Mercedes-Benz L319
Mercedes-Benz L319 — сямейства лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў Mercedes-Benz, якое выпускалася з 1955 па 1967 год.
Сямейства ўключала аўтамабілі поўнай масай ад 3,6 да 3,9 тон, грузападымальнасцю ад 1,6 да 1,9 тон. Прапаноўваліся фургон, бартавы грузавік, шасі для ўсталявання спецыяльных кузаваў, а таксама мікрааўтобус (O319).
Да 1967 года былі пабудаваныя каля 140 000 аўтамабіляў, у тым ліку 15 589 аўтобусаў O319[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Mercedes-Benz L319 — першы паваенны фургон маркі — быў прадстаўлены на Міжнародным аўтасалоне ў Франкфурце-на-Майне ўвосень 1955 года[2]. Родапачынальнікам новага сямейства малатанажных грузавікоў стаў кампактны 1,75-тонны бескапотны фургон L319D з апорным кузавам.
У 1956 годзе вытворчасць L319 у выглядзе фургонаў і бартавых грузавікоў пачалася на заводзе ў Зіндэльфінгене. Мікрааўтобусы O319 пайшлі ў серыю на заводзе ў Мангейме[3].
У маі 1961 года назіральная рада Auto Union GmbH прымае рашэнне сканцэнтраваць усю вытворчасць на заводзе ў Інгальштаце. На заводзе ў Дзюсельдорфе, які Daimler-Benz пачаў арандаваць у красавіку 1962 года, у канцы года пачалася вытворчасць транспарцёраў L319 і дызельных рухавікоў OM 636. У пачатку 1962 года сюды таксама быў перанесены выпуск мікрааўтобусаў O319[4].
У верасні 1963 года грузавыя аўтамабілі атрымалі новыя пазначэнні ў адпаведнасці з новай сістэмай нумарацыі, дзе першая лічба паказвала дапушчальную масу, а дзве апошнія — акругленую магутнасць рухавіка[5]. L319 быў перайменаваны ў L407, а L319D — L405. У 1965 годзе на L406 (дызельны) і L408, аўтобус захоўваў ранейшую назву O319.
У студзені 1967 на змену прыйшло новае сямейства — T2. У агульнай колькасці было прададзена 123 234 адзінкі. Акрамя таго, завод адгрузіў амаль 19 000 камплектаў дэталяў для зборкі ў Іспаніі[6].
Канструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]У канструкцыі падлогі была ўжытая асобная, жорсткая на скручванне рама, якая складаецца з папярочных і падоўжных бэлек. Гэтая рама дазваляла ўсталёўваць кузавы для любых відаў грузаў. Дызайн кузава выдзяляўся своеасаблівай знешнасцю з эліпсападобнымі фарамі і прасунутымі наперад пярэднімі коламі. Рашэнне аб выкарыстанні кампактнай бескапотнай кампаноўкі дазволіла атрымаць грузавы аб’ём 8,6 кубічных метраў пры даўжыні фургона ўсяго 4,80 метра. Ссоўныя дзверы спрашчалі пагрузку/разгрузку. Бартавыя варыянты і шасі з кабінай забяспечваліся ланжаронавай рамай. Аўтобус O319 прапаноўваўся ў трох варыянтах: 18-месцавы для рэгулярнага руху, 17-месцавы міжгародні і 10-месцавы "люкс".
-
З бартавой платформай
-
Цэльнаметалічны фургон
-
Мікрааўтобус Mercedes-Benz O319
-
Месца кіроўцы
Рухавікі
[правіць | правіць зыходнік]Ад пачатку вытворчасці машына выпускалася выключна з дызельным рухавіком. Матор ОМ636 быў запазычаны ў легкавога 180D: 1,8-літровы чатырохцыліндравы рухавік з верхнім размяшчэннем клапанаў і магутнасцю 32 кВт (43 к.с.). Выдатак паліва складаў 9,2 л на 100 км, максімальная хуткасць — 80 км/г. З восені 1961 года яго замяніў двухлітровы чатырохцыліндравы рухавік OM 621 магутнасцю 37 кВт (50 к.с.) ад 190 D. У 1965 году магутнасць была павялічана да 40 кВт (55 к.с.).
З лютага 1957 года пачалася вытворчасць версій з чатырохцыліндравым бензінавым рухавіком М 121 з верхнім размяшчэннем размеркавальнага вала і магутнасцю 48 кВт (65 к.с.). З восені 1961 года магутнасць павялічылі да 50 кВт (68 к.с.), з 1965 года — 59 кВт (80 к.с.).
Амаль 90 адсоткаў O319-х былі абсталяваныя дызельным рухавіком[1].
Хадавая частка
[правіць | правіць зыходнік]Усе машыны гамы 319 абсталёўваліся сінхранізаванай 4-ступеньчатай каробкай перадач, гіпоіднай галоўнай перадачай, неразразным мостам на ліставых рысорах, гідрапрывадам тармазоў і рэйкавым рулявым механізмам.
Колавая база складала 2850 мм. З 1963 года грузавік з бартавой платформай таксама быў даступны з колавай базай 3600 мм, што зрабіла магчымымі версіі з падвойнай кабінай або бартавой платформай даўжынёй чатыры метры. Карысная нагрузка павялічылася з 1,75 да 2 тон дзякуючы выкарыстанню ўзмоцненых спружын і тармазоў.
Тэхнічныя характарыстыкі
[правіць | правіць зыходнік]Мадэль | L319D | L319 |
---|---|---|
Выпуск | 1955–1967 | 1957–1967 |
Рухавік | OM 636 | M 121 |
Тып рухавіка | дызельны | бензінавы |
Аб’ём | 1767 см³ | 1897 см³ |
Магутнасць | 32 кВт (43 к.с.) пры 3500 пры аб / хв | 48 кВт (65 к.с.) пры 4500 пры аб / хв |
Каробка перадач | чатырохступеньчатая, механічная | |
Памеры Д × Ш | 4820 мм х 2080 мм | |
Колавая база | 2850 мм | |
Максімальная хуткасць | 80 км/г | 95 км/г |
Зноскі
- ↑ а б http://www.autobild.de/klassik/bilder/klassiker-fuer-viele-freunde-3739312.html Архівавана 5 студзеня 2013. (ням.)
- ↑ Pkw und Transporter: Premieren auf IAA (ням.). mercedes-benz-publicarchive.com. Праверана 5 красавіка 2023.
- ↑ L 319 und O 319: Neue Transporter und Kleinbusse (ням.). mercedes-benz-publicarchive.com. Праверана 5 красавіка 2023.
- ↑ Auto Union konzentriert Produktion in Ingolstadr (ням.). mercedes-benz-publicarchive.com. Праверана 5 красавіка 2023.
- ↑ Neue Typenbezeichnungen für Lkw (ням.). mercedes-benz-publicarchive.com. Праверана 5 красавіка 2023.
- ↑ http://eblog.mercedes-benz-passion.com/2010/04/the-history-of-the-mercedes-benz-vans-new-start-with-vans/ Архівавана 6 студзеня 2012. (англ.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Mercedes-Benz L319
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Mercedes-Benz O319
- Der hat viele Sympathien (ням.). Autobild (7 снежня 2012). Праверана 5 красавіка 2023.
- Mercedes L 319/O 319: Premiere vor 65 Jahren (ням.). de.motor1.com (26 верасня 2020). Праверана 5 красавіка 2023.