Арцём Вярыга-Дарэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арцём Вярыга-Дарэўскі
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Artemiusz, A.W., Białoruska Duda, D…a B., D-da B..
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1816
в. Кублічы, Лепельскі павет, Віцебская губэрня
Памёр 1884(1884)
Сыбір
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, драматург
Кірунак лірыка
Мовы беларуская, польская

Арцём Вярыга-Дарэўскі (23 кастрычніка 1816, в. Кублічы, Лепельскі павет, Віцебская губэрня (цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласьці) — 1884, Сыбір; Псэўданімы і крыптанімы: Artemiusz; Białoruska Duda; A.W.; D…a B.; D-da B.) — беларускі паэт, драматург, публіцыст і дасьледнік фальклёру, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Паходзіў са старадаўняга, але зьбяднелага шляхецкага роду. Бацька яго быў дазорцам мер і вагаў у Кублічах. Маці памерла пасьля родаў. Дзяцінства А. Вярыгі-Дарэўскага прайшло ў фальварку Людвінава непадалёк ад Дзісны. Пасьля заканчэньня Забельскай гімназіі (мяст. Валынцы, цяпер Дрысенскі раён) служыў у Віцебскай часовай камісіі для рэвізіі дзейнасьці губэрнскай дваранскай дэпутацкай зборні (1836—1844). У сярэдзіне 1840-х гг. набыў фальварак Стайкі паблізу Віцебска, ажаніўся. Служыў у розных установах Віцебска. З 1852 калескі асэсар.

Арцём Вярыга-Дарэўскі шмат сілаў і часу аддаваў культурна-асьветніцкай дзейнасьці, імкнучыся арганізаваць на Віцебшчыне народныя школы, тэатар, бібліятэкі і чытальні. У 1850-я арганізаваў у Віцебску публічную бібліятэку. Зьбіраў беларускі фальклёр. Пасылаў допісы ў газэту «Kurjer Wileński» і «Виленский вестник» (Вільня), «Słowo» (Пецярбург), часопіс «Ruch muzyczny» (Варшава). Стаў вядомы як аўтар паэм, гутарак і драматычных твораў, якія разыходзіліся ў рукапісах: паэмы «Ахульга» (тэматычна зьвязаная з барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасьць», камэдый «Хцівасьць» і «Грэх 4-ы — гнеў». Першым пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод». Беларускія творы з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы ня знойдзены. Пры жыцьці выйшла адзіная кніга на польскай мове «Гутарка пра сваяка». Грамадзкі рэзананс мела паездка А. Вярыга-Дарэўскага ў 1858 у Вільню, дзе ён сустрэўся зь віднымі прадстаўнікамі культуры. Тады ж быў запачаткаваны знакаміты «Альбом Вярыгі-Дарэўскага» (1858—1863), які стаў своеасаблівым літаратурна-грамадзкім альманахам, дзе м.і. свае запісы пакінулі Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, Адам Кіркор, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ялегі Пранціш Вуль.

У 1861—1862 браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, за што стаў аб’ектам пільнага нагляду жандараў. У 1863 адзін з кіраўнікоў узброенага выступленьня на Віцебшчыне. Арыштаваны 6.5.1863, амаль два гады правёў пад сьледзтвам у віцебскай турме. Першапачаткова асуджаны на пажыцьцёвую катаргу, замененую 8 гадамі катаржных работ. У 1865 сасланы ва Ўсходнюю Сыбір (саляварны завод ва Ўсольлі). З 1868 на пасяленьні ў Іркуцку. Памёр у Сыбіры.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
    • Васілеўскі Д. Арцём Ігнатавіч Вярыга-Дарэўскі і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Полымя. 1929, № 6;
    • Борковский С. А., Мальдис А. И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Советское славяноведение. 1971, № 2;
    • Кісялёў Г. Арцём Вярыга-Дарэўскі // Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;