Людзі на балоце (фільм)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Людзі на балоце
па-расейску: Люди на болоте
Жанр драматычны фільм[d]
Рэжысэр
Сцэнарыст
Заснаваны на Людзі на балоце
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Вытворчасьць Беларусьфільм
Распаўсюд Дзяржаўны камітэт па кінэматаграфіі[d]
Дата выхаду 17 жніўня 1981
Працягласьць 153 хвіліна
Краіна
Мова расейская мова і беларуская мова
Наступны Подых навальніцы[d]
Старонка на IMDb

«Лю́дзі на бало́це» (лацінка: Ludzi na bałocie) — беларускі мастацкі фільм, зьняты ў 1981 годзе рэжысэрам Віктарам Туравым па аднайменным рамане Івана Мележа. Асноўная сюжэтная лінія — прыход савецкай улады ў глухую вёску, згубленую сярод палескіх балот. Прэмʼера фільма адбылася ў СССР 29 лістапада 1982 году. У тым жа годзе Віктарам Туравым зьняты працяг карціны — «Подых навальніцы».

Фільм быў адзначаны шматлікімі прэміямі й стаў унікальнай зьявай у нацыянальным экранным мастацтве. У творчасьці кінарэжысэра фільмы паводле Івана Мележа былі вяршыннымі, зьяўляліся найбольш поўнай рэалізацыяй яго творчага патэнцыялу. У іх Віктар Тураў перадаў не экзотыку Палесься, а паказаў жыцьцё людзей, вартых павагі, працавітых, сумленных; жыцьцё ва ўсёй яго паўнаце — з жарсьцямі, бедамі, нягодамі, каханьнем і пакутамі.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая сэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне адбываецца ў вёсцы Курані на Палесьсі ў 1926 годзе. Летняй раніцай вясковы хлопец Васіль Дзятлік зьбіраецца на сенакос, які знаходзіцца на балотах. Дзед Дзяніс зьбірае мёд. Увечары, пасьля цяжкай працы на сенакосе з аднавяскоўцамі, Васіля кліча да кастра каля выпасу коней малодшы брат Валодзька. Васіль згаджаецца, але, каб распаліць касьцёр, ідзе да суседзкай кампаніі пазычыць вугольчык. Сын кулака Яўхім Глушак не хоча дзяліцца агнём, але яго бацька Халімон не дае разгарэцца спрэчцы. Адно абʼядноўвае і багатых, і бедных: боязь банды Маслака, што нібыта была перакінута з Польшчы й абʼявілася ў суседніх вёсках. Несучы вугольчык да свайго кастра, Васіль сустракае аднавяскоўца Міканора, які толькі вярнуўся з войска. Той запрашае яго да свайго кастра, дзе ідзе гаворка пра маючы адбыцца перадзел зямлі, стварэньне камуны ў адной зь вёсак і цяжкі лёс селяніна на забалочанай зямлі. Але Васіль дзякуе і ідзе далей, да сваіх. Урэшце, разам з Валодзькам і дзяўчынай Ганнай, Васіль распальвае свой касьцёр.

Васіль дзякуе за вячэру й ідзе даглядаць каня, пакінуўшы касьцёр. Ганна таксама пакідае кампанію ля кастра і ідзе за Васілём. Дзяўчына пачынае размову з хлопцам, просіць у яго прабачэньня за тое, што часам сьмяялася зь яго з-за зьнешняга выгляду, нібыта рознага колеру вачэй. Ганна адзначае, што хлопец добры й працавіты, але занадта маўклівы й баіцца дзяўчат. Раніцай Васіля й Ганну, якія разам заснулі каля кастра, будзіць Яўхім. Сын кулака сароміць Васіля, сьмяецца зь яго, але бойкая Ганна востра адказвае Яўхіму.

Ідзе жніво, жанчыны цяжка працуюць зь сярпамі ў руках. Нават немаўлят бяруць у поле, каб карміць іх, амаль не адрываючыся ад працы. Ганна, якая працуе ў полі зь іншымі вясковымі жанчынамі, бачыць Васіля, што працуе побач з возам. Дзяўчына лагодна ўсьміхаецца хлопцу, Васіль чырванее, але, натхнёны ўвагай Ганны, таксама ўсьміхаецца ў адказ. Дзяўчына прапануе Васілю жбан з малаком, каб наталіць смагу. Бацькі, нібыта жартуючы, прапануюць ажаніць маладых.

Пасьля працы моладзь бавіць час размовамі ля кастра пра ўсялякія жахі ды небыліцы, сьпевамі й сьмехам. Васіль жа адводзіць каня Гуза на балоты і ідзе на задворʼе, дзе зь некаторага часу сустракаецца з Ганнай. Аднак сёньня дзяўчына злуецца на Васіля з-за спазьненьня. Яна нават беспадстаўна раўнуе Васіля да дачкі Зайчыка. Але Васіль клянецца, што не разумее адкуль у дзяўчыны такія думкі. Ганна чуе ад хлопца няўмелыя, але шчырыя камплімэнты. Уражаная, яна аднак не ўтрымліваецца, каб трохі не зачапіць Васіля. Зьбянтэжаны хлопец не ведае, як сябе паводзіць з Ганнай, што гаварыць ёй. Дзяўчына зьбіраецца дахаты, Васіль просіць яе застацца яшчэ трохі. Ганна аднак гаворыць, што хутка разьвіднее і трэба вяртацца да мачыхі. У апошні момант Ганна прама пытае Васіля, ці любіць ён яе. Васіль гаворыць, што любіць, і Ганна таксама прызнаецца ў каханьні. Маладыя цалуюцца.

Ідзе вясковы сход, на якім сялян абавязваюць адправіць дзяцей у школу. Школа знаходзіцца ў другой вёсцы, і зноў паўстае даўняе пытаньне аб будоўлі грэблі. Выступае Апейка, які распавядае пра перамогу над бандай Маслака і агітуе да будоўлі грэблі паміж Куранямі й Алешнікамі. Калі ён гаворыць сялянам, што грэблю трэба будаваць самастойна, усёй вёскай, чуюцца незадаволеныя нараканьні. Але Апейка працягвае пераконваць сялян у неабходнасьці будоўлі: людзі, адрэзаныя ад воласьці, бывае, галадаюць, паміраюць ад хвароб, не дачакаўшыся дапамогі. У выніку супраць грэблі сярод сялян быццам нікога й няма, але працаваць яшчэ й на будоўлі грэблі ніхто не хоча.

Ноччу ў сваю хату забягае Ганна і будзіць бацьку Цімоха. Яна распавядае, што ў вёсцы зьявіліся ўзброены Маслак і бандыты, што выжылі. Яны некуды павялі Васіля, і Ганна хоча апавясьціць аднавяскоўцаў. Напалоханая мачыха не пушчае Ганну з хаты, Цімох гаворыць, што Васілю нічога не зробяць. Бандыты вядуць Васіля да хаты Ахрэма Грыбка і стукаюць у дзьверы. Ахрэму, які быў старшынёй на сходзе па пытаньні аб перадзеле зямлі, пагражаюць сьмерцю і забараняюць працягваць працу па перадзеле. Ганна выбягае з хаты ў пошуках Васіля, якога знаходзіць хмурнага і абыякавага.

Раніцай вядзецца сьледзтва ў хаце Міканора. Ахрэма пытаюцца пра начныя падзеі, але адказвае ў асноўным яго жонка, якую Андрэй ня змог выправадзіць з хаты. На пытаньне аб сувязях бандытаў зь вясковымі жыхарамі, Грыбкова кажа, што маслакоўцаў прывёў нібыта Васіль Дзятлік. Міканор пасылае Андрэя па Чарнушку. Пасьля Ганны дапытваюць Васіля. У выніку, Алена Дзятлік са сьлязамі зьбірае рэчы сыну, якога зьбіраюцца везьці ў турму. На вуліцы Васіль сустракаецца паглядам з Ганнай.

Позьнім вечарам дзяўчаты пяюць песьні ля кастра. Хадоська размаўляе з Ганнай пра заўтрашнюю працу ў Яўхімава бацькі — трэба ісьці малаціць, каб аддаць доўг. Раптам у кампанію ўрываецца вясёлы Яўхім, які зьедліва размаўляе з Ганнай. Раніцай, падчас малацьбы, ён адкрыта глядзіць на Ганну, круціцца каля яе. Але бацька, які бачыць гэта, вядзе Яўхіма за гумно і груба павучае сына, з кім трэба вадзіцца, а з кім не. Але Яўхім усё роўна прыстае да Ганны, гаворыць ёй, што Дзятліка дзяўчына яшчэ доўга не ўбачыць. Ганна адказвае, што не любіць Яўхіма і лепей яму паглядзець на Хадоську, каханьне якой да хлопца відавочна. Яўхім абыякавы да Хадоські, але калі тая прыходзіць у гумно, хлопец абяцае жаніцца на ёй і схіляе да блізкасьці.

Тым часам, Васіль сядзіць у гарадзкой турме. У адчаі ён просіцца ў ахоўніка на працу, але той адмаўляе. Да Васіля прыяжджае маці, прывозіць сьвежы хлеб і мёд. Васіль пытаецца пра вясковыя справы. Маці перадае паклон ад Ганны, на твары Васіля зьяўляецца лагодная ўсьмешка. Ён цікавіцца настроем Ганны і таксама перадае паклон. Днём Васіль пілуе дровы зь іншымі арыштантамі. Да хлопца прыяжджае актывіст Міканор і абяцае дайсьці нават да Апейкі, але вызваліць ні ў чым не вінаватага хлопца. На чарговым допыце Васілю абʼяўляюць, што ён свабодны, але папракаюць тым, што праявіў баязьлівасьць і тым самым дапамог ворагам калектывізацыі. Харчоў выпраўляе Васіля з турмы ў горад і просіць перадаць аднавяскоўцам хлопца, што банду Маслака і яе памагатых ён зьнішчыць. Васіль подбегам вяртаецца ў родныя мясьціны.

Прыйшла зіма, вёска гатуецца да калядаў. Міканор сустракае каля калодзежа Васіля й выказвае незадавальненьне гэтым звычаем. У размове з бацькамі падчас разьбіраньня кабанчыка Міканор параўноўвае аблічча на іконе з Халімонам Глушаком, чым выклікае сьлёзы маці. У хаце Дзятлікаў гатуюць куцьцю. Увечары жыхары вёскі зь песьнямі й танцамі ідуць калядаваць. Хадоська пад іконай моліць Бога, каб ажаніцца зь Яўхімам. Раніцай Міканор, Ганна й Хадоська вяртаюцца дадому і дзеляцца вынікамі каляднай варажбы. Апошняя сцэна — вясковыя дзяўчаты зьбіраюць каліну з-пад сьнегу, і Ганна нібыта чуе дзіўнае рэха, якое кліча яе.

Другая сэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары вёскі сьвяткуюць Божае Нараджэньне. Раптам па вясковай вуліцы разносяцца крыкі — бойка. Жыхары выглядваюць з вокнаў і бачаць хлопца, які ляжыць з крывёй на твары.

Ідзе наступны агульны вясковы сход. Пракоп на сходзе абвінавачвае выбраную камісію й увесь сельсавет у хлусьні. У выніку пʼянага Пракопа выводзяць з хаты. Спэцыяльны ўпаўнаважаны Зубрыч, які прыехаў з горада, заяўляе, што ўсе пытаньні па землеўпарадкаваньні цяпер прымае ён. Слова бярэ Міканор. Ён разважае пра незадаволенасьць Ігната, а таксама пра тое, што некаторыя вяскоўцы няправільна зрабілі абмер сваёй зямлі. Нехта пытаецца, ці не перадзеляць разам зь зямлёй і хатнюю жывёлу. На сходзе становіцца шумна. Тым часам Васіль употай глядзіць на Ганну, а дзяўчына ўсьміхаецца яму ў адказ. Вяскоўцы ізноў падымаюць пытаньне пра банду Маслака, якая да гэтага часу не зьнішчана. Эпілогам сходу становіцца натхнёная прамова Васіля, што выступае за роўны перадзел зямлі. Яўхім злосна глядзіць на Васіля, Ганна — з гонарам.

Новае спатканьне Васіля й Ганны. Васіль марыць аб урадлівай зямлі й магчымасьцях, якія яна дае. Ганна лагодна сьмяецца ў адказ і гаворыць, што Васіль надта любіць хваліцца. Васіль аднак настроены сурʼёзна, ён абдымае дзяўчыну і гаворыць, што за ім Ганна не прападзе. Становіцца зразумела, што Васіль гатовы ўзяць Ганну за жонку й тая згодная.

Падчас сьпякотнага летняга дня вяскоўцы працуюць на жніве. Яўхім з воза бачыць стомленую Ганну, якая прылягла ў цень. Хлопец пажадліва глядзіць на маладое й прывабнае цела дзяўчыны. Бацька крычыць на Яўхіма, бо той з-за адцягнутай увагі марудна працуе. Яўхім аддае вожжы Сьцяпану і воз са снапамі едзе ў вёску. Сам жа Яўхім ідзе сьледам за Ганнай у арэшнік. На ўзьлеску хлопца перапыняе Хадоська, якая імкнецца абняць Яўхіма, але той гаворыць дзяўчыне, каб адчапілася. Хадоська шчасьлівым голасам прызнаецца, што цяжарная. Яўхім зьбянтэжаны, абвінавачвае дзяўчыну ў тым, што яна «нагуляла» дзіця ад некага іншага, прапануе зьвярнуцца да знахаркі ў Глінішчах. Хлопец пакідае засмучаную Хадоську і бяжыць за Ганнай. Пасьля кароткай размовы Яўхім зноў прыстае да Ганны, але тая гаворыць, што не сілай, а толькі дабратой яе можна заваяваць. Яўхім спрабуе згвалціць дзяўчыну, але тая кусае хлопца і вырываецца. Зразумеўшы, што Ганна не паддаецца, Яўхім перакананым голасам гаворыць, што ўсё роўна дабʼецца яе любым спосабам.

Дажджлівым восеньскім днём Чарнушкава прыбягае да мужа, што працуе ў хляве і са сьлязамі распавядае вясковыя пагалоскі, быццам Яўхім Карчоў «зсільнічаў» Ганну. Чарнушка бярэ вяроўку і ідзе на поле, дзе Ганна капае бульбу разам з Хадоськай. Ганна бажыцца, што нічога не было. Чарнушка ў парыве лютасьці бʼе вяроўкай жонку за тое, што тая слухае пустыя плёткі. Застаўшыся на полі ўдвох, Хадоська пытае Ганну, ці сапраўды Яўхім чапляўся да яе. Ганна прызнаецца, што чапляўся, нават парваў кофту, але не дамогся. Хадоська ў адчаі плача.

Яўхім гаворыць з бацькам пра жаніцьбу. Хлопец ставіць умову: ажэніцца з той, каго сам выбраў. Калі бацька чуе, што сын выбраў Ганну Чарнушку, то прыходзіць у лютасьць. Халімон Глушак абвінавачвае сына, што той ня мае розуму й што «галадранка» яго папросту акруціла, як дурня. Сьцяпан, што прысутнічае пры размове, заступаецца за Ганну, і бацька ледзь не зьбівае яго. Маці й Яўхім супакойваюць старога, але адно застаецца цьвёрдым — бацькоўскага дазволу ня будзе.

На рачной пераправе выпадкова сустракаюцца Васіль і Ганна. Хлопец чуў пра брудныя плёткі й пытае, ці праўду кажуць людзі. Ганна бачыць, што хлопец паверыў хлусьні й у роспачы пытаецца, ці сапраўды Васіль думае пра яе так дрэнна. Засмучаны Васіль спрабуе высьветліць, можа Яўхім узяў дзяўчыну сілаю. Ганна ганарлівым голасам адказвае, што ўсё было добраахвотна і абзывае Васіля дурнем. Васіль прышпорвае каня, а Ганна, застаўшыся адна са сьлязамі на вачох, уголас гаворыць: «Я гэтага табе не забуду!»

Да Чарнушкаў ідуць сваты. Бацька ідзе ў агарод да Ганны і заве яе ў хату. Дачка не хоча ісьці. Бацька садзіцца ля плоту і ў роспачы скардзіцца на лёс — хоць бы хто другі па дачку прыйшоў, а не Яўхім. Ганна абдымае бацьку, які квола гаворыць, што можа й нічога, што так складваецца. Тым часам у хаце Дзятлікаў маці за кроснамі справядліва разважае, што няпраўда ўсё тое, што разносяць чуткі пра Ганну, не такая яна дзяўчына. Васіль ня можа гэта слухаць і выбягае з хаты. З хаты Чарнушкаў бяжыць мачыха й просіць Ганну ісьці да сватоў. Яна вельмі задаволена, што зьявілася магчымасьць парадніцца з заможнымі Карчамі. У выніку Ганна згаджаецца. У хаце праходзіць абрад сватаўства, Ганна прымае пірог ад Халімона, Чарнушка бласлаўляе дачку. Уся вёска выходзіць на будоўлю грэблі. За цяжкай працай Ганна ізноў чуе дзіўны голас, які нібыта кліча яе. Тым часам Хадоська прыходзіць на могілкі да бацькоўскіх крыжоў і просіць прабачэньня за тое, што задумала зрабіць. Потым праз дрыгву ідзе да знахаркі. Бабуля прама кажа дзяўчыне, што не яна першая такая і не яна апошняя. Потым знахарка лае сучасных дактароў, бярэ ў Хадоські плату за працу і абяцаньне анікому не расказваць пра тое, што мае адбыцца. Па-над балотам разносіцца жудасны крык дзяўчыны…

Міканор з камісіяй прыходзіць да Халімона Глушака й абвінавачвае старога ў тым, што той прыпісаў лішніх людзей да сваёй сямʼі. Акрамя гэтага, вызывае сумнеў, што кулак правільна запісаў усю сваю зямлю ў дакумэнты. Халімон з жонкай спрабуюць задобрыць Міканора, падносяць «чарку ды шкварку», але актывіст пакідае хату. Сьцяпан раптоўна пачынае абвінавачваць бацьку, Халімон кідаецца на сына, маці супакойвае мужыкоў. Халімон злуецца на сьмеласьць Міканора й шкадуе, што некуды прапаў Маслак.

Чарнушкі едуць у горад на кірмаш. Пакуль старыя гандлююць, Ганна ідзе па дробязі. Яўхім пытаецца ў Ганны, што яна хоча купіць, але дзяўчына нічога не расказвае. Хлопец не саступае й вырашае сам купіць нявесьце падарунак. Яўхім выбірае прыгожую хустку, і Ганна, прымяраючы яе, бачыць у люстэрка адбітак Васіля, які таксама на кірмашы. Едучы назад, Чарнушкі сустракаюць воз з паміраючай Хадоськай, якую вязуць у горад. Ганна глядзіць на сяброўку і здагадваецца аб прычыне «хваробы».

Сцэна вясельля ў хаце Глушака. Граюць музыкі, стол багаты пачастункам. Зь віншаваньнем выступае прадстаўнік улады ад імя Алешніцкага сельскага савета Юравіцкай воласьці. Крычаць: «Горка!», маладыя цалуюцца. Сярод вясельля сумны толькі стары Чарнушка. Ён выходзіць з хаты да ракі, Ганна ідзе за ім. Чарнушка шкадуе дачку й гаворыць, што каб была жывая яе маці, то яму было б сорамна перад ёй за тое, што робіцца. Ганна супакойвае бацьку й гаворыць, што ўсё будзе добра. Ганна вяртаецца ў хату, дзе гарэлка ўжо льецца ракой. Пʼяны Яўхім прымушае жонку выпіць з госьцем, але Ганна адказваецца і ўстае з-за стала. Яўхім кідаецца за жонкай, зьневажаючы яе словамі: «Дрэвы з гадамі мяняюцца, ня тое што людзі…» Ганна з выклікам адказвае, што сілай яе ня возьмеш. Госьці спрабуюць супакоіць маладых.

Васіль, не дачакаўшыся перадзелу зямлі, раніцай выходзіць з плугам у поле. Маці бяжыць да сына і адгаворвае яго ад незаконнай справы. Васіль не слухае і працягвае араць чужую зямлю. Прыбягае Яўхім, гаспадар зямлі. Пачынаецца бойка. Алена спрабуе разьняць хлопцаў. Зьяўляецца Халімон і ўступае ў бойку. Нарэшце прыбягаюць аднавяскоўцы, бойка спынена. Міканор загадвае вінаватым зьявіцца раніцай у сельсавет. Упаўнаважаны з горада загадвае ўсім разысьціся па хатах. Усе адчуваюць, што перадзел зямлі непазьбежны. У полі застаюцца Зубрыч, Яўхім і Васіль. Яўхім апраўдваецца, што ён абараняў законна атрыманую ва ўласнасьць ад савецкай улады зямлю. Зубрыч нагадвае Васілю яго нядаўні арышт, папракае зьнявагай савецкіх законаў. Апынуўшыся сам-насам зь Яўхімам, упаўнаважаны пагражае хлопцу адказнасьцю за сувязь з Маслаком, гаворыць, што савецкая ўлада ўсё пра яго ведае. Васіль сядзіць адзін пад дажджом на сырой зямлі, побач стаіць конь Гуз.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раман «Людзі на балоце» зьяўляецца самым значным мастацкім творам Івана Мележа, якім Мележ зрабіў вялікі каштоўны мастацкі ўклад у нацыянальную беларускую літаратуру. Працаваць над цыклам «Палеская хроніка» аўтар пачаў у 1956 годзе, але задумка напісаць кнігу пра роднае Палесьсе зьявілася яшчэ раней. У 1961 годзе раман «Людзі на балоце», які адкрывае цыкл палескіх раманаў, выйшаў з друку. У 1962 годзе за раман «Людзі на балоце» Іван Мележ атрымаў літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. За раманы «Людзі на балоце» (1962) і «Подых навальніцы» (1966) з цыкла «Палеская хроніка» Іван Мележ у 1972 годзе стаў ляўрэатам Ленінскай прэміі.

Першую экранізацыю рамана ажыцьцявілі рэжысэр Аляксандар Гутковіч і сцэнарыст Эдуард Герасімовіч у 1965 годзе на Беларускім тэлебачаньні. Трохсерыйная тэлекарціна «Людзі на балоце» была заснавана на асноўных сюжэтных лініях рамана. Творчы калектыў карціны атрымаў за яе Дзяржаўную прэмію БССР. Наступную спробу экранізацыі зрабіў рэжысэр Уладзімер Забэла ў 1979 годзе. На Ўсесаюзным фэстывалі тэлевізійных спэктакляў гэты варыянт экранізацыі твора Мележа атрымаў адзін з прызоў.

Здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Над сцэнарыем фільма працаваў сам Віктар Тураў, узяўшы за аснову тэкст аўтара кнігі Івана Мележа. Жонка рэжысэра ўзгадвала, што падчас працы над фільмам «Людзі на балоце» ён пазнаёміўся з адным менскім доктарам-псыхіятрам. У выніку доктар прапанаваў для працы палату ў сваёй клініцы. Там была поўная ізаляцыя, ніхто не перашкаджаў працаваць над сцэнарам, магчыма было цалкам паглыбляцца ў матэрыял і не адцягваць сваю ўвагу на тэлефонныя размовы. Худсавет кінастудыі прапанаваў Віктару Тураву акультурыць непрывабныя вобразы Васіля і Міканора і дадаць ценяў не зусім адмоўнай выяве Яўхіма Глушака, але ў другім варыянце літаратурнага сцэнара аўтар, не парушаючы сюжэту, абмежаваўся мэханічным скарачэньнем дыялогаў і сцэн.

Вытворчасьць фільма ажыцьцяўлялася творчым абʼяднаньнем мастацкіх фільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм». Месца для здымак шукалі на Гомельшчыне, Віцебшчыне й нават у Львове й Латвіі. У выніку, здымкі часткова праходзілі ў Бешанковічах, а самі Курані — у Бярэзінскім запаведніку ў навакольлі Домжарыцаў[10]. Гэта адбылося таму, што з-за мэліярацыі натуры на Палесьсі не знайшлося. Падчас здымак фільма рэжысэр Віктар Тураў нават узнавіў будаўніцтва куранёўскай грэблі. Калі перавесьці ўвесь матэрыял, зьняты Туравым, у мэтраж аднасерыйных фільмаў па 90 хвілін, то атрымаецца дзесяць стужак. То-бок, здымачнай групе даводзілася выпускаць амаль па два фільмы штогод, што сьведчыць пра каласальную працу кінатворцаў. Тураў прызнаўся, што «піетэт перад раманам там-сям абярнуўся супраць нас жа», маючы на ўвазе цяжкасьць пастаўленай задачы: неабходна было ўкласьці багатую на падзеі й тэмы першую частку «Палескай хронікі» ў мізэрны для яе мэтраж.

Тураў клапаціўся аб акторах і аб выніку іх працы. У працэсе здымак сцэны, у якой Ганна з Хадоськай павінны былі пад дажджом зьбіраць бульбу, некалькі гадзін працавала палівальная машына. Актрысы моклі б пад ледзянымі бруямі, бо здымкі прыйшліся на восень. Аднак Тураў загадаў запампаваць у цыстэрну палівальнай машыны цёплую ваду, актрыс загарнуць пад адзеньнем у поліэтыленавыя пакеты. Па ходзе здымак іх некалькі разоў пераапраналі, высушвалі ў цёплай хаце й паілі гарачай гарбатай[13]. Дзеля камфорту артыстаў рэжысэр пераносіў здымкі фільма ў Ялту. Фармальнай прычынай зьяўляліся раньняя зіма й сьнег, які выпаў у канцы кастрычніка. Здымачная група не пасьпела зьняць шэраг абʼектаў на восеньскай натуры, і Тураў зьвярнуўся да дырэктара кінастудыі за дазволам выезду ў Крым з мэтай гэтую натуру зьняць. Каб не кансэрваваць здымкі карціны да вясны 1981 году, кіраўніцтва дазволіла камандзіроўку здымачнай групе на 25 дзён. Фактычна, там зьнялі толькі некалькі эпізодаў: сцэну падзела зямлі і бойку ў фінале карціны. Выканаўца ролі Ганьнінага бацькі Ґенадзь Гарбук успамінаў:

Здымалі нават у Крыме, калі не пасьпелі да зімы ў Беларусі адзьняцца. А каб горы ў кадры не тырчалі, закрывалі іх дымам, як туманам. Затое жылі шыкоўна…

Першапачаткова на ролю Васіля Дзятліка быў зацьверджаны вядомы актор Аляксандар Галібін з «Ленфільма». Але з-за канфлікту з рэжысэрам з нагоды дрэнных бытавых умоў на вясковай здымачнай пляцоўцы ў выніку ў фільм не патрапіў. Ролю Васіля Віктар Тураў аддаў Юрыю Казючыцу, які раней праходзіў кінаспробы разам з 17-ю іншымі прэтэндэнтамі. Алену Барзову адабралі на ролю Ганны Чарнушкі з 22-х прэтэндэнтак. Барыса Няўзорава зацьвердзілі на ролю Яўхіма ўвогуле без кінаспроб. Цікава, што Ґенадзь Гарбук, які выконвае ролю Чарнушкі — бацькі Ганны, у ранейшай тэлевізійнай пастаноўцы рамана выконваў ролю самога Васіля.

Ацэнка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобраз балота ў фільме[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобраз балота часта адлюстроўваецца на беларускім экране. Для беларуса балота ― гэта небясьпечнае для жыцьця месца, але і месца, дзе можна схавацца ад зьнешняй небясьпекі. Балота ― важны архетып беларускага мастацтва, які набыў новы сэнс у сувязі з экалягічнымі наступствамі мэліярацыі. У фільме «Людзі на балоце» дамінуюць непадзельныя паміж сабой архетыпы балота, вады і зямлі. Забалочаныя месцы, дзе продкі палешукоў сяліліся з даўніх часоў, сфармавалі іх сьветапогляд. Жыцьцё на «востраве», як называюць вёску Курані яе жыхары, бездарожжа, аддаленасьць ад іншых вёсак наклала адбітак на людзей, іх характар і лад жыцьця. Забабонны страх перад непраходнай багнай адлюстраваны ў сцэне наведваньня Хадоськай мясцовай знахаркі. Каб пазбавіцца непажаданага дзіцяці дзяўчына ідзе да жытла знахаркі ў шэры пахмурны дзень па непрыглядным змрочным лесе, правальваючыся ў дрыгву. Застойнае возера, якое завецца сялянамі «чортава вока», выклікае ў Хадоські страх. Але бягучы паток вады ― сымбаль ачышчэньня й калі Хадоська плыве па рацэ, то гэта сымбалізуе новы пачатак, новы этап яе жыцьця.

Жыхары вёскі працуюць на зямлі сярод балотаў, іх размовы аб зямлі перацякаюць у размовы пра мэліярацыю. Актывіст Апейка кажа, што багна адрывае вёску ад зьнешняга сьвету й абʼяўляе «вайну балоту». Для савецкай улады балота ― вораг, сымбаль адсталасьці. Барацьба с балотам набывае ня столькі гаспадарчы інтарэс, колькі філязофскі, ідэалягічны.

Але летам, калі сьвеціць сонца, балота на экране перамяняецца і становіцца яркім. Драматычныя калізіі рамантычнай гісторыі каханьня Ганны й Васіля разгортваюцца на фоне водных прастораў. Мастацкі вобраз вады адлюстроўвае эмацыйны настрой гэрояў у сцэне патаемнага спатканьня Ганны й Васіля пасьля доўгага раставаньня. Матывы прыроды для рэжысэра ― сродак выражэньня аўтарскай пазыцыі аб важнасьці гармоніі паміж чалавекам і прыродай, гімн прыгажосьці палесскай зямлі й духоўнай моцы палешукоў.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм быў адзначаны шматлікімі прэміямі й стаў унікальнай зьявай у нацыянальным экранным мастацтве. Менавіта вэрсія Турава лічыцца хрэстаматыйнай экранізацыяй рамана Мележа. Фільм зьяўляецца рэдкім прыкладам беларускамоўнага савецкага кіно — гэроі гавораць не чыстай рускай мовай, а палескай гаворкай, якая блізкая да агульнабеларускай мовы й натуральна гучыць у кадры. Паводле створанага тэлежурналістамі тэлеканала «Беларусь 3» топ-20 найлепшых беларускіх кінафільмаў фільм «Людзі на балоце» апынуўся на дзявятым месцы. Фільм мае сярэднюю адзнаку 6,0 з 10 на сайце найбуйнейшай у сьвеце базы даных пра кінэматограф IMDb, а таксама 6,9 з 10 на буйным расійскім кінаагрэгатары «КиноПоиск».

Культуроляг Вольга Раманава праводзіць паралелі «Людзей на балоце» з арт-кіно. Гэта пацьвярджаецца наяўнасьцю цэласнай мастацкай канцэпцыі фільма — і прадуманай у кожным кадры апэратарскай працай, і нелінейным мантажом, і асаблівым рытмам апавяданьня, то зацяжным, то ліхаманкава-перарывістым. Часткай канцэпцыі была ўстаноўка на «дакумэнтальную» дакладнасьць гістарычнай рэканструкцыі — здымачная група выдаткавала нямала намаганьняў на аднаўленьне палескага сялянскага побыту зь яго беднасьцю й натуральнай гаспадаркай.

Калі чыноўнікі Дзяржкіно СССР прымалі фільм, у пракатным пасьведчаньні зрабілі адзнаку: «Забаронены да паказу дзецям да 16 гадоў». На кінафэстывалі ў Карлавых Варах Віктар Тураў сустрэўся з клясыкам сусьветнага кіно Джузэпэ Дэ Сантысам. Італьянец, якога называюць адным з заснавальнікаў неарэалізму, так выказваўся пра экранізацыю Віктара Турава:

«Людзі на балоце» — вельмі эратычнае кіно. Мы аголенай натурай не дамагаемся такога эфэкту, як гэта робіце вы. З аднаго позірку гэрояў усё разумееш. Ад гэтай вонкавай недасказанасьці ўзьдзеяньне выходзіць нашмат большае і палкае".

Беларускі журналіст і кінакрытык Максім Жбанкоў паставіў кінакарціну на дзявятае месца ў сваёй «залатой дзясятцы» беларускіх фільмаў і адзначыў, што гэта рэдкі ўзор сапраўды нацыянальнага кіно. Кінарэжысэр Уладзімір Арлоў называў пастаноўку Турава «беларускім эпасам» і «кінабалядай», а таксама адзначыў цудоўны экранны дуэт Алены Барзовай і Юрыя Казючыца. Беларускі рэжысэр Андрэй Кудзіненка, які ведаў асабіста Віктара Турава і бачыў фільм «Людзі на балоце» яшчэ ў дзяцінстве, лічыць карціну тыповым беларускім кіно.

Пракат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэмʼера фільма адбылася ў СССР 17 жніўня 1981 году. Першы паказ праходзіў у Доме кіно, прысутнічала ўся здымачная група на чале з рэжысэрам Віктарам Туравым, адбылася ўрачыстая частка, паказ фільма, банкет. Падчас кінапракату кінастужку паглядзелі 4,1 мільёна савецкіх гледачоў. У кінатэатрах фільм дэманстраваўся з 453 афіцыйна створаных копій кінаплёнак.

Аднак, пасьля прэмʼеры «Людзей на балоце», у адным з інтэрвію Віктар Тураў выказваў крыўду на нізкую зацікаўленасьць мінскай публікі карцінай і яе халодны прыём:

Я паставіў фільм паводле аднаго з самых знакавых раманаў беларускай літаратуры. Вам гэта нецікава? Тады што вам цікава?

Фільм дэманструецца ў кінатэатрах Беларусі па сёньняшні дзень у межах рэтрапаказаў.

Сіквел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1982 годзе рэжысэр Віктар Тураў зьняў працяг фільма. Новая стужка мела назоў «Подых навальніцы» і здымалася па аднайменным рамане Івана Мележа. Таксама пад кіраўніцтвам Турава, з выкарыстаньнем у якасьці літаратурнай асновы рамана «Завеі, сьнежань», зьняты аднасерыйны тэлевізійны фільм «Апейка», які ў 1985 годзе разам зь першымі дзьвюма кінастужкамі быў абʼяднаны ў васьмісерыйную тэлевізійную эпапэю «Людзі на балоце».

Адрозьненьні паміж фільмам і кнігай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм Віктара Турава сюжэтам кардынальна не адрозьніваецца ад рамана Івана Мележа. У ліку асноўных адрозьненьняў знаходзяцца шмат прапушчаных, у асноўным другарадных, дэталяў і сцэн.

Аднак глыбіннае адрозьненьне фільма ад рамана заключаецца ў тым, што кніга была прысьвечана станаўленьню і памылкам савецкай улады — Іван Мележ напісаў у часы «адлігі» антысталінскую па духу нацыянальную эпапэю. У сваю чаргу ў фільме, дзе ідэйныя пэрсанажы аказваюцца на перыферыі сюжэту й няма адсылак ні да Леніна, ні да Сталіна, сувязь гэрояў з гісторыяй краіны становіцца стыхійнай. Гэта проста пакутлівыя абставіны, у якіх галоўнымі гэроямі рухаюць страх, адчай і надзеі на лепшае сытае жыцьцё. У фільме зьведзена на нішто значная для рамана лінія сельскага інтэліґента Апейкі — галоўнага станоўчага гэроя, які выступаў за «чалавечую» калектывізацыю. У выніку фільм факусіруецца на лёсах простых, бедных ці заможных, сялян.