Ла-Ла Лэнд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ла-Ла Лэнд
па-ангельску: La La Land
Жанр фільм пра каханьне[d], камэдыйная драма[d], кінакамэдыя[d], музычны фільм[d] і драматычны фільм[d]
Рэжысэр
Сцэнарыст
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Том Крос[d]
Вытворчасьць Lions Gate Entertainment[d] і Summit Entertainment[d]
Распаўсюд Summit Entertainment[d]
Дата выхаду 12 студзеня 2017[3], 7 сьнежня 2016, 9 сьнежня 2016, 25 студзеня 2017, 23 лютага 2017, 12 студзеня 2017[4] і 29 сьнежня 2016[5]
Працягласьць 128 хвіліна[4]
Краіна
Мова ангельская мова
Бюджэт 30 000 000 $
Прыбытак 471 981 104 $[6] і 151 101 803 $[6]
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Ла-Ла Лэнд» (па-ангельску: La La Land) — амэрыканскі рамантычны фільм-м’юзыкал 2016 году, напісаны рэжысэрам Дэм’енам Шазэлам. Зоркамі фільму сталі Раян Госьлінг, які выканаў ролю джазавага піяніста, і Эма Стоўн, якая сыграла пачатковую акторку, якія сустрэлі і пакахалі адзін аднаго, ажыцьцяўляючы свае мары ў Лос-Анджэлесе. Іншыя ролі выканалі Джон Лэджэнд, Размары Дэўіт, Фін Ўітрак і Дж. К. Сыманз ды іншыя.

Захапіўшыся м’юзыкламі ў той час як займаўся гульнёй на бубнах, Шазэл упершыню стварыў канцэпцыю фільму разам з Джастынам Гурўіцам, навучыючыся разам у Гарвардзкім унівэрсытэце. Пасьля пераезду ў Лос-Анджэлес у 2010 годзе Шазэл напісаў сцэнар, але не знайшоў студыі, якая была бы гатовая прафінансаваць пастаноўку бязь зьменаў у сюжэце. Толькі пасьля посьпеху іншага фільму Шазэла «Апантанасьць» (2014) праектам зацікавілася студыя Summit Entertainment. Здымкі праходзілі ў Лос-Анджэлесе з жніўня па верасень 2015 году, партытуру фільму склаў Гурўіц, а танцавальная частка ёсьць пастановай Мэндзі Мур.

Прэм’ера кінастужкі адбылася на Вэнэцыянскім кінафэстывалі 31 жніўня 2016 году, у пракат фільм выйшаў у ЗША 9 сьнежня 2016 году. Сусьветныя касавыя зборы «Ла-Ла Лэнду» склалі 446 мільёнаў даляраў супраць бюджэту вытворчасьці ў 30 мільёнаў даляраў. Фільм атрымаў высокую адзнаку за сцэнар і рэжысуру Шазэла, выступы Госьлінга і Стоўн, музычную частку і нумары, візуальныя эфэкты, кінэматаграфію і агульную пастаноўку. Кінастужка атрымала рэкордныя сем узнагародаў зь сямі намінацыяў на прэмію «Залаты Глёбус» і атрымаў адзінаццаць намінацыяў на кінапрэмію Брытанскае акадэміі, атрымаўшы пяць узнагародаў, у тым ліку за найлепшы фільм. Ён таксама атрымаў рэкордныя чатырнаццаць намінацыяў на прэмію «Оскар», аднак перамогу атрымаў толькі ў шасьці намінацыях, у тым ліку за найлепшую рэжысуру і найлепшую жаночую ролю.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас затору руху на мосьце ў Лос-Анджэлесе, пачатковая акторка Мія Долан (Эма Стоўн) была ўцягнутая ў дробную сварку з Сэбаст’янам «Сэбам» Ўайлдэрам (Раян Госьлінг), амбітным джазавым піяністам. Пасьля цяжкага працоўнага дню Мія наведвае праслухоўваньне, якое сапсавалася, калі дырэктарка кастынгу адказала на тэлефонны званок падчас эмацыйнае сцэны Міі. У тую ноч сужыцелькі Міі, бачачы ейны смутак няўдалым днём, выцягваюць яе на вечарыну на Галівудскіх пагорках, абяцаючы ёй, што хтосьці з натоўпу можа даць старт ейнае акторскае кар’еры. Пасьля мерапрыемства, аднак, яна знаходзіць, што ейны самаход адбуксіраваны празь няслушную паркоўку, і Мія расчараваная самотна ідзе дадому.

Падчас канцэрту ў рэстарацыі Сэб захапіўся і распачаў джазавую імправізацыю, забыўшыся на ​​папярэджаньне ўладальніка граць толькі традыцыйныя калядныя творы. Мія, праходзячы міма завядзеньня, зачаравалася музыкай і, расчуленая, увайшла ў рэстарацыю, каб стаць сьведкай звальненьня Сэба за непадпарадкаваньне. Калі ён забіраў грошы і выбягаў з рэстарацыі, Мія спрабавала зрабіць яму камплімэнт, але той адмахнуўся ад яе. Празь некалькі месяцаў Мія натыкнулася на Сэба на вечарыне, дзе ён граў у поп-кавэр-гурце 1980-х гадох. Пасьля канцэрту абодва ішлі да сваіх самаходаў і наракалі на тое, што такую выдатную ноч яны мелі правесьці разам, не зважаючы на ​​відавочную «хімію» паміж імі. Мія знайшла свой самаход першай, і пасьля таго, як яна ад’ехала, Сэб ідзе назад з пагорка, адкуль яны прыйшлі за самаходам, паказваючы гледачу, што ён прайшоў далей, чым трэба, каб правесьці зь Міяй больш часу.

У другі дзень Сэб прыехаў на працоўнае месца Міі, і яна зрабіла яму экскурсію вакол Warner Bros., дзе яна працуе барыстай, тлумачачы сваё захапленьне акторскім майстэрствам. У адказ, ён павёў яе ў джазавы клюб, расказваючы пра сваё захапленьне джазам і жаданьне адкрыць уласны клюб. Сэб запрасіў Мію на паказ фільму «Бунтаўнік бяз чыньніку», і яна прыняла прапанову, забыўшыся на абяцаньне свайму хлопцу Грэгу (Фін Ўітрак) пайсьці зь ім на сумеснае спатканьне зь ягоным братам. Мія разам з Грэгам наведвае рэстарацыю, аднак, сумуючы, зьбягае адтуль і накіроўваецца ў тэатр і знаходзіць Сэба, які ўжо глядзіць фільму. Падчас прагляду у кінатэатры адбыўся тэхнічны збой і героі фільму завяршаюць вечар рамантычным наведваньнем абсэрваторыі Грыфіту.

Пасьля новых няўдалых праслухоўваньняў, Мія вырашыла напісаць п’есу, дзе будзе толькі адна ейная роля. Сэб пры гэтым яе падбадзёрвае, пераконваючы, што гэтая ідэя скончыцца посьпехам. Сэб пачынае рэгулярна выступаць у джаз-клюбе, і яны зьязджаюцца разам. Празь некаторы час, неўзабаве, Сэб сустракае ў клюбе свайго былога аднаклясьніка Кіта (Джон Лэджэнд), які запрашае піяніста стаць клявішнікам у сваім джазава-ф’южн калектыве, дзе Сэб атрымае стабільны заробак. Не зважаючы на тое, што Сэб расчараваны поп-стылем гурта, ён усё ж такі падпісвае кантракт, падслухаўшы ранішную размову Міі зь маці, калі тая спрабуе пераканаць маці, што Сэб працуе над ягонай кар’ерай і будзе мець добры заробак. Да гурта прыходзіць посьпех, але Мія разумее, што гэта ня той тып музыкі, які хоча выконваць Сэб.

Падчас першага тура гурта Мія і Сэб сварацца. Яна абвінавачвае яго ў адмове ад мараў, а ён сьцьвярджае, што ён ёй больш падабаўся, калі ня меў посьпеху. Праз два тыдні Сэб прапускае пастанову Міі праз фотасэсію, пра якую ён забыўся. Спэктакль ідзе ня так, як плянавалася, бо на ім прысутнічае мала людзей, да таго ж Мія падслухала грэблівыя камэнтары наконт ейнага выступу. Ня здолеўшы дараваць Сэба за тое, што ён прапусьціў п’есу, Мія спыняе іхныя адносіны і вяртаецца дадому ў Боўлдэр-Сіці.

Празь нейкі час Сэбу патэлефанаваў вядомы рэжысэр кастынгу, які прысутнічаў на спэктаклі Міі, і запрасіў яе на праслухоўваньне да будучага фільму. Сэб едзе ў Боўлдэр-Сіці і ўгаворвае Мію прысутнічаць на кастынгу. Падчас праслухоўваньня Мію просяць проста расказаць гісторыю. У адказ Мія сьпявае гісторыю пра тое, як ейная цётка, былая акторка тэатру, якая ў выніку памерла ад алькагалізму, натхніла яе перасьледваць свае мары. Сэб, упэўнены, што праслухоўваньне прайшло пасьпяхова, заклікае Мію прысьвяціць сябе акторскаму майстэрству. Абодва клянуцца, што заўсёды будуць кахаць адзін аднаго, але разыходзяцца кожны па сваім шляху, каб прытрымлівацца мараў.

Празь пяць гадоў Мія стала вядомай акторкай і абралася шлюбам зь іншым мужчынам, Дэйвідам (Том Эвэрэт Скот), зь якім у яе ёсьць дачка. Аднойчы ноччу маладыя натрапляюць на джазавы бар. Заўважыўшы калісьці распрацаваны ёю лягатып, Мія разумее, што Сэб усё ж адкрыў уласны клюб. Калі Сэб заўважае Мію ў натоўпе, ён пачынае гуляць на фартэпіяна іхную любоўную тэму. Раскрываецца пасьлядоўнасьць мараў, у якіх абодва ўяўляюць, што магло бы быць, калі іхныя адносіны разьвіваліся разам з кар’ерай. Пасьля мараў, Мія і Сэб моўчкі абменьваюцца ўсьмешкамі, перш чым Мія сыходзе з мужам.

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатковая стадыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны аўтар ідэі і рэжысэр каінастужкі Дэм’ен Шазэл.

Былы гулец на бубнах, Дэм’ен Шазэл мае схільнасьць да фільмаў пра музыку[7]. Ён напісаў сцэнар фільму яшчэ ў 2010 годзе, калі, на ягоную думку, кінаіндустрыя здавалася яму недасягальнай. Ягоная ідэя палягала ў тым, каб узяць стары м’юзыкал, але пакласьці ў ягоную аснову сапраўднае жыцьцё, дзе ўсё не заўжды добра складваецца[7] і аддаць гонар творчым людзям, якія выпраўляюцца ў Лос-Анджэлес у пагоні за марай. Ён задумаў фільм, калі быў студэнтам Гарвардзкага ўнівэрсытэту, разам са сваім аднакурсьнікам Джастынам Гурўіцам. Удвух яны раскрылі гэту тэму ў выпускной працы, малабюджэтным м’юзыкле пра бостанскага джазавага музыку «Хлопец і Мэдлін на паркавай лаўцы». Шазэл зьняў яго ў стылі гарадзкіх сымфанічных фільмаў 1920-х гадоў, як «Мангэтан» (1921) і «Чалавек з кінаапаратам» (1929), каб аддаць даніну павагі гарадам[8]. Пасьля сканчэньня навучаньня ў 2010 годзе абодва пераехалі ў Лос-Анджэлес і працягнулі пісаць сцэнар, але зрабілі некалькі невялікіх зьменаў. Гэтак месцам дзеяньня замест Бостану стаў Лос-Анджэлес.

Замест таго, каб параўнаць Лос-Анджэлес з чарамі Парыжу ці Сан-Францыска, ён засяродзіўся на адметных якасьцях гораду, як то транспартны трафік, расьцяжанасьць гораду і краявіды. Стыль і тон фільму былі натхнёныя карцінамі Жака Дэмі «Шэрбурскія парасоны» і «Дзяўчыны з Рашфору», асабліва апошнім, які быў больш танцавальным і арыентаваным на джаз. Фільм напоўнены візуальнымі адсылкамі да такой галівудзкай клясыкі, як то «Брадўэйская мэлёдыя 1940 году», «Сьпяваючы пад дажджом» і «Тэатральны фургон». Ён падобны ў раскрыцьці пэрсанажаў і тэмы з папярэднім фільмам Шазэла — «Апантанасьць». Паводле словаў Шазэлу, абодва фільмы расьпавядаюць пра змаганьне быць артыстам і замірэньне сваіх мараў з патрэбай быць чалавекам. «Ла-Ла Лэнд» толькі нашмат менш жорсткі ў гэтым пляне. Абодва фільмы адлюстроўваюць уласны досьвед рэжысэра, які пракладае сабе шлях па кар’ерных усходах Галівуду[9]. Кінастужка была ў прыватнасьці натхнёная ягоным досьведам пераезду з усходняга ўзьбярэжжа зь перакананьнямі, што Лос-Анджэлес складаецца ўсяго толькі зь вялікімі дарогамі для самаходаў».

Шазэл ня мог знайсьці прадусараў да свайго фільму многія гады, бо ніводная студыя не жадала фінансаваць арыгінальны сучасны фільм безь вядомых песень. Акрамя таго, фільм задумваўся як джазавы м’юзыкал, што The Hollywood Reporter называла «вымерлым жанрам». На думку Шазэла гэта мела месца празь невядомасьць яго і Гурўіца, што рабіла праект у вачох фінансістаў сумнеўным[10][11]. Першых прадусараў Шазэл знайшоў празь сяброў, якія пазнаёмілі яго з Фрэдам Бэргерам і Джорданам Гораўіцам. Маючы двух прадусараў, сцэнар быў адпраўлены ў Focus Features, а меркаваны бюджэт дасягаў мільён даляраў. Аднак студыя запатрабавала зьмяніць сцэнар. У прыватнасьці джазавы піяніст павінен быў стаць рок-музыкам, складаная пачатковая сцэна — перароблена, а фінал зьменены на хэпі-энд. Шазэл адмовіўся ад рэалізацыі такіх зьменаў і рушыў далей[11].

Пазьней Шазэл напісаў «Апантанасьць» з больш простай канцэпцыяй дзеля продажу і зь меншымі рызыкамі[12]. Пасьля таго, як фільм быў добра прыняты крытыкамі на прэм’ерным паказе ў 2014 годзе, Шазэл працягнуў прасоўваць «Ла-Ла Лэнд»[11]. Годам пазьней, калі «Апантанасьць» атрымаў пяць намінацыяў на «Оскар», у тым ліку ў катэгорыі за найлепшы фільм, і сабраў 50 мільёнаў даляраў у сусьветным пракаце пры бюджэце ў 3,3 мільёны, Шазэл са сваім праектам сталі цікавымі для студыяў[10].

Празь пяць гадоў пасьля напісаньня сцэнару Summit Entertainment і Black Label Media супольна з прадусарам Маркам Плэтам пагадзіліся інвэставаць у «Ла-Ла Лэнд»[13]. Яны былі ўражаны водгукамі крытыкаў і камэрцыйным посьпехам «Апантанасьці»[9]. Патрык Ваксбэргер з Lionsgate, што раней працаваў над франшызай «Крок наперад», пераканаў Шазэла павялічыць бюджэт фільму, бо якасныя м’юзыклы не павінны быць таннымі[14].

Кастынг[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раян Госьлінг выканаў адну з галоўных роляў.

Ад пачатку галоўныя ролі павінны былі сыграць Майлз Тэлер і Эма Ўотсан. Апошняя зь якіх аддала перавагу здымкам у «Красуні і Пачвары», тым часам як Тэлер сышоў пасьля працяглых перамоваў[15]. У сваю чаргу Госьлінг сам адмовіўся ад ролі Пачвары ў «Красуні і пачвары» на карысьць «Ла-Ла Лэнду»[16]. Шазэл вырашыў зрабіць пэрсанажаў трохі больш сталымі, больш дасьведчанымі, а не маладымі навічкамі, якія толькі што прыбылі ў Лос-Анджэлес[11].

Эма Стоўн выкана ролю Міі, якая імкнецца стаць акторкай і працуе ў кавярні на Warner Bros. Стоўн любіць м’юзыклы з 8 гадоў, калі яна ўпершыню пабачыла «Адрынутых» і сказала, што ўрывацца ў песьню было яе сапраўднай марай, і што ейным любімым фільмам зьяўляецца рамантычная камэдыя Чарлі Чапліна «Агні вялікага гораду»[10]. Эма займалася пом-танцамі ў дзяцінстве і год паведвала балетную школу[10]. Стоўн пераехала ў Галівуд са сваёй маці ў 15 гадоў, каб працягнуць сваю кар’еру, і першы год увесь час змагалася за праслухоўваньні. Але калі прыходзіла, ёй часта адмаўлялі пасьля таго, як яна пачынала сьпяваць ці гаварыла толькі адзін радок[17]. Стоўн дадала ў вобраз свайго пэрсанажу трошачку свайго ўласнага досьведу, што ўвайшло ў фільм.

Яна сустрэла Шазэла ў 2014 годзе падчас свайго брадўэйскага дэбюту ў пастаноўцы «Кабарэ». Шазэл і Гурўіц убачылі ейны вечаровы выступ, калі акторка хварэна на застуду[10][18]. Стоўн сустрэлася з Шазэлам у Нью-Ёрку, дзе рэжысэр распавёў пра сваё бачаньне фільму[19]. Пасьля свайго выступу ў «Кабарэ» Стоўн мела больш упэўненасьці ў сабе і была гатова даць рады фільму[19]. Рыхтуючыся да ролі, Стоўн пераглядзела фільмы-м’юзыклы, што натхнілі Шазэла, у тым ліку «Шэрбурскія парасоны» і фільмы з Фрэдам Астэрам і Джынджэр Роджэрз. Яна прыняла прапанову менавіта праз моцную захопленасьць Шазэла сваім праектам[19].

Раян Госьлінг выканаў ролю Сэбастыяна, джазавага піяніста, які зарабляе на жыцьцё ігрой у кактэйльных барах і марыць адкрыць уласны клюб[10]. Як і Стоўн, Госьлінг дадаў свой акторскі досьвед у фільм. Адзін з выпадкаў быў выкарыстаны для эпізоду зь Міяй. Госьлінг меў эмацыйную сцэну са сьлязьмі на вачох на праслухоўваньнях, тым часам як кастынг-дырэктар узяў тэлефон, каб абмеркаваць свае пляны на абед[10][17][20]. Шазэл сустрэўся з Госьлінгам у бары каля ягонага дому ў Галівуд-Гілз перад пачаткам здымак апошняга ў фільме «Вялікі продаж без пакрыцьця»[11].

Шазэл паклікаў Стоўн і Госьлінга ў праект адразу, як студыя купіла фільм[9]. Ён казаў, што яны з сучасных актораў найбліжэй падобныя да старой пары Галівуда, як Спэнсэр Трэйсі і Кэтрын Гэпбэрн, Фрэд Астэр і Джынджэр Роджэрз, Гамфры Богард і Лорэн Бэкол, Мірна Лой і Ўільям Паўэл[21]. Для Госьлінга і Стоўн гэта быў трэці супольны фільм пасьля «Гэтае бязглуздае каханьне» і «Паляўнічых на гангстэраў»[22]. Абодва акторы навучыліся сьпяваць і танцаваць, каб выканаць шэсьць песень фільму[11]. Астатнія акторы, як то Дж. К. Сыманз, Саноя Мідзуна, Джэсыка Рот, Калі Эрнандэс, Фін Ўітрак, Розмары Дэўіт, Джон Лэджэнд, Джэйсан Фукс, Міген Фэй[23][24][25][26] — далучыліся да складу ў ліпені і жніўні 2015 году. Лэджэнд выканаў ролю Кіта, старога сябра Сэбастыяна[10].

Харэографам фільму выступіла Мэндзі Мур. Рэпэтыцыі адбываліся ў вытворчым офісе ў раёне Этўотэр-Віладж на працягу трох-чатырох месяцаў, пачынаючы з траўня 2015 году. Госьлінг практыкаваўся ў ігры на піяніна ў адным пакоі, Стоўн працавала з Мур у іншым, а дызайнэрка касьцюмаў Мэры Зофрэс мела свой куток[10][11]. Госьлінг, які ня меў належнага досьведу, павінен быў навучыцца іграць на піяніна[27]. Мур падкрэслівала, што ключавой была праца над эмоцыямі чым над тэхнікай, пра што расказвала Стоўн[10]. Каб дапамагчы свайму акторскаму складу і здымачнай групе настроіцца на патрэбны лад, Шазэл праводзіў пятніцамі ў вечары агульны прагляд клясычных фільмаў, якія натхнілі яго, у тым ліку «Шэрбурскія парасоны», «Сьпяваючы пад дажджом», «Цыліндар» і «Ночы ў стылі бугі»[11].

Здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эма Стоўн выканала ролю Міі, аднаго з галоўных пэрсанажаў.

Ад пачатку Шазэл хацеў, каб музычныя нумары фільма былі зьнятыя з галавы да пятаў і адным дублем, як працы 1930-х гадоў Фрэда Астэра і Джынджэр Роджэрз[19]. Таксама ён хацеў зрабіць фільм шырокаэкранным у фармаце CinemaScope як м’юзыклы 1950-х гадоў накшталт «Заўсёды добрае надвор’е». У выніку фільм быў зьняты на цэлюлёідную плёнку ня ў лічбавым фармаце на камэру Panavision у шырокаэкранным фармаце, але не ў сапраўдным CinemaScope, бо гэта тэхналёгія ёсьць на сёньня страчанай[28][29][30][31].

Шазэл жадаў зрабіць Лос-Анджэлес асноўным месцам дзеяньня свайго фільму, каментуючы, што ёсьць нешта вельмі паэтычнае ў гэтым горадзе, пра які ён думае, горадзе, які будуецца людзьмі зь нерэальнымі марамі і людзьмі, што паставілі на кон усё[7]. Здымкі фільму афіцыйна пачаліся ў горадзе 10 жніўня 2015 году і праходзілі ў больш чым 60 месцах Лос-Анджэлесу, улучаючы фунікулер «Палёт анёлаў» у цэнтры гораду, дамы на Галівудзкіх узгорках, мост Каларада-стрыт, тэатар Рыялта ў Паўднёвай Пасадэне, студыю Warner Bros., рынак Grand Central Market, кавярню Lighthouse і вежы Ўотс, у якіх здымалі некалькі сцэнаў адным дублем. Здымкі доўжыліся 40 дзён і скончыліся ў сярэдзіне верасьня 2015 году[11][32][33].

Фунікулер «Палёт анёлаў», які быў зачынены прыблізна на чатыры гады, у тым ліку на момант здымак, быў адчынены на адзін дзень выключна дзеля фільму.

Пачатковая сцэна была зьнята першай на перакрытай частцы аўтабану на трасе Лос-Анджэлеса[11], што злучае 105 і 110 аўтастрады, якія вядуць у цэнтар гораду. Яе здымалі на працягу двух дзён з удзелам больш чым сотні танцораў[9]. У гэтае сцэне Шазэл хацеў даць зразумець, наколькі вялікі горад[8]. Сцэна плянавалася на першым узроўні шашы, пакуль рэжысэр ня вырашыў здымаць злучэньне 105—110 у 30 мэтрах над зямлёй. Мастак-пастаноўшчык Дэйвід Ўоска ўспамінаў, што ён меркаваў, што нехта зваліцца з мосту і загіне. Шазэл параўнаў сцэну з дарогай з жоўтай цэглы, што вяла ў Смарагдавы горад у «Чараўніку краіны Оз»[11].

Дзеля здымак «старога Лос-Анджэлесу» Шазэл знайшоў месцы, якія былі ў руінах ці разбураныя. Адным з такіх месцаў стаў фунікулер «Палёт анёлаў», пабудаваны ў 1901 годзе. Фунікулер быў зачынены ў 2013 годзе пасьля аварыі. Былі распачаты спробы рамонту і паўторнага адкрыцьця славутасьці, але скончыліся яны безвынікова. Тым ня менш здымачная група здолела атрымаць дазвол на ейнае выкарыстаньне на працягу дню[8]. Мія, паводле фільму, ёсьць працаўніцай кавярні на студыі Warner Bros., якая, на думку Шазэла, зьяўляецца адным з помнікам Галівуду. Мастак-пастаноўшчык Ўоска стварыў мноства падробленых старых плякатаў. Шазэл час ад часу ствараў назвы для іх, аднойчы выкарыстаўшы назву сваёй першай карціны «Хлопец і Мэдлін на паркавай лаўцы» у якасьці постэра[8].

Шасьціхвілінная сцэна «A Lovely Night» павінна была быць зьнятая падчас кароткага моманту «чароўнай гадзіны» на заходзе сонца[10]. Калі Раян Госьлінг і Эма Стоўн нарэшце скончылі, акторка ўспамінала, як усе проста вытыхнуліся[19]. Паколькі Госьлінг і Стоўн ня былі прафэсійнымі танцорамі, яны зрабілі шэраг памылак, асабліва падчас працяглых бесьперапынных музычных нумароў, зьнятых адным дублем. Тым ня менш Шазэл спачуваў ім, разумеючы іхную нястачу у досьведзе і не зважаючы на іхныя памылкі[13]. Пакуль здымаўся першы танец Сэбастыяна і Міі, Стоўн спатыкнулася аб спінку лавы, але працягнула танчыць паводле сцэнару[13].

Сцэна спрэчкі падчас рамантычнае вячэры, якую герой Госьлінга згатаваў для Міі, была адной з тыз, якую перарабілі шмат разоў. Госьлінг і Стоўн таксама дапамаглі стварыць дыялёг у сцэне, каб зрабіць яе адной з найбольш рэалістычных сцэнаў у фільме, напоўненым фантастычнымі элемэнтамі[34]. Шазэл правёў амаль год за мантажом фільму з мантажорам Томам Кросам, бо яны былі зацікаўлены ў першую чаргу ў слушным тоне карціны[11].

Музычны дадатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Песьні і партытуру для фільму склаў і арганізаваў Джастын Гурўіц, аднакурсьнік Шазэла па Гарвардзкаму ўнівэрсытэту, які таксама працаваў над двума папярэднімі фільмамі рэжысэра[35]. Тэксты песень напісаныя Пасэкам і Полам[36], за выключэньнем «Start a Fire», якую напісалі Джон Лэджэнд, Гурўіц, Марыюс дэ Врыс і Анжэлік Сынэлю[37]. Альбом з саўндтрэкам пабачыў сьвет 9 сьнежня 2016 году, у ім былі выбраныя партытуры Гурўіца і песьні ў выкананьні акторскага складу.

Выхад і рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касавыя зборы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эма Стоўн, Джастын Гурўіц, Дэм’ен Шазэл на адным з кінафэстываляў у кастрычніку 2016 году.

«Ла-Ла Лэнд» зарабіў 151,1 мільён даляраў у Злучаных Штатах і Канадзе і 295 мільёнаў даляраў у іншых краінах, а агульная сума касавых збораў у сусьветным пракаце склала 446,1 мільёнаў даляраў, пры бюджэце у памеры 30 мільёнаў даляраў[38]. У рэдакцыі сайта Deadline падлічылі, што чысты прыбытак карціны складзе 68,25 мільёнаў даляраў, калі ўлічваць усе выдаткі і прыбыткі фільму, што зробіць яго адным з дваццаці самых касавых рэлізаў 2016 году[39].

«Ла-Ла Лэнд» выйшаў на вялікі экран 9 сьнежня 2016 году ў абмежаваным пракаце ў пяці кінатэатрах Лос-Анджэлесу і Нью-Ёрку[40][41]. За першы ўік-энд фільм зарабіў 881 тысячу даляраў, у сярэднім па 176 тысяч даляраў з кожнага зь пяці кінатэатраў, што зьяўляецца найлепшым сярэднім паказчыкам у 2016 годзе[42]. У свой другі ўік-энд абмежаванага пракату, карціна выйшла ў 200 кінатэатрах і зарабіла 4,1 мільёны даляраў, заняўшы 7-е месца паводле сумы касавых збораў за тыдзень [66]. Прыбытак павялічыўся на 366% у параўнаньні з папярэднім тыднем і паказ ад кожнага кінатэатру прыносіў у сярэднім 20,5 тысяч даляраў[43]. На наступным тыдні стужка выйшла ў 734 кінатэатрах па ўсёй краіне, зарабіўшы 5,8 мільёнаў даляраў за ўік-энд, у тым ліку 4 мільёны даляраў на Каляды і 9,2 мільёнаў даляраў за чатыры дні, заняўшы 8-е радок паводле суммы касавых збораў[44]. 6 студзеня 2017 году ва ўік-энд перад «Залатым Глёбусам», фільм выйшаў У 1515 кінатэатрах і зарабіў 10 мільёнаў даляраў, заняўшы 5-ю пазыцыю паводле суммы касавых зборах. На шостым тыдні паказу карціна зарабіла 14,5 мільёнаў даляраў, заняўшы 2-е месца паводле суммы збораў, саступіўшы стужцы «Прыхаваныя фігуры»[45]. Пасьля абвяшчэньня намінантаў на 89-ю цырымонію ўручэньня прэміі «Оскар», дзе «Ла-Ла Лэнд» быў прадстаўлены ў 14 намінацыях, пракат фільму пашырыўся да 3136 кінатэатраў 27 студзеня 2017 году[46].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Ла-Ла Лэнд» быў сустрэты станоўчымі водгукамі ад крытыкаў, якія ўхвалілі сцэнар і рэжысуру Шазэла, а таксама акторскую працу дуэту актораў і «хімію» паміж імі, музыку Гурўіца і музычныя нумары[47][48][49]. Паводле агрэгару крытычных водгукаў Rotten Tomatoes фільм атрымаў 92% станоўчых рэцэнзіяў, базуючыся 373 водгуках, зь сярэдняй адзнакай 8,6/10. Крытычны кансэнсус сайту абвяшчае, што «Ла-Ла Лэнд» удыхнуў новае жыцьцё ў даўно забыты жанр з дапамогай захапляльнай рэжысуры, магутнай акторскага выкананьня і лішку шчырасьці[50]. На Metacritic фільм мае на сваім рахунку 93 балаў з 100 магчымых на аснове 53 рэцэнзіяў, з вэрдыктам «усеагульнае ўхваленьне»[51].

Пітэр Трэвэрз з часопісу Rolling Stone даў кінастужцы чатыры зоркі з чатырох, апісаўшы яе як «гарачы цуд» і дадаўшы камплімэнт музычным нумарам, у прыватнасьці, сцэне адкрыцьця. Аркамя таго, ён адзначыў, што фільм ёсьць ягоным фільмам году[52]. Майкл Філіпс з Chicago Tribune аналягічна ацаніў фільмавае адкрыцьцё, акрамя таго, вылучыўшы асабліва працу Стоўн, заявіўшы, што яна мае дастатковыя чыньнікі пабачыць тую самую дзівосную краіну цудаў, гэтак званы «Ла-Ла Лэнд». Не зважаючы на ​​меншае захапленьне танцамі Госьлінга і сярэдняй часткай фільму, Філіпс, тым ня менш, даў фільму чатыры з чатырох зорак, абвясьціўшы яго «самым прыемным прадуктам кінаіндустрыі гэтага году»[53]. Энтані Олівэр Скот з The New York Times высока ацаніў фільм, заявіўшы, што фільм адначасова ёсьць шыпучай фантазіяй і рацыянальнай выдумкай, рамантычнай камэдыяй і мэлядрамай, шыкоўным мастацкім выбрыкам і кранальнай сапраўднасьцю[54]. Пітэр Брэдшоў з The Guardian узнагародзіў фільм пяцьцю зь пяці зорак, апісаўшы яго як «заліты сонцам музычны шэдэўр»[55]. Том Чарыці з Sight & Sound заявіў, што Шазэл стварыў гэткую рэдкую рэч, сапраўды рамантычную камэдыю, а таксама рапсодыю, афарбаваную ў сіні, чырвоны, жоўты і зялёны колеры[56].

Хіба на цырымоніі Оскар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас цырымоніі ўручэньня прэміі «Оскар» вядучая Фэй Дэнэўэй няслушна паведаміла, што «Ла-Ла Лэнд» атрымаў перамогу ў намінацыі найлепшы фільм, прачытаўшы гэта з карткі Ўорэна Біці, якая фактычна была дублікатам карткі катэгорыі найлепшая акторка, якую перамагла Эма Стоўн. Пасьля таго, як акторскі склад і каманда фільму выйшлі на сцэну, прадусарам шоў спатрэбілася больш за дзьве хвіліны і амаль тры прамовы, каб выправіць памылку. Фактычным пераможцам намінацыі стала кінастужка «Месяцовае сьвятло»[57].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://www.imdb.com/title/tt3783958/
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
  3. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  4. ^ а б IMDb (анг.) — 1990.
  5. ^ http://nmhh.hu/dokumentum/198182/terjesztett_filmalkotasok_art_filmek_nyilvantartasa.xlsx
  6. ^ а б IMDb (анг.) — 1990.
  7. ^ а б в «'La La Land': Emma Stone, Director Damien Chazelle Talk Bringing Back Hope in Films». The Hollywood Reporter.
  8. ^ а б в г «L.A. Transcendental: How ‘La La Land’ Chases the Sublime». New York Times.
  9. ^ а б в г «Damien Chazelle on La La Land: 'Los Angeles is full of people chasing dreams'». The Guardian.
  10. ^ а б в г д е ё ж з і к «With 'La La Land,' Emma Stone and director Damien Chazelle aim to show that original musicals aren't all tapped out». Los Angeles Times.
  11. ^ а б в г д е ё ж з і к л «How 'La La Land' Went From First-Screening Stumbles to Hollywood Ending». The Hollywood Reporter.
  12. ^ «Tom Hanks Interrupts His Own ‘Sully’ Q&A To Lavishly Praise ‘La La Land’». Deadline.
  13. ^ а б в «Emma Stone on Reteaming With Ryan Gosling in 'La La Land' and Her New Appreciation of Los Angeles». Yahoo.
  14. ^ «Zurich: Lionsgate's Patrick Wachsberger on His Journey From Jerry Lewis to 'Twilight,' 'La La Land'». The Hollywood Reporter.
  15. ^ «Ryan Gosling & Emma Stone Circling Damien Chazelle’s ‘La La Land’». Deadline.
  16. ^ «Emma WATSON Almost Starred in ‘La La Land’». Teen Vogue.
  17. ^ а б «La La Land: Gosling and Stone serenade Hollywood». BBC News.
  18. ^ «Emma Stone Reveals Unorthodox ‘La La Land’ Audition; Mel Gibson On ‘Hacksaw Ridge’ Inspiration — The Contenders». Deadline.
  19. ^ а б в г д «Emma Stone Takes the Biggest Leap of Her Career With La La Land». Vogue.
  20. ^ «This painful audition scene in 'La La Land' was based on Ryan Gosling's real-life experience». Los Angeles Times.
  21. ^ «'La La Director' Director On the 'Timeless Glamour' of Ryan Gosling & Emma Stone». EW.com.
  22. ^ «Emma Stone joins Ryan Gosling on set of La La Land». Mail Online.
  23. ^ «Sonoya Mizuno, Jessica Rothe & Callie Hernandez Move Into ‘La La Land’». Deadline.
  24. ^ «'La La Land' Adding 'American Horror Story' Actor Finn Wittrock (Exclusive)». The Hollywood Reporter.
  25. ^ «Rosemarie DeWitt Chimes In For ‘La La Land’». Deadline.
  26. ^ «John Legend in Talks to Join Emma Stone and Ryan Gosling in Musical ‘La La Land’». Variety.
  27. ^ «27 curiosidades de 'La La Land', la película de Emma Stone y Ryan Gosling». El Huffington Post.
  28. ^ «Shot in CinemaScope, La La Land vibrantly romances the olden days of Hollywood». Motion Picture Film.
  29. ^ «Review: La La Land». The Reel Bits.
  30. ^ «Oscars 2017: Shooting on Film Will Impact Cinematography Race». IndieWire.
  31. ^ «La La Land (Damien Chazelle, US) — Special Presentations». Cinema Scope.
  32. ^ «Ryan Gosling sees 'La La Land' as an opportunity to show off Los Angeles». Los Angeles Times.
  33. ^ «Encore: How ‘La La Land’ Director Damien Chazelle, His Team & Lionsgate Faced The Music & Resurrected The Original Hollywood Musical». Deadline.
  34. ^ «How Emma Stone and Ryan Gosling Helped Write Their 'La La Land' Fight». EW.com.
  35. ^ «With 'La La Land,' Emma Stone and director Damien Chazelle aim to show that original musicals aren't all tapped out». Los Angeles Times.
  36. ^ «Emma Stone Takes the Biggest Leap of Her Career With La La Land». Vogue.
  37. ^ «'La La Land' Soundtrack Details». Film Music Reporter.
  38. ^ «La La Land (2016)». Box Office Mojo.
  39. ^ «No. 18 La La Land Box Office Profits — 2016 Most Valuable Movie Blockbuster Tournament». Deadline
  40. ^ «La La Land Dances To Year’s Best Box Office Theater Average». Deadline.
  41. ^ «Weekend Box Office: Office Christmas Party Wins Friday; La La Land Soars». The Hollywood Reporter.
  42. ^ «Box Office: Office Christmas Party Topped Friday, But La La Land Nabbed Festive $300K». Forbes.
  43. ^ «Rogue One Flying To $152 millions on Weekend; Collateral Beauty A Career B.O. Low For Will Smith». Deadline.
  44. ^ «With Fences, La La Land Enter Top 10 As Rogue One and Sing Rule Holiday». Deadline.
  45. ^ «Hidden Figures Stays Smart, But Why Are So Many Movies Bombing Over MLK Weekend?». Deadline.
  46. ^ «Is Controversy Impacting A Dog’s Purpose At The Box Office?». Deadline.
  47. ^ «Emma Stone and Ryan Gosling’s ‘La La Land’ gets rave reviews in Venice». The Boston Globe.
  48. ^ «Ryan Gosling, Emma Stone, Damien Chazelle’s ‘La La Land’ Wow Venice». Variety.
  49. ^ «La La Land Stuns at the Venice Film Festival». HWD.
  50. ^ «La La Land (2016)». Rotten Tomatoes.
  51. ^ «La La Land Reviews». Metacritic.
  52. ^ «'La La Land' Review: Magical Modern-Day Musical Will Sweep You Off Your Feet». Rolling Stone.
  53. ^ «'La La Land' review: Stone, Gosling light up Damien Chazelle's romantic reverie». Chicago Tribune.
  54. ^ «Review: Ryan Gosling and Emma Stone Aswirl in Tra La La Land». The New York Times.
  55. ^ «La La Land review: Ryan Gosling and Emma Stone shine in a sun-drenched musical masterpiece». The Guardian.
  56. ^ «First-look review: Damien Chazelle's La La Land (2016)». BFI.
  57. ^ «'Moonlight' wins best picture after 'La La Land' mistakenly announced». ABC News.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]