Эўгленавыя водарасці
Эўгленавыя водарасці | |||||||||||||
![]() Эўглена зялёная (Euglena viridis) | |||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||
Euglenoidea Bütschli, 1884 | |||||||||||||
|
Эўгленавыя водарасці (Euglenoidea, Euglenophyta, Euglenida) — клас (або аддзел) водарасцей.
Пашыраны на ўсім зямным шары. Трапляюцца ў розных вадаёмах, пераважна ў невялікіх прэсных, насычаных арганічнымі рэчывамі. Некаторыя віды могуць утвараць на паверхні вады плеўку ад зялёнага да цагельна-чырвонага колеру. Сумяшчаюць прыкметы раслін і жывёл, таму заолагі адносяць іх да прасцейшых.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Аднаклетачныя жгуцікавыя мікраскапічныя рухомыя арганізмы, радзей прымацаваныя і каланіяльныя. Памеры ад 4 да 500 мкм. Пры перамяшчэнні большасць верціцца вакол падоўжанай восі, бязжгуцікавыя формы рухаюцца чэрвепадобна, асобныя нерухомыя.
Клеткі часцей выцягнутыя, верацёнападобныя, у большасці асіметрычныя, у некаторых амаль радыяльныя. Маюць перыпласт — тонкі, мяккі або шчыльны, пакрыты штрыхамі, кропкамі, бугаркамі, радзей гладкі вонкавы слой эктаплазмы, які замяняе абалонку. У некаторых відаў (напрыклад, з родаў страмбамонас (Strombomonas), трахеламонас (Trachelomonas)) паверх перыпласту ўтвараюцца слізістыя або цвёрдыя абгорткі, інкруставаныя солямі жалеза і марганцу — «домікі». На пярэднім канцы клеткі ёсць лейкападобнае паглыбленне, якое пераходзіць у глотку з рэзервуарам на канцы, куды трапляе змесціва пульсуючых вакуоляў. У некаторых відаў глотка фукцыянуе як рот прасцейшых жывёл.
Большасць відаў мае 2 няроўных па даўжыні гетэрадынамічных жгуцікі, адзін з іх бывае рэдукаваны і не выходзіць з глоткі (ёсць формы і з двума амаль роўнымі, або з некалькімі жгуцкамі). Жгуцікі выходзяць вонкі праз адтуліну на пярэднім канцы цела. Яна вядзе ў вузкі канал, які пераходзіць у паглыбленне грушападобнай формы — жгуцікавы рэзервуар.
У фотатрофных відаў у цытаплазме каля асновы жгуцікаў ёсць святлоадчувальны орган — аранжава-чырвонае вочка, або стыгма. Ядро буйное, звычайна ў цэнтры клеткі.
Хларапласты зялёныя, рознай формы, прысценныя, з пірэноідамі або без іх, утрымліваюць пігменты: хларафілы a і b, караціны, ксантафілы, у некаторых відаў — чырвоны пігмент астаксанцін. Многія віды не маюць хларапластаў. Прадукты асіміляцыі — вуглявод парамілон і алей.
Здольныя да міксатрофнага жыўлення. Бясколерныя віды жывяцца асма- і фагатрофна.
Размнажэнне вегетатыўнае (падоўжаным дзяленнем у рухомым, радзей у пальмелападобным стане), зрэдку палавое. Храмасомы кандэнсіраваныя на працягу ўсяго жыццёвага цыкла, пры дзяленні ядра ядзерка не разбураецца. Некаторыя пры неспрыяльных умовах утвараюць цысты.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Выдзяляецца 1—6 парадкаў, каля 40 родаў, каля 1000 відаў, з якіх 250 бясколерныя. Пашыраны ўсюды, на Беларусі каля 110 відаў, з родаў астазія (Astasia), бікаэка (Bicoeca), калацыум (Colacium), крыптаглена (Cryptoglena), лепацынкліс (Lepocinclis), страмбамонас (Strombomonas), трахеламонас (Trachelomonas), урцэолус (Urceolus), факус (Phacus), эўглена (Euglena).
Эўгленавыя распаўсюджаны па ўсім свеце. Абсалютная большасць іх — насельнікі прэсных кантынентальных вадаёмаў. Найбольш шматлікія яны ў мелкаводных стаячых вадаёмах лясной і лесастэпавай зон, дзе шмат расліннасці, добра праграваецца вада і ўтрымліваецца вялікая колькасць арганічных рэчываў. Часта гэтыя водарасці дамінуюць у рыбаводных сажалках, на рысавых палях, вадаёмах, дзе адбываецца ачыстка сцёкавых вод. Размнажаючыся ў масавай колькасці, яны могуць служыць прычынай зялёнага і чырвонага «цвіцення» вады. У шэльфавых зонах мораў і акіянаў пераважаюць гетэратрофныя эўгленіды.
Удзельнікі працэсаў самаачышчэння вады, індыкатары забруджанасці вадаёмаў арганічнымі рэчывамі, аб'екты лабараторных даследаванняў.
Паходжанне і эвалюцыя
[правіць | правіць зыходнік]Пытанне аб паходжанні эўгленідаў вывучаецца да цяперашняга часу. Звестак аб іх выкапнёвых формах вельмі мала, і яны не зусім пэўныя. Апошнія дадзеныя паказваюць падабенства будовы эўгленідаў з кінетапластыдамі і пацвярджаюць паходжанне фотасінтэзуючых відаў ад бясколерных гетэратрофных форм.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міхеева Т. Эўгленавыя водарасці // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Міхеева Т. Эўгленавыя водарасці // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Протисты: Руководство по зоологии / под ред. академика РАН А. Ф. Алимова. — СПб.: Наука, 2000. — Т. 1. — 679 с. ISBN 5-02-025864-4 (руск.)