81-я тактычная група (Украіна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
81-я тактычная група
Гады існавання красавік—снежань 2005
Краіна  Украіна
Падпарадкаванне Узброеныя сілы Украіны
Уваходзіць у
Тып Дэсантна-штурмавыя войскі Украіны
Дыслакацыя Эль-Кут
Удзел у Іракская вайна
Камандзіры
Вядомыя камандзіры генерал-маёр Сяргей Віктаравіч Гарошнікаў

81-я тактычная група , 81-я тг (укр.: 81-ша тактична група, 81 тг) — вайсковае фармаванне Узброеных Сіл Украіны, створанае спецыяльна для ўдзелу ў ваеннай аперацыі ў Іраку. У адрозненне ад іншых украінскіх падраздзяленняў, якія прайшлі праз Іракскі канфлікт раней, група была сфармавана на базе не механізаваных часцей, а дэсантна-штурмавых. Таксама яна, у супрацьлегласці ад папярэднікаў, не мела страт сярод асабістага складу.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З 2003 года Украіна актыўна ўдзельнічала ў амерыканскай ваеннай аперацыі ў Іраку. Пазменна ў ёй задзейнічаны 19-ы асобны батальён РХБА і тры асобныя механізаваныя брыгады — 5-я, 6-я і 7-я, якія былі створаны выключна для гэтай місіі.

Як адзначаў падпалкоўнік Р. Туравец, былы баец 5-й амбр, ужо на 2004 год актыўны вялася дыскусія ўкраінскіх палітыкаў аб мэтазгоднасці знаходжання ўкраінскага кантынгенту ў Іраку. Колькасць загінулых украінцаў на той момант дасягнула 17 чалавек. У верасні міністр абароны Украіны А. Кузьмук заявіў аб магчымым заканчэнні місіі[1].

На гэтым фоне кіраўніцтва скараціла колькасць 7-й брыгады, якая пачала сваю місію ў верасні. Адзін з трох механізаваных батальёнаў (АМБ) — 71-ы, быў расфармаваны. Невялікая частка яго асабістага складу была накіравана для даўкамплектавання 73-га амб. Па агульнай колькасці асабістага складу 7-я брыгада склала 1394 чалавека[1]. Для параўнання, 6-я і 5-я амбр мелі па тры батальёны колькасцю больш за 1600 вайскоўцаў.

11 студзеня 2005 года, паводле ініцыятывы лідара Камуністычнай партыі Украіны П. Сіманенкі, Вярхоўная Рада прыняла пастанову, у якім прэзідэнту было прапанавана неадкладна вярнуць ўкраінскіх міратворцаў на радзіму «ў сувязі з небяспечным абвастрэннем ваенна-палітычнай абстаноўкі ў Іраку і ахвярамі сярод украінскіх вайскоўцаў прапануецца лічыць немэтазгодным далейшае знаходжанне падраздзяленняў узброеных сіл Украіны ў гэтай краіне»[2]. За рашэнне прагаласавалі 308 дэпутатаў[3].

Рашэнне аб падрыхтоўцы да вываду ўкраінскага кантынгенту прыняў Л. Кучма, але яго рэалізацыя ўпіралася ў нежаданне ЗША[1]. Наступнаму кіраўніку дзяржавы, В. Юшчанку, атрымалася пераканаць амерыканцаў у тым, што ва Украіне негатыўна ставяцца да ваеннай прысутнасці ў Іраку і ён не можа ігнараваць гэтыя настроі, якія асабліва моцна ўзраслі пасля гібелі васемнаццатага вайскоўца[4].

15 сакавіка 2005 года пачалося паэтапнае скарачэнне і вывад украінскага кантынгенту з Іраку[4].

Місія[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 2004 года ў Заходнім аператыўным камандаванні пачаліся мерапрыемствы па падрыхтоўцы фарміравання для змены 7-й механізаванай брыгады УС Украіны ў Іраку. Першапачаткова былі планы не камплектаваць, як гэта звычайна рабілася, зборнай брыгады, а адправіць 80-ы аэрамабільны полк у поўным складзе. Аднак з-за палітычных абставінаў ад гэтай ідэі адмовіліся, прыступіўшы да фарміравання 8-й амбр. У яе склад павінны былі ўвайсці два батальёны. Неўзабаве стала вядома аб планах па вывадзе ўкраінскага кантынгенту з Ірака, таму камандаванне вырашала стварыць замест брыгады тактычную групу[5].

Як і іншыя, 81-я група сфарміравана на падставе Указа Прэзідэнта Украіны ад 02.06.2003 г. № 459 і Пастановы Кабінета Міністраў Украіны ад 05.06.2003 г. № 897.

Перакідка 81-й тактычнай групы ў Ірак ажыццяўлялася паветраным шляхам. Пасадка транспартных Іл-76 праводзілася на аэрадроме горада Эль-Кут, базавым лагеры ўкраінскага кантынгенту. У красавіку 2005 года прыбыла першая група (69 чалавек) са складу 81-й тг і аператыўная група Мінабароны Украіны. З 18 красавіка пачалося сумеснае нясенне службы вайскоўцаў 7-й амбр і 81-й групы па ахове базавага лагера «Дэльта», а праз некалькі дзён, — патруляванне ў зоне адказнасці ўкраінскага кантынгенту. У маі 2005 года 81-я тг прыняла ў 7-й механізаванай брыгады зону адказнасці ў правінцыі Васіт[5].

За перыяд выканання задач вайскоўцамі 81-я тактычная група змагла[5]:

  • здзейсніць каля 160 канвояў, больш за 1000 патруляванняў у зоне адказнасці;
  • правесці 12 аперацый;
  • даглядзець каля 5500 аўтамабіляў і 4000 чалавек, захапіць вялікую колькасць зброі і боепрыпасаў;
  • выявіць і знішчыць каля 240 тысяч боепрыпасаў;
  • ажыццявіць падрыхтоўку кадраў для 3-й пяхотнай брыгады Узброеных сіл Ірака;
  • рэалізаваць 45 праектаў па аднаўленні сацыяльнай інфраструктуры на суму больш за 3 млн долараў.

Адной з самых маштабных кампаній 81-й тг стала аперацыя «Павуцінне», да правядзення якой прыцягваўся 2-і пяхотны батальён 3-й брыгады. Мэтай мерапрыемства было выяўленне месцазнаходжання паўстанцкіх атрадаў ў паўночна-заходнім раёне правінцыі Васіт. Характэрна, што менавіта 3-я брыгада арміі Ірака пазней узяла кантроль над украінскай зонай пасля вываду групы[5].

Перад завяршэннем сваёй місіі 81-я тг у адпаведнасці з рашэннем украінскага ўрада перадала іракскай арміі частку ўзбраення і ваеннай тэхнікі[5].

29 снежня 2005 года апошняя група байцоў на чале з генерал-маёрам Сяргеем Гарошнікавым прыбыла самалётам у Львоў. Іх сустракаў міністр абароны Украіны Анатоль Грыцэнка і камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-лейтэнант Міхаіл Куцын. Пасля вываду ва Украіну тактычная група ператворана ў 80-ы асобны аэрамабільны полк[6].

Склад і структура[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыйна 81-я тг уключала:

  • упраўленне групы;
  • аэрамабільны батальён (чатыры роты);
  • мінамётную батарэю;
  • разведвальную роту;
  • роту ваеннай паліцыі;
  • інжынерна-сапёрны ўзвод;
  • узвод радыяцыйнай, хімічнай і бактэрыялагічнай абароны;
  • вузел сувязі.

Частка байцоў займалася падрыхтоўкай іракскіх сілавікоў[6][7]. У арганізацыйна-штатную структуру 81-й тактычнай групы быў уведзены аддзел ваеннай дапамогі — 19 афіцэраў і 22 сяржанта службы па кантракце ў якасці інструктараў і ваенных саветнікаў. Аддзел падзялілі на тры групы. Першай групе ў складзе 11 афіцэраў-саветнікаў трэба было працаваць з афіцэрамі ўпраўлення брыгады, а яшчэ двум групам, у якія ўвайшлі па 4 афіцэры і 7 кантрактнікаў-інструктараў, — рыхтаваць 1-ы і 2-і пяхотныя батальёны. Заняткі з асабістым складам праводзіліся як у месцах дыслакацыі, так і на падрыхтаваных навучальных палях базавага лагера ўкраінцаў[5].

Усе сілы грунтаваліся ў Эль-Куце. Толькі адна рота размяшчалася пад горадам Эс-Сувейра.

Агульная колькасць падраздзялення склала 896 чалавек[8], што было значна менш, чым у папярэднікаў. Пры гэтым, як адзначыў Р. Туравец, «нагрузка на асабісты склад была каласальнай — пры скарачэнні ў два разы колькасці кантынгенту аб’ём заданняў фактычна не паменшыўся»[5].

На ўзбраенні знаходзіліся БТР-80, БРДМ-2 і аўтамабільная тэхніка рознага прызначэння[6].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]