III з’езд КП(б)Б

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з III з'езд КП(б)Б)
Перайсці да: рух, знайсці

Трэці з'езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (III канферэнцыя КП(б)Б). Адбыўся 2226 лістапада 1920 г. у Мінску. Прысутнічалі 63 дэлегаты ад 1700 членаў партыі з 6 паветаў былой Мінскай губерні і г. Мінска, а таксама 5 дэлегатаў з рашаючым голасам ад ЦК Камуністычнага саюза моладзі Беларусі (анкеты запоўнілі 60 дэлегатаў). Самы нешматлікі па колькасці дэлегатаў з'езд за ўсю гісторыю КП(б)Б. Гэта быў 1-ы з'езд КП(6)Б пасля вызвалення Беларусі ад польскіх войск і прыняцця Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (31 ліпеня 1920 г.).

Парадак дня[правіць | правіць зыходнік]

Праца з'езда[правіць | правіць зыходнік]

У тэзісах справаздачы ЦБ КП(б)Б гаварылася пра ліквідацыю аб'яднанага ЦК Кампартыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі, аднаўленне ССРБ у сувязі з вызваленнем ад польскай акупацыі і абвяшчэннем незалежнасці Літвы, неабходнасць барацьбы з уплывам яўрэйскіх партый Бунд і Паалей-Цыён і беларускіх эсэраў на працоўных горада і вёскі, магчымасць прыняцця на агульных падставах у КП(б)Б былых членаў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў сувязі з іх заявамі аб поўным арганізацыйным і ідэйным разрыве з гэтай арганізацыяй, часовае ўстрыманне, зыходзячы з канкрэтных умоў Беларусі, ад нацыяналізацыі сярэдняга і дробнага гандлю і інш. Адзначалася, што ва ўмовах пераходу ад «вялікай рэвалюцыйнай вайны да малой вайны», якая вялася ў форме барацьбы з сялянскімі выступленнямі, КП(б)Б накіроўвае сваю палітыку на ўмацаванне пазіцый сацыялізму ў эканоміцы Беларусі і саюзу рабочага класа і сялянства. Сцвярджэнне, што значная частка працоўных зразумела «неабходнасць напружання ўсіх сіл краіны, што рабочыя і сяляне з кожным днём усё цясней яднаюцца вакол сваёй Камуністычнай партыі», ва ўмовах усё больш нарастаючага супраціўлення сялян палітыцы «ваеннага камунізму» было занадта аптымістычным.

З'езд ухваліў дзейнасць ЦБ, хоць і адзначыў, што яно не разгарнула сваю работу ў паветах. Пры абмеркаванні 2-га пытання былі прадстаўлены тэзісы ў 2 варыянтах (Кнорын і Рэйнгольд). Ставіліся першачарговыя задачы КП(б)Б у час пераходу да мірнага будаўніцтва. Падкрэслівалася, што ўключэнне пралетарскіх і паўпралетарскіх пластоў насельніцтва, усіх працоўных у справу гаспадарчага і культурнага будаўніцтва пашырыць сацыяльную базу савецкай улады і ўмацуе яе пазіцыі. Для прыцягнення сялянства на бок бальшавікоў прапаноўвалася паскорыць бясплатную перадачу яму, у т.л. батракам і беднякам, не менш за 2/3 усіх памешчыцкіх, манастырскіх і іншых зямель непрацоўнага карыстання да пачатку веснавых палявых работ, аказаць дапамогу сялянам у аднаўленні іх гаспадаркі. Гэта было пэўным адыходам ад ранейшай жорсткай лініі па перадачы гэтых зямель толькі для арганізацыі саўгасаў і камун.

Разам з тым адзначалася неабходнасць барацьбы з прыватным гандлем, спекуляцыяй, супраць уладальнікаў прыватных прадпрыемстваў, «прымяняючы да гэтых катэгорый асоб самыя рашучыя рэпрэсіўныя меры». Фактычна гэта быў працяг палітыкі «ваеннага камунізму». Вызначаліся і меры па далейшым правядзенні нацыянальнай палітыкі. Упор рабіўся на інтэрнацыянальнае адзінства працоўных і неабходнасць «разаблачэння антысавецкай палітыкі нацыяналістычных партый і груп». Ставілася задача палепшыць дзейнасць партыйных арганізацый па выхаванні і вылучэнні кадраў на партыйную, савецкую, прафсаюзную работу з мясцовага насельніцтва, асабліва з рабочых і бяднейшых сялян (большасць апошніх былі амаль непісьменнымі). З'езд прапанаваў аб'яднаць 2 варыянты тэзісаў у адзін дакумент і прадставіць яго на канчатковае зацвярджэнне. Выніковы дакумент па гэтым пытанні, а таксама тэзісы даклада Чарвякова аб эканамічным становішчы рэспублікі пакуль не выяўлены.

У тэзісах «Задачы прафсаюзнага руху ў Беларусі» давалася ацэнка палітычнага і эканамічнага становішча ССРБ, высоўвалася задача ўстанаўлення цеснай сувязі «паміж органамі гаспадарчай дыктатуры рабочага класа і яго прафесіянальнымі аб'яднаннямі». Адзначалася, што галоўная задача прафсаюзаў — усімі сіламі садзейнічаць адраджэнню і ўмацаванню сацыялістычнай гаспадаркі «шляхам прымусовай мабілізацыі на нацыяналізаваныя прадпрыемствы», збіраць кваліфікаваныя кадры рабочых, якія, ратуючыся ад голаду і беспрацоўя, разышліся па вёсках і мястэчках. Ставілася задача ўстанавіць пралетарскі кантроль над дзейнасцю саматужных майстэрняў і накіраваць іх работу на абслугоўванне грамадскіх патрэб, а не прыватнага рынку, выхоўваць у мас свядомыя адносіны да сацыялістычнай уласнасці, весці бязлітасную барацьбу з працоўным дэзерцірствам, правільна арганізоўваць выкананне працоўнай павіннасці, павышаць дысцыпліну, прафесійна-тэхнічную адукацыю, клапаціцца пра паляпшэнне матэрыяльнага становішча і культурнага ўзроўню рабочых. У тэзісах пераважалі палітычныя лозунгі бальшавікоў па ўцягненні мас у прафсаюзнае і савецкае будаўніцтва, канкрэтныя меры па паляпшэнні становішча рабочых не вызначаліся. Фактычна гэта быў курс на «адзяржаўленне» прафсаюзаў у духу ідэй Л. Троцкага, якія выказваліся ім у час дыскусіі аб прафсаюзах. Адзначалася, што «прафесійныя саюзы Беларусі робяцца неад'емнай часткай магутных арганізаваных агульнарускіх вытворчых саюзаў і ўсяго міжнароднага Камуністычнага Інтэрнацыянала прафесійных саюзаў».

У тэзісах «Па арганізацыйным пытанні» падкрэслівалася, што на 1-е месца выступаюць задачы гаспадарчага будаўніцтва. У сувязі з гэтым неабходна правесці ўзмоцненую работу па ўцягненні ў партыю самых шырокіх мас рабочых і сялян, «арабочыць» і «асяляніць» яе. Паміж членамі партыі няма і не можа быць адрознення ні па паходжанні, ні па сацыяльным становішчы, а толькі па ступені іх актыўнасці ў партыйнай рабоце, адданасці, вытрыманасці, палітычнай свядомасці, рэвалюцыйнай вопытнасці. Для таго каб пазбегнуць расколу ў партыі, ставілася задача звярнуць сур'ёзную ўвагу на выхаванне новых членаў, павышэнне іх удзелу ў партыйнай рабоце. У тэзісах падкрэслівалася, што «партыйнай работай» з'яўляецца «ўсякая карысная праца як на фабрыцы, так і ў сельскай гаспадарцы, якая ў дадзены момант важная і патрэбная для партыі і рэспублікі». 3 улікам нацыянальных асаблівасцей і важнасці польскага пытання асобая ўвага акцэнтавалася на рабоце па расслаенні «польскага сялянства і ўцягненне яго бяднейшай часткі ў савецкую работу». Бальшавіцкае кіраўніцтва яшчэ не страціла надзеі на магчымасць падштурхнуць сацыялістычную рэвалюцыю ў Польшчы.

3 мэтай пазбаўлення ад партыйнага бюракратызму з'езд рэкамендаваў рэгулярна праводзіць партыйныя сходы з абавязковай прысутнасцю кіруючых работнікаў, разгортваць дыскусіі ўнутры партыі па ўсіх пытаннях савецкага і партыйнага будаўніцтва. Прапаноўвалася наладзіць выданне агульнапартыйнага дыскусійнага лістка для членаў КП(б)Б, устанавіць больш цесныя адносіны кіруючых работнікаў з радавымі членамі партыі, забяспечыць удзел апошніх у рабоце партыйных камітэтаў. Для выхавання камуністаў і ўсіх працоўных рэкамендавалася выкарыстаць найперш дзяржаўныя органы камуністычнай прапаганды камітэты палітычнай асветы, аддзелы Наркамасветы і Цэнтрадруку, палітаддзелы Наркамзема, усе ваенна-палітычныя органы, неадкладна стварыць сетку партыйна-савецкіх школ, адкрыць павятовыя партшколы, найперш у Барысаве і Бабруйску, потым у Мазыры, Слуцку, Ігумені, а таксама аднавіць работу Цэнтральнай школы ў Мінску. Звярталася ўвага на арганізацыю працы клубаў у фабрычных і паўпралетарскіх раёнах, стварэнне хат-чытальняў і бібліятэк у вёсках. Прынята рашэнне рэарганізаваць газету «Савецкая Беларусь» і пачаць выданне спецыяльнай сялянскай газеты для Беларусі. У тэзісах указвалася, што для ўмацавання дысцыпліны неабходна, каб усе без выключэння члены партыі наведвалі партыйныя і прафсаюзныя сходы, удзельнічалі ў суботніках, дзейнасці атрадаў асобага назначэння. Прыклад павінны падаваць кіруючыя работнікі.

У тэзісах «Па арганізацыйным пытанні» вызначаліся статус і прынцыпы пабудовы Кампартыі Беларусі: «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б), якая праводзіць у жыццё прынцыпы і тактыку РКП(б), дапасоўвае яе да мясцовых умоў і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)».

Устанаўлівалася структура ЦБ у складзе 5 аддзелаў: агітацыйна-прапагандысцкі, арганізацыйна-інструктарскі, улікова-інфармацыйна-статыстычны, агульны, па рабоце ў вёсцы і сярод жанчын, а таксама яўрэйская секцыя. Для арганізацыйнага кіраўніцтва і вядзення бягучай работы ствараўся Сакратарыят ЦБ у складзе 3 адказных сакратароў, членаў ЦБ. ЦБ з'яўлялася кіруючым органам для Мінскай арганізацыі, якая не выбірала асобнага камітэта. Вызначалася структура павятовых камітэтаў партыі. Пры іх ствараліся нацыянальныя секцыі для правядзення агітацыйна-прапагандысцкай работы сярод нацыянальных меншасцей. Упершыню пры ЦБ пачынала працу Кантрольная камісія «для ажыццяўлення строгага партыйнага кантролю» ў складзе 5 чал. Кантрольныя камісіі сталі інструментам барацьбы з іншадумствам у партыі, садзейнічалі ўстанаўленню дыктату партыйнага кіраўніцтва і далейшай бюракратызацыі партыі. Пры ЦБ стваралася Рэвізійная камісія.

У тэзісах «Па пытанні аб арганізацыі Савецкай улады» адзначалася, што «Беларусь з'яўляецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, адначасова з'яўляецца састаўной часткай РСФСР, і ўсе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павінны быць падпарадкаваны адпаведным камісарыятам РСФСР, аднак мець пэўную свабоду ў вырашэнні пытанняў мясцовага жыцця, у якіх імі павінны кіраваць ЦВК і Саўнарком Беларусі». Камісарыятам, якія ствараліся СНК ССРБ, акрамя Камісарыята замежных спраў, адводзілася такая роля, якую адыгрывалі аддзелы губернскіх выканкомаў у РСФСР. Гэта было поўным прызнаннем вяршэнства органаў улады і кіравання РСФСР над адпаведнымі органамі ССРБ. Рашэнне 68 дэлегатаў ад 1700 членаў КП(б)Б і ЦК КСМБ выдавалася за волю ўсяго беларускага народа.

Вынікі з'езда[правіць | правіць зыходнік]

З'езд выбраў ЦБ з 9 членаў і 4 кандыдатаў у члены, Кантрольную камісію з 5 членаў (у пратаколе пазначаны толькі 3 прозвішчы), Рэвізійную камісію з 3 членаў і 2 кандыдатаў. Сакратаром ЦБ КП(б)Б абраны В. Г. Кнорын.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК / Институт истории партии при ЦК КПБ — филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. Т. 1: 1918 — 1927. — Мн.: Беларусь, 1983. — 526, [1] с.
  • Кушнер, В. Трэці з'езд КП(б)Б / Васіль Кушнер // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6: У 2 кн. Кн. 1: Пузелі — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с. — С. 532 — 533. — ISBN 985-11-0214-8.