Спадар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Спадар — адна з формаў звароту да іншага чалавека ў Беларусі. У жаночым родзе — «спадарыня» або «спадарычна» (да незамужняй), пры звароце да грамады — «спадарства».

Фанетычна слова «спадар» утварылася ад слова «гаспадар» шляхам паступовага спрашчэння гукавай структуры (адкідання спачатку прыстаўнога «г», потым прыстаўнога «а»). Аднак, на думку Жураўскага, выпадкі ўжывання словаў тыпу «спадар», «аспадар», «аспадарства» ў старабеларускіх тэкстах правільней адносіць да вынікаў скажэння ў запісе гукавай структуры словаў «гаспадар» і «гаспадарства»; пры гэтым колькасць выпадкаў ужывання правільных формаў адносіцца да колькасці выпадкаў ужывання скажоных формаў як «тысячы да адзінак». Сучасныя спробы абгрунтавання гістарычнасці ўжывання слова, як напрыклад, у тэкстах Крамко і Лучыц-Федарца, на думку Жураўскага, церпяць на пэўную палітызаванасць.

Найбольш падрабязную распрацоўку паходжання слова «спадар» як звароту зрабіў Янка Станкевіч[1]. У артыкуле ў «Беларускай газэце» ад 15.4.1942 ён падаў 7 цытат са старабеларускіх тэкстаў, з якіх 2 паходзяць з Кітабаў. З ліку гэтых цытат, на думку Жураўскага, толькі слова «спадарыня» ў Баркулабаўскім летапісе пач. 17 ст. можна з пэўнай нацяжкай аднесці да ветлівых зваротаў.[2]

На думку Жураўскага, слова «спадар», як форма звароту, было зусім невядомае беларусам да часоў нямецкай акупацыі (1941—1944). Увядзенне гэтага слова як звароту Жураўскі тлумачыць тым, што калабаранты жадалі знайсці замену як «савецкаму» (у іх разуменні) звароту «таварыш», так і «польскаму» (у іх разуменні) звароту «пан»; пры гэтым першымі адрасантамі звароту былі нямецкія высокія чыноўнікі, а потым зварот быў перанесены і на беларусаў. Замацаванне звароту «спадар» у якасці афіцыйнага вядомае ўжо ў пастанове канферэнцыі акруговых і раённых школьных інспектараў (Менск, 15 — 17.12.1941): "Вучань павінен зварочвацца да настаўніка словамі «спадар настаўнік». На думку Жураўскага, для насельніцтва зварот аказаўся незразумелым і яно ім не карысталася; і менавіта таму ў «Беларускай газэце» былі надрукаваныя «аж тры» непадпісаныя артыкулы пра паходжанне гэтага слова (15.4.1942, 10.2.1943, 6.5.1944), аўтарам якіх, на думку Жураўскага, бясспрэчна быў Янка Станкевіч. У асяроддзі беларускай эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны слова «спадар» з прычыны звязанасці з калабарацыяй некалькі дзесяцігоддзяў не прыймалася часткай эміграцыі на чале з Міколам Абрамчыкам — замест яго тут ужывалі слова «гаспадар»; пазней, аднак, у эмігранцкім асяроддзі перамагло г.зв. БЦР-аўскае гледзішча, і ўжо ў 1990-я гг. слова «спадар» фактычна з'яўлялася адзінай формай звароту сярод беларускай эміграцыі.

У час падзення савецкай сістэмы словы «спадар» і «гаспадар» як формы звароту былі вернутыя ў Беларусь, прычым, на думку Жураўскага, першынство ў гэтым належыць Аляксандру Баршчэўскаму (Алесь Барскі). Форма «гаспадар», за якую выступаў, м.інш., Адам Мальдзіс, не прыжылася. Пэўная папулярнасць формы звароту «спадар» (і вытворных ад гэтага) у беларускім грамадстве, на думку Жураўскага, тлумачыцца палітычнымі матывамі (набралым сілу «заходніцтвам») і дрэнным веданнем гісторыі.

Зноскі

  1. Паводле Лявона Луцкевіча, за польскім часам[удакладніць: камент.] быў фельетон «Дзівосы і смяхоты Янкі Станкеўчыка», дзе, сярод іншага, тлумачылася, што «спадар» — не ад выразу «спадаць галавою», а ад молі, якая «гаспадару» ў кітабе першы склад ад'ела.
  2. Пры гэтым, на думку Жураўскага, у такім выпадку і ўсе тыя словы у клічнай форме, сярод якіх знаходзіцца «спадарыня» («звездухно, зезюлюхно… солнушко, утухно»), таксама можна залічваць у ветлівыя звароты.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Жураўскі А. І. Як на Беларусі развяліся «спадары» // Крыніца № 11-12, 2002. С.158 — 175.
  • Лучыц-Федарэц І. З гісторыі слова «спадар» // Наша слова, 1993, № 33.