Перайсці да зместу

200 беларускіх рублёў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
200 беларускіх рублёў
Краіна
Намінал 200 Br
Шырыня 155 міліметр
Вышыня 72 міліметр
Аверс
Аверс
Рэверс
Рэверс

200 рублёў (дзвесце рублёў) — намінал банкноты афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь, законны плацежны сродак, уведзены з 1992. Дызайн купюры апошні раз быў абноўлены ў 2009 і прысвечаны Магілёўскай вобласці. Купюра была надрукавана брытанскай фірмай «De La Rue»[1].

8 снежня 1992 у абарачэнне была ўведзена першая беларуская купюра наміналам 200 рублёў. На ейным пярэднім баку размяшчалася выява Прывакзальнай плошчы ў Мінску, на адваротным баку — герб «Пагоня». 1 студзеня 2001 года гэта банкнота была выведзена з абарачэння[2].

Беларускія банкноты гэтага часу атрымалі народную назву «зайчыкі» за выявы жывёл на іх (на пярэднім баку купюры ў 1 рубель быў намаляваны заяц). Ідэя такога дызайну нарадзілася па матывах галандскіх гульдэнаў, а выявы жывёл былі ўзятыя мастаком Канстанцінам Хацяноўскім з энцыклапедыі «Звяры і птушкі нашай краіны» (1957)[3][4]. Аднак банкнота наміналам 200 рублёў выбіваецца з гэтага шэрагу.

Гэтыя плацежныя сродкі паступова замянілі сабой карткі спажыўца. Абменны курс савецкага рубля да «зайчыка» быў 1 да 10. Гэта значыць, што за 200 беларускіх рублёў трэба было аддаць 2000 савецкіх.

200 рублёў узору 1992. Пярэдні бок.
200 рублёў узору 1992. Адваротны бок.

Сучасны выгляд

[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 у Беларусі адбылася дэнамінацыя, і з 1 ліпеня была ўведзена купюра наміналам 200 рублёў новага ўзору. Банкноты былі надрукаваны ў 2009, але тады не былі ўведзены ў абарачэнне ў сувязі з эканамічным крызісам і захоўваліся ў Нацыянальным банку[5].

Памер банкноты — 155 x 72 мм. На пярэднім баку размешчана выява Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Пятра Масленікава. На адваротным баку — калаж, прысвечаны тэме рамёстваў і горадабудаўніцтва: залаты ключ і пячатка Магілёва, кафля, фрагменты кованай рашоткі[6]. Купюра была надрукавана брытанскай фірмай «De La Rue»[1].

200 рублёў узору 2009. Пярэдні бок.
200 рублёў узору 2009. Адваротны бок.