стагоддзя Мошэ Ісерлес  (руск.) адзначаў, што калі б Бог не даў яўрэям Польшчы, то лёс Ізраіля быў бы на самой справе невыносным[1]. Аднак калі польска-літоўская унія пачала слабець з прычыны войнаў і рэлігійных канфліктаў (паміж пратэстантамі і каталіцкай контррэфармацыяй, а таксама паміж праваслаўнымі і ўніятамі), стала прыходзіць у заняпад і традыцыя польскай талерантнасці. Як следства, з другой паловы XVII стагоддзя сітуацыя яўрэяў у Польшчы пагоршылася.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе яўрэі, якія тут жылі (гэтак жа, як і хрысціяне) сталі падданымі дзяржаў, у якіх адышла тэрыторыя. Умовы жыцця яўрэйскай абшчыны істотна адрозніваліся ў залежнасці ад дзяржавы. Асабліва цяжка яўрэям было ў Расійскай імперыі, у якой узмацняўся антысемітызм, а для іўдзеяў было вызначана абмежаваныя зоны для пражывання. У XIX стагоддзі адбыліся істотныя змены — узмацнілася міграцыя яўрэяў у буйныя гарады, дзе паўставаў яўрэйскі пралетарыят, а таксама эміграцыя за межы Еўропы[2]. Сталі ўзнікаць арганізаваныя рухі за культурную асіміляцыю і рэлігійную рэформу іўдаізму  (руск.). У 1812 годзе ў Прусіі, а ў 1822 — у Расійскай імперыі яўрэям прадастаўлена грамадзянскія правы  (руск.). Узнікалі яўрэйскія палітычныя групы — кансерватыўныя, сацыялістычныя і сіяністычныя, частка яўрэйскага пралетарыяту падтрымлівала камунізм. Пасля атрымання Польшчай незалежнасці  (польск.) на яе тэрыторыі пражывалі больш за 3 мільёны яўрэяў — адна з найбуйнейшых дыяспар на свеце. Істотнай праблемай было павелічэнне ўзроўню антысемітызму.

Неўзабаве пасля ўварвання нацыстаў у Польшчу акупанты пачалі арганізаваную акцыю знішчэння яўрэйскага насельніцтва, вядомую пад назвай Халакост. У выніку генацыду загінулі больш за 90 % польскіх яўрэяў. Многія яўрэі ваявалі як салдаты і афіцэры ў шэрагах Войска Польскага ў кампаніі 1939 года і ў іншых бітвах, напрыклад, пры Монтэ-Касіна  (бел. (тар.)). Іх хавалі на агульных могілках разам з польскімі хрысціянамі і мусульманамі.

Пасля вайны значная частка з 180—240 тысяч яўрэяў, якія перажылі Халакост, вырашыла эміграваць з камуністычнай Польшчы да новай дзяржавы Ізраіль, ЗША ці Паўднёвай Амерыкі. Большасць з тых, хто застаўся, былі вымушаныя з’ехаць у канцы 1960-х у выніку арганізаванай кампартыяй антысеміцкай кампаніі  (руск.) (чэрвень 1967, сакавік 1968). Пасля краху камунізму ў Польшчы ў 1989 годзе становішча яўрэяў нармалізавалася, а тыя з іх, хто меў грамадзянства Польшчы да Другой сусветнай, атрымалі магчымасць яго вяртання. Колькасць яўрэяў у сучаснай Польшчы ацэньваецца ў каля 8-12 тысяч чалавек. Разам з тым, колькасць людзей, якія маюць яўрэйскія карані, але не звязаныя з іўдаізмам або яўрэйскай культурай, можа быць большай у некалькі разоў.

Каментарыі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Гэта вызначэнне паходзіць ад фразы, гучала як «Польшча была небам для шляхты, чысцам для гараджан, пеклам для мужыкоў і раем для яўрэяў» і паходзіла з пачатку XVII ст.: Самуэль Адальберг: Księga przysłów, przypowieści i wyrażeń przysłowiowych polskich. 1889—1894, s. 419.. Паводле Станіслава Ката, гэтая фраза ўпершыню з’явілася ў пасквілі 1606 года ананімнага аўтара пад загалоўкам Paskwiliusze na królewskim weselu podrzucone. Аўтар гэтага тэксту, магчыма, мешчанін або прадстаўнік каталіцкага духавенства, крытыкуе прывілеі шляхты і эканамічна звязаных з ёй яўрэяў. Stanisław Kot: Polska rajem dla Żydów, piekłem dla chłopów, niebem dla szlachty. Warszawa: 1937.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. B. Weinryb: The Jews of Poland. A Social Economic History of the Jewish Community in Poland from 1100 to 1800, Philadelphia, The Jewish Publication Society of America, 1972, s. 166.
  2. Norman Davies: Boże Igrzysko. Kraków: Wydawnictwo ZNAK, 2006. ISBN 83-240-0654-0. 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]