Regnum

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Regnum
Logo of Regnum.png
лагатып інфармацыйнага агенцтва Regnum
Галоўны рэдактар

М. А. Колераў[1]

Дата заснавання

22 ліпеня 2002

Сведчанне пра рэгістрацыю СМІ

Эл № 77-6430 ад 6 жніўня 2002 года[1][2]
і
ИА № ФС 77-51367 ад 23 лістапада 2012 года[1][3]

Мова

руская

Галоўны офіс

Адрас: 119072, г. Масква, Бярсенеўскі завулак, д. 2, стар. 1.[1]

Вэб-сайт

http://www.regnum.ru

Regnum — недзяржаўнае федэральнае інфармацыйнае агенцтва (кампанія), якое распаўсюджвае навіны Расійскай Федэрацыі — Расіі і сумежных дзяржаў Еўропы, Сярэдняй Азіі і Закаўказзя ад уласных карэспандэнтаў, даччыных агенцтваў і партнёраў.

Штодня на стужцы агенцтва з’яўляецца каля 700 навін ад 150 карэспандэнтаў у Расіі і замежжы, навіны рубрыкуюцца паводле тэм, федэральных акруг, рэгіёнаў і сюжэтаў[4].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Кампаніі належаць інфармацыйныя агенцтвы «Regnum-Волгаинформ» (Самара — Чэбаксары), «Северинформ» (Волагда), «Regnum — Архангельские новости» (Архангельск), рэгіянальныя праекты «Город_24» (Бранск, Смаленск), Regnum-MurmanNews (Мурманск), Regnum-MariNews (Яшкар-Ала), «Regnum-Балтика» (Санкт-Пецярбург), «Regnum-Алтай» (Барнаул), «Regnum-Приморье» (Уладзівасток) і іншыя.

У структуру таксама ўваходзяць рэгіянальныя рэдакцыі, якія ахопліваюць гарады і вобласці на тэрыторыі Расіі і блізкага замежжа.[5]

У 2009 годзе было створана інфармацыйнае агенцтва «REX», якое накіравана на вытворчасць эканамічнай інфармацыі і прадстаўлення вялікай колькасці экспертных ацэнак і меркаванняў пра кірункі развіцця ў эканоміцы.[6]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснавана 22 ліпеня 2002 года Барысам Соркіным і Мадэстам Колеравым. З моманту заснавання агенцтва да 22 сакавіка 2003 года яго галоўным рэдактарам быў Колераў, затым яго змяніў Канстанцін Казенін. З лістапада 2007 года па жнівень 2009 года галоўным рэдактарам агенцтва з’яўляўся Віген Акапян, якога зноў змяніў Мадэст Колераў. 10 мая 2012 года агенцтва размясціла на сваім сайце інфармацыю, паводле якой кіпрская кампанія, назва і бенефіцыяр якой не раскрываюцца, набыла долю ў агенцтве, у сувязі з чым Мадэст Колераў пакінуў агенцтва, а новым галоўным рэдактарам агенцтва зноў стаў Віген Акапян.[7]

Двойчы (2005, 2006) сайт агенцтва ганараваны званні «інфармацыйны сайт года» па версіі РОТАР, уладальнік «Прэміі Рунэту — 2006»[8]. Пераможца Усерасійскага конкурсу сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне тэмы міжэтнічнага ўзаемадзеяння народаў Расіі і іх этнакультурнага развіцця «СМИротворец-2008»[9].

Аўдыторыя і становішча ў Рунэце[правіць | правіць зыходнік]

Штомесячная аўдыторыя, паводле даных LiveInternet, складае больш 4,3 млн чалавек[10]. Па выніках праведзенага кампаніяй TNS Gallup Media[11] даследаванні маскоўскай аўдыторыі расійскіх інфармацыйных сайтаў, сярод чытачоў агенцтва пераважаюць кіраўнікі і спецыялісты — 72 %[12]Яндэкс.Навіны гэты паказчык 63 %, NewsRu.Com — 64 %).

Кампанія «МАСМИ-Россия» у лістападзе — снежні 2006 года правяла 11-е даследаванне аўдыторыі Рунэту «Анлайн-манітор», паводле якога Regnum больш чытаюць кіраўнікі[13] (28,3 % сярод чытачоў агенцтва супраць 20,3 % у сярэднім па Рунэце). Па прафесійнай прыкмеце ў аўдыторыі агенцтва пераважаюць журналісты, прадстаўнікі органаў улады, супрацоўнікі прамысловых прадпрыемстваў, будаўнічых і тэлекамунікацыйных кампаній, транспартнікі, банкіры, юрысты і г.д.

У топ-10 інфармацыйных агенцтваў па цытаванасці ў сродках масавай інфармацыі ў 2006 годзе, складзеным кампаніяй «Медиалогия», агенцтва займае чацвёртае месца сярод федэральных інфармацыйных агенцтваў Расіі. Адметнай рысай агенцтва з’яўляецца высокі для федэральных сродкаў масавай інфармацыі ўзровень цытавання сярод рэгіянальных выданняў.

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

Станоўчыя[правіць | правіць зыходнік]

Журналіст І. Вагнер у Весніку Ніжагародскага ўніверсітэта імя М. І. Лабачэўскага нароўні з «Інтэрфакс», РІА «Навіны» і «Прайм» адносіць «Regnum» да ліку «вядучых расійскіх ІА».[6]

Крытычныя[правіць | правіць зыходнік]

Эстонская паліцыя бяспекі вінаваціла агенцтва ў палітызаванасці і ў тым, што яно з’яўляецца інструментам палітычнага ўплыву Расіі на краіны былога СССР. У 2005 годзе журналіст Эркі Бахаўскі эстонскай газеты Postimees назваў Regnum «самым магутным агентам уплыву» Расіі, інфармацыі якога, паводле яго меркавання, не варта давяраць. Бахаўскі заяўляе, што заходнія навінавыя агенцтвы «як правіла, не цытуюць навіны пра Расію па матэрыялах REGNUM, InfoRos і іншых „бог-ведае-якіх-агенцтваў“» і, паводле яго словаў, «у сваёй дзейнасці яны выкарыстоўваюць толькі матэрыялы Інтэрфакса, ІТАР-ТАСС, РІА-Навіны і да т.п.», паколькі «апошнія таксама могуць быць са зрухам, але іх прафесійны ўзровень усё ж вышэйшы».[14].

У 2009 годзе латвійскі журналіст і палітык Інара Мурніецэ ў нацыянальна-кансерватыўным штотыднёвіку Latvijas Avīze сцвярджае, што Regnum «актыўна абараняў палітыку Крамля ў час расійска-грузінскай вайны, дае аднабаковую інфармацыю пра працэсы ў Малдове, ва Украіне і ў іншых месцах, а пытанне суайчыннікаў выкарыстоўвае для прасоўвання палітычных інтарэсаў Расіі»[15].

Галоўнаму рэдактару агенцтва Мадэсту Колераву забаронены ўезд у Літву, Эстонію і Латвію[15][16].

Галоўны рэдактар газеты «Безнең гәҗит» Ільфат Файзрахманаў лічыць, што «інфармацыю, якая тычыцца татараў і Татарстана, агенцтва, галоўным чынам, прадстаўляе з негатыўнага боку і часта скажае факты»[17].

Пачынаючы з 2011 года агенцтва патрапіла ў няласку ў Туркменістане. У распаўсюджаным паведамленні Міністэрства замежных спраў Туркменістана туркменскія дыпламаты неаднаразова выказалі сваё непрыманне агенцтва, сцвярджалася, што яно сістэматычна распаўсюджвае непраўдзівую, неаб’ектыўную інфармацыю пра іх краіну[18][19][20].

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Regnum з’яўляецца асноўнай пляцоўкай для выступу рознага роду публіцыстаў і палітолагаў, якія з’яўляюцца адэптамі «рускага адзінства» і адмаўляюць існаванне Беларусі, беларускай мовы і беларусаў як самастойнай нацыі. Большасць падобных матэрыялаў пазней тыражуюцца на мясцовых «імперскіх» рэсурсах.

У 2011 годзе быў апублікаваны артыкул Уладзіміра Зотава, у якім аўтар, змешваючы пытанні палітыкі і грамадскага жыцця, спрабуе даказаць, што нібыта ў Беларусі ўціскаецца ўсё рускае. Зотаў абвінаваціў беларускую адукацыю ў нацыяналізме, а беларускую прафесуру ў тым, што тая, нібыта пагалоўна «сядзіць» на польскіх грантах[21].

У артыкуле палітогала Мікалая Малішэўскага[22] тагачасны міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч за тое, што ён выказаўся ў падтрымку беларускай мовы, названы «нацыяналістычным маргіналам». Міністр культуры Павел Латушка адбінавачаны ў «беларусізацыі» свайго міністэрства, у курыраванні здымак фільма па рамане Уладзіміра Караткевіча. Сам Караткевіч у іншай публікацыі на сайце агенцтва названы пісьменнікам-русафобам за тое, што ён напісаў раман «Каласы пад сярпом тваім» аб барацьбе беларусаў з Расійскай імперыяй, а культурная палітыка беларускай дзяржавы паланафільскай і русафобскай[23].

У 2012 годзе на сайце агенцтва быў апублікаваны артыкул былога начальніка аддзела па справах моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэя Герашчанкі[24], звольненага з дзяржслужбы за антыбеларускія выказванні аб штучнасці беларускай мовы, культуры і адмаўленне існавання беларускай нацыі. У артыкуле адмаўляецца гістарычная роля такіх асоб як Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі і роду Радзівілаў, перадача «Падарожжа дылетанта» была абвінавачана ў русафобіі і нянавісці да Расіі. Таксама Герашчанка выступіў з прапановай прыцягнення ў рады гісторыкаў большай колькасці «прыхільнікаў славянскага і рускага адзінства».

У тым жа годзе быў апублікаваны артыкул гісторыка Валерыя Чарапіцы з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у якім ён сцвярджаў, што «заходнерусізм выступаў за выратаванне беларусаў праз яднанне ў рамках праваслаўнай царквы і адзінай Расіі»[25]. Іншы гісторык Аляксандр Бендзін называе палітыку віленскага генерала-губернатара М. Мураўёва, за сваю жорсткасць больш вядомага як «Мураўёў-вешальнік», «этнічнай мадэрнізацыяй мясцовага рускага насельніцтва», у яго ўспрыманні нацыянальная беларуская ідэалогія носіць штучны характар, а заходнерусізм для беларусаў арганічны і натуральны. Беларуская гісторыя ў артыкуле называецца выдумкамі «нацыяналістаў», якія «сфабрыкавалі канфлікт паміж беларускім этнасам і Расійскай імперыяй». Таксама Бендзін моцна крытыкуе адзінага на той час беларускамоўнага міністра культуры Паўла Латушку, абвінавачваючы ў вельмі добрым стаўленні да нацыянальнай мовы і культуры[26].

" Беларускія нацыяналісты, сістэмныя і пазасістэмныя, унушаць беларусам, якія думаюць і размаўляюць на рускай мове, уяўленне пра іх культурную і этнічную недасканаласць, другасортнасць, навязваюць ім пачуццё віны з прычыны адсутнасці ў іх чаканай «нацыянальнай свядомасці».
Аляксандр Бендзін
"

Дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі» на 20122018 гады была ахарактарызавана агенцтвам як «аднаўленне замкаў літоўскіх князёў і польскіх магнатаў»[27][28].

У 2013 годзе на сайце агенцтва з’явіліся матэрыялы супраць устаноўкі ў Віцебску помніка Альгерду, князю віцебскаму і вялікаму князю літоўскаму, які «з’яўляецца прамым выклікам праваслаўю і пагрозай адзінай культурна-гістарычнай прасторы Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі», а таксама прасоўвалася ўстаноўка помнікаў Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе[29].

У 2014 годзе быў апублікаваны артыкул, у якім сцвярджалася, што на працягу многіх гадоў улады Беларусі праводзяць палітыку беларусізацыі, якая прадугледжвае зьнішчэнне рускамоўнай тапанімікі, рэвізію афіцыйнай гістарыяграфіі, а таксама актыўную палітычную міфатворчасць. Паводле агенцтва, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў наяўнасці «беларускай цывілізацыі»[30].

Заява міністра адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў, зробленая 21 студзеня 2015 года, што вывучаць геаграфію і гісторыю Беларусі трэба на беларускай мове, была пададзена агенцтвам як забарона на выкладанне гэтых прадметаў на рускай мове[31].

У жніўні 2016 годзе на Regnum з’явіўся артыкул, які асуджаў фестываль «Славянскі базар у Віцебску» за адыход ад інтэграцыі постсавецкай прасторы, а пераможца таго года Аляксея Гроса за тое, што той апрануў на выступленне вышыванку, спеў песню з рэпертуара амерыканскай групы «Bon Jovi», а затым асмеліўся прапанаваць весці канцэрты фестывалю на беларускай і англійскай мовах[32].

У верасні 2016 года быў апублікаваны матэрыял, у якім помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску, устаноўка якога падтрымлівалася ў публікацыях агенцтва, быў раскрытыкаваны старшынёй віцебскай грамадскай арганізацыі «Расійскі культурны цэнтр „Русь“» Ігарам Патапавым за адсутнасць «рускага духу». Паводле яго меркавання беларускія чыноўнікі «таемна ўвасобілі свае спецыфічныя прыхільнасці», бо не паказалі ў помніку ідэі адзінства, магутнасці і абароны рускай зямлі[33][34].

Справа «рэгнумаўцаў»[правіць | правіць зыходнік]

25 кастрычніка 2016 года на сайце інфармацыйнага агенцтва Regnum з’явіўся артыкул за аўтарствам Алы Бронь (псеўданім Дзмітрыя Алімкіна) «Беларусь сыходзіць з Рускага свету цішком, з улікам украінскага досведу» (руск.: Беларусь уходит из Русского мира исподтишка, с учетом украинского опыта)[35]. Матэрыял быў напісаны з нагоды ініцыятывы вывучаць беларускую мову ў дзіцячых садках. У артыкуле сцвярджалася, што такім чынам беларускія ўлады хочуць пераадолець настроі беларусаў, «абсалютная большасць якіх жадае ўз’яднання са сваёй вялікай радзімай — Расіяй», а на беларускай мове ў Беларусі размаўляюць толькі выкладчыкі, дыктары і апазіцыянеры. Паводле слоў аўтара, літаратурная беларуская мова была створана ў 19201930-х гадах «трацкістамі», «якіх пазней вычысціў Сталін». Сталін знішчыў беларусізатараў і спыніў беларусізацыю, але пасля развалу СССР «недабітыя паліцаі і іх унукі зноў пачалі сваю чорную справу». Аўтар сцвярджала, што беларусы не з’яўляюцца нацыянальнай групай, а толькі мясцовай ідэнтычнасцю ў складзе рускага народа, а ў канцы артыкула заклікала бацькоў не дапусціць, каб іх дзяцей вучылі беларускай мове, бо гэта прыкмета «нізкага паходжання»[36]:

" Справа ў тым, што ў беларускай мовы ўсё адно няма ніякіх шанцаў. Яна нікому не патрэбная, акрамя звар’яцелай недадзяржавы, якая імкнецца зламаць сабе шыю на Майдане па прыкладзе суседзяў. "

6 снежня 2016 года ў Брэсце АМАПам быў затрыманы аўтар артыкул Дзмітрый Алімкін па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса «Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні». У яго хаце быў праведзены ператрус[37].

7 снежня па справе аб распальванні міжнацыянальнай варожасці быў таксама затрыманы дацэнт катэдры гуманітарных дысцыплін БДУІР Юрый Паўлавец, вядомы прыхільнік заходнерусізму і «рускага свету», які пісаў матэрыялы длы газеты «Советская Белорусия», сайтаў Regnum, «Западная Русь», «Русская Правда» ды іншых[38]. Для Regnum, «Лента.ру», «Eadaily» ён пісаў свае артыкулы пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў[39].

У заяве Следчага камітэта было адзначана, што ў час праведзеных ператрусаў атрыманыя дадзеныя аб дачыненні названых асобаў да супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Беларусі, які стала жыве ў Маскве[39].

Шэф-рэдактар партала Regnum Юрый Баранчык у адказ на затрыманні заявіў[39]:

" Мы, безумоўна, будзем іх [Алімкін і Паўлаўца] падтрымліваць і абараняць. Нічога экстрэмісцкага я ня бачу. Гэта нармальны ўзровень палемікі ў Расіі. Чаму мясцовыя рабяты ўзбудзіліся гэтым, мне складана зразумець. ... Адразу магу сказаць, што ўсё гэта было зроблена непрыгожа, нізка, як гэта ў нас у рэспубліцы робіцца. "

9 снежня быў затрыманы карэспандэнт агенцтва Сяргей Шыптэнка, актыўны прыхільнік саюза Беларусі і Расіі, які ў кастрычніку таго ж года быў звольнены з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь за супрацоўніцтва з расійскімі СМІ[40].

20 снежня пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канфэрэнцыі ў Мінску заявіў[41]:

" Такія фармулёўкі, як „недадзяржава”, „неданарод” не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсць дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанне радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнай і брацкай дружбы. "

У сакавіку 2017 года Юрый Баранчык быў затрыманы расійскай паліцыяй на запыт беларускіх уладаў. Аднак расійскі суд пастанавіў вызваліць яго з-пад варты. Па словах Мадэста Колерава, прадстаўленыя беларускімі ўладамі дакумэнты «не былі пераканаўчымі». Паводле Колерава, супрацоўнікі агенцтва пацярпелі за тое, што «былі аднымі з першых, хто публічна, доказна, падрабязна даводзіў у сваіх артыкулах, што частка бюракратыі на чале з Макеем вядзе справу да нейкіх пераменаў, падзеяў унутры ўлады». Баранчык падаў на імя Прэзідэнта Расіі хадайніцтва, каб яму надалі статус палітычнага ўцекача[42]. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк назваў гэты шаг проста піярам[43].

30 жніўня аўтарам Regnum выстаўленае канчатковае абвінавачванне за распальванне нацыянальнай варожасці. Алімкіну выстаўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 КК Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні), Паўлавец і Шыптэнка абвінавачваецца па двух складах — гэта ч. 1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) і ч. 3 арт. 130 КК. У дачыненні да Юрыя Баранчыка, абвешчанага ў міжнародны вышук, завочна выстаўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 КК[44].

26 кастрычніка прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава заклікала беларускі бок максімальна адказна разгледзець крымінальную справу ў дачыненні да аўтараў інтэрнэт-партала Regnum[45].

18 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс у справе аўтараў Regnum.

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі выказаў меркаванне, што справа аўтараў агенцтва Regnum сведчыць пра тое, што з гледзішча беларускага кіраўніцтва экспансія «рускага свету», у тым ліку інфармацыйнай сферы, стала пераходзіць чырвоную рысу, раней афіцыйны Мінск баяўся зрабіць нейкія рашучыя захады ў адказ на паўзучае прасоўванне падобных ідэяў. На яго думку, у беларускага кіраўніцтва ёсць пачуццё небяспекі з усходу асабліва з улікам таго, што Беларусь знаходзіцца ў моцнай эканамічнай, палітычнай залежнасці ад Масквы і да гэтага часу не вырашаны нафтагазавы канфлікт[46]. На думку старэйшага аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніса Мельянцова, пасля падзей ва Украіне беларускія ўлады пераасэнсавалі моцную прывязанасць да Расіі і пачалі пошук іншых апораў у свеце, у адказ у Расіі сталі дапускаць антыбеларускую прапаганду, якая раней ішла толькі ў вельмі маргінальных СМІ. Справа аўтараў Regnum гэта спосаб паказаць Расіі, што Беларусь незалежная краіна[47].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Пра Агенцтва // ІА REGNUM.(Праверана 12 сакавіка 2015)
  2. Regnum (Регнум) у Пераліку найменняў зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі Федэральнай службы па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляда)
  3. Regnum у Пераліку найменняў зарэгістраваных сродкаў масавай інфармацыі Федэральнай службы па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляда)
  4. Усе сюжэты інфармацыйнага агенцтва Regnum
  5. Митрофанова, 2011, с. 27
  6. 6,0 6,1 Вагнер, 2013
  7. Змены ва ўласнасці і кіраўніцтве інфармацыйнага агенцтва Regnum. Regnum (10 мая 2012 года). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2012. Праверана 12 мая 2012.
  8. Прэмія Рунэту
  9. СМИротворец-2010
  10. статыстыка вэб-сайта інфармацыйнага агенцтва Regnum
  11. http://tns-global.ru/rus/group/russian/media/index.wbp
  12. Gallup: Сярод чытачоў інфармацыйнага агенцтва Regnum 72 % — кіраўнікі і спецыялісты. Regnum (28 снежня 2006 года). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2012. Праверана 12 жніўня 2010.
  13. Аўдыторыя інфармацыйнага агенцтва Regnum: сталыя, утвораныя і забяспечаныя — даныя МАСМИ. Regnum (18 снежня 2006 года). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2012. Праверана 12 жніўня 2010.
  14. Расійскія сродкі масавай інфармацыі ў жыцці Эстоніі // Postimees, 19.10.2005
  15. 15,0 15,1 Mūrniece I. Kremļa interešu sardzē // Latvijas Avīze, 23.10.2009
  16. Глава Regnum стаў персонай нон грата ў Латвіі // Руская служба Бі-бі-сі, 08.08.2012
  17. Паклёп на татарскую журналістку // etatar.ru
  18. Міністэрства замежных спраў Туркменістана распаўсюдзіла паведамленне для сродкаў масавай інфармацыі
  19. Міністэрства замежных спраў Туркменістана вінаваціць агенцтва Regnum у хлусні і правакацыях
  20. Міністэрства замежных спраў Туркменістана адказала на публікацыю інфармацыйнага агенцтва Regnum
  21. Владимир Зотов: Станет ли Белоруссия частью Большой русской нации
  22. Власти Белоруссии делают ставку на националистических маргиналов
  23. Ермолай Слышик: Культурная политика белорусского государства: полонофильство и русофобия
  24. Андрей Геращенко: История белорусского народа — не история польско-литовской шляхты
  25. Белорусский историк: Настало время обстоятельного разговора об идее западнорусизма
  26. Александр Бендин: Западнорусизм как идейная основа белорусско-российской интеграции
  27. Минкультуры Белоруссии восстанавливает литовские и польские замки
  28. Эксперт: Латушко забыл, что он министр культуры Белоруссии, а не Польши
  29. Российская общественность Витебска выступает против установки памятника князю Ольгерду
  30. REGNUM: Улады Беларусі ўзяліся за папулярызацыю «вышыванак»
  31. Намер выкладаць геаграфію і гісторыю Беларусі па-беларуску выклікаў нэрвовую рэакцыю ў Расеі
  32. «Regnum» пытается наступить на горло «Славянском базару в Витебске»
  33. «На памятнике Александру Невскому в Витебске нет русского духа»
  34. Расійскія чарнасоценцы знайшлі русафобію ў помніку Аляксандру Неўскаму ў Віцебску
  35. Беларусь уходит из Русского мира исподтишка, с учетом украинского опыта
  36. «Беларусь — звар’яцелая недадзяржава, а беларуская мова створана трацкістамі», — Regnum
  37. «Ала Бронь»: у Брэсце затрыманы аўтар артыкула пра Беларусь як недадзяржаву
  38. Затрыманьне Юрыя Паўлаўца афіцыйна не пацьвердзілі
  39. 39,0 39,1 39,2 «Гэта было зроблена непрыгожа, нізка» — шэф-рэдактар «Рэгнума» Баранчык пра затрыманьне Алімкіна і Паўлаўца
  40. Затрыманы яшчэ адзін прыхільнік «рускага сьвету» — карэспандэнт Regnum Сяргей Шыптэнка
  41. Расейскі амбасадар адхрысьціўся ад арыштаваных журналістаў «Регнум»
  42. Беларускія аўтары «Рэгнума» дагэтуль у турме
  43. Конюк: заявления Баранчика о политубежище — просто пиар
  44. Аўтарам «Рэгнума» выстаўленае канчатковае абвінавачванне за распальванне нацыянальнай варожасці
  45. РФ призвала Беларусь «ответственно рассматривать» дело авторов Regnum
  46. «Беларуская ўлада зразумела, што трэба паказаць зубы Маскве», — Класкоўскі пра арышты прарасейскіх прапагандыстаў
  47. Мельянцоў: Адносіны з Расеяй сёньня ў найгоршай фазе за апошнія 5 гадоў

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • regnum.ru — афіцыйны сайт Regnum

Шаблон:Расійскія і савецкія інфармацыйныя агенцтвы

Шаблон:НД