III Усебеларускі з’езд Саветаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трэ́ці Усебелару́скі з’езд Саве́таў рабо́чых, салда́цкіх і чырво́наарме́йскіх дэпута́таў. Адбыўся 10 — 16 снежня 1921 года ў Мінску.

Прадстаўніцтва на з’ездзе[правіць | правіць зыходнік]

Прысутнічалі 183 дэлегаты з рашаючым і 33 з дарадчым голасам ад шасці паветаў Мінскай губерні (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі).

Парадак дня[правіць | правіць зыходнік]

Рашэнні з’езда[правіць | правіць зыходнік]

З’езд падвёў вынікі дзейнасці ЦВК і СНК БССР і ацаніў іх як станоўчыя. Адзначалася, што палітыка суцэльнай нацыяналізацыі прамысловасці і харчразвёрстка скончыліся крахам, з 2-й паловы 1921 года пачаўся перавод прамысловасці Беларусі на рэйкі новай эканамічнай палітыкі (нэпа). Гэты працэс суправаджаўся цяжкасцямі, бо эканоміка краю ў выніку войнаў і акупацый прыйшла ў заняпад. 3 увядзеннем нэпа ўзнікла пытанне пра адраджэнне гаспадарчых сувязей паміж рабочымі і сялянамі, пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку, ад прадуктаабмену да таварна-грашовых рыначных адносін.

У дакладзе аб аднаўленні прамысловасці гаварылася пра закрыццё нерэнтабельных і зняцце з дзяржаўнага забеспячэння шэрагу прадпрыемстваў, выкарыстанне прыватнага капіталу. Урад дазволіў здаць стратныя фабрыкі і заводы ў арэнду кааператывам і прыватным асобам, даў магчымасць развівацца саматужнай прамысловасці і дробнаму рамяству. У рэзалюцыі па гэтым пытанні звернута ўвага на разумнае выкарыстанне лясных багаццяў (адзначалася, што яны знішчаны на 20 гадоў наперад), развіццё электратэхнічнай прамысловасці, рээвакуацыю вывезеных у час вайны металургічных заводаў, здабычу торфу, неабходнасць наладжвання гаспадарчых сувязей, далучэння да БССР Магілёўшчыны, Смаленшчыны і Віцебшчыны, якія маюць тыя ж нацыянальна-культурныя і эканамічныя асаблівасці, што і Міншчына.

З’езд канстатаваў, што рэквізіцыя збожжа ў сялян па хачразвёрстцы выклікала шматлікія ўзброеныя выступленні, якія савецкая ўлада называла бандытызмам, а паўстанцаў — бандытамі. Вясной—летам 1921 года сялянскія паўстанні ўспыхнулі ў многіх паветах і для барацьбы з імі быў створаны Рэўваенсавет Мінскага раёна. Ухвалена дзейнасць Надзвычайнай камісіі (ЧК) па падаўленні сялянскіх выступленняў. З’езд вызначыў мерапрыемствы па ўздыме і развіцці сельскай гаспадаркі. Замена харчразвёрсткі харчпадаткам выклікала зацікаўленасць у селяніна да паляпшэння сваёй гаспадаркі, давала магчымасць прадаваць лішкі на рынку. Падкрэслівалася неабходнасць размеркавання памешчыцкіх зямель, прапаганды лепшых спосабаў гаспадарання, арганізацыі кааператываў на вёсцы, ператварэння маёнткаў у савецкія гаспадаркі (саўгасы), свабоднага выбару форм землекарыстання. Паведамлялася, што харчпадатак у БССР выкананы на 60%. З’езд заклікаў да канца года закончыць яго збор, а ў адносінах да тых, хто ўтойваў колькасць пасеваў, дазволіў ужываць «самыя рашучыя кары».

У рэзалюцыі па народнай асвеце звярталася ўвага на пашырэнне беларускай школы на вёсцы, правядзенне культурна-асветніцкай работы на мясцовых мовах, ліквідацыю непісьменнасці, актывізацыю выдання кніг, размяшчэнне школ у нацыяналізаваных маёнтках.

Шмат увагі з’езд аддаў абмеркаванню пытання дапамогі галадаючым Паволжа. Фонд дапамогі фарміраваўся з адлічэнняў з зарплаты рабочых і служачых, шляхам самаабкладання сялян. Акрамя адпраўкі збожжа і грошай Беларусь павінна была прыняць 1 300 дзяцей з Чувашыі (яшчэ да з’езда ў рэспубліку прыехалі ўжо «самацёкам» 1,5 тысячы чалавек).

З’езд выбраў ЦВК БССР з 60 членаў і 12 кандыдатаў, дэлегатаў на IX Усерасійскі з’езд Саветаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]