Перайсці да зместу

Усебеларускі народны сход

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з VI Усебеларускі народны сход)
Усебеларускі народны сход
Тып
Тып Канстытуцыйны орган
Кіраўніцтва
Старшыня Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка
Намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец
Cакратарыят Усебеларускага народнага сходу Валерый Міцкевіч
Структура
Зала пасяджэнняў
Сайт
https://vns.gov.by/ru/struct-ru/chairman/

Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў урада, кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых галін дзяржаўнага сектара. У 1996—2021 гадах адбываўся кожныя пяць гадоў перад або пасля чарговых прэзідэнцкіх кампаній у мінскім Палацы Рэспублікі. На сходы вылучаліся дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Урад складаў каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне сходаў, ажыццяўляў іх фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Пачынаючы з другога сходу колькасць удзельнікаў дасягала 2500 чалавек, у тым ліку ад Мінска — 400, ад кожнай вобласці — па 350. Дзеная ўлада ацэньвала сходы як «найвышэйшую форму дэмакратыі», прызначаную для абмеркавання найзначнейшых пытанняў жыцця дзяржавы, параўноўвала іх з народным вечам.

Версія Канстытуцыі Беларусі, устаноўленая праз рэферэндум 2022 года, прадугледжвае рэгулярнае скліканне Усебеларускага народнага сходу (УНС), якому нададзены новыя паўнамоцтвы. Пасяджэнні УНС маюць праводзіцца не радзей за адзін раз на год, памер яго абмежаваны 1200 дэлегатамі (прадстаўнікамі ўсіх галін улады і «грамадзянскай супольнасці»). Першае скліканне УНС паводле новых правіл запланавана на 2024 год.

Першы Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]

Адбыўся 19—20 кастрычніка 1996 года ў Мінску ў будынку Палацу спорту. Удзельнічала 4740 дэлегатаў. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выступіў з дакладам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». Дэлегаты схода адобрылі ўнутраную і знешнюю палітыку, што праводзіў прэзідэнт дзяржавы. Рашэнні сходу мелі рэкамендацыйны характар.

Другі Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]

Адбыўся 18-19 мая 2001 г. ў Палацы Рэспублікі (Мінск). Дэлегаты сходу абмеркавалі і прынялі асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна — эканамічнага развіцця Беларусі на 2001—2005 гады. У ліку прыярытэтаў пяцігодкі — павышэнне дабрабыту людзей, жыллёвае будаўніцтва, развіццё экспарту.

Трэці Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]
Памятная пячатка, прымеркаваная да Трэцяга Усебеларускага сходу.

Адбыўся 2 — 3 сакавіка 2006 г. Яго лозунг — «Дзяржава для народа». Удзельнікі прадстаўнічага форуму прааналізавалі вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2001—2005 гады і разгледзелі праект аналагічнага праграмнага дакумента на бліжэйшыя пяць гадоў. Як адзначыў у сваім дакладзе Прэзідэнт А. Лукашэнка, «мы здолелі зрабіць нашу краіну не толькі суверэннай, але і эканамічна незалежнай, што значна складаней… Усё, аб чым мы дамаўляліся на другім Усебеларускім народным сходзе, рэалізавана і ўвасоблена ў жыццё». Вектарамі новай пяцігодкі былі аб’яўлены ўсебаковае развіццё чалавека, рост рэальных даходаў насельніцтва, інавацыйнае развіццё эканомікі, энерга- і рэсурсазберажэнне, рост экспарту і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, развіццё аграпрамысловага комплексу і адраджэнне вёскі, будаўніцтва жылля і развіццё малых гарадоў.

Чацьвёрты Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]

Прайшоў 6 — 7 снежня 2010 г. пад лозунгам «Наш гістарычны выбар — незалежная, моцная і квітнеючая Беларусь!», традыцыйна аб’яднала прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства і дзяржаўных інстытутаў. Адзначыўшы пазітыўныя вынікі папярэдняй пяцігодкі, дэлегаты адобрылі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011—2015 гады. У якасці ключавых напрамкаў былі вызначаны захаванне нацыянальнай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, паляпшэнне інвестыцыйнага і бізнес-клімату, развіццё высокатэхналагічных вытворчасцей, рост экспарту. Сходам былі прыняты рэзалюцыя і зварот да суайчыннікаў.

Пяты Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]

Прайшоў 22 — 23 чэрвеня 2016 г. пад лозунгам «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!». Дэлегаты абмеркавалі асноўныя вынікі развіцця краіны за папярэднія пяць гадоў, асабліва адзначыўшы захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама выпрацавалі стратэгію наступнай пяцігодкі. Адобраныя сходам асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады прадугледжвалі ў якасці ключавых напрамкаў павышэнне якасці жыцця насельніцтва за кошт росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацый. Інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь былі аб’яўлены прыярытэтамі развіцця краіны. Сходам прыняты рэзалюцыя і зварот да суайчыннікаў. «Наша галоўнае дасягненне — мір, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні», — было адзначана ў звароце.

Шосты Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]

Адбыўся 11 — 12 лютага 2021 г. паводле лозунга «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». У парадку дня агульнанацыянальнага форуму — асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021—2025 гады і грамадска-палітычныя пытанні. Галоўнай мэтай будучай пяцігодкі стала забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці і павышэнне дабрабыту грамадзян за кошт якаснага эканамічнага росту, інвестыцый у чалавечы капітал, стварэння камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі чалавека. Ключавымі прыярытэтамі пяцігодкі аб’яўлены шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр. Па выніках форуму была прынята рэзалюцыя шостага Усебеларускага народнага сходу.

Гэты форум знамянальны тым, што менавіта на ім па прапанове Кіраўніка дзяржавы быў дадзены старт канстытуцыйнай рэформе. Пасля сходу пачалася маштабная работа па падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон. Для іх распрацоўкі была створана Канстытуцыйная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб’яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

Сёмы Усебеларускі народны сход

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са зменамі прынятымі на рэферэндуме ў 2022 годзе, УНС стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя Рэспублікі Беларусь. Рашэнні УНС прымаюцца большасцю ад поўнага складу, з’яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржорганаў, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі[1].

Першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу адбудзецца 24-25 красавіка 2024 года. Дэлегатамі сходу будуць: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі заканадаўчай улады (дэпутаты Нацыянальнага сходу), прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады, старшыні абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў (350 чал.), прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці (400 чал.).

Пачынаючы з 1996 года актывісты беларускай апазіцыі крытыкавалі сходы як прапагандысцкія мерапрыемствы, арганізаваныя для дэманстрацыі адзінадушнай падтрымкі аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі[2]. Членам апазіцыі рэгулярна адмаўлялі ў доступе на сходы або забаранялі выступаць на іх[2]. У 2006 годзе кандыдат у прэзідэнты, былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін быў збіты і затрыманы міліцыяй пасля спробы прайсці на Усебеларускі народны сход, Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве[3].

Апазіцыйныя партыі ў 2016 годзе характарызавалі сход як «антыканстытуцыйны орган», мэтай якога была «дэлегітымізацыя інстытута парламента ў Беларусі» і «дэманстрацыя агульнанацыянальнай падтрымкі (Аляксандра Лукашэнкі) напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў»[4].

Паводле доктара юрыдычных навук Міхаіла Пастухова, працэдура адбору дэлегатаў на сходы ў 1990-х — 2010-х гадах была непразрыстая[5]. Недэмакратычная працэдура прызначэння дэлегатаў апазіцыйнымі палітыкамі параўноўваецца з падборам удзельнікаў на з’езды КПСС у савецкія часы, які ажыццяўляўся аналагічна[2]. Пастухоў таксама адзначаў, што сход, сфарміраваны па загадах выканаўчых органаў, не з’яўляўся прадстаўнічым дэмакратычным органам і не мог быць прыняты як законны выказнік волі народу[4].

Увядзенне Усебеларускага народнага сходу ў Канстытуцыю Беларусі выклікала хвалю крытыкі. Большасць заўваг зводзілася да таго, што орган, які наўпрост не выбіраецца народам, набыў велізарныя паўнамоцтвы, а да таго ж цяпер ён дублюе палаты парламента (напрыклад, у тым, што тычыцца заканадаўчай ініцыятывы). «Абмяркоўваць планы яго склікання мае сэнс для таго, каб (паспрабаваць) мінімізаваць магчымую шкоду, у прыватнасці, фінансавую», — заўважыў у лістападзе 2022 года палітолаг Вольф Рубінчык[6].

  1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 красавіка 2024.
  2. а б в Вайтовіч і Ганчарык: Усебеларускі сход — фігавы лісток для ўлады Архівавана 28 студзеня 2021. — TUT.BY, 03.12.2010
  3. Zarakhovich, Yuri (2006-03-25). Belarus: 'They Knocked My Husband Down and Dragged Him Away'(англ.). Time. Архівавана з арыгінала 10 сакавіка 2007. Праверана 2008-08-20.
  4. а б Беларусам патрэбны сапраўдны парламент, а не імітацыйны ‘усенародны сход’ Архівавана 7 жніўня 2016. — Партыя БНФ, 18.06.2016
  5. Михаил Пастухов: О легитимности и пользе собрания Архівавана 25 чэрвеня 2021. — Аб’яднаная грамадзянская партыя, 12.07.2016
  6. https://belisrael.info/?p=32061