Grindex
Grindex | |
---|---|
![]() | |
| |
Тып | акцыянернае таварыства |
Лістынг на біржы | РФБ: GRD1R |
Заснаванне | 1946 |
Заснавальнікі | Міністэрства харчовай прамысловасці Латвійскай ССР |
Краіна | Латвія |
Размяшчэнне | Рыга |
Адрас | Латгальскае прадмесце, ваколіца Шкіротава, вул. Крустпілса, д. 53[1] |
Ключавыя постаці | Юрыс Хмяльніцкіс[2], Кіраў Ліпман[3] |
Галіна | прамысловасць |
Прадукцыя | лекі |
Абарот | ▼141,4 млн еўра (2019 год)[4] |
Аперацыйны прыбытак | ▲13,8 млн еўра (2019 год) |
Чысты прыбытак | ▲12,9 млн еўра (2019 год) |
Актывы |
|
Колькасць супрацоўнікаў |
|
Аўдытар | «Біндэр-Дыйкер-Отэ» (Бельгія)[5] |
Матчына кампанія | холдынг «Ліплат» |
Даччыныя кампаніі | «Талінскі фармацэўтычны завод» (Эстонія), «Хёхст-Біётыка Фарма» (Славакія) |
Сайт | grindeks.eu |
«Grindex» («Грындэкс») — латвійскае фармацэўтычнае прадпрыемства, заснаванае ў 1946 годзе як Завод вітамінаў і гармонаў.
На 2020 год прадпрыемства пераважна выпускала лекі для крывяносных сасудаў («Мілдранат»), сэрца і цэнтральнай нервовай сістэмы (снатворнік «Сомнолс»), а таксама лекі ад раку («Фторафур»). У 2019 годзе за мяжу паставілі 93% лекаў, пераважна ў 27 краін Еўрасаюза, Расію, ЗША, Канаду, Японію і В'етнам[7]. «Грындэксу» належалі 2 даччыныя прадпрыемствы ў Латвіі — АТ «Калцэкс» і ТАА «Праекты жыллёвага кіравання», а таксама па адным у Славакіі і Эстоніі — ТАА «Хёхст-Біётыка Фарма» (Марцін) і АТ «Талінскі фармацэўтычны завод». Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 6 краінах Азіі — Азербайджане, Арменіі, Грузіі, Казахстане, Кыргызстане і Узбекістане, а таксама ў 5 краінах Еўропы — Беларусі (Мінск, вул. Энгельса, д. 34а), Літве, Малдове, Украіне і Эстоніі[8]. У працоўні распрацоўкі налічвалася 60 супрацоўнікаў, якія распрацоўвалі лекавыя рэчывы і формы, ажыццяўлялі іх стандартызаванне і ацэнку інтэлектульнай уласнасці, клінічнае даследаванне і леканагляд[9].
Лекі
[правіць | правіць зыходнік]На 2020 год АТ «Грындэкс» вырабляла безрэцэптурныя лекі 8 відаў: 1) 4 болеспатольнікі «Аса» (ацэтылсаліцылавая кіслата), «Ібупрафен», «Парацэтамол» і «Форсіюм»; 2) слабільныя таблеткі «Бісакадыл» і таблеткі «Лаперамід» ад паносу для стрававання і кішэчніка; 3) сіропы «Бромгексін» супраць макроты ў горле і «Рынадэкс» супраць насмарка для дыхальных шляхоў; 4) мазі «Віпрасал», «Капсікам» і «Ортафлекс» для мышцаў і суставаў; 5) крэм і мазь «Рэкрэол» для скуры, 6) шампунь «Міканісал» супраць грыбка на галаве; 7) таблеткі «Флюрадэкс» супраць карыеса зубоў; 8) крэм «Тэрбітал» супраць грыбка на ступнях. Таксама выпускалі пластыр «Капсікам», касметычны крэм «Гумісол» для ног і суставаў, актываваны вугаль і 3 харчовыя дабаўкі «Апілак», «Гербастрэс» для сну і «Лактабекс»[10]. У 2019 годзе найбольшыя продажы прыпадалі на болеспатольнік «Ібупрафен», сіроп «Рынадэкс» супраць насмарка, мазі «Віпрасал» і «Капсікам» для мышцаў і суставаў[11]. Сярод рэцэптурных лекаў налічвалася 11 відаў: 1) для сэрца, 2) супраць раку, 3) супраць інфекцый, 4) для кішэчніка і стрававання, 5) для родаў і пасляродавага перыяду, 6) супраць запалення, 7) мясцовыя анестэтыкі (абясчульвальнікі), 8) для сну, 9) заспакаяльнікі, 10) болеспатольныя мазі і гелі, 11) для нервовай сістэмы[12]. Сярод іх найбольшыя продажы прыпадалі на капсулы «Мілдранат» для сэрца, ампулы «Аксітацын» пасля родаў, таблеткі «Рыспаксол» пры шызафрэніі, мазь «Сульфаргін» пры апёках, таблеткі «Фторафур» ад раку страўнікава-кішачны тракту і малочнай залозы, «Цыкладол» пры хваробе Паркінсана і снатворнік «Сомнолс»[13]. Урэшце «Грындэкс» выпускаў 15 лекавых рэчываў: гідрахларыд атыпамезолю, бортэзоміб, дэзамінааксітацын, гідрахларыд дэтамідыну, гідрахларыд дэксмедэтамідыну, драперыдол, мезілат іматынібу, гідрахларыд медэтамідыну, аксітацын, гідрахларыдфасфат рылменідыну, тэгафур, тыягуанін, ксілазанін, гідрахларыд ксілазаніну і запіклон[14].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1946 годзе Міністэрства харчовай прамысловасці Латвійскай ССР заснавала ў Рызе Завод вітамінаў і гармонаў, які перадало Латвійскай акадэміі навук (ЛАН). Першапачаткова завод выпускаў піўныя дрожджы, соевую падліву, сумесі мікраэлементаў, шыпшынавы сіроп і харчовыя канцэнтраты. У 1957 годзе яго пераўтварылі ў «Доследны завод вітамінаў» пры Інстытуце арганічнага сінтэзу ЛАН. Распрацоўку лекаў узначаліў Саламон Гілер. У 1959 годзе пачалі выпускаць фенілін супраць тромбаў, фуразалідон і фураданін супраць мікробаў, а таксама тыётэфу супраць раку. У хімічным цэху стварылі ўчастак таблетавання. У 1964 годзе Рэгіна Жук, Маргерс Лідака і Саламон Гілер распрацавалі фторафур супраць раку, які пачалі вырабляць на заводзе ў 1966 годзе. За 1960-я гады распрацавалі 30 лекаў. У 1972 годзе завод пачаў пастаўляць фторафур японскім прадпрыемствам «Іскра» і «Тайхо». У 1975 годзе сталі выпускаць мілдранат супраць разрыву сэрца, які ў 1970 годзе распрацаваў Іварс Калвіньш. У 1985 годзе завод паглынуў «Рыжскі завод медыцынскіх прэпаратаў», што прывяло да пашырэння асяродка даследаванняў і 3-х працоўняў: 1) арганічнага сінтэзу, 2) мадэлявання, 3) аналізу і стандартызавання. Кіраўніком завода стаў Валдыс Якабсан, які заставаўся на пасадзе да 2007 года. У 1980-я гады на заводзе распрацавалі 60 лекаў, з якіх 17 пад арыгінальнымі патэнтамі. У выніку на завод прыпала распрацоўка кожнага 4-га новага лека ў СССР. 11 кастрычніка 1991 года завод перайменавалі ў прадпрыемства «Грындэкс» у гонар першага латышскага фармацэўта Давіда Грындэля. 25 жніўня 1997 года «Грындэкс» пераўтварылі ў публічнае акцыянернае таварыства, паі якога ў ходзе прыватызацыі набылі звыш 6000 чалавек. У сакавіку 1998 года «Грындэкс» набыў 55% паёў «Талінскага фармацэўтычнага завода» (Эстонія). 1 чэрвеня 1998 года паі прадпрыемства размясцілі на Рыжскай фондавай біржы. У 2007 годзе распрацавалі рыспаксол супраць шызафрэніі і адчынілі працоўню маштабавання лекаў і ўчастак крышталізавання мілдранату на 250 тон за год. Адначасна запусцілі новую вытворчасць лекавых формаў на 1,5 млрд таблетак і 500 млн капсулаў за год. У 2008 годзе стварылі аксастрол супраць раку грудзей. У 2011 годзе адчынілі вытворчасць урсадэаксіхолевай кіслаты (УДХК), якой лечаць хваробы жоўцевых шляхоў. У 2012 годзе «Грындэкс» набыў славацкае ТАА «Хёхст-Біётыка» (ХБМ) і адчыніў участак мазяў і геляў. У 2015 годзе прадпрыемства стала пастаўшчыком аксітацыну для Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (Швейцарыя)[15].
Зноскі
- ↑ "Звяжыцеся з намі"(руск.). АТ «Грындэкс». 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ "Управа"(руск.). АТ «Грындэкс». 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ "Рада"(руск.). АТ «Грындэкс». 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ "Зводная фінансавая справаздача АТ «Грындэкс» за 2019 год" (PDF)(лат.). АТ «Насдак Балтыкі». 28 лютага 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ "Зводная фінансавая справаздача АТ «Грындэкс» за 2018 год з адзнакай незалежнага аўдытара" (PDF)(лат.). АТ «Насдак Балтыкі». 30 красавіка 2019. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ а б https://info.ur.gov.lv/#/legal-entity/40003034935
- ↑ Пра «Грындэкс» (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2021. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Будова (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Даследаванне і распрацоўка (англ.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Вырабы (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Найзапатрабаваныя вырабы (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Рэцэптурныя лекі (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2021. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Найзапатрабаваныя рэцэптурныя лекі (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Дзейныя лекавыя складнікі (англ.). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Праверана 27 красавіка 2020.
- ↑ Гісторыя (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Grindex на Вікісховішчы |
---|
- Навіны (руск.)(недаступная спасылка). АТ «Грындэкс» (6 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 27 красавіка 2020.
- Анкета пастаўшчыка Архівавана 26 верасня 2020. (руск.)
- Леканагляд Архівавана 12 жніўня 2020.
- Гуртовыя цэны Архівавана 12 жніўня 2020.
- Філіі і прадстаўніцтвы Архівавана 29 кастрычніка 2018.