Уладзімер Жылка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Жылка
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Вал.Жыл.; Вл.Ж.; І.Жылка; Макашэвіч; Л.Макашэвіч; У.Ж.; Ул.Ж.
Нарадзіўся 27 траўня 1900
в. Макашы, Наваградзкі павет, Расейская імпэрыя, цяпер — Нясьвіскі раён Менскай вобласьці
Памёр 1 сакавіка 1933 (32 гады)
Уржум, Кіраўская вобласьць, РСФСР
Пахаваны
Бацькі Адам Жылка
Тацяна з Раманейкаў
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, публіцыст, крытык
Жанр паэзія
Мова беларуская
Дэбют «Не плач, не плач па сыну, маці» // 1918, апублікаваны ў 1920
Творы на сайце Knihi.com

Уладзі́мер Ада́мавіч Жы́лка (27 траўня 1900, в. Макашы, Наваградзкі павет, Менская губэрня — 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласьць, Расея) — беларускі паэт, перакладнік, публіцыст, крытык.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы Наваградзкага павету Менскай губэрні ў сялянскай сям’і Адама Жылкі і Тацяны з Раманейкаў. Першую адукацыю атрымаў у Гарадзейскай царкоўна-прыходзкай школе, затым — у Мірскай гарадзкой вучэльні (1914). У 1916—1917 гадох зь сям’ёй знаходзіўся ў бежанстве ў Тульскай губэрні. Да 1917 вучыўся ў Багародзіцкім агранамічным вучылішчы і пад канец году разам з бацькам вярнуўся ў Менск. Па вяртаньні стаў чальцом клюбу «Беларуская хатка» і пазнаёміўся са старшынём Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш. У 1918—1819 гадох працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Менскам.

Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Уладзімер Жылка трэці справа ў другім радзе. Менск. 1929 г.

У 1920 годзе, захварэўшы на сухоты, выехаў да бацькавай радні ў в. Клецішча, а пасьля — да матчыных сваякоў у в. Падлесьсе. Пасьля Рыскага міру аказаўся ў Польшчы, дзе зблізіўся з паўстанцамі, якія дзейнічалі на Нясьвіжчыне. Пісаў для падпольнікаў лістоўкі, адозвы, вершы, усталяваў сувязі зь беларускім прагрэсіўным друкам у Вільні — «Беларускімі ведамасьцямі» і «Нашай думкай», якія выдаваў Максім Гарэцкі. Пасябраваў зь лідэрамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА) Л. Родзевічам, братамі І. і А. Канчэўскімі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы легальных выданьняў БРА — газэтаў «Наша будучыня» і «Новае жыцьцё». Працаваў у Вільні ў Беларускай кнігарні, падтрымліваў тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі.

Улетку 1922 году, каб пазьбегнуць перасьледаў і прызыву ў войска генэрала Жалігоўскага выехаў у Прыбалтыку. Некаторы час лячыўся ў летувіскім санаторыі Бірштонас, а ўвосень таго ж году пераехаў у Латвію, дзе вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Дзьвінску. Хутка нелегальна вярнуўся ў Вільню, дзе дапамагаў Л. Родзевічу ў журналісцкай працы.

Паводле рэкамэндацыі Л. Родзевіча ў лютым 1923 году выехаў у Праскі ўнівэрсытэт стыпэндыянтам чэхаславацкага ўраду, вучыўся на філялягічным аддзяленьні філязофскага факультэту. У гады вучобы зьяўляўся адным з ініцыятараў утварэньня Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва, прымаў удзел у выданьні органа гэтай арганізацыі — часопіса «Перавясла». Тут у 1923 годзе апублікавай свой праграмны твор у рэчышчы прагрэсіўнай ідэалёгіі студэнцкага руху — «У справе ацэнкі беалрускага адраджэньня».

У 1924 годзе абраны дэлегатам на эўрапейскі зьезд студэнтаў у Варшаве, дзе дамогся прыёму беларускага студэнцкага зямляцтва Чэхаславаччыны ў сябры гэтае арганізацыі. У 1926 годзе як рэдактар часопісу «Прамень» паехаў у Менск, каб удзельнічаць у навуковай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Неўзабаве прыняў савецкае грамадзянства і застаўся працаваць у газэце «Звязда». Уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», адкуль сышоў у 1927 годзе і стаў сябрам другога аб’яднаньня «Ўзвышша». У 1928 годзе перайшоў на працу ў Менскі музычны тэхнікум. Пасябраваў з музыказнаўцам Юльянам Дрэйзіным, дапамог перакласьці на беларускую мову і паставіць сіламі студэнтаў опэру «Фаўст». Працаваў перакладнікам Беларускага дзяржаўнага кіно.

19 ліпеня 1930 году арыштаваны пад Менскам ДПУ БССР па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пры вобшуку на кватэры ў яго забралі 27 кніг, шмат лістоў і рукапісаў[1]. Не прызнаў сябе вінаватым. Пастановай калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 году асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Ўржуме Кіраўскай вобласьці. Жыў у сям’і І. і Е. Дзеранковых, быў выкладчыкам літаратуры ў мэдычным тэхнікуме, па сумяшчальніцтве — намесьнікам дырэктара па гаспадарчай працы. Памёр ад сухотаў. Пахаваны на мясцовых могілках. Хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў. Рэабілітаваны ў 19 верасьня 1960 году Судовай калегіяй Вярхоўнага суду БССР.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчасьць У. Жылкі яскрава адлюстроўвае сьветапоглядную эвалюцыю прагрэсіўнай інтэлігенцыі, ідэалягічнага авангарда нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі 1920-х гадоў. Як творца ён аднаўляў традыцыі эўрапейскага рамантызму (пераклады з Г. Ібсэна, А, Міцкевіча, Ш. Бадлера), выкарыстоўваў здабыткі авангардысцкай паэзіі Чэхаславачыны і Польшчы (І. Волькер, Б. Ясенскі), станоўча ацэньваў досьвед савецкіх паэтаў У. Дубоўкі і Я. Пушчы. Ад рамантыкаў і нэарамантыкаў пераняў і асэнсоўваў ў кантэксьце беларускага вызваленчага руху ідэю аб адраджальнай сіле красы («Да Пэрсі Шэлі», «Няма збавеньня», «Твае блакітнасьці нязьменны» і інш.)

Выступаць у друку зь вершамі пачаў у 1920 годзе. У Вільні выйшлі асобнымі выданьнямі паэма «Уяўленьне» (1923) і зборнік вершаў «На ростані» (1924). У Менску выдадзены зборнікі «З палёў Заходняй Беларусі» (1927), «Вершы» (1970), «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, 1986).

Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), а таксама асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсэна, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]