Перайсці да зместу

Yesterday

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Yesterday
Сінгл The Beatles
з альбома Help!
Бок «Б» «Act Naturally»
Выпушчаны 13 верасня 1965 (ЗША)
8 сакавіка 1976 (Вялікабрытанія)
Мова англійская
Фармат 7”
Запісаны 14 чэрвеня 1965
Жанр
Кампазітар Ленан / Мак-Картні
Працягласць 2:03
Лэйбл Capitol Records (ЗША)
Parlophone/EMI (Вялікабрытанія)
Прадзюсар Джордж Марцін
Аўтар песні Джон Ленан[3] і Пол Мак-Картні[3]
Прафесійныя рэцэнзіі
  • Record Mirror & Disc ► без ацэнкі[2]
The Beatles, храналогія сінглаў
«Help!»
(1965)
«Yesterday»
(1965)
«We Can Work It Out»/
«Day Tripper»
(1965)

Let It Be
(1970)

Yesterday
(1976)

Back in the U.S.S.R.
(1976)

«Yesterday» (з англ. — «Учора»; рабочая назва «Scrambled Eggs»[4]) — песня гурта The Beatles з альбома Help! («На дапамогу!»), выпушчанага ў жніўні 1965 года (у ЗША песня не ўвайшла ў альбом, аднак выйшла ў выглядзе сінгла ў верасні 1965 года). Напісана Полам Мак-Картні. Пры запісе песні Yesterday упершыню ў гісторыі «The Beatles» у працы не ўдзельнічаў ніхто з музыкантаў, акрамя Мак-Картні: аранжыроўка песні складаецца толькі з акустычнай гітары, на якой грае Пол, і струннага квартэта, партыі якога сачынілі разам Джордж Марцін і Мак-Картні, што адрознівае «Yesterday» ад усіх астатніх песень ансамбля, выпушчаных на той час, і робіць яе адной з першых рок-балад.

«Yesterday» займала першае месца ў хіт-парадах ЗША, Канады, Новай Зеландыі і іншых краін і застаецца папулярнай цяпер. Паводле амерыканскай арганізацыі па наглядзе за правамі выканаўцаў Broadcast Music Incorporated, на 13 снежня 1999 года амерыканскае радыё і тэлебачанне транслявалі Yesterday больш за сем мільёнаў разоў[5]. У 1999 годзе брытанская радыёстанцыя BBC Two правяла даследаванне на аснове апытанняў сярод музычных экспертаў і слухачоў, а таксама на аснове паказчыкаў продажаў, па выніках якога назвала «Yesterday» лепшай песняй XX стагоддзя[6]. Паводле кнігі рэкордаў Гінеса, на гэтую песню было зроблена больш кавер-версій, чым на любую іншую з калі-небудзь напісаных: з 1965 па 1973 гады было запісана 1186 кавер-версій «Yesterday»[7], а на 1986 год — каля 1600 версій[8]; у 2003 годзе паведамляецца таксама пра колькасць версій больш за 2500[9]. Паводле фінансавага партала 24/7 Wall Street, песня «Yesterday» прызнана лепшай у гісторыі чалавецтва[10].

Гісторыя стварэння песні

[правіць | правіць зыходнік]

Пол Мак-Картні сцвярджае, што мелодыя песні прыйшла да яго ўва сне, і, прачнуўшыся, ён быў упэўнены, што проста раней дзесьці чуў гэтую мелодыю, а не сачыніў яе. Першы тэкст, наскора прыдуманы на мелодыю, меў словы «Scrambled eggs, Oh, my baby how I love your legs…» («Яечня-боўтанка, о, мілая мая, як мне падабаюцца твае ножкі…»), таму жартоўнай рабочай назвай песні было «Scrambled Egg» («Яечня-боўтанка»). Пад гэтай жа назвай Джордж Марцін выпусціў інструментальную версію кампазіцыі ў ЗША яшчэ да таго, як праца над «Yesterday» была завершана, у сувязі з чым амерыканскія паклоннікі пісалі ў лістах гурту, што чулі «нешта пад назвай „Scrambled Egg“, што ўяўляе сабой поўную копію „Yesterday“» (англ.: a number called 'Scrambledd Egg' that’s a dead copy of 'Yesterday')[11]. Падчас здымак фільма «Help!» Мак-Картні сеў за фартэпіяна, размешчанае на здымачнай пляцоўцы, і пачаў граць мелодыю песні, намерваючыся прыдумаць для яе «правільныя» словы. Рэжысёру гэта не спадабалася, і ён сказаў, што загадае прыбраць інструмент, калі Пол не спыніць сваю «творчасць». Як пасля ўспамінаў Джон Ленан, песня месяцамі заставалася недаробленай і «ўсплывала» штораз, калі ішла праца над новымі кампазіцыямі. Пры гэтым у песні нават адсутнічала назва: Мак-Картні і Ленан вырашылі назваць яе адным словам, але нічога адпаведнага не знаходзілася.

Канчатковы варыянт тэксту песні Мак-Картні сачыніў у маі 1965 года падчас адпачынку ў Партугаліі. Ён заўважыў, што словы, якія заканчваюцца на «-эй» (say, nay, today, away, play, stay), добра рыфмуюцца, а yesterday — адно з іх. Таксама ён знайшоў слова «suddenly» (з англ. — «раптам»), для якога таксама лёгка падабраліся рыфмы. 27 мая 1965 года Пол прыляцеў у Лісабон, дзе ён заняў гітару ў гурта The Shadows, і скончыў напісанне тэксту песні[12].

У верасні 2013 года Пол Мак-Картні прызнаўся, што прысвяціў гэтую песню сваёй маці, якая памерла, калі яму было 14 гадоў[13].

Будынак студыі «Эбі-Роўд» (англ.: Abbey Road) у Лондане, дзе запісана песня «Yesterday»

Песня «Yesterday» была запісана 14 і 17 чэрвеня 1965 года ў студыі «Эбі-Роўд» № 2.

Існуюць розныя версіі таго, як праходзіў запіс песні. Паводле самай распаўсюджанай, Мак-Картні ад самага пачатку вырашыў выканаць песню сола ў суправаджэнні струнных, і што прадзюсар і аранжыроўшчык гурта Джордж Марцін дапамог яму гэтую ідэю рэалізаваць[14]. Мак-Картні ў адным з інтэрв'ю 1970-х гадоў распавёў Полу Гамбачыні:

Я хацеў выкарыстаць у аранжыроўцы некалькі струнных інструментаў. Джордж Марцін сказаў: «Тады, мабыць, струнны квартэт?» Ідэя была цудоўная. Мы селі за раяль і прыдумалі, як гэта будзе гучаць.

Манаграфія Рэя Коўлмена «Учора і сёння» распавядае зусім іншую гісторыю: спачатку былі спрабаваны шматлікія аранжыроўкі з арганам, ударнымі і іншымі інструментамі, — і ўжо пасля было вырашана, што Полу лепш выканаць песню сола пад гітару. Для запісу Мак-Картні выкарыстаў акустычную гітару Epiphone Texan[15]. Калі Джордж Марцін вырашыў паспрабаваць «што-небудзь радыкальнае» (струнныя), Мак-Картні жахнуўся: «The Beatles — гэта рок-гурт, мы не можам гучаць як Мантавані». Усё ж Марцін пераканаў Мак-Картні і выканаў прафесійную аранжыроўку для струннага квартэта, пры гэтым Мак-Картні настаяў, каб струнныя гралі без (звыклага) вібрата, якое, паводле яго, надавала гучанню залішнюю напышлівасць[16]. Мак-Картні таксама падрэдагаваў аранжыроўку віяланчэлі ў сярэдняй частцы, дадаўшы ў яе партыю некалькі блюзавых нот.

Мак-Картні запісаў два дублі песні 14 чэрвеня 1965 года. Другі дубль быў прызнаны лепшым, і яго абралі для выпуску. Партыю струнных запісалі і наклалі на дарожку ўжо пазней. Першы дубль песні, без суправаджэння струннага квартэта, быў уключаны ў кампіляцыю Anthology 2. На запісе можна пачуць, як Мак-Картні, перад тым, як граць, паказвае паслядоўнасць акордаў Харысану, які, аднак жа, удзелу ў выкананні не прымаў. Два першыя радкі другога куплета памяняліся месцамі («There’s a shadow hanging over me / І'm not half the man I used to be»). Гэта, верагодна, было проста памылкай, бо чуваць, што пасля гэтых слоў Мак-Картні ледзь стрымліваецца, каб не засмяяцца.

17 чэрвеня Мак-Картні запісаў яшчэ адну вакальную дарожку, якая ў далейшым не выкарыстоўвалася. Тады ж запісалі і партыю струнных. Паколькі ў Мак-Картні не было музычнай адукацыі і ён ледзь разбіраўся ў тэорыі музыкі, ён адчуваў сябе дылетантам у параўнанні з музыкантамі струннага квартэта. Мак-Картні вельмі здзівіла тое, што гэтыя прафесійныя музыканты назвалі пачатковы сямітактавы перыяд кампазіцыі «неквадратнай пабудовай» і заявілі, што «так не бывае» і што «музыку так не пішуць»[17].

Удзельнікі запісу

[правіць | правіць зыходнік]

Хаця самому Мак-Картні песня спадабалася, іншыя ўдзельнікі гурта сумняваліся, ці варта ўключаць яе ў новы альбом — бо ў яе было так мала падобнага да таго, што яны запісвалі ў той час, і яна не адпавядала вобразу гурта. Акрамя таго, Ленан, Харысан і Стар настаялі на тым, каб песню не выпускалі асобна ў Брытанііі. Адразу ж пасля выхаду альбома Help!, у які кампазіцыя ўсё-такі ўвайшла, брытанскі спявак Мэт Манро запісаў сваю версію «Yesterday», якая, уласна, і трапіла ў першую дзясятку мясцовага хіт-парада.

Паколькі The Beatles не мелі такога ўплыву на амерыканскі лэйбл гуказапісу «Capitol Records», як на брытанскі «Parlophone», яны ніяк не маглі перашкодзіць выпуску сінгла з песняй «Yesterday» у ЗША. Спачатку сінгл выдалі з кампазіцыяй «Act Naturally» на першым баку (з вакалам Рынга — тады найпапулярнейшы бітл у ЗША), але пасля вялікага поспеху «Yesterday» песні памянялі месцамі ў наступных выпусках. Гэтая кружэлка ўпершыню трапіла ў хіт-парады ЗША 29 верасня 1965 года, а 9 кастрычніка яна дасягнула вяршыні і знаходзілася на ёй на працягу месяца. Песня правяла адзінаццаць тыдняў у хіт-парадзе ЗША і была прададзена накладам адзін мільён копій за першыя пяць тыдняў. На працягу васьмі гадоў песня заставалася найпапулярнейшай кампазіцыяй на амерыканскім радыё. «Yesterday» таксама дасягнула першага месца ў хіт-парадах Канады, Новай Зеландыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Нідэрландаў, Бельгіі, Іспаніі і Ганконга, другога месца ў Аўстраліі; акрамя таго, яна была хітом у Італіі, Францыі і Малайзіі. Сінгл з песняй быў прададзены накладам звыш трох мільёнаў экземпляраў па ўсім свеце[18].

У Вялікабрытаніі песня выйшла на аднайменным міні-альбоме ў складзе альбома Help!, які стаў першай кружэлкай у гісторыі, што дэбютавала ў хіт-парадзе Вялікабрытаніі на першым месцы (прабыў на вяршыні дзевяць тыдняў).

Спіс дыскаў The Beatles, на якіх выпускалася песня

[правіць | правіць зыходнік]

Студыйныя альбомы

[правіць | правіць зыходнік]

Канцэртныя выкананні

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню песню выканалі 1 жніўня 1965 года на тэлешоў «Blackpool Night Out», у якім прымалі ўдзел не рок-музыканты, а артадаксальныя зоркі шоў-бізнесу. Пасля таго, як гурт сыграў песню «Ticket to Ride», Джордж Харысан сказаў: «Дзякуй! Цяпер мы хацелі б выканаць што-небудзь такое, чаго ніколі дагэтуль не гралі. Гэта — песня з нашага новага альбома, называецца „Yesterday“» — і дадаў: «Цудоўная магчымасць для Пола Мак-Картні з Ліверпуля!» — такімі словамі звычайна прадстаўлялі новых удзельнікаў на штотыднёвым шоў талентаў Х'юга Грына. Мак-Картні спеў у суправаджэнні гітары і фанаграмы са струннымі[16].

«Yesterday» не ўваходзіла ў канцэртную праграму 1965 года, і ўпершыню яе ўключылі ў рэпертуар падчас турне па ФРГ, Японіі, Філіпінах, ЗША і Канадзе, якое праходзіла з 24 ліпеня па 29 жніўня 1966 года.

Пасля распаду The Beatles і заснавання свайго гурта Wings Мак-Картні не выконваў на канцэртах песень The Beatles да 1975 года. Падчас першых сусветных гастроляў «Wings over the World» ім упершыню былі выкананы песні The Beatles на сцэне, уключна з «Yesterday». Гэтыя запісы трапілі на канцэртны альбом Wings over America 1976 года. З таго часу «Yesterday» стала рэгулярна выконвацца Мак-Картні на канцэртах (уключна з турне 1990-х і 2000-х гадоў)[18].

У 2006 годзе на цырымоніі Grammy Awards Мак-Картні выканаў яе разам з Linkin Park і Jay-Z.

Музыка і тэкст

[правіць | правіць зыходнік]
Акустычная гітара Epiphone Texan, на якой акампаніраваў сабе Пол Мак-Картні пры запісе песні[15]

Песня напісана ў памеры 4/4 і мае наступную структуру:
Уступ — куплет — куплет — сярэдняя частка — куплет — сярэдняя частка — куплет — завяршэнне.
У першым куплеце гучыць толькі акустычная гітара, а ў другім уступае струнны квартэт (дзве скрыпкі, альт і віяланчэль).
Асноўная танальнасць песні — фа мажор, прычым Мак-Картні настроіў гітару на тон ніжэй і таму браў гэты акорд як соль мажор. Першы куплет складаецца з сямі тактаў, што нетыпова для поп-музыкі, і ўтрымлівае тры фразы: 3+2+2.

Гарманічная паслядоўнасць выглядае такім чынам (стандартныя літарныя абазначэнні): і потым, праз паслядоўнасць акордаў II—V7 (у гэтым выпадку мі мінор — сэптакорд ад ля) пераходзіць у танальнасць шостай ступені — рэ мінор, што надае кампазіцыі меланхалічнасці. Ля7 з'яўляецца звычайнай субдамінантай, а менавіта V/vi. У заключным гарманічным развароце — падвоеная дамінанта (соль мажор) замест чаканага пераходу ў до мажор пераходзіць у субдамінантавую гармонію — сі-бемоль мажор, якая, у сваю чаргу, пераходзіць у тоніку. Бас пры гэтым рухаецца па сыходнай храматычнай лініі C-H-B-A.

Куплет складаецца з васьмі тактаў, якія ўтрымліваюць дзве аднолькава гарманізаваныя фразы па два такты.

Аранжыроўка струнных дапаўняе сумную атмасферу песні, асабліва сумная віяланчэль і яе блюзавыя ноты, якія аб'ядноўваюць дзве палавіны сярэдняй часткі[19] (адразу пасля слоў «І don’t know / she wouldn’t say»), а таксама сыходная лінія альта, якая вядзе з сярэдняй часткі назад у куплет (Мак-Картні імітуе яе голасам, пераходзячы ў апошні куплет)[20].

Журботны тэкст песні арганічна дапаўняецца гэтай мудрагелістай мелодыяй. Змест тэксту, хаця дакладна не вызначана, можа тлумачыцца як выяўленне гора па страчаным каханні. Большасць слухачоў верыць, што гаворка ідзе пра разрыў паміж закаханымі, у той час як іншыя лічаць, што песня звязана з перажываннямі аб смерці маці (Мэры Мак-Картні, маці Пола, памерла, калі ён быў падлеткам). Падобная тэматыка песні не была характэрная творчасці Мак-Картні першай палавіны 1960-х гадоў. Звычайна яго песні былі пазітыўнымі і аптымістычнымі, у той час як сумныя і інтраспектыўныя былі больш уласцівы Ленану.

Падчас выступу на «Шоў Эда Салівана» Мак-Картні выканаў песню пад акампанемент акустычнай гітары і студыйнага аркестра, у танальнасці фа мажор. На канцэртах у Токіа падчас тура 1966 года песня выконвалася з прыцягненнем астатніх удзельнікаў ансамбля ў танальнасці соль мажор.

У інтэрв'ю на шоў Говарда Стэрна Мак-Картні сказаў, што захоўвае першапачатковую версію тэкста песні, запісаную на паштовым канверце.

Узнагароды і крытыка

[правіць | правіць зыходнік]

«Yesterday» часта выконваецца і запісваецца іншымі музыкантамі — больш за любую іншую песню. Паводле Кнігі рэкордаў Гінеса, існуе каля трох тысяч розных кавер-версій песни. Сярод вядомых выканаўцаў — The Seekers, Джоан Баэз, Liberace, Фрэнк Сінатра, Рэй Чарльз, Элвіс Прэслі, Пласіда Дамінга, Джуні Русо, Том Джонс, Муслім Магамаеў, The Head Shop, Boyz II Men і The Blast[21].

«Yesterday» атрымала ўзнагароду Ivor Novello Award у катэгорыі «Лепшая песня 1965 года» і стала другой сярод самых выконваемых песень таго года (першай была іншая песня Мак-Картні, «Michelle»).

У 1999 годзе Broadcast Music Incorporated змсяціла песню на трэцяе месца ў спісе песень, якія найчасцей выконваліся ў XX стагоддзі на амерыканскім радыё і тэлебачанні (каля сямі мільёнаў разоў). Першае і другое месцы занялі адпаведна «You’ve Lost That Loving Feeling» дуэта The Righteous Brothers і «Never My Love» гурта The Association[22]. У тым жа годзе паводле вынікаў праведзенага апытання BBC Radio назвала «Yesterday» лепшай песняй стагоддзя. У спісе 500 найвялікшых песень усіх часоў паводле часопіса Rolling Stone, створаным у 2004 годзе, песня заняла трынаццатае месца.

Пры гэтым песня крытыкавалася за банальнасць, саладжавасць і сентыментальнасць. Боб Дылан заявіў, што «калі вы пойдзеце ў Бібліятэку Кангрэса, то знойдзеце мноства лепшых песень. Такіх песень, як „Michelle“ і „Yesterday“ — мільёны, і ўсе яны пішуцца на Цін Пэн Элі». Аднак ён запісаў сваю версію песні, якая ніколі не выдавалася[23].

У 1980 годзе, незадоўга да гібелі, Ленан сказаў пра словы песні: «Яны добрыя, але там няма ніякай развязкі. Калі прачытаць тэкст цалкам, ён нічога вам не скажа, немаведама што там здарылася — яна сышла, і ён хоча, каб зноў прыйшоў учорашні дзень — гэта ўсё. Прыгожа, але я б ніколі не хацеў быць аўтарам падобнай песні»[24]. Да таго ж у скіраваную супраць Пола Мак-Картні песню «How Do You Sleep?» са свайго альбома Imagine ён уключыў словы «The only thing you done was yesterday…» (з англ. — «Адзінае (вартае), што ты зрабіў, было ўчора…»[25]).

«Yesterday» папулярызавала жанр балады сярод рок-выканаўцаў і натхніла іншых музыкантаў на выкарыстанне струнных інструментаў. Саліст гурта The Rolling Stones Мік Джагер заявіў пасля праслухоўвання песні: «Хацеў бы я так спяваць!». Балада Джагера і Рычардса «As Tears Go By» 1965 года лічыцца своеасаблівым адказам на «Yesterday»[26].

У ліпені 2003 года BBC News апублікавала нататку пра тое, што брытанскія музыказнаўцы выявілі падабенства песні «Yesterday» і песні Нэта Кінга Коўла «Answer Me»[27] і дапусцілі, што апошняя магла быць крыніцай натхнення Мак-Картні. Галоўным чынам яны акцэнтавалі ўвагу на падабенстве тэкстаў песень[28]:
«Yesterday» пачынаецца са слоў:

Yesterday, all my troubles seemed so far away, now it looks as though they’re here to stay.

У песні «Answer Me» ёсць такія словы:

Yesterday, І believed that love was here to stay, won’t you tell me where І've gone astray.

Сам Мак-Картні на гэта адказаў, што для яго гэтыя дзве песні настолькі ж падобныя, наколькі «God Save the Queen» падобная да «Get Back»[28].

Ен Хаманд дапусціў, што Мак-Картні напісаў песню па матывах кампазіцыі «Georgia On My Mind», хаця ў канцы свайго артыкула заявіў, што нягледзячы на ўсё «Yesterday» — гэта самабытная і індывідуальная работа.

Штотыднёвыя чарты

[правіць | правіць зыходнік]
Чарт (1965) Вышэйшая
пазіцыя
 Аўстралія (Kent Music Report)[29] 2
Аўстрыя Ö3 Austria Top 75[30] 10
Бельгія Ultratop Flanders[31] 1
 Данія (Salgshitlisterne Top 20)[32] 7
 Фінляндыя (Suomen virallinen lista)[33] 1
 Італія (Musica e Dischi)[34] 15
Нідэрланды Mega Single Top 100[35] 1
 Новая Зеландыя (Lever Hit Parade)[36] 2
Нарвегія VG-lista[37] 1
 Швецыя (Kvällstoppen)[38] 1
 Швецыя (Tio i Topp)[39] 1
Злучаныя Штаты Амерыкі Billboard Hot 100[40] 1
 ЗША (Cash Box Top 100)[41] 1
 Германія (Media Control Singles Chart)[42] 6
Штотыднёвыя чарты для перавыдання
Чарт (1976) Вышэйшая
пазіцыя
 Аўстралія (Kent Music Report)[29] 86
Нідэрланды Mega Single Top 100[35] 26
Вялікабрытанія UK Singles Chart[43] 8
Чарт (2010) Вышэйшая
пазіцыя
Іспанія PROMUSICAE[44] 44
Польшча Polish Airplay Top 5[45] 5

Гадавыя выніковыя чарты

[правіць | правіць зыходнік]
Чарт (1965) Пазіцыя
 ЗША Cash Box[46] 68
  1. Gorlinski 2010, p. 275.
  2. Sue Byrom Review: The Beatles – «Yesterday»(англ.) // 'Record Mirror & Disc' : magazine. — London: United Newspapers, 1976. — 13 March — С. 23. — ISSN 0144-5804. Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2021.
  3. а б ISWC Network Праверана 27 кастрычніка 2019.
  4. Fontenot, Robert. [oldies.about.com/od/thebeatlessongs/a/yesterday.htm The history of this classic Beatles' song]. About.com. Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2017. Праверана 27 жніўня 2016.
  5. BMI Announces Top 100 Songs of the Century (англ.). BMI.com News. Broadcast Music Incorporated (13 снежня 1999). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 15 кастрычніка 2008.
  6. Bruch and Beatles top radio polls (англ.). BBC News. BBC (6 красавіка 1999). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 15 кастрычніка 2008.
  7. Judson Knight. Abbey Road to Zapple Records. A Beatles Encyclopedia. — Taylor Trade Publishing, 1999. — P. 244. — 304 p. — ISBN 0878332405, 9780878332403.
  8. Most Recorded Song (англ.)(недаступная спасылка). Guinness World Records. A HIT Entertainment Ltd. Company. — Запіс даступны ў веб-архіве. Архівавана з першакрыніцы 26 верасня 2003. Праверана 15 кастрычніка 2008.
  9. Fred Bronson. Yesterday. The Beatles // The Billboard Book of Number 1 Hits: The Inside Story Behind Every Number One Single on Billboard's Hot 100 from 1955 to the Present (англ.). — Billboard Books, 2003. — P. 185. — 980 p. — ISBN 0823076776, 9780823076772.
  10. Названа лучшая песня в истории человечества (руск.). Lenta.ru. Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2019. Праверана 30 мая 2019.
  11. The Beatles Anthology (англ.). — Chronicle Books, 2000. — С. 175. — 368 с. — ISBN 0811826848, 9780811826846.
  12. Miles, Barry. c. 204—205
  13. Gaby Whitehill. Paul McCartney: 'I realise now that 'Yesterday' is about my mum' (англ.). Gigwise (26 верасня 2013). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2013. Праверана 27 верасня 2013.
  14. Ortiz, Marcos (2005). «Marcos' Beatles Page — „Yesterday“». (англ.)
  15. а б Walter Everett. The Beatles As Musicians: Revolver Through the Anthology (англ.). — Oxford University Press, 1999. — P. 12. — 9780199880935 p.
  16. а б Coleman, Ray. Раздзел «A string quartet».
  17. The Beatles. Yeah! Йеа! Yeah! Том 1. Издательство т/о «Диалог», 1995. ISBN 5886470192.
  18. а б Coleman, Ray. Раздзел: «Yesterday»: A miscellany.
  19. Pollack, Alan W. Notes on «Yesterday» (Дэталёвы музыказнаўчы аналіз песні) (12 лістапада 1993). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012. Праверана 4 жніўня 2008.
  20. Cahill, Greg. «Encore: It Was 40 Years Ago Today — How the Beatles Launched a String-Playing Revolution», Strings Go to Journal Record 20:1:130 (June-July 2005). С. 162.
  21. [BBC Radio 2. Спіс найвядомейшых кавераў «Yesterday» (англ.). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2005. Праверана 25 верасня 2008. BBC Radio 2. Спіс найвядомейшых кавераў «Yesterday» (англ.)]
  22. «BMI Announces Top 100 Songs of the Century». Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2013. Праверана 25 верасня 2008.
  23. Mallick, Heather «Past Perfect»
  24. Архіў інтэрв'ю The Beatles
  25. У гэтым радку прысутнічае гульня слоў, дзе слова «yesterday» адначасова азначае штосьці вобразна ўстарэлае і ў той жа час здзекліва адсылае да найпапулярнейшай песні Пола Мак-Картні «Yesterday».
  26. Хектор, Джеймс. Полный путеводитель по музыке «Роллинг Стоунз», пер. с англ., издательство «Локид», Москва, 1997 ISBN 5-86217-069-3, с. 17
  27. Answer Me, My Love by Nat King Cole W/ Lyrics на YouTube.
  28. а б King Cole 'influenced' Beatles hit. BBC News (7 ліпеня 2003). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2012.
  29. а б Kent, David (2005). Australian Chart Book (1940–1969). Turramurra: Australian Chart Book. ISBN 0-646-44439-5.
  30. The Beatles — Yesterday Austriancharts.at (ням.). Ö3 Austria Top 40. Hung Medien.
  31. Ultratop.be — The Beatles — Yesterday (гал.). Ultratop 50. ULTRATOP & Hung Medien / hitparade.ch.
  32. The Beatles - Salgshitlisterne Top 20(недаступная спасылка). Danske Hitlister. Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2013. Праверана 2 жніўня 2022.
  33. Nyman, Jake (2005). Suomi soi 4: Suuri suomalainen listakirja(фін.) (1st ed.). Helsinki: Tammi. ISBN 951-31-2503-3.
  34. Classifiche (італ.). Musica e dischi. Праверана 31 мая 2022. Set «Tipo» on «Singoli». Then, in the «Titolo» field, search «Yesterday».
  35. а б Dutchcharts.nl — The Beatles — Yesterday (гал.). Mega Single Top 100. Hung Medien / hitparade.ch.
  36. Flavour of New Zealand, 11 November 1965(недаступная спасылка). Flavourofnz.co.nz. Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2021. Праверана 30 чэрвеня 2019.
  37. Norwegiancharts.com — The Beatles — Yesterday. VG-lista. Hung Medien.
  38. Hallberg, Eric (1993). Eric Hallberg presenterar Kvällstoppen i P 3: Sveriges radios topplista över veckans 20 mest sålda skivor 10. 7. 1962 - 19. 8. 1975. Drift Musik. p. 130. ISBN 9163021404.
  39. Hallberg, Eric; Henningsson, Ulf (1998). Eric Hallberg, Ulf Henningsson presenterar Tio i topp med de utslagna på försök: 1961 - 74. Premium Publishing. p. 53. ISBN 919727125X.
  40. ERROR: Billboard chart was invoked without providing an artist id. Artist id is a mandatory field for this call.The Beatles Album & Song Chart History Billboard Hot 100, The Beatles. Prometheus Global Media.
  41. Hoffmann, Frank (1983). The Cash Box Singles Charts, 1950–1981. Metuchen, NJ & London: The Scarecrow Press, Inc. pp. 32–34.
  42. Offizielle Deutsche Charts (ням.) (Enter "Beatles" in the search box). GfK Entertainment Charts. Праверана 16 мая 2016.
  43. Archive Chart UK Singles Chart. The Official Charts Company.
  44. Spanishcharts.com — The Beatles — Yesterday Canciones Top 50. Hung Medien.
  45. Listy bestsellerów, wyróżnienia: Związek Producentów Audio-Video. Polish Airplay Top 5. ZPAV.
  46. Cash Box Year-End Charts: Top 100 Pop Singles, December 25, 1965(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2015. Праверана 11 чэрвеня 2021.

Анлайн-даведнікі:

Тэматычныя артыкулы ў электронных выданнях: