Вядомы больш за 10 відаў, пашыравых у краінах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца цыстопус белы (Albugo candida) і цыстопус аксамітнікавы (Albugo bliti). Паразітуюць найбольш на раслінах сямейства складанакветных і крыжакветных. Выклікаюць разнастайныя скрыўленні і разрастанне асобных органаў раслін, пазней — з'яўленне белых бугаркоў (пустул), якія потым прарываюцца.
Міцэлій разгалінаваны, без перагародак, міжклетачны, з шматлікімі шарападобнымі гаўсторыямі. Спарангіяносцы кароткія, простыя, булавападобныя, утвараюць пад эпідэрмісам расліны-гаспадара шчыльны слой. Спарангіі верхавінкавыя, шарападобныя або цыліндрычныя, сабраныя ў ланцужкі, бясколерныя, у масе жаўтаватыя, пазней распадаюцца на асобныя зоаспарангіі, якія прарастаюць двухжгуцікавымі зааспорамі. Ааспоры (споры, якія зімуюць, узнікаюць у выніку полавага працэсу) шарападобныя, з тоўстай, бурай, сеткавай або бародаўчатай абалонкай, прарастаюць у зааспоры, рэдка ў міцэлій.
Сцефановіч А. І.Цыстопус // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.