I канферэнцыя КПЗБ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Першая канферэнцыя КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастрычніка 1923 у Вільні, прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акруговых камітэтаў Камуністычнай рабочая партыі Польшчы, якія прадстаўлялі большасць нелегальных камуністычных арганізацый Заходняй Беларусі. Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі II з'езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Дакументальных звестак аб канферэнцыі захавалася мала. Адным з галоўных ініцыятараў яе склікання быў сакратар ЦБ КП(б)Б В. А. Багуцкі, які адначасова выконваў функцыі прадстаўніка ЦК КПРП пры ЦК КП(б)Б. Гэта была фактычна другая спроба знайсці форму аб'яднання нелегальных камуністычных арганізацый Заходняй Беларусі (першая спроба зроблена ў пачатку 1923 стварэннем Літоўска-Беларускага абласнога камітэта, падначаленага непасрэдна ЦК КПРП). Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэрытарыяльна-аўтаномнай аррганізацыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыялістычнай рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сялянскага ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі, уз'яднанне яе з БССР. У склад абранага ЦК КПЗБ ўвайшлі С. А. Дубовік (Балюк), А. Буксгорн (Юльскі), С. А. Мертэнс (Скульскі), С. Т. Мілер (Шлемка). У партыйных арганізацыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал. Арганізацыйнае афармленне КПЗБ з'явілася важным фактарам актывізацыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Bergman, A. Sprawy białoruskie w II [Drugiej] Rzeczypospolitej / Aleksandra Bergman. — Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1984. — 285, [3] s.: portr. — (Prace Białostockiego Towarzystwa Naukowego; 0067-6470; № 28). — ISBN 83-01-04652-X.
  • Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Документы и материалы / Ин-т истории партии при ЦК КПБ—филиал Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС и др.; Сост.: В. Н. Жигалов, Л. П. Климантова, Т. Д. Либеровская и др.; Редкол.: В. И. Гурский и др. Т. 1: (1921—1929 гг.). — Мн.: Государственное изд-во БССР, Редакция социально-экономической литературы, 1962. — 620 с.
  • Ладысеў, У. Першая канферэнцыя КПЗБ / Уладзімір Ладысеў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 5: М—Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 590 с. — С. 471—472. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.) / [А. Н. Мацко и др.]; Институт истории партии при ЦК КПБ—филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1966. — 401, [2] с., [8] л. ил.