1-ы Кадравы батальён БКА

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
1-ы Кадравы батальён БКА
Гады існавання 13 верасня 1944 — красавік 1945
Краіна Сцяг Нацысцкай Германіі Геріанія
Падпарадкаванне Францішак Кушаль
Уваходзіць у Беларуская краёвая абарона
Тып батальён
Функцыя навучанне афіцэраў і унтэр-афіцэраў
Колькасць 300 (снежань 1944)
Дыслакацыя Берлін
Войны Другая сусветная вайна
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Пётра Касацкі

1-ы Кадравы батальён БКА, школьны батальён БКА[1] — батальён Беларускай краёвай абароны, створаны ў Берліне з эвакуяваных беларусаў без дазволу нямецкіх улад. Батальён займаўся навучаннем беларускіх афіцэраў і унтэр-афіцэраў.

Даследчык Юры Туронак лічыў, што батальён нельга ўважаць за паўнавартасную кадравую вайсковую часць, бо да канца студзеня 1945 года, акрамя афіцэраў і салдат БКА, там былі члены іхніх сем’яў. Таксама частка вайскоўцаў уступала ў батальён, каб адпачыць пасля шпіталя[2].

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове ліпеня 1944 года БЦР атабарылася ў Берліне. Радаслаў Астроўскі жадаў аднавіць БКА, аднак гэта ўжо было немагчыма[3]. Ён выступіў перад нямецкім кіраўніцтвам з хадайніцтвам аб стварэнні Беларускага легіёна на ўзор ужо існых легіёнаў. Ідэя была ўхваленая Міністэрствам па справах акупаваных усходніх абласцей. У ліпені таго ж года начальніку Упраўлення генерала-інспектара добраахвотных фарміраванняў пры Генеральным штабе сухапутных сіл (ням.: General der Freiwilligen- Verbände) генералу кавалерыі Эрнсту Кёстрынrу быў пададзены адпаведны мемарандум. Кёстрынг абяцаў яго разгледзець, аднак да сярэдзіны верасня 1944 года так і не зрабіў гэтага[4].

Доўгае маўчанне немцаў непакоіла сяброў БЦР. На адным паседжанні Прэзідыума Рады выступіў генерал-маёр[4] Езавітаў (са жніўня 1944 кіраўнік вайсковага аддзела БЦР)[1] з праектам, каб прыступіць да арганізацыі першай вайсковай адзінкі, не чакаючы дазволу немцаў. Свой праект ён матываваў тым, што афіцыйна існуе БКА, кватэра ёсць, харчаванне можа быць часова арганізаванае па картках, гэтаксама салдаты могуць часова быць ва ўласным адзенні. Такім чынам, на ягоную думку, пад шыльдай БКА можна было паклікаць людзей і прыступіць да арганізацыі першага школьнага батальёна БКА[1].

Францішак Кушаль гэты праект не ўхваліў[1], аднак ён спадабаўся Радаславу Астроўскаму. Такім чынам, 13 верасня 1944 года прэзідэнт БЦР прыняў рашэнне аб стварэнні батальёна[1][4]. Езавітаў арганізаваў моцную канцылярыю і пачаў паклікаць людзей у беларускае войска[1].

Паводле Езавітавага праекта, батальён павінны быў мець наступную структуру:[1][5]

  • Афіцэрскі курс, на якім павінныя былі перападрыхтоўвацца афіцэры БКА і паліцыі;
  • Падафіцэрскі курс для перападрыхтоўкі падафіцэраў (унтэр-афіцэраў);
  • Афіцэрская школа, у якой павінныя былі вучыцца на афіцэраў маладзёны, якія не наведвалі ніякіх афіцэрскіх курсаў;
  • Падафіцэрская школа, для кандыдатаў на падафіцэраў, якія не наведвалі ніякіх падафіцэрскіх курсаў;
  • Гаспадарчая рота.

Шлях батальёна[правіць | правіць зыходнік]

На фарміраванне батальёна БЦР патраціла 12000 рэйхсмарак[1]. Батальён пачаў стварацца ў пачатку верасня 1944 года. Асновай для батальёна сталі беларускія афіцэры і унтэр-афіцэры, якія паступова збіраліся ў Берліне[4]. Першым прыбыў у батальён капітан Пётра Касацкі, які быў вызначаны за камандоўца батальёна. Намеснікам Касацкага стаў Сцяпан Шнэк, які таксама прыбыў у батальён адным з першых[6]. Батальён падпарадкаваўся Кушалю, як галаве БКА[1].

На думку Езавітава і іншых сяброў Рады, афармленне батальёна перад нямецкімі ўладамі павіннае было адбыцца не пазней як праз два тыдні[1]. БЦР безвынікова спрабавала дамагчыся дазволу на фарміраванне Беларускага легіёна, у які б увайшоў батальён, ажно да снежня 1944 года[1]. Да лютага 1945 года батальён не значыўся ў ніводным нямецкім вайсковым дакуменце і не знаходзіўся на нямецкім харчаванні[6].

У батальёне дзейнічалі ўсе запланаваныя курсы і школы. Афіцэрская школа была пад камандай Барыса Рагулі[1].

Да снежня 1944 года, у батальёне набралося 300 чалавек, з іх 50 афіцэраў[1].

Казармы ў батальёна былі добрыя, аднак былі сур’ёзныя праблемы з рыштункам: у салдат не было зімняй формы, толькі летняя[1][6].

У дывізіі СС «Беларусь»[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове студзеня 1945 г. Зіглінг прыслаў у школьны батальён у Берлін штумбанфюрара Генігфельда, які, прыбыўшы ў батальён, выбраў наймаладзейшых і найлепшых афіцэраў і падафіцэраў, паглядзеў на стральцоў і заявіў, што хутка яны паедуць на месца арганізацыі брыгады СС «Беларусь». Пасля было яшчэ некалькі такіх партый, а сярод пакінутых афіцэраў былі выбраныя вярбоўшчыкі, а рэшта ў ліку 18 чалавек была звольненая з войска[1].

У школьным батальёне ў Берліне засталіся старэйшыя векам афіцэры і некалькі стральцоў. Бальшыня з гэтых людзей была не прыдатная да вайсковай службы.

На перамовах з Астроўскім Зіглінг паабяцаў захаваць у дывізіі афіцэрскую і падафіцэрскую школу батальёна. Аднак ён парушыў пагадненне, панізіўшы афіцэрскую школу да падафіцэрскай, а падафіцэрскую школу размеркаваўшы па гаспадарчых функцыях[1].

У першай палове[2] або сярэдзіне[1] красавіка 1945 года батальён спыніў сваё існаванне.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]