Перайсці да зместу

USB-назапашвальнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
USB-назапашвальнік SanDisk Cruzer 2011 года выпуску з 4 ГБ ёмістасці
USB-назапашвальнік SanDisk Ultra Flair 2020 года выпуску, падлучаны да ноўтбука HP

USB-назапашвальнік, таксама USB-флэш-назапашвальнік, флэшка (англ.: USB flash drive, thumb drive, memory stick) — гэта партатыўная запамінальная прылада, якая выкарыстовае флэш-памяць для захоўвання даных і мае інтэграваны інтэрфейс USB для іх перадачы. Першыя USB-назапашвальнікі з'явіліся ў 2000 годзе і маглі захоўваць да 8 МБ даных. Станам на 2024 год найбольш ёмістыя USB-назапашвальнікі мелі памер 4 ТБ. У залежнасці ад тыпу выкарыстанага чыпа памяці USB-назапашвальнікі могуць вытрымліваць да 100 000 цыклаў запісу/сцірання і фізічна служаць ад 10 да 100 гадоў пры нармальных умовах.

USB-назапашвальнікі выкарыстоўваюцца для захоўвання даных, рэзервовага капіявання і перадачы камп'ютарных файлаў. У параўнанні з дыскетамі або кампакт-дыскамі, яны меншыя, хутчэйшыя ў выкарыстанні, маюць значна большую ёмістасць і больш трывалыя з-за адсутнасці рухомых частак. Акрамя таго, яны менш уразлівыя да электрамагнітных перашкод, чым дыскеты, і не пашкоджваюцца драпінамі, як кампакт-дыскі. Пры гэтым USB-назапашвальнікі не павінны выкарыстоўвацца для доўгатэрміновага захоўвання даных з-за магчымай дэградацыі даных у выніку працяглай адсутнасці электрычнага зарада.

USB-назапашвальнікі выкарыстоўваюць стандарт USB MSC (англ.: USB mass storage device class), які падтрымліваецца сучаснымі аперацыйнымі сістэмамі, такімі як Windows, Linux, macOS і іншымі. USB-назапашвальнікі з падтрымкай USB 2.0 могуць захоўваць больш даных і перадаваць іх хутчэй, чым аптычныя дыскаводы CD-RW або DVD-RW, а таксама могуць быць прачытаны такімі прыладамі як Xbox One, PlayStation 4, DVD-плэеры, смартфоны і планшэтныя камп'ютары.

USB-назапашвальнік складаецца з невялікай друкаванай платы, на якой размешчаны элементы схемы, ўнутры пластыкавага, металічнага або гумавага корпуса і раздыма USB. Сілкаванне USB-назапашвальніка адбываецца праз USB-злучэнне ад прылады, да якой ён падключаны. Некаторыя маюць святлодыёдны індыкатар, які загараецца пры падлучэнні да прылады або міргае пры перадачы даных. Раз'ём USB можа быць абаронены здымным каўпачком або ўцягвацца ў корпус. Большасць USB-назапашвальнікаў выкарыстоўваюць злучэнне тыпу USB-А, якое дазваляе падключацца да порта на персанальным камп'ютары, але існуюць і назапашвальнікі для іншых інтэрфейсаў (напрыклад, micro-USB і USB-C).