Пядзенік зімовы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Operophtera brumata)
Пядзенік зімовы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Operophtera brumata L., 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  117589
NCBI  104452
EOL  287017

Зімовы пядзенік (Operophtera brumata) — матыль сямейства Пядзенікі (Geometridae).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Самец матылька мае размах крылаў да 30 мм, пярэднія крылы жаўтавата-шэрага колеру з цёмнымі хвалістымі папярочнымі лініямі. Заднія крылы светлыя і без палос. Вусікі кароткія, ніткападобныя. Самка буравата-шэрага колеру, з недаразвітымі пакарочанымі крыламі, на якіх адна-дзве папярочныя палосы. Даўжыня цела каля 1 см.

Вусень мае бледна-ружовую афарбоўку з цёмнай падоўжнай палоскай пасярэдзіне спінной часткі цела і трыма белымі палоскамі з кожнага боку. Даўжыня 2—2,5 см. Вусені адраджаюцца ў канцы красавіка, у чэрвені яны спускаюцца на павуцінні з дрэва і закопваюцца ў верхні слой глебы, дзе і акукліваюцца. Матылькі выходзяць з кукалак у верасні—кастрычніку.

Шкодзіць яблыні, грушы, а таксама іншым пладовым і дзікім лісцевым дрэвам. Выгрызае пупышкі, што распускаюцца, маладыя лісцікі, бутоны, кветкі. Дарослыя вусені моцна аб’ядаюць лісце.

Меры барацьбы[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку восені да вылету матылькоў перакопка прыствольных кругоў, каб знішчыць кукалак; у гэты ж перыяд наклейка на ствалы лоўчых паясоў з невысыхальным клеем, якія ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада здымаюць і спальваюць разам з матылькамі, што прыклеіліся; у пачатку агалення бутонаў апрацоўка біялагічнымі прэпаратамі ці хімікатамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Хваробы і шкоднікі пладовых і ягадных культур // Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.