Dali

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Dali
Жанр Power-pop
Фанк-рок
Электронны рок
Гады 2005-2012
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Мова песень Беларуская, руская, англійская
Іншыя
праекты
Ўнескладовае, ROS†ANY, КонтраБанда

Daliбеларускі рок-гурт, заснаваны ў Мінску ў 2005 годзе, першапачаткова выконваў песні ў стылі паўэр-поп і ска з эратычна-іранічным зместам, пазней гурт змяніў гучанне на больш сур'ёзны і месцамі лірычны фанк-рок.

Першым значным поспехам групы быў выхад сінгла «Грай гармон», які ўзначаліў беларускі хіт-парад «Тузін Гітоў» і атрымаў станоўчы водгук культавага беларускага музыканта і паэта Лявона Вольскага. Адразу пасля перамогі ў хіт-парадзе групе было прапанавана зняць на кліп на іх першы хіт, рэжысёрам якога стаў Анатоль Вечар. Пасля гэтага адбылося падпісанне кантракту з прадзюсарам Юрыем Савашам.

На той момант гурт складаўся з сямі чалавек: Віктар Рудэнка (вакал, акустычная гітара, словы і музыка), Дзмітрый Парфёнаў (гітара, аранжыроўка), Іван Запруцкі (труба), Ігар Булава (трамбон), Аляксей Еўтушэнка (бас), Яўген Садоўскі (клавішныя), Аляксандр Валошчык (ударныя). Крэатыўнай асновай групы з’яўляецца творчы тандэм Рудэнка і Парфёнава, якія стварылі правобраз Dali, групу «Человек с изюмом», якая выконвала сімфа-рок.

Праца з прадзюсарам Юрыем Савашам. Паўэр-поп[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак працы з прадзюсарам Юрыем Савашам адзначыўся выхадам Dali на вялікія сцэны краіны — міжнародны фестываль «Славянскі базар», тэлепраект «Серебряный граммофон». У гэты ж час, зрабіўшы хард-рокавы кавер на кампазіцыю «Песняроў» пад назвай «Жылі-былі», Dali становяцца лаўрэатамі фестывалю «Золотой шлягер — 2005», прадставіўшы на ім не толькі гэты кавер, але і сваю новую сатырычную кампазіцыю «Не з’язджайце за мяжу». З ёй жа польскі прадусар Ігар Знык запрашае Dali выступіць у якасці гасцей на фестывалі «Басовішча». Пасля гэтага выступу, паралельна з працай у Беларусі, група працягвае супрацоўніцтва з Ігарам Зныком і шмат гастралюе з жывымі канцэртамі па Польшчы.

У 2006 годзе група са сваёй песняй «Гэта не Рыо-дэ-Жанэйра» намінуецца на ўдзел ад Беларусі ў конкурсе «Еўрабачанне». Нягледзячы на тое што перамогу прысуджваюць поп-спявачцы Паліне Смолавай, Dali запамінаюцца сваім драйвавым выступам і прадзюсар MTV-Minsk Валянцін Грышко здымае сольны канцэрт гурта ў рамках праекта MTV-Unplugged.

У 2007 годзе гурт актыўна гастралюе па Польшчы і паралельна рыхтуе да выхаду свой дэбютны альбом «Zaгадкі Zігмунда Фрэйда», які выпускаюць у красавіку 2008 года[1]. У гонар выхаду альбома гурт ладзіць канцэрт «Порна-феерыя. Zaгадкі Zігмунда Фрэйда», а ў альбом уваходзяць найбольш аднастайныя па сваёй стылістыцы песні, сярод якіх першая версія галоўнага хіта Dali «Неба шэрае», а таксама такія кампазіцыі, як «Мечтай со мной» і «Гэта не Рыо-дэ-Жанэйра», радыёхіт «Калі ты вернешся». Сваімі deep-house рэміксамі гэты альбом дапоўніў малады музыкант-кампазітар электроннай і сімфанічнай музыкі Аляксей Карабейнік, вядомы пад сваім творчым псеўданімам Alexis Scorpio. Тым не менш, большасць кампазіцый, напісаных за гэты перыяд гуртом Dali, у альбом «Zaгадкі Zігмунда Фрэйда» не ўвайшлі, а засталіся існаваць толькі ў якасці сінглаў, лік якіх ужо на той момант перавышаў колькасць песень, выдадзеных на альбоме. Гэта былі песні «Містэр Страўнік», «Общественный транспорт», «Адам и Ева», «Любовь в холодильнике», «Амур работает в МУРе», «Свалка страстей», «Романс», «Незримая война», «Любовь до гроба», «Зал ожидания», «Жертва рок-н-ролла», «Наивный блюз», «Кровавая Мэри», «Нервные клетки» і іншыя. З-за нешматлікасці кампазіцый у альбоме (у параўнанні з агульнай колькасцю напісанага), і, адпаведна, неапраўданнем чаканняў крытыкаў, альбом выклікаў дастаткова халодную рэакцыю музычных журналістаў.

У сярэдзіне 2008 па шэрагу асабістых і палітычных рознагалоссяў група спыняе супрацоўніцтва з прадзюсарам Юрыем Савашам і пачынае працу з польскім прадзюсарам Ігарам Зныкам. Тады ж гурт пакідае бас-гітарыст і аранжыроўшчык Дзмітрый Парфёнаў, які працягнуў кантракт з Юрыем Савашам на правах гітарыста поп-спявачкі Ірыны Дарафеевай.

Польшча. Праца з прадзюсарам Ігарам Зныкам. Фанкрокавы перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаючы працу з новым прадзюсарам, фронтмэн Віктар Рудэнка змяняе склад і стыль групы на хэві-фанк і рок. На змену Аляксею Еўтушэнка прыходзіць фанкавы басіст Аляксандр Сяўрук, а таксама група адмаўляецца ад трамбона, пакідаючы з духавой секцыі толькі трубу (Іван Запруцкі). На змену Парфёнаву прыходзіць спачатку блюз-рокавы гітарыст Зміцер Такопула, а пасля Павел Карабейнік, чыя агрэсіўная манера выканання больш адпавядала новаму стылю гурта.

У перыяд з канца 2008 да 2009 года Dali прысвячаюць амаль увесь свой час выступленням і прасоўванню ў Польшчы. Ігар Знык, не бачачы перспектыў працы ў Беларусі, адмаўляецца ад прасоўвання Dali на радзіме, у выніку чаго ў Беларусі пра гурт забываюць. Аднак з досыць хуткім і паспяховым пасоўваннем у Польшчы Dali са сваёй песняй «Every Day» трапляюць у фінал польскай нацыянальнай намінацыі на «Еўрабачанне-2009» «Piosenka dla Europy», дзе становяцца лідарамі незалежных анлайн-галасаванняў і нечаканымі замежнымі фаварытамі. Гэта выклікае новую хвалю цікавасці да групы Dali на радзіме, у Беларусі.

Праца з саўнд-прадзюсарам Андрэем Жукавым. Хэві-фанк. Эксперыменты[правіць | правіць зыходнік]

У гэты час Dali працуюць з вядомым саўнд-прадзюсарам Андрэем Жукавым (Drum Ecstasy, Ляпіс Трубяцкі і інш.). Аўтарам песень, як і раней, выступае Віктар Рудэнка, а большую частку аранжыроўкі і прадакшну рэалізуе Жукаў, у выніку чаго група атрымлівае больш цяжкае рок-н-рольнае гучанне ў сукупнасці з электроннымі эксперыментамі, якія чутныя ў песні «Like a Young Gun» — хэві-фанкавай кампазіцыі з элементамі нойза. Жукава Рудэнка таксама назваў сваім «філасофскім бацькам», паколькі той умацаваў імкненне да канцэптуальнасці музыкі і лірыкі.

У свой польскі перыяд у супрацоўніцтве з Андрэем Жукавым група выпускае сінглы «Alright», «Every Day» («Piosenka dla Europy», Польшча), «Young Like a Gun», «У гэтым горадзе», выходзяць таксама дзве новыя фанк-рокавыя версіі песні «Неба шэрае»/«Silver Sky». Таксама з’яўляецца першая рокавая версія песні «Касмічны камбайн».

2010. Вяртанне ў Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Па шэрагу асабістых, жыццёвых прычын прадзюсар Ігар Знык спыняе сваю працу з усімі беларускімі калектывамі: :B:N:, «Рэха» і Dali. Група аказваецца ў няпростай сітуацыі, таму што з прычыны нечаканага сыходу Зныка не паспела заключыць новых кантрактаў з польскімі лэйбламі. Вяртанне на радзіму прымушае фронтмэна Віктара Рудэнка зноў перагледзець стылістыку гурта, а выпускніка аддзялення Arts Management — трубача Івана Запруцкага — узяцца за адміністраванне групы ў ролі дырэктара калектыву. Губляючы цікавасць да панку і хэві-фанку, да якіх на той момант імкнуўся калектыў, а таксама з-за сваіх новых музычных пераваг лідар гурта пачынае рабіць значны ўпор на электроніку, складаючы ўсё больш твораў у стылі electronic rock. Да такіх зменаў не былі гатовыя звыклыя да больш класічнага хардрокавага гучання басіст Аляксандр Сяўрук і гітарыст Павел Карабейнік, у выніку чаго яны пакідаюць групу, а Dali, у сваю чаргу, пачынаюць граць электронны рок.

У склад электронных Dali ўвайшлі нязменныя ўдарнік Аляксандр Валошчык, клавішнік Яўген Садоўскі, трубач Іван Запруцкі і лідар гурта Віктар Рудэнка. У гэтым новым гучанні Садоўскі ўзяў на сябе функцыю электроншчыка, выконваючы электронны бас, некаторыя эфекты і клавішныя партыі, у той час як вакальныя і іншыя прасторавыя эфекты пачалі выконвацца трубачом Іванам Запруцкім. Лідар гурта пачаў першыя электронныя эксперыменты з гітарай. У выніку гэтых музычных спроб нарадзіліся творы «Лолита», «Офисы и корпуса», «Our Love is All», «Пятница пора любви», «Женщины хотят не меньше, чем мужчины», «Get Offline» (Dali ft. Anna Blagova).

У лістападзе 2010 Dali зноў ўзначальваюць беларускі хіт-парад «Тузін Гітоў» са сваёй новай electronic-rock кампазіцыяй «Касмічны камбайн», абыходзячы такія культавыя беларускія калектывы, як беларускія «Песняры» і «Крамбамбуля».

2011. Масква. Праца з прадзюсарам Дзмітрыем Вайтэнка[правіць | правіць зыходнік]

Электронныя эксперыменты Dali былі ацэнены выхадцам з Беларусі — маскоўскім прадзюсарам Дзмітрыем Вайтэнка. Ён здымае кліп на песню «Лолита» і ладзіць шэраг паспяховых канцэртаў групы ў Маскве. Аднак на відэапрадакшн-кампаніі «JV Media», чыім прадзюсарам з’яўляецца Вайтэнка, адбіваецца крызіс, і Дзмітрый Вайтэнка вымушаны сканцэнтравацца толькі на сваім тэле-відэабізнэсе.

З-за адсутнасці ў Беларусі рынку для досыць экстравагантнай electronic-rock праграмы Dali, частка групы хоча вярнуцца да старога, камерцыйна паспяховага раней, поп-гучання. Лідар Віктар Рудэнка робіць стаўку на эксперымент, новы саўнд і арыгінальную творчасць. У выніку гэтых ідэйных і музычных рознагалоссяў групу пакідаюць клавішнік Яўген Садоўскі і ўдарнік Аляксандр Валошчык, якія стварылі кавер-бэнд Контрабанда. З арыгінальнага складу застаюцца толькі фронтмэн Віктар Рудэнка і трубач Іван Запруцкі.

Восень 2011. Распад групы[правіць | правіць зыходнік]

Пасля распаду арыгінальнага складу гурта Dali, фронтмэн калектыва Віктар Рудэнка і трубач Іван Запруцкі плануюць аднавіць працу групы ва ўжо знаёмым стылі electronic rock. Лідар групы знаходзіць клавішніка і электроншчыка Антона Рубацкага, які на той момант грае ў гурце Yellow Brick Road. Апрабаваўшы шэраг барабаншчыкаў, група спыняе свой выбар на Сяргее Васількаве, які зацікавіў не толькі сваёй тэхнікай, але таксама сваім крэатывам і ўменнем граць на электронных барабанах, прагрэсіўна думаць, разбірацца ў сэмпліраванні. У новым складзе аснову творчага тандэму склаў лідар і аўтар песень Віктар Рудэнка і электроншчык-аранжыроўшчык Антон Рубацкі. Ад акуратных эксперыментаў з электронным гучаннем у стылі electronic rock група пачала сур'ёзна паглыбляцца ў электроніку, эксперыменты з сінтэзам да поўнага сыходу ад стандартнага гучання гітары, трубы, барабанаў і клавішных — і перайшла да жывога выканання цалкам сінтэзаванага, створанага «з нуля» гуку. Ужо стала відавочным, што гэта радыкальнае змяненне гучання павінна адзначыць з’яўленне новай групы. Такім чынам, у пачатку 2012 года было вырашана пачаць новы праект — гурт ROS†ANY.

Улічваючы вялікую колькасць назапашаных твораў, даўно чаканых фанатамі гурта, было прынята рашэнне выпусціць развітальны альбом пад назвай «Неба шэрае», выхад якога адбыўся ў канцы 2012 года.

Вытокі Dali[правіць | правіць зыходнік]

Папярэднікам гурта Dali быў калектыў «Человек с изюмом», задуманы выхадцамі з Віцебска — студэнтам МДЛУ паэтам і кампазітарам Віктарам Рудэнкам і студэнтам БДУКМ гітарыстам Змітром Парфёнавым. Асноўнай ідэяй было стварыць у супрацьвагу такім гумарыстычным музычным калектывам, як «Ляпіс Трубяцкі» і «Лепрыконсы», групу, якая выконвае не адкрыта сатырычныя гратэскныя тэксты, а стыльную музыку з тонкай гумарыстычным сюррэалістычным начыннем. Упершыню гурт выступіў у Мінску на ВДНГ, на разагрэве ў гурта «J:Mors», са сваімі кампазіцыямі «Амур работает в МУРе» і «Любовь в холодильнике».

Музыкі, у розны час якія ўваходзілі ў склад гурта Dali[правіць | правіць зыходнік]

  • Віктар Рудэнка (словы, музыка, аранжыроўка, клавішныя, гітара)
  • Дзмітрый Парфёнаў (аранжыроўка, клавішныя)
  • Іван Запруцкі (труба, бэк-вакал, эфекты)
  • Ігар Булава (трамбон)
  • Аляксандр Валошчык (ударныя)
  • Аляксей Еўтушэнка (бас)
  • Яўген Садоўскі (клавішныя, бэк-вакал)
  • Дзмітрый Такопула (гітара)
  • Аляксандр Сяўрук (бас)
  • Павел Карабейнік (гітара)
  • Андрэй Каротчанка (ударныя)
  • Яўген Гаўрусеў (ударныя)
  • Антон Рубацкі (клавішныя, бэк-вакал)

Сайд-праекты[правіць | правіць зыходнік]

  • Ўнескладовае2011 годзе лідар Dali прымае ўдзел у all-stars band Ўнескладовае у якасці вакаліста, выканаўцы шэрагу песень)
  • ROS†ANY (новы праект лідара Dali)

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Культуролаг Максім Жбанкоў у аналізе 2008 года для Беларусі заключыў, што выйгрышнае становішча занялі артысты «без відавочнай палітычнай прапіскі», да якіх аднёс і «Dali», прадстаўніка «новай гітарнай хвалі»[2][3].

Зноскі

  1. Прогулявшись по музыкальным магазинам, мы обнаружили множество свежих белорусских CD (руск.). KP.BY (27 чэрвеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2020. Праверана 14 сакавіка 2020.
  2. Жбанков, Максим. Белорусская культура: между «Батлейкой» и «Белcатом» // Белорусский ежегодник 2008 (руск.) / Анатолий Паньковский, Валерия Костюгова. — Минск: Белорусский институт стратегических исследований, Белорусский фонд публичной политики, 2009. — С. 215. — 416 с. Архівавана 28 студзеня 2018 года.
  3. Zhbankov, Maksim. Belarusian Culture: between Batleika and Belsat // Belarusian Yearbook 2008 (англ.) / Anatoly Pankovsky, Valeria Kostyugova. — Minsk: Belarusian Institute for Strategic Studies, Belarus Public Policy Fund, 2009. — P. 192. — 360 p. Архівавана 26 ліпеня 2020 года.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]