Higurashi no Naku Koro ni

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Higurashi no Naku Koro ni (яп.: ひぐらしのなく頃に Хігурасі но Наку Коро ні, бел.: Калі плачуць цыкады) — серыя візуальных раманаў, распрацаваных дадзін-гуртком 07th Expansion, якая выпускалася на Камікетах у перыяд з 2002 па 2006 год і складае дзве першыя часткі цыкла When They Cry. Пачынаючы з 2007 года, кампаніямі Alchemist, Kaga Create і Entergram было ажыццёўлена прафесійнае выданне партыраваных версій гульні на розныя гульнявыя прыстаўкі, а ў 2015 годзе кампанія MangaGamer выпусціла гульню ў сэрвісе Steam. Візуальны раман складаецца з асобных сюжэтных арак, якія называюцца «главамі», яны апавядаюць аб падзеях 1983 года ў японскай вёсцы Хінамідзава, якая зрабілася месцам серыі загадкавых забойстваў, што атрымалі назву «праклёну Аясіра-сама». Сцэнарый гульні быў напісаны аўтарам пад псеўданімам Рюкісі07, які натхніўся прыкладам іншага любіцельскага візуальнага рамана — Tsukihime.

Сюжэт гульні не раз адаптаваўся ў іншыя фарматы. З 2005 па 2012 год былі выпушчаны восем радыёпастановак па матэрыялах асноўных глаў візуальнага рамана, агучаных прафесійнымі сэю. У 2006 і 2007 гадах на розных тэлеканалах Японіі трансліраваўся разбіты на два сезоны анімэ-серыял рэжысёра Studio Deen Ціакі Кон, паказ якога перапыняўся з-за абвінавачанняў з боку розных СМІ ў правакаванні злачынстваў сярод моладзі. З 2005 по 2011 год у часопісах кампаній Square Enix і Kadokawa Shoten ажыццяўлялася публікацыя манга-адаптацый гульні, падрыхтаваных рознымі ілюстратарамі. З 2007 па 2009 год у выдавецтве Kodansha была апублікавана ў 17 тамах навэлізацыя гульні ў фармаце ранабэ. Акрамя гэтага, у 2008 і 2016 годзе былі выпушчаны паўнаметражныя фільмы і дарама, якія экранізуюць візуальны раман. У 2020 годзе адбыўся выпуск анімэ-серыяла Higurashi no Naku Koro ni Go (бел.: Калі плачуць цыкады: Карма), які быў падрыхтаваны студыяй Passione. У 2021 годзе выйшаў працяг — Higurashi no Naku Koro ni Sotsu (бел.: Калі плачуць цыкады: Выпускны).

Higurashi no Naku Koro ni зрабілася адной з трох найбольш прыбытковых любіцельскіх гульняў Японіі і ўвайшла ў рэйтынг найбольш папулярных гульняў гэтага жанру. З прычыны такой папулярнасці сяло Сіракава зрабілася аб’ектам анімэ-турызму з боку фанатаў франшызы, якія далі назву «паломніцтва» гэтаму маршруту. Прадукцыя Higurashi no Naku Koro ni таксама была ў большай частцы станоўча прынята крытыкамі.

Персанажы[правіць | правіць зыходнік]

  • Маэбара Кейці (яп.: 前原 圭一) — малады хлопчык, галоўны герой серыі. Пераехаў з сям’ёй у Хінамідзаву і вучыцца ў мясцовай вясковай школе. Знаходзіцца ў клубе, дзе галоўныя персанажы збіраюцца гуляць у настольныя гульні кожны дзень пасля заняткаў. Упамінаецца, што ён даволі кемлівы. Узрост — ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў. Валасы — кароткія цёмна-каштанавыя, вочы — сінія. У школе ходзіць у чорных штанах і белай кашулі, а дома — у цёмна-зялёных шортах і карычневай майцы.
  • Рюгу Рэна (яп.: 竜宮 レナ, сапраўднае імя — Рюгу Рэйна, яп.: 竜宮 礼奈) — дзяўчынка таго ж узросту, что і Маэбара. Аднакласніца і сяброўка галоўнага героя. Пазнаёмілася з Кейці, як і іншыя героі, калі ён пераехаў у Хінамідзаву, з гэтага часу праводзіць з ім нямала часу. Знаходзіцца ў клубе. Валасы — кароткія светла-каштанавыя, вочы — сінія. У школе ходзіць у тыповай для Японіі сіне-белай школьнай форме, штодзённае адзенне — белая сукенка з ліловым бантом і белым капелюшом.
  • Санадзакі Міён (яп.: 園崎 魅音) — аднакласніца Кейці і Рэны, аднаго ўзросту з імі. Мае мужчынскія якасці характару, старшыня клуба, уласнік усіх настольных гульняў і аўтар мноства новых. Наследніца главы роду Санадзакі. Валасы — доўгія зялёныя, собраныя ў хвост, вочы — балотныя. У школе ходзіць у пурпурнай спадніцы і ў белай майцы са светла-жоўтай камізэлькай, штодзённае адзенне — сінія штаны, жоўтая футболка і белая кофта, завязаная на таліі.