Паўстанне Разіна
Паўстанне Разіна | |||
---|---|---|---|
Праціўнікі | |||
|
|||
Сяля́нская вайна́ 1670—1671 гадо́ў у Расіі, ці паўста́нне Ра́зіна — масавы антыўрадавы рух казакоў, прыгонных сялян, пасадскіх людзей, паволжскіх народаў (чувашоў, мары, мардвы, татар) на Доне, у Паволжы і Слабадской Украіне.
Паўстанне было выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва ў Цэнтральнай Расіі і пашырэннем яго на паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія ўскраіны.
Кіраўнікі паўстання: С. Ц. Разін, В. Р. Ус, Ф. Шалудзяк і іншыя.
Тэрмін «Сялянская вайна 1670—71», які замацаваўся ў савецкай гістарычнай літаратуры з 1930-х г., у сучаснай расійскай гістарычнай літаратуры (з пачатку 1990-х г.) найчасцей замяняецца тэрмінам «паўстанне Разіна».
Перад паўстаннем
[правіць | правіць зыходнік]Сялянскай вайне папярэднічаў у 1667—1669 паход казацкай беднаты на чале з Разіным на раку Яік (цяпер Урал) і па Каспійскім моры (разрабаваны прыбярэжныя правінцыі Персіі, вызвалены расійскія нявольнікі), пасля заканчэння якога Разін заснаваў на Доне апорны пункт — Кагальніцкі гарадок. Сюды збіраліся казакі і збеглыя сяляне.
Ход вайны
[правіць | правіць зыходнік]Вясной 1670 Разін захапіў уладу на Доне і на чале сваіх атрадаў пайшоў на Ніжнюю Волгу. Паўстанцы нанеслі паражэнні ўрадавым войскам, у маі—чэрвені 1670 авалодалі гарадамі Царыцын, Чорны Яр, Астрахань, дзе знішчылі царскіх ваявод і ўвялі самакіраванне на казацкі ўзор.
У жніўні 1670 Разін на чале войска (каля 10 тыс. чал.) пайшоў уверх па Волзе, авалодаў гарадамі Самара, Саратаў і іншымі, асадзіў Сімбірск.
Ён і яго паплечнікі абвяшчалі, што ў іх войску нібыта знаходзяцца царэвіч Аляксей Аляксеевіч (сын Аляксея Міхайлавіча), які паводле бацькоўскага ўказа ідзе на Маскву «пабіць» баяр, дваран, ваявод і купцоў «за здраду», а таксама звергнуты патрыярх Нікан. У сваіх «спакусных лістах» Разін заклікаў паслужыць цару і «чорным людзям даць свабоду».
Паўстанні ахапілі вялізную тэрыторыю аж да цэнтральных раёнаў краіны: знішчаліся памешчыкі і іх прыказчыкі, ваяводы і іншыя прадстаўнікі ўлады, стваралася мясцовае самакіраванне.
У кастрычніку 1670 ваявода Ю. Барацінскі разбіў пад Сімбірскам галоўнае войска Разіна, які быў паранены і ўцёк на Дон. У канцы 1670 — пачатку 1671 царскія войскі жорстка задушылі асноўныя ачагі сялянскай вайны, акрамя Астрахані. Заможныя казакі скінулі ўладу Разіна на Доне, у красавіку 1671 схапілі яго і выдалі ўраду (16.6.1671 пакараны смерцю ў Маскве).
Паўстанцы з Астрахані на чале з Ф. Шалудзяком у маі—чэрвені 1671 здзейснілі новы няўдалы паход на Сімбірск. У снежні 1671 Астрахань здалася царскім войскам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сялянская вайна 1670—71 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 339. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Степанов И. В. Крестьянская война в России в 1670—1671 гг. Т. 1—2 (ч. 1) — Л., 1966—72. (руск.)
- Соловьёв В. М. Поход за утраченной волей. — М., 1990. (руск.)
- Соловьёв В. М. Современники и потомки о восстании С. Т. Разина. — М., 1991. (руск.)