Перайсці да зместу

Privilegium Minus

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Privilegium Minus» — патэнт аб асаблівых правах Аўстрыі і яе кіруючай дынастыі, выдадзены 17 верасня 1156 г. Фрыдрыхам I, імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі, які заклаў асновы незалежнасці Аўстрыйскай дзяржавы. Назва патэнта (у перакладзе з латыні — «Малы прывілей») узнікла як проціпастаўленне «Privilegium Maius» («Вялікага прывілею»), падробленаму дакументу канца XIV стагоддзя, паводле якога правы і свабоды Аўстрыі пашыраліся амаль да поўнай незалежнасці ад імперыі.

Патэнт «Privilegium Minus» быў выдадзены імператарам Фрыдрыхам I з мэтай урэгулявання працяглага канфлікту паміж дынастыямі Вельфаў і Бабенбергаў за ўладу над Баварыяй. Імператар у 1156 г. перадаў Баварыю главе дому Вельфаў Генрыху Льву, а ў якасці кампенсацыі Генрыху II Язамірготу зацвердзіў асобыя правы для аўстрыйскіх уладанняў апошняга.

Паводле «Privilegium Minus» Аўстрыя, якая раней была маркграфствам, павышалася да статусу герцагства. Прызнавалася, што Аўстрыя з'яўляецца спадчынным уладаннем дому Бабенбергаў, прычым у выпадку адсутнасці спадчыннікаў мужчынскага пола аўстрыйскія землі дазвалялася перадаваць па жаночай лініі. Гэта права было для таго часу выключным: паводле салічнага закона, прынятаму ў большасці княстваў імперыі, жанчыны не мелі права на спадчыну. Больш таго, «Privilegium Minus» прызнавала за герцагамі Аўстрыі права прызначэння сабе спадчынніка.

Патэнт таксама абвяшчаў Аўстрыю незалежнай ад Баварыі і пашыраў яе правы ў імперыі. Герцагу дазвалялася не наведваць імперскія рэйхстагі, акрамя тых, якія склікаюцца ў Баварыі. Ваенная дапамога імператарам абмяжоўвалася толькі выпадкамі, калі ваенныя дзеянні вядуцца каля аўстрыйскіх межаў.

Права атрымання ў спадчыну аўстрыйскіх земляў жанчынамі, дадзенае «Privilegium Minus», адыграла важную ролю ў барацьбе за карону Аўстрыі, якая разгарнулася пасля смерці ў 1246 г. герцага Фрыдрыха II, апошняга Бабенберга. У гэтай барацьбе ўдзельнічаў Герман VI, маркграф Бадэнскі, і Пржэмысл Отакар II, кароль Чэхіі. Урэшце аўстрыйскі прастол дастаўся Габсбургам.

У XVIII стагоддзі на падставе «Privilegium Minus» была выдадзена знакамітая «Прагматычная санкцыя» 1713 г., якая абвясціла спадчынніцай аўстрыйскіх земляў Марыю Тэрэзію. Узыходжанне Марыі Тэрэзіі на прастол у 1740 г. выклікала вайну за Аўстрыйскую спадчыну.

  • Heinrich Appelt: Heinrich der Löwe und die Wahl Friedrich Barbarossas In: Alexander Novotny, Othmar Pickl (Hrg.): Festschrift Hermann Wiesflecker, Graz 1973, S. 39-48
  • Heinrich Appelt: Privilegium minus. Das staufische Kaisertum und die Babenberger in Österreich. Wien 1973, 2. Aufl. 1976
  • Heinrich Büttner: Das politische Handeln Friedrich Barbarossas im Jahre 1156. In: Blätter für deutsche Landesgeschichte 106, Wiesbaden 1970, S. 54–67
  • Wilhelm Erben: Das Privilegium Friedrich I. für das Herzogtum Österreich. Wien 1902
  • Heinrich Fichtenau: Von der Mark zum Herzogtum. Grundlagen und Sinn des „Privilegium minus“ für Österreich. München 1958
  • Otto von Freising, Rahewin: Die Taten Friedrichs. In: Rudolf Buchner (Hrsg.): Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters (= Freiherr von Stein-Gedächtnisausgabe; Band XVII). Darmstadt 1965
  • Erich Schrader: Zur Gerichtsbestimmung des Privilegium minus. In: Zeitschrift der Savigny-Stiftung für Rechtsgeschichte (ZRG), Band LXXXII, Weimar 1952, S.371-385
  • Michael Tangl: Die Echtheit des österreichischen Privilegium Minus In: Zeitschrift der Savigny-Stiftung für Rechtsgeschichte (ZRG), Germanistische Abteilung, Bd. 25 = 38 (1904), S. 258-286 (Digitalisat Архівавана 14 сакавіка 2007.)
  • Erich Zöllner: Das Privilegium minus und seine Nachfolgebestimmungen in genealogischer Sicht. In: Mitteilungen des Instituts für Österreichische Geschichtsforschung (MIÖG), Band LXXXVI, Wien 1978, S. 1–26