XI з’езд КП(б)Б

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Адзінаццаты з'езд КП(б)Б. Адбыўся 22 — 29 лістапада 1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 членаў і 11 392 кандыдаты ў члены партыі.

Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК (Д. Я. Сулімаў) і ЦКК ВКП(б) (Д. З. Лебедзь), справаздачы ЦК (В. Г. Кнорын), ЦКК (А. Я. Калнін) і рэвізійнай камісіі КП(б)Б (А. А. Чарнушэвіч); даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР і СССР (М. М. Галадзед), аб рабоце ў вёсцы (І. П. Рыжоў), аб выніках нацыянальна-культурнага будаўніцтва і палітычна-асветніцкай работы (У. М. Ігнатоўскі); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.

З'езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калектыўных формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысавецкіх элементаў. У ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нацыянальнай культуры і народнай адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнацыянальнага выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культурнай спадчыны і нацыянальнай культуры.