Зьміцер Жылуновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьміцер Жылуновіч
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Цішка Гартны і інш.
Нарадзіўся 23 кастрычніка (4 лістапада) 1887
Капыль, Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 11 красавіка 1937(1937-04-11) (49 гадоў)
Магілёў, БССР
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, драматург, паэт, палітык, журналіст
Мова беларуская мова і расейская мова
Дэбют у газэце «Наша ніва» (1908); першая кніга — «Pieśni» (1913)
Творы на сайце Knihi.com

Зьміцер Хведаравіч Жылуновіч (псэўд. Цішка Гартны; 4 лістапада [ст. ст. 23 кастрычніка] 1887, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Менская вобласьць — 11 красавіка 1937, Магілёў) — беларускі пісьменьнік, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 гадоў.

Іншыя псэўданімы і крыптанімы: Авадзень; Авадзён; Аглядальнік; В.Аса; Беларус; Беларус-Камуніст; Бэйгар; Вар; П.Вартавы; Паўлюк Вартавы; Васа; Сымон Гляк; Габрусь Друк; Сымон Друк; Зета; Зьміжыла; Зьміцер; Знаёмы; Зьмітро Капылянін; Янка Кліч; Мешчанін; Мінчанін; Цішка Г.; Мужык; С.Смык; Я.Смык; Стары С-Д; Твой сын Зьмітро; Чырвонь; Язэп Чырвонь; Шулятнік; А.; Ц. Г.; Д. Ж.; З. Ж.; У. Ж.; Ул. Ж.; Д.Ж-ч; З.Ж-ч; Я.К-іч і інш.

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працаваў рамесьнікам-гарбаром у Капылі, Летуве, Украіне, на заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Друкавацца пачаў з 1908 году ў газэце «Наша ніва». Першая кніга «Pieśni» выйшла ў 1913 годзе. Прадстаўляў беларускія інтарэсы ў Дэмакратычнай нарадзе ў Петраградзе з 14(27) верасьня па 23 верасьня(6 кастрычніка) 1917 году, як прадстаўнік Беларускай сацыялістычнай грамады.[1] Быў абраны ў склад Дэмакратычнай Рады, што была пераўтворана ў Часовую Раду Расейскай рэспублікі (Перадпарлямэнт).[2][3][4][5] У 1918 годзе сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газэты «Дзяньніца». З кастрычніка 1918 году ў РКП(б). З 1 студзеня па 3 лютага 1919 году — старшыня Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Потым — палітработнік Чырвонай Арміі.

У 1921 годзе ў Бэрліне наладзіў выданьне беларускіх кніг. Пасьля вяртаньня ў Менск — рэдактар газэты «Савецкая Беларусь», ініцыятар стварэньня літаратурнага аб’яднаньня і часопіса «Полымя», узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намесьнікам наркама асьветы БССР, у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

У 1923 годзе пленум ЦК КП(б)Б прыняў пастанову пра прысваеньне Ц. Гартнаму званьня Народнага паэта Беларусі, але яна так і не была выкананая[6]. Акадэмік БелАН з 1928 году.

Рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бюст Цішкі Гартнага (скульптар Заір Азгур)
Ппомнік Цішку Гартнаму (Капыль, 2000 год)
Магіла Цішкі Гартнага з помнікам 1989 году (Магілёў, 2020 год)

Выключаны з ВКП(б) 16 студзеня 1931 году з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». Арыштаваны 15 лістапада 1936 году. 7 красавіка 1937 году пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (паводле афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых зьвестак — скончыў жыцьцё самагубствам).

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве[7].

Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15 кастрычніка 1955 году. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10 верасьня 1987 году.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар раманаў «Сокі цаліны» і «Перагуды», п’есаў, зборнікаў апавяданьняў, артыкулаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жонка — Жылуновіч Надзея Сьцяпанаўна (народжаная ў верасьні 1894 г. у Ленінградзе ў сям’і рабочага). 8 кастрычніка 1938 году асобай нарадай пры НКУС БССР асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» і «саўдзел у антысавецкай дзейнасьці» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленін­град­зкай вобласьці. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17 чэрвеня 1966 году Вярхоўным судом БССР.

Дачка Галіна нарадзілася 21 лютага 1917 году ў Ленінградзе. Сябра ВЛКСМ, паступіла ў Менскі мэдычны інстытут. 25 жніўня 1937 году ў Менску арыштавана, 8 кастрычніка 1938 году асобай нарадай пры НКУС БССР разам з маці асу­джана за «неданясеньне» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баровічы Ленінградзкай вобласьці. Пасьля вызваленьня жыла ў Беларусі. Рэабілітавана 17 чэрвеня 1966 году Вярхоўным судом БССР[8]. Беларускі мовазнавец (беларуская, расейская мовы), кандыдат філялягічных навук, складальнік зборніка ўспамінаў пра Цішку Гартнага.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Песьні (1913)
  • Хвалі жыцьця (1918)
  • Песьні працы і змаганьня (1922)
  • Сокі цаліны (1922)
  • На руінах. (Апавяданьне). // Полымя : часопіс. — Менск: Звязда, 1923. — № 2. — С. 6—28.
  • Трэскі на хвалях (1924)
  • Сацыялістка (1924)
  • Урачыстасьць (1925)
  • Дзьве сілы (1927)
  • Прысады (1927) — аповеды й п’есы
  • «Узгоркі і нізіны : крытычныя нарысы». — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1928. — 321 с. — 3000 ас.
  • На новым месцы (1930) — зборнік аповесьцяў
  • Гаспадар (1930)
  • Зялёны шум (1931)
  • Гоман зарніц (1932)
  • Наступ на горны (1932) — вершы й аповеды.
  • Збор твораў: У 4 т. Мн., 1987—1989. т. 1—3;
  • Вершы. Мн., 1967;
  • Насустрач сонцу — выбр. апавяданьні. Мн., 1978.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ізвѣщенія. 22 авг. въ 7 ч. веч. въ помѣщеніи «Бѣлорусской Соціалистической Грамады» (Знаменская ул. 36, кв. 54), состоится общее собраніе всѣхъ членовъ «Б. С. Г.» и сочувствующихъ, на которомъ будутъ сдѣланы слѣдующіе доклады: 1. Члена Особаго Совѣщанія—1. Я. Воронко на тему «Государственное Совѣщаніе въ Москвѣ и національный вопросъ». II. Старшины «Б. С. Г».—Д. Ф. Жилуновича—«Конференція Национально-Соціалистическихъ Партій». III. І. А. Лавриновича—Центральная Бѣлорусская Рада въ Минскѣ. / Фёдар Дан // Извѣстія Петроградскаго Совѣта Рабочихъ и Солдатскихъ Депутатовъ. : газэта. — Копейка, 22.08.1917/02.09.1917. — № 150. — С. 12.
  2. ^ Демократическое совѣщаніе. Засѣданіе 22 сентября. / Ф. А. Степунъ // Армія и Флотъ Свободной Россіи(Русскій инвалид) : газэта. — Петроградъ: 23 верасьня (6 кастрычніка) 1917. — № 218. — С. 2.
  3. ^ Руднева С.Е. Демократическое совещание (сентябрь 1917 г.): История форума.. — Москва: Наука, 2000. — С. 148. — 256 с. — 500 ас. — ISBN 5-02-010200-8
  4. ^ Дѣйствія правительства. Объ учрежденіи Временнаго Совѣта Россійской Республики. / М. Б. Войцеховичъ // Вестник Временного правительства : газэта. — Петроград: 1917, 03 окт. (16 окт.). — № № 167(213). — С. 1.
  5. ^ Руднева С.Е. Предпарламент. Октябрь 1917 г.: опыт исторической реконструкции.. — Москва: Наука, 2006. — 279 с. — 500 ас. — ISBN 5-02-035534-8
  6. ^ Дзве даты // «Звязда» №216 (26824) 4 лістапада 2010
  7. ^ Эла Дзьвінская. Да 100-годдзя БССР. Літаратурны вобраз кіраўніка першага ўраду БССР. (Размова зь пісьменьнікам Эрнэстам Ялугіным). // Наша слова : штотыднёвая газэта. — 2 студзеня 2019. — № 1 (1412). — С. 4.
  8. ^ ГАРТНЫ Цішка
  9. ^ Уля Шубзда, Ганна Шарэнда. (27 кастрычніка 2018) «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».. БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]