Перайсці да зместу

Millennium Challenge 2002

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Millennium Challenge 2002Выклік тысячыгоддзя 2002») — маштабныя вучэнні, праведзеныя ўзброенымі сіламі ЗША з 24 ліпеня па 15 жніўня 2002 года. Размах вучэнняў дазваляе назваць іх самымі буйнабюджэтнымі ў амерыканскай ваеннай гісторыі — 250 мільёнаў долараў.

Паводле легенды, «чырвоныя», прадстаўляючы ўмоўную краіну Блізкага Усходу, пад камандаваннем генерал-лейтэнанта марской пяхоты ЗША (у адстаўцы) Пола Вана Рыпера, выкарыстоўваючы старыя метады для ўхілення ад больш сучасных электронных сістэм сачэння і цэлеўказання «сініх», якія прадстаўлялі амерыканскае войска, выкарыстоўвалі сувязістаў на матацыклах для перадачы загадаў на перадавыя лініі абароны, а таксама светлавыя сігналы часоў Другой сусветнай вайны для запуску самалётаў ва ўмовах поўнага радыёмаўчання.

«Чырвоныя» атрымалі ўльтыматум ад «сініх» з патрабаваннем поўнай капітуляцыі на працягу 24 гадзін. На другі дзень вучэнняў, атрымаўшы звесткі аб набліжэнні флоту «сініх», «чырвоныя» выкарыстоўвалі флот з невялікіх судоў для вызначэння месцазнаходжання караблёў праціўніка. Пасля гэтага яны нанеслі масіраваны папераджальны ўдар крылатымі ракетамі па карабельным злучэнням, выклікаўшы перагрузку іх сістэм СПА/СРА і ўмоўна знішчыўшы 16 караблёў, сярод якіх былі — авіяносец, 10 крэйсераў і 5 з 6-ці дэсантных караблёў. Эквівалент такога поспеху ў рэальных баявых дзеяннях прывёў бы да гібелі больш чым 20 тыс. чалавек асабовага складу. Неўзабаве пасля першага ўдару значная частка сіл «сініх» была ўмоўна патоплена «чырвонымі», якія ўжылі разам з класічнымі баявымі дзеяннямі тактыку «камікадзэ», дзеянні якіх праціўнік не змог ні адбіць, ні прадбачыць[1].

У гэты момант вучэнні былі прыпыненыя, сілы «сініх» былі «ажыўлены», а правілы вучэнняў былі змененыя. Гэта было апраўдана генералам Пітэрам Пэйсам наступным чынам: «Вы забілі мяне ў першы ж дзень вучэнняў і я магу праседзець 13 наступных дзён проста так; ці ж вы можаце вярнуць мяне ў строй і тады я атрымаю 13 дзён навучання. Што лепш?»[2]. Пасля перазагрузкі абодвум бакам было загадана прытрымлівацца пэўнага сцэнару, складзеным такім чынам, каб забяспечыць перамогу «сініх».

Сярод іншых патрабаванняў, уключаных у сцэнар, было прадпісанне сілам «чырвоных» у абавязковым парадку актываваць усе радары сістэм СПА такім чынам, каб «сінія» змаглі іх знішчыць. Пры гэтым «чырвоныя» не мелі права збіваць транспартныя ЛА, якія дастаўляюць сілы праціўніка да месца дэсантавання[3]. Ван Рыпер заявіў, што арганізатары вучэнняў фактычна адкінулі магчымасць выкарыстання яго вопыту і тактычных прыёмаў супраць сіл «сініх», запатрабавалі ад «чырвоных» не выкарыстоўваць пэўнае ўзбраенне і нават загадалі раскрыць «сінім» месцазнаходжанне пэўных злучэнняў сіл «чырвоных»[4]. Усё гэта прывяло да абвінавачванняў, што вучэнні з сумленнага баявога спаборніцтва, накіраванага на праверку баяздольнасці амерыканскіх злучэнняў, ператварыліся ў строга кантраляваную паслядоўнасць дзеянняў. Гэта гарантавана прыводзіла б да перамогі сіл «сініх»[3], што азначала «цалкам бескарысную растрату 250 мільёнаў долараў»[5].

Лічачы непрымальным свой удзел у цалкам інсцэніраваных вучэннях, Ван Рыпер адмовіўся ад сваёй пасады. Пазней ён выказаў занепакоенасць тым фактам, што сутнасць баявых гульняў была скажоная і накіравана толькі на тое, каб узмацніць ўражанне аб наяўнай ваеннай дактрыне і меркаванне аб бязгрэшнасці ваеннага кіраўніцтва ЗША, а не на атрыманне новага вопыту.

Ван Рыпер таксама заявіў, што ход вучэнняў кантраляваўся настолькі, каб стваралася бачнасць сучаснай ваеннай канцэпцыі прымянення ўсіх родаў войск[4]. Як працытаваў яго ZDF-New York Times у дакументальным фільме «The Perfect War»[6], ён убачыў той жа самы падыход Міністэрства абароны ЗША, які прасоўваўся Робертам МакНамара шмат гадоў таму падчас В’етнамскай вайны, а менавіта што амерыканскія войскі ні пры якіх умовах не могуць пацярпець паражэнне.

У адказ на крытыку Ван Рыпера віцэ-адмірал Марці Маер, які праводзіў вучэнні і адказваў за развіццё канцэпцыі і патрабаванняў да сумесных дзеянняў розных родаў войскаў, заявіў[4]:

Генерал Ван Рыпер, мабыць, адчуваў сябе ў занадта цесных рамках. Я магу толькі сказаць, што былі пэўныя вобласці, у якіх ён не быў абмежаваны, але былі таксама і такія, дзе абмежаванні сапраўды прысутнічалі для таго, каб можна было правесці пэўныя эксперыменты і практыкаванні.

Прадстаўнік міжвідавага камандавання аб’яднаных сіл капітан 1 рангу ВМС ЗША Джон Кармэн заявіў, што вучэнні адпаведным чынам пацвердзілі ўсе галоўныя канцэпцыі, якія прымяняюцца сіламі «сініх», ігнаруючы штучныя абмежаванні, якія ўводзяцца сіламі «чырвоных» пад кіраўніцтвам Ван Рыпера, што і прывяло іх да поспеху[4].

Калі ў 2012 годзе віцэ-прэзідэнт Ірана Махамад Рэза Рахімі пагражаў перакрыць пастаўкі нафты праз Армузскі праліў, выдавецтва The Christian Science Monitor спаслаўся на гэтыя вучэнні, выказваючы меркаванні, што Іран сапраўды валодае досыць вывастранай стратэгіяй асіметрычнага адказу[7].

  1. Arquilla, John, «The New Rules of War» Архівавана 7 кастрычніка 2012 года., Foreign Policy, March/April 2010.
  2. Borger, Julian (2002-09-06). «Wake-up call» Архівавана 28 лютага 2008.. The Guardian (London). Retrieved 2010-05-12
  3. 1 2 «Rumsfeld’s War Games» Архівавана 4 мая 2006 года.. Military.com. 2006-04-26. Retrieved 2012-01-03
  4. 1 2 3 4 «War games rigged? General says Millennium Challenge 02 ‘was almost entirely scripted’». 2002-08-26. Retrieved 2012-01-03.
  5. «The Immutable Nature of War» Архівавана 30 сакавіка 2010.. Nova. PBS.
  6. «New York Times Television Co-Produces News Documentary The Perfect War with Germany’s ZDF» Архівавана 5 кастрычніка 2010.. Business Wire. 2004-03-23.
  7. Peterson, Scott (January 26, 2012). «How Iran could beat up on America’s superior military» Архівавана 2 жніўня 2012.. Christian Science Monitor: p. 2. «America’s defense budget is roughly 90 times bigger than Iran’s. But Iran has a well-honed strategy of asymmetric warfare.»