Перайсці да зместу

Юрый Святаславіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 13:36, 2 красавіка 2023, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (выпраўленне перасылак)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Юрый Святаславіч
Нараджэнне XIV стагоддзе
Смерць 14 верасня 1407
Род Рурыкавічы
Бацька Святаслаў Іванавіч
Жонка Алёна Ольгаўна[d]
Дзеці Анастасія Юр'еўна і Фёдар Юр'евіч[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юрый Святаславіч (? — 14 верасня 1407, Венеў манастыр, цяпер Вянёўскі раён Тульскай вобласці Расіі) — вялікі князь смаленскі (1386—1392; 1401—1404), князь наўгародскі (1404—1406/07), наваторжскі (1407).

Другі сын вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча. Быў жанаты з дачкой вялікага князя разанскага Алега Іванавіча і Еўпраксіі Альгердаўны. Упершыню князь Юрый успамінаецца крыніцамі пад 1386 годам[1], калі разам з бацькам, старэйшым братам князем Глебам і стрыечным братам князем Іванам Васілевічам, браў удзел у паходзе смаленскіх войскаў на Віцебск, Оршу і Мсціслаў. Летапісцы адзначаюць лютасць смалян да вялікалітоўскіх падданых «кого где изъимавши, и мучаху нещадно различными казньми, мужеи, и жон, и детеи, а иных в ызбы насажавше, и запирающе, и зажигаху»[2]. Да Мсціслава смаленскае войска падышло 18.4.1386 года і аблажыла горад. На дапамогу абложаным, 29.4.1386 года прыйшлі вялікалітоўскія войскі пад камандаваннем князя Скіргайлы і смаляне былі ўшчэнт разбіты ў бітве на рацэ Віхры (29.4.1386[1]), вялікі князь Святаслаў і яго пляменнік князь Іван Васілевіч загінулі, а параненыя князі Глеб і Юрый Святаславічы паланёныя.[3]

Вялікі князь смаленскі Юрый Святаславіч заключае саюз з польскім каралём Уладзіславам і яго братам вялікім князем Скіргайлам, па якім абавязваецца верна стаяць на іх баку, дапамагаць, прызнаваць іх ворагаў сваімі ворагамі, не злучаецца з Андрэем Полацкім і палачанамі і абяцае вярнуць заваяванае ці захопленае

Ад Мсціслава вялікалітоўскае войска прыйшло да Смаленска, які здаўся і заплаціў выкуп. Скіргайла даў смаленскі сталец Юрыю, які 16.9.1386[1] года ў Вільні прысягнуў[4] на вернасць каралю польскаму і вярхоўнаму князю літоўскаму Уладзіславу-Ягайле і яго літоўскаму намесніку Скіргайле, абавязаўся аказваць вайсковую падтрымку і адмовіцца ад сувязяў з полацкім князем Андрэем Альгердавічам. Мяккасць стаўлення да Юрыя і наданне менавіта яму смаленскага стальца, напэўна, тлумачыцца яго шлюбам з пляменніцай Альгердавічаў. Глеб Святаславіч, напэўна, застаўся закладнікам пры двары Скіргайлы.[3]

У 1392 годзе кароль Ягайла памірыўся з князем Вітаўтам і той стаў літоўскім намеснікам караля[5]. У 1393 годзе Юрый Святаславіч браў удзел у паходзе Вітаўта і Скіргайлы на Віцебск супраць Свідрыгайлы[5]. Пад Віцебскам Юрый прысягнуў Вітаўту, а той пацвердзіў яму смаленскі стальц. Аднак неўзабаве адбыўся канфлікт, Юрый захапіў аршанскія воласці і раздаў іх смаленскім баярам. Пасля гэтага Вітаўт перадаў Смаленск князю Глебу Святаславічу, які ў свой час быў разам з ім у Прусіі[5], а Юрыю даў Рослаўль[5]. У 1395 годзе паміж сынамі Святаслава Іванавіча пачалася барацьба за перадзел уладанняў у непадуладнай Літве частцы Смаленскай зямлі. Магчыма, шукаючы падтрымкі ў гэтай барацьбе Юрый паехаў да свайго цесця вялікага князя разанскага Алега Іванавіча.[3]

Тым часам, 28.9.1395 года Вітаўт падманам захапіў Смаленск, у палон трапіў Глеб Святаславіч і іншыя смаленскія князі, і прызначыў туды сваіх намеснікаў — князя Яманта Тулунтавіча і Васіля Барэйкавіча[5]. Літоўская Метрыка 1440-х гадоў паведамляе, што з патрабавання Вітаўта ад смаленскай кафедры адлучаны епіскап Міхаіл. На новага епіскапа смаленскага 6.4.1396 года хіратанісаны Насон, хіратонію ўзначальваў мітрапаліт Кіпрыян. У 1396 годзе ў Смаленск на сустрэчу з Вітаўтам прыязджаў вялікі князь маскоўскі Васіль Дзмітрыевіч, які ў 1390-я гады падтрымліваў добрыя адносіны з цесцем. Зімой 1395/1396 гадоў пасланае Вітаўтам войска пад камандаваннем Лугвеня Альгердавіча разарыла разанскія землі.[3]

Пасля паразы войскаў Вітаўта ад ардынцаў у бітве на Ворскле (12.9.1399), улада вялікага князя літоўскага ў рускіх землях аслабла. У бітве на Ворскле загінулі сапернікі Юрыя за смаленскі сталец — намеснік Ямант і брат Глеб Святаславіч. Да 1400 года Юрый Святаславіч выдаў дачку Анастасію замуж за брата вялікага князя маскоўскага — звянігародска-галіцкага князя Юрыя Дзмітрыевіча, умацаваў такім чынам сувязі з Масквой. У 1401 годзе Юрый Святаславіч пры падтрымцы Алега Іванавіча пачаў барацьбу за вяртанне смаленскага стальца. У жніўні 1401[5] года князі падышлі да Смаленска, у горадзе пачаліся свары, бо адны хацелі застацца пад уладай Вітаўта, другія — вяртання «отчыча» князя Юрыя. На баку Юрыя Святаславіча была большасць гараджан, «не могуще тьрпети налоги, насильства от иноверных»[6]. Пасля перамоў смаляне адчынілі Юрыю брамы. Намеснік Вітаўта, колішні чарнігаўскі князь Раман Міхайлавіч, быў схоплены і забіты, таксама і смаленскія з бранскімі баяры, якія былі супраць Юрыя. У адказ восенню 1401 года Вітаўт прыйшоў пад Смаленск, 4 тыдні цягнулася аблога, урэшце ён адышоў, заключыў мір з Юрыем Святаславічам «по старине». Пасля адходу вялікалітоўскага войска ў горадзе «крамола бысть велика, людии посекоша много»[7], паводле Кароткага Валынскага летапісу, працягвалася знішчэнне баяр прыхільных Вітаўту[8].[3]

Юрый Святаславіч шукаў саюзнікаў супраць Вітаўта. У чэрвені 1402 года смаленскі князь заключыў мір з Вялікім Ноўгарадам. У маі-чэрвені 1402 года вялікі князь разанскі Алег Іванавіч арганізаваў у падтрымку Юрыя паход пад камандаваннем свайго сына Радаслава на падуладны вялікаму князю літоўскаму Бранск. Аднак на мяжы пад Любуцкам разанскае войска было разбіта князямі мсціслаўскім Лугвеням і старадубскім Аляксандрам, а Радаслаў трапіў у палон.[3]

Сітуацыя для Юрыя ўскладнілася калі 5.7.1402 года памёр яго цесць і заступнік Алег Іванавіч, а новым вялікім князем разанскім стаў Фёдар Ольгавіч, жанаты з сястрой Васіля Дзмітрыевіча, з Вітаўтам ён імкнуўся падтрымліваць прыязны нейтралітэт. У 1403 годзе на загад Вітаўта мсціслаўскі князь Лугвень зноў атакаваў Смаленскую зямлю, захапіў Вязьму, у палон да яго трапілі брат Юрыя — Іван Святаславіч і вяземскі князь Аляксандр Міхайлавіч. На пачатку вясны 1404 года Вітаўт пры падтрымцы Карыбута, Лугвеня і Свідрыгайлы здзейсніў новы вялікі паход на Смаленск і трымаў яго ў аблозе 7 тыдняў, біў па горадзе з гармат, новай зброі таго чаму. Горад вялікалітоўскія войскі ўзяць не здолелі, але спустошылі ваколіцы.[3]

У такім цяжкім становішчы Юрый паведаміў Васілю Дзмітрыевічу пра сваё жаданне перайсці да яго на службу, «даючися ему сам и со всем своим княжением»[9]. Юрый Святаславіч паехаў у Маскву, узяў з сабою вядомы абраз Смаленскай Божай Маці «Адзігітрыі», які вялікі князь Васіль Дзмітрыевіч паставіў у Дабравешчанскім саборы маскоўскага крамля. У адсутнасць Юрыя Вітаўт зноў аблажыў Смаленск, горад здаўся 26.6.1404 года[5], у палон трапіла жонка смаленскага князя і іншыя смаленскія князі. Вітаўт загадаў забіць або выгнаць з горада баяр — прыхільнікаў Юрыя, — зноў пакінуў у Смаленску сваіх намеснікаў. Таксама Вітаўт адправіў да Масквы паслоў «по князя Юрья… на взыскание его»[10]. Не жадаючы канфлікту з вялікалітоўскім гаспадаром, Васіль Дзмітрыевіч адмовіўся ад прапановы службы Юрыя[5]. Разам з сынам Фёдарам і служылымі яму вяземскімі князямі — братамі Сямёнам і Уладзімірам Мсціславічамі, Юрый збег да Ноўгарада. Наўгародцы ўзялі Юрыя Святаславіча на службу і далі ў «кармленне» вялікую колькасць гарадоў — Русу, Ладагу, Арэхаў, Таржок, Волак Ламскі, Порхаў, Вышгарад, Высокае, Кошкін, Карэлу, Церскі бераг.[3] У 1405 годзе Юрый спрабаваў атрымаць дапамогу Тэўтонскага ордэна, а таксама прасіў магістра паспрыяць вяртанню з палону сваёй жонкі[11][12].

У 1406 годзе, калі пачаўся канфлікт паміж Васілём Дзмітрыевічам і Вітаўтам, Юрый паехаў з Ноўгарада ў Маскву і цяпер быў прыняты на службу. Паводле наўгародскіх крыніц гэта адбылося восенню 1406 года, паводле маскоўскіх — зімою 1406—1407 гадоў[5]. Васіль Дзмітрыевіч надаў Юрыю Святаславічу і Сямёну Мсціславічу ў «кармленне» Таржок. У Таржку паміж Юрыем і Сямёнам адбыўся канфлікт.[3]

Апавяданне пра далейшыя падзеі ёсць у Сафійскім I-м летапісе старэйшага ізводу (1-я чвэрць XV ст.), а таксама ў маскоўскіх летапісных зводах 2-й паловы XV — пачатку XVI ст. Летапісы 1-й паловы XV ст. — Наўгародскі I-ы малодшага ізводу і Троіцкі — пра канфлікт не паведамляюць. Юрый Святаславіч гвалтам прывёў на свой двор жонку Сямёна — княгіню Юліянію, «хотя с нею жити», яна супраціўлялася і параніла Юрыя нажом. У адказ Юрый забіў Сямёна, а Юліяніі загадаў адсячы рукі і ногі і кінуць у раку. Пасля злачынства Юрый не мог заставацца ў Таржку, ён збег у Арду, у спадзяванні на заступніцтва хана Шадзібека. Аднак Шадзібек быў скінуты 20.7.1407 года Булат-Салтанам. Юрый паехаў назад на Русь, на шляху спыніўся ў Веневым манастыры на ўскраіне Разанскага княства, дзе праз некалькі дзён (14.9.1407) памёр[5], там і быў пахаваны.[3]

Юрый Святаславіч меў, прынамсі, двух сыноў — Рамана і Фёдара; а таксама двух дачок — Анастасію (жонку Юрыя Дзмітрыевіча) і невядомую на імя (1-ю жонку Свідрыгайла).[3]

На думку А. Г. Кузьміна, паведамленне пра смерць Юрыя Святаславіча запісаў разанскі летапісец, а ў 1-й чвэрці XV ст. яго выкарысталі пры складанні Сафійскага I-га летапісу старэйшага ізводу[13]. Беларуска-літоўскія летапісы не ведаюць пра вяртанне Юрыя на Русь і паведамляюць пра яго смерць у Ардзе[14]. Позняя «Хроніка Літоўская і Жамойцкая» дае няслушныя звесткі, што Юрый паехаў у Венгрыю і там у якімсьці войску быў падстрэлены пад нейкім замкам і памёр[15]. Длугаш у «Гісторыі Польшчы» паведамляе пра смерць Юрыя ў войску Жыгімонта Люксембургскага ў 1420 годзе, але гэта атаясненне Юрыя з яго сынам Фёдарам, які ў 1412 годзе паехаў з Ноўгарада ў Заходнюю Еўропу і загінуў у войску імператара на вайне з гусітамі 14.7.1420 года.[3]

Напэўна, пасля ўзяцця Смаленска ў 1514 годзе войскамі вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча імёны Юрыя Святаславіча і Фёдара Юр'евіча былі ўнесены ў велікакняжацкі сінодзік[16]. У канцы 1550-х — пачатку 1560-х гадоў апавяданне Ніканаўскага летапісу (створанага ў 1520-я) пра барацьбу Юрыя з Вітаўтам, яго злачынства, пазнейшае пакаянне і богаўхвальнае жыццё, было перапрацавана ў уключана ў Ступенную кнігу. У XVII—XVIII ст. апавяданне пра забойства Юрыем князя Сямёна і княгіні Юліяніі трапіла у яе Жыціе — «Сказанне пра забойства святога князя Сямёна Мсціславіча і цнатлівай яго княгіні Юліяніі і пра князя Юрыя Смаленскага».[3]

Ушанаванне Юрыя Святаславіча ў Веневым манастыры прасочваецца з 2-й паловы XVII ст. У 1698 годзе ў паўднёвы прыдзел манастырскага Мікольскага сабора быў асвячоны ў імя вялікамучаніка Георгія; у XVIII — пачатку XIX ст. было аздоблена каменнае надмагілле князя. Напэўна, у 1-й палове XVIII ст. на аснове Ступеннай кнігі было складзена кароткае Жыціе Юрыя Святаславіча, якое сустракаецца ў рукапісных зборніках[17]. Пасля закрыцця Венева манастыра і ператварэння Мікольскага сабора ў прыходскую царкву (1782), у 1827 годзе старое каменнае спарахнелае надмагілле князю было заменена на драўлянае, а ў 1828 годзе быў скасаваны прыдзел вялікамучаніка Георгія. Як паведамляў Я. Е. Галубінскі, у канцы XIX ст. у Мікольскай царкве працягвалі ўшаноўваць памяць Юрыя Святаславіча, на яго надмагіллі служылі паніхіды, а ў надпісе на надмагіллі нічога не гаворыцца пра яго злачынства ў Таржку, толькі пра тое, што ў Веневе ён знайшоў месца для выратавання душы[18]. Цяпер магіла Юрыя Святаславіча страчана.[3]

  1. а б в Полехов 2014, с. 244..
  2. ПСРЛ. Т. 35. С. 64, 70 і інш.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н Кузьмин 2006.
  4. Смоленские грамоты / Подг. к печ. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин, под ред. Р. И. Аванесова. — М., 1963. — С. 72-74.
  5. а б в г д е ё ж з і Полехов 2014, с. 245..
  6. ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. С. 391.
  7. ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. С. 390—391; Т. 25. С. 231 і інш.
  8. ПСРЛ. Т. 35. С. 121.
  9. ПСРЛ. Т. 6. Вып. 1. Стб. 523.
  10. ПСРЛ. Т. 6. Вып. 1. Стб. 523—524, параўн.: Т. 4. Ч. 1. С. 395, 397.
  11. LECUB. Т. 4. № 1654.
  12. Полехов 2014, с. 246..
  13. Кузьмин А. Г. Рязанское летописание: Сведения летописей о Рязани и Муроме до сер. XVI в. — М., 1965. — С. 236, 238—240, 243—246, 248—250;
  14. ПСРЛ. Т. 35. С. 32, 54.
  15. ПСРЛ. Т. 32. С. 77.
  16. РГАДА. Ф. 375. № 89. Л. 1 аб.
  17. РГБ. Ф. 209. № 558, пач. XIX ст.
  18. Голубинский Е. Е. Канонизация святых. — С. 343
  • Кузьмин А. В. Георгий (Юрий) Святославич // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2006. — Т. Том XI: Георгий — Гомар. — С. 104—106. — ISBN 5-89572-017-Х.
  • Полехов С.В. Браки князя Свидригайла Ольгердовича // По любви, въ правду, безо всякие хитрости. Друзья и коллеги к 80-летию В.А. Кучкина. : Сб. ст.. — Москва: ИНДРИК, 2014. — С. 235—268.