Перайсці да зместу

Portal Revolution

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Portal Revolution
Распрацоўшчык Second Face Software
Выдавец Second Face Software
Частка серыі Portal[d]
Дата выпуску 6 студзеня 2024
Ліцэнзія уласная ліцэнзія[d]
Жанр галаваломка-платформер[d]
Стваральнікі
Кіраўнік Стэфан Хайнц
Кампазітар Джарэд Пуло
Тэхнічныя даныя
Платформы Windows і Linux
Гульнявы рухавік Strata Source
Рэжым гульні аднакарыстальніцкая гульня
Мовы інтэрфейсу англійская, руская, украінская, нямецкая, французская, іспанская, спрошчаная кітайская[d], кітайская, турэцкая мова, італьянская мова, японская мова, бразільскі варыянт партугальскай мовы і лацінаамерыканская іспанская[d]
Носьбіт лічбавае распаўсюджванне
Кіраванне камп’ютарная клавіятура і камп’ютарная мыш
Афіцыйны сайт (англ.)

Portal: Revolution — мадыфікацыя 2024 года для відэагульні Portal 2, распрацаваная і выдадзеная студыяй Second Face Software[1]. Дзеянне адбываецца ў сусвеце Portal да падзей Portal 2: гулец кіруе безыменнай паддоследнай, якая спрабуе авалодаць прыладай, здольнай аднавіць тэставыя камеры Aperture Science. Гулец перасоўваецца па тэставых камерах з дапамогай партальнай пушкі. Акрамя стандартных механік гульняў серыі Portal, мадыфікацыя таксама ўводзіць душ з ачышчальным гелем, квантавыя кубы для перадачы лазерных прамянёў і пнеўматычныя вентыляцыйныя трубы, якія транспартуюць прадметы.

Распрацоўка пачалася ў 2016 годзе; мадыфікацыя выкарыстоўвае карыстальніцкую версію рухавіка Source[2]. Гульня была выпушчана ў Steam бясплатна 6 студзеня 2024 года пасля затрымкі з-за цяжкасцей з зацвярджэннем. Гульнявы працэс, графіка і агучванне мадыфікацыі былі станоўча ацэнены рэцэнзентамі, тады як сцэнарый атрымаў неадназначныя водгукі[3].

Гульнявы працэс

[правіць | правіць зыходнік]

Як і серыя Portal, Portal: Revolution — гэта галаваломка-платформер, у якой гулец павінен разгадваць галаваломкі ў «тэставых камерах»[4]. Гулец мае партальную пушку, якая можа ствараць два канцы партала, чырвонага і сіняга колераў, і можа выкарыстоўвацца для ўзаемадзеяння з іншымі механікамі, такімі як кубы[4]. У гульні таксама прадстаўлены спружыністыя і паскаральныя гелі з Portal 2[5][6]. Спружыністы гель, сіняга колеру, дае імпульс скачка і можа выкарыстоўвацца ў якасці пляцоўкі для падскоку, а паскаральны, аранжавага колеру, дае гульцу паскарэнне[5]. Portal: Revolution таксама спалучае ў сваіх камерах-галаваломках іншыя механікі, такія як пераўтваральны гель, які дазваляе гульцу размяшчаць парталы на непрыдатных для выкарыстання паверхнях, а таксама лазерныя палі[7][2]. Мод уключае некалькі новых кампанентаў гульнявога працэсу, такіх як душ з ачышчальнага гелю і квантавыя кубы, якія перамяшчаюць лазерныя прамяні праз прастору і час. У ім таксама зноў з’яўляюцца пнеўматычныя вентыляцыйныя трубы, якія могуць усмоктваць самога гульца, кубы і гелі; яны былі выдалены з арыгінальнай версіі Portal 2 падчас яе распрацоўкі[6][7].

Portal: Revolution уключае ў сябе толькі аднакарыстальніцкі рэжым[7]. Яго кампанія складаецца з 40 тэставых камер, размеркаваных па васьмі раздзелах; новыя элементы Portal: Revolution тлумачацца гульцу на працягу ўсёй гульні. Складанасць жа паступова павышаецца, і яе можна прайсці прыблізна за 8 гадзін. Значная колькасць галаваломак у першай палове гульні дазваляе гульцу кіраваць толькі адным парталам, у той час як другі застаецца ў фіксаваным становішчы; магчымасць кіраваць другім парталам гулец адкрывае пазней[7][8].

Portal: Revolution з’яўляецца перадгісторыяй да Portal 2[9], а дзеянне адбываецца пасля падзей Portal. У гэтай гульні гулец бярэ на сябе ролю безыменнай паддоследнай ў закінутых лабараторыях Aperture Science. Гульня пачынаецца з таго, што галоўную гераіню будзіць ядро асабовасці па імені Стэрлінг, які паведамляе ёй, што яна праходзіць падрыхтоўку ў складзе «атрада экстраннага рэагавання», і даручае вырашыць серыю тэстаў.

Пасля іх завяршэння Стэрлінг раскрывае, што ён увесь час хлусіў, і яго сапраўдная мэта — актываваць цэнтральнае ядро, якое цалкам адновіць функцыянаванне лабараторый, бо тыя прыйшлі ў заняпад пасля таго, як ГЛэДАС была пераможана паддоследнай з першай часткі. Ён просіць галоўную гераіню дапамагчы яму ў абмен на яе вызваленне. Прайшоўшы праз тэхнічныя памяшканні і тэставыя камеры, яны даходзяць да «Шпіля», дзе знаходзіцца гэтае ядро. Стэрлінг тлумачыць, што гэтая прылада развівае папярэднія распрацоўкі Aperture ў галіне тэлепартацыі, дазваляючы яму сабраць і зноў актываваць ГЛэДАС. Галоўная гераіня заходзіць у пакой кіравання ядром, і Стэрлінг даручае ёй пратэсціраваць прыладу, аднак адбываецца збой.

Праз няспраўнасць галоўная гераіня тэлепартуецца на старую эксперыментальную тэставую рэйку. Там яна сустракае Эмілію Конлі — былую працаўніцу Aperture, чыя свядомасць была скапіравана ў ядро. Конлі і гулец прасоўваюцца праз эксперыментальныя тэставыя камеры, у выніку дасягаючы падножжа Шпіля. Падымаючыся па Шпілі, Конлі папярэджвае паддоследную, што паўторная актывацыя ГЛэДАС прывядзе да катастрофы, бо раней, будучы ўключанай, яна забіла ўсіх людзей у Aperture Science, у тым ліку сапраўдную Конлі. У выніку прасоўвання галоўная гераіня дасягае вяршыні Шпіля, дзе сустракаецца са Стэрлінгам. Конлі спрабуе ўгаварыць яго, аднак той адмаўляецца змяняць свае планы, сцвярджаючы, што даследчаму цэнтру патрэбны ГЛэДАС.

Прайшоўшы праз тэставыя камеры бліжэй да паверхні, Конлі і галоўная гераіня зноў дасягаюць пакоя кіравання ядром. Там яны змагаюцца са Стэрлінгам, каб адключыць прыладу і перашкодзіць яму прабудзіць ГЛэДАС. Падчас бойкі Конлі раскрывае, што Стэрлінг першапачаткова быў робатам-пыласосам, якога яна стварыла. Конлі і галоўнай гераіні ўдаецца перашкодзіць Стэрлінгу выкарыстаць цэнтральнае ядро, якое ў выніку выбухае. У сцэне пасля цітраў раскрываецца, што выбух ядра прывёў да таго, што Шпіль тэлепартаваўся на Месяц, пакінуўшы галоўную гераіню і Конлі ў пастцы. Першая страціла прытомнасць і атрымала сур’ёзныя траўмы, таму Конлі змясціла яе ў сховішча Месяца, за што папрасіла выбачэнні і развіталася.

Portal: Revolution была распрацавана і выдадзена студыяй Second Face Software[1]. Аўстрыйскі галоўны распрацоўшчык Штэфан Хайнц раней ствараў гульнявыя ўзроўні з дапамогай Portal 2 Authoring Tools, перш чым пачаў працу над Portal: Revolution у 2016 годзе, натхніўшыся такімі модамі, як Portal Stories: Mel[10][7]. З цягам часу каманда Хайнца пашырылася і стала ўключаць акцёраў агучвання, праграмістаў, прадзюсараў і іншых[11]. Музыку да гульні напісаў Джарэд Пуло[12]. Таксама гульня мае аўтарскую агучку[5].

Гульня прайшла праз некалькі ітэрацый, апошняя з якіх пачала распрацоўвацца ў 2019 годзе[10]. Мод выкарыстоўвае Strata Source — створаную супольнасцю на базе рухавіка Source з Counter-Strike: Global Offensive, якая ўключае сучасныя магчымасці, што, паводле распрацоўшчыкаў, «былі немагчымыя ў Portal 2»[2][1].

Першапачаткова гульня планавалася да выхаду ў 2022 годзе, аднак яе распрацоўка заняла больш часу, чым чакалася, што прывяло да пераносу рэлізу на 2023 год[13]. Урэшце дату выхаду прызначылі на 5 студзеня 2024 года, аднак Valve не паспела зацвердзіць гульню да гэтага тэрміну[6]. Хайнц у той час заявіў, што «гульня гатовая», аднак праверка з боку Valve зацягнулася з-за скарочанага штату супрацоўнікаў у святочны перыяд, у выніку чаго Хайнц не атрымаў адказу нават па меры набліжэння канца тэрміну[9][14]. Замест гэтага гульня была выдадзена 6 студзеня бясплатна на Steam для платформаў Windows і Linux[8][10]. Улічваючы, што гэта мод, для гульні ў Portal: Revolution карыстальнікам неабходна валодаць копіяй Portal 2. Перад выхадам Хайнц адзначыў, што каманда мае намер дадаваць змесціва пасля выхаду[8].

Portal: Revolution атрымала «пераважна станоўчы» рэйтынг у Steam неўзабаве пасля выхаду[15]. Аўтар PC Gamer Морган Парк адзначыў, што гульня мае «высокую планку якасці і завершанасці», якая даказвае, што «Valve пакінула шмат неапрацаванага патэнцыялу ў серыі Portal»[1]. Форд Джэймс жа з PCGamesN апісаў яе як «дапрацаваную да такой ступені, што яна цалкам магла б быць дапаўненнем ад самой Valve»[2].

Рэцэнзенты пахвалілі дызайн галаваломак і гульнявы працэс. Элі Гулд з TechRadar ацаніла галаваломкі як «несаступнымі» ў складанасці выпрабаванняў Portal 2. Рэдактар PC Games Фелікс Шютц адзначыў, што гульня значна менш складаная за Portal Stories: Mel; ён таксама пахваліў новыя механікі, заявіўшы, што яны дапамаглі гульні заставацца свежай[7].

Сцэнарый гульні атрымаў неадназначныя водгукі рэцэнзентаў. Гулд заявіла, што гульня мае «сюжэт, дзеля якога варта паміраць» і «выдатна ўпісваецца» ў афіцыйную серыю Portal[3]. Шютц пахваліў агучванне гульні і назваў сцэнарый «безумоўна ўдалым», хоць адзначыў, што ён не дасягае ўзроўню Portal 2[16]. Парк паставіў пад сумнеў сцэнарый Стэрлінга ў першых раздзелах, сцвярджаючы, што распрацоўшчыкам не ўдалося ўкласці «„асобу“ у ядро асабовасці», аднак гэта не сапсавала агульную якасць мода[1]. Джэймс пагадзіўся, адзначыўшы, што Стэрлінг быў, «магчыма, найслабейшым аспектам Revolution», аднак пахваліў персанажа Конлі ў другой палове гульні[2].

Графіка гульні была высока ацэнена рэцэнзентамі[16][1]. Парк пахваліў візуальны дызайн, заявіўшы, што ён «не ведаў, што Portal 2 можа выглядаць настолькі прыгожа»[1]. Хвалячы атмасферную разнастайнасць гульні, Шютц адзначыў, што якасць асяроддзя дапамагла ёй арганічна ўпісацца ў сусвет Portal[16].

Беларуская лакалізацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Аматарская беларуская лакалізацыя Portal: Revolution была створана суполкай Гулец / лакалізацыя відэагульняў і апублікавана на пляцоўцы Nexus Mods 30 жніўня 2025 года. Лакалізацыя ўтрымлівае тэкставы пераклад інтэрфейсу і субцітры[17][18].

  1. 1 2 3 4 5 6 7 A fan-made, 7-hour Portal 2 prequel just hit Steam for free and it's so good that I'm sad Valve stopped making Portal all over again (англ.). PC Gamer (8 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  2. 1 2 3 4 5 James. This free Portal 2 expansion is so good it makes me miss the old Valve. PCGamesN (17 студзеня 2024). Праверана January 17, 2024.
  3. 1 2 13 years on Portal: Revolution has reminded me I'm still an idiot (англ.). TechRadar (11 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  4. 1 2 Brandrick. The story behind Portal: Revolution — A fan-made prequel to Portal 2. Overkill (7 студзеня 2024). Праверана January 8, 2024.
  5. 1 2 3 Kuhnke. Portal: Revolution isn't official, but it is an incredibly impressive-looking mod with an original story (англ.). VG247 (7 студзеня 2024). Праверана 5 ліпеня 2026.
  6. 1 2 3 Smith. Portal: Revolution is a huge, eight-hour mod that bridges the gap between Portal 1 and 2 (англ.). Rock Paper Shotgun (6 студзеня 2024). Праверана 5 ліпеня 2026.
  7. 1 2 3 4 5 6 Schütz. Portal: Revolution: Mod-Test – Dafür hätten wir glatt was gezahlt! (ням.). PC Games (10 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  8. 1 2 3 Serin. Portal 2's game-sized prequel mod squeezes in 40 new puzzles, fully-voiced original characters, and an 8-hour story (англ.). GamesRadar+ (5 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  9. 1 2 Portal: Revolution Is Basically a Full-Sized Fan-Made Prequel Releasing Very Soon (англ.). IGN (5 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  10. 1 2 3 The story behind Portal: Revolution — A fan-made prequel to Portal 2 (англ.). Overkill (7 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  11. Portal: Revolution made in Austria (ням.). FM4 (8 лютага 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  12. Allsop, Ken (November 19, 2023). Steam's top-rated game is getting a free, eight-hour prequel campaign. PCGamesN. Праверана August 28, 2024.
  13. Media Showcase #4 25. August 2022 (англ.). Mod DB (25 ліпеня 2022). Праверана 6 ліпеня 2026.
  14. Second Face Software. Update to our release date (англ.). Steam (5 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  15. Massive Portal mod eight years in the making already flying on Steam. PCGamesN (7 студзеня 2024). Праверана January 8, 2024.
  16. 1 2 3 Portal: Revolution: Mod-Test – Dafür hätten wir glatt was gezahlt! (ням.). PC Games (10 студзеня 2024). Праверана 6 ліпеня 2026.
  17. ГУЛЕЦ / Лакалізацыя відэагульняў. Telegram. Праверана 6 ліпеня 2026.
  18. Current belarusian translation for PORTAL REVOLUTION (BLR) (англ.). Nexus Mods :: Portal 2. Праверана 6 ліпеня 2026.