Australopithecus africanus

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
 Australopithecus africanus

Рэканструяваны чэрап «міс Плэз»
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Australopithecus africanus
Dart, 1925


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
EOL  47439764
FW  83066
Australopithecus africanus

Аўстралапітэк афрыканскі (лац.: Australopithecus africanus) — вымерлы від аўстралапітэка, сямейства гамінідаў, які жыў каля 3,5—2,4 мільёна гадоў таму[1]. У адрозненне ад афарскага аўстралапітэка меў больш малпападобны шкілет, але больш аб’ёмны чэрап. Асноўныя месцазнаходжанні астанкаў гэтага віду — вапняковыя пячоры Паўднёвай Афрыкі: Таўнг (1924), Стэркфантэйн (1935), Макапансгат (1948), Глэдзісвэйл (1992)[2].

Анатомія[правіць | правіць зыходнік]

Шмат у чым будова шкілета аўстралапітэка афрыканскага мае мноства падабенстваў з яго усходнеафрыканскім родичем афарскім аўстралапітэкам. Напрыклад, у абодвух відаў даўжыня рук некалькі перавышала даўжыню ног. Аднак дэталі будовы чэрапа ў аўстралапітэка афрыканскага больш блізкія да чалавечых. Разам з тым, агульная будова цела мае больш падабенстваў з малпавым шкілетам (напрыклад, пальцы дадзенага віду доўгія і скручаныя, што дазваляла яму з лёгкасцю лазіць па дрэвах).

У цэлым паўднёваафрыканскія аўстралапітэкі больш прымітыўныя, чым усходнеафрыканскія і, як мяркуецца, з’яўляюцца больш далёкімі сваякамі сучаснага чалавека. Мяркуючы па костках канечнасцяў і таза, яны былі цалкам прамаходзячымі, хоць і праводзілі нямала часу на дрэвах. Рост афрыканскіх аўстралапітэкаў складаў каля 1-1,5 метраў, вага 20-45 кілаграмаў, аб’ём мозга — каля 425—450 кубічных сантыметраў[1].

Вядомыя знаходкі[правіць | правіць зыходнік]

Дзіцячы чэрап з Таўнга[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя дзіцячага чэрапа з Таунга

Першая археалагічная знаходка аўстралапітэка была здзейсненая ў 1924 годзе ў Паўднёвай Афрыцы, у кар’ерах каменяломні Таўнг ў Трансваалі. Выяўлены тут незвычайны чэрап і іншыя акамянеласці былі накіраваны прафесару анатоміі Яганэсбургскага ўніверсітэта Райманду Дарту. Вучоны вызначыў, што чэрап належаў дзіцяці ва ўзросце прыкладна 6 гадоў. Ён даў назву гэтай знаходцы «Бэбі з Таўнга».

Вялікая затылочная адтуліна, якая служыць для выхаду спіннога мозгу, размяшчалася на ніжнім баку чэрапа, што сведчыла аб выраўноўванні становішча цела і двухногай хадзе. Аб’ём мозгу складаў 520 кубічных сантыметраў (для параўнання ў шымпанзэ ён не перавышае 480 кубічных сантыметраў). Надглазнічныя валікі, характэрныя для малпаў, адсутнічалі, іклы не выступалі за межы суседняга раду, як у малпаў. Развіццё патылічных, цемянной і скроневых доляў сведчыла аб наяўнасці асацыятыўных зон у мозгу і складаных паводзінах арганізма. Дарт ахрысціў знаходку «адсутным звяном» у эвалюцыі чалавека і ацаніў яе ўзрост у 1 мільён гадоў[3].

Міс Плэз[правіць | правіць зыходнік]

Чэрап «міс Плэз». Трансваальский музей, Прэторыя

У 1936 годзе антраполаг Роберт Брум выявіў чэрап дарослага прадстаўніка аўстралапітэка ў гроце Стэркфантэйн, паблізу ад Яганэсбурга. Чэрап быў няпоўным (адсутнічае ніжняя сківіца), ён належаў маладой самцы ва ўзросце 15-16 гадоў, таму парэшткам было дадзена імя «міс Плэз». Геалагічны ўзрост знаходкі складае каля 2,5 мільёна гадоў.

Па прысланаму ў 1956 годзе гіпсаваму адліву чэрапа ў Маскве была зроблена рэканструкцыя знешняга аблічча «міс Плэз». У яе невялікая галава, якая прама пастаўлена на кароткай, моцна высунутай наперад шыі. Нешырокія плечы, пакатыя як у малпаў. Малы аб’ём мазгавой часткі, адносна невялікія, але глыбокія арбіты вачэй, надброўе, якое навісае, вузкі невысокі лоб і маленькі сплошчаны нос спалучаюцца з цяжкай ніжняй часткай твару. Форма вушэй падобная з вушамі шымпанзэ, але мае меншыя памеры. Валасы на галаве даўжэй, чым у шымпанзэ, твар і лоб ад расліннасці вольныя. На спіне і на плячах прысутнічае кароткая рэдкая поўсць.[4]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]