Дзень Святога Валянціна
Дзень Святога Валянціна, Дзень закаханых — неафіцыйнае свята, якое адзначаецца 14 лютага.
У некаторых каталіцкіх дыяцэзіях у гэты дзень адзначаюць памяць Святога Валянціна. Свята, аднак, мае свецкі характар. У гэты дзень дораць каханым і дарагім людзям кветкі, паштоўкі ў форме сардэчка, часта з паэтычнымі, любоўнымі тэкстамі — валянцінкі.
Дзень святога Валянціна адзначаецца ў гонар раннехрысціянскага святога, што насіў гэтае імя, але паходзіць ад рымскіх Луперкалій.[1] Луперкаліі былі фестывалем эратызму; Луперк — адна з мянушак Фаўна, бога мілавання і заступніка статкаў. Штогод 15 лютага ў Рыме праводзілася свята, падчас якога ў ахвяру прыносіліся жывёлы. З іх скур вырабляліся бізуны. У часе Луперкалій голыя хлопцы з папругамі з казлінай скуры бегалі між жанчынамі і сцябалі іх. Жанчыны ахвотна падстаўлялі сябе пад удары, лічачы, што гэта дасць ім плоднасць і лёгкія роды. У канцы абраду жанчыны таксама раздзяваліся дагала.
У 494 годзе Папа Геласій I паспрабаваў забараніць Луперкаліі. Святу, якое прыйшло ім на замену, быў прызначаны нябесны заступнік — святы Валянцін, якога ў 269 годзе рымскі імператар Клаўдзій II загадаў забіць за прапаведніцкую дзейнасць сярод моладзі. Ён быў пакараны 14 лютага.
У познім сярэднявеччы ў Францыі і Англіі жыццё св. Валянціна паступова пачало абрастаць легендамі, звязанымі з таемным шлюбам закаханых пар. Паводле легенды, імператар лічыў, што самотны мужчына — без сям'і, жонкі і абавязкаў — лепш змагаецца на полі бітвы, і забараніў мужчынам жаніцца. Святы Валянцін употай асвячаў шлюбы. Святара кінулі ў турму, асудзілі на смерць. У турме святы Валянцін пазнаёміўся з дачкой наглядчыка — Юліяй. Закаханы святар перад смерцю напісаў ёй прызнанне ў каханні — валянцінку.
Раней у беларусаў-католікаў Валянцін быў звычайным прысвяткам земляробчага календара[2].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://nashaniva.by/?c=ar&i=104899
- ↑ ТРЫФАН / ВАЛЯНЦІН(недаступная спасылка)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Дзень Святога Валянціна на Вікісховішчы |