Леся Ўкраінка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леся Ўкраінка
Леся Українка
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ларыса Пятроўна Косач-Квітка
Нарадзілася 13 (25) лютага 1871[1]
Памерла 1 жніўня 1913(1913-08-01)[2][3] (42 гады)
Пахаваная
Бацькі Пётр Антонавіч Косач[d]
Алена Пчолка
Сужэнец Клімент Васілевіч Квітка[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, перакладніца, пісьменьніца, драматург
Гады творчасьці 1884—1913
Жанр драматычная паэма, верш
Мова француская мова, украінская мова[5] і расейская мова
Подпіс Выява аўтографу

Ле́ся Ўкраі́нка (па-ўкраінску: Леся Українка; сапраўднае імя — Лары́са Пятро́ўна Ко́сач-Кві́тка, па-ўкраінску: Лариса Петрівна Косач-Квітка; 25 лютага [ст. ст. 13] 1871, Зьвягель, Украіна — 1 жніўня [ст. ст. 19 ліпеня] 1913, Сурамі, Грузія) — украінская паэтка, пісьменьніца, перакладчыца, культурная дзеячка. Пісала ў самых разнастайных жанрах: паэзіі, лірыцы, эпасе, драме, прозе, публіцыстыцы. Таксама працавала ў галіне фальклярыстыкі (220 народных мэлёдыяў запісана зь яе голасу) і актыўна ўдзельнічала ва ўкраінскім нацыянальным руху.

Вядомая дзякуючы сваім зборнікам паэзіі «На крылах песень» (1893), «Думы і мроі» (1899), «Водгукі» (1902), паэмаў «Даўняя казка» (1893) і «Адно слова» (1903), драмаў «Баярыня» (1913), «Касандра» (1903—1907), «У катакомбах» (1905), «Лясная песьня» (1911) ды іншых.

Пахаваная ў Кіеве на Байкавых могілках.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маці, Вольга Пятроўна Драгаманава-Косач — пісьменьніца, тварыла пад псэўданімам Алена Пчолка (яе паэзію і апавяданьні для дзяцей на ўкраінскай мове добра ведалі ва Ўкраіне), была актыўнай удзельніцай жаночага руху, выдавала альманах «Першы вянок». Бацька — высокаадукаваны памешчык, які вельмі любіў літаратуру і жывапіс. Дзіцячыя гады прайшлі на Валыні: у Наваградзе-Валынскім (1871 г. — вясна 1879 г.), Луцку, у вёсцы Калодзежнае, што пад Ковелем.

У доме Косачаў часта зьбіраліся пісьменьнікі, мастакі і музыкі, праводзіліся вечарыны і хатнія канцэрты. Дзядзька Лесі (так яе называлі ў сям’і, і гэта хатняе імя стала літаратурным псэўданімам) — Міхаіл Драгаманаў — быў вядомым вучоным, грамадзкім дзеячом, які перад эміграцыяй у Францыю і Баўгарыю супрацоўнічаў зь І. Франком. Яму належыць адна зь вядучых роляў у фарміраваньні пляменьніцы ў адпаведнасьці са сваімі сацыялістычнымі перакананьнямі, ідэаламі служэньня радзіме, ён жа дапамагаў ёй як літаратурны крытык і фалькларыст.

Раньняе дзяцінства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ларыса Пятроўна Косач нарадзілася 25 лютага [ст. ст. 13] 1871 ў месьце Зьвягель.

Леся Ўкраінка і ейны брат Міхаіл (у сям’і іх называлі агульным імем — «Мішалося») вучыліся ў прыватных настаўнікаў. Рана (у 4 гады) навучылася чытаць[6]. У студзені 1876 А. П. Косач зь дзецьмі Міхаілам і Ларысай прыехалі ў Кіеў, каб разьвітацца з М. П. Драгаманавым перад яго вымушанай эміграцыяй.

« Памятаю… я прывезла сваіх старэйшых дзяцей Міхася і Лесю ў Кіеў; жылі яны некаторы час у Міхаіла, каб колькімага бліжэй спазнацца зь дзядзькам і яго сям’ёй[7] »

Улетку таго ж году А. П. Косач разам зь Лесяй і Міхаілам адпачываюць у вёсцы Жабарыцы. Тут Леся ўпершыню пачула апавяданьні маці пра Маўку.

« …Відаць было, што знаходжаньне ў Жабарыцах пакінула на Лесю вельмі вялікае ўражаньне і вельмі ёй спадабалася: яна, бывала, раз-пораз з уцехаю ўспамінае, што тое ці то чула, ці бачыла ў Жабарыцах… Жабарыцкія песьні, казкі, розныя павер’і, звычаі, купальскія, жніўныя і г. д. Леся памятала і часта ўспамінала… »

—Спогади про Лесю Ўкраїнку. – К. : «Дніпро», 1971 р., стор. 36

У 6 гадоў Леся пачала вучыцца вышываць.

« Леся сканцэнтраваная і вельмі ўражлівая. Шмат часу прысьвячае вышываньню, магла нават вышыць бацьку кашулю »

—Косач-Кривинюк О. Хронолёгія житця і творчосці Лесі Ўкраїнки. – Інститут ліцератури ім. Т. Г. Шэвченка АН УРСР, відділ рукописів, ф. 107

Дзяцінства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1878 року бацькі Лесі паехалі на сусьветную выставу ў Парыж, дзе сустракаліся з М. П. Драгаманавым. У гэты час даглядаць за дзецьмі прыяжджае Алена Антонаўна Косач, сястра Лесінага бацькі. Сяброўства зь «цёткай Елею» пакінула прыкметны сьлед у жыцьці і творчасьці паэткі[8].

7 (19) лістапада таго ж року загадам міністэрства ўнутраных справаў П. А. Косач пераведзены на працу ў Луцк.

« …Бацьку нашага перавялі з абжытага месца, каб пакараць за яго «ўкраінафільства» і за спатканьне падчас падарожжа ў Парыж на выставу 1878 г. з эмігрантам, ягоным сябрам, а матчыным братам Міхаілам Пятровічам Драгаманавым »

—Спогади, с. 44.

У сакавіку 1879 г. арыштавалі Алену Антонаўну Косач, цётку Лесі, за ўдзел у замаху на шэфа жандараў Дрэнцельна, пазьней яе выслалі ў Аланецкую губэрню, а ў 1881 г. саслалі ў Сыбір на 5 гадоў (у г. Ялутароўск Цюменскай вобл., а затым у г. Цюмень)[9] Даведаўшыся пра гэта, Леся ў канцы 1879 г. ці ў пачатку 1880 г. напісала сваю першую паэзію — «Надзея».

Улетку 1880 Аляксандра Антонаўна Косач-Шыманоўская, цётка Лесі, з двума сынамі пераяжджае ў Луцк, жыве ў сям’і Косачаў. Прычынай пераезду стаў арышт і высылка ў Сыбір яе мужа Барыса Шыманоўскага. «Цётка Саша» — першая Лесіна настаўніца музыкі. Да яе Леся захоўвала ўсё жыцьцё пачуцьцё вялікай падзякі.

6 (18) студзеня Леся вельмі прастудзілася, так пачалася цяжкая хвароба.

У гэтым жа годзе А. П. Косач павезла Міхаіла, Лесю, Вольгу ў Кіеў для навучаньня пад кіраўніцтвам прыватных настаўнікаў. Міхаіл і Леся пачалі вучыцца па праграме мужчынскай гімназіі, там Леся бярэ ўрокі гульні на фартэпіяна ў жонкі Лысенкі — Вольгі Аляксандраўны О’Конар.

У пачатку мая 1882 г. Косачы пераязджаюць у сяло Калодзежнае, што з гэтага часу стала іх сталым месцам жыхарства.


« Наша сям’я жыла ў вельмі блізкіх стасунках зь сялянамі, усе мы, у тым ліку і Леся, можа, яшчэ больш, чым хто, мелі паміж жыхарамі ня толькі знаёмых, але і сяброў, і сябровак, і таварышаў, таму ўвесь іх побыт вельмі хутка стаў нам вядомым, а далей і родным. »

А тым часам Леся з братам Міхаілам жывуць у Кіеве, вучацца ў прыватных настаўнікаў, у прыватнасьці вывучаюць грэцкую і лацінскую мовы.

Улетку 1883 у Лесі дыягнаставалі тубэркулёз костак, у кастрычніку гэтага ж року прафэсар А. Рынек апэраваў ёй левую руку, выдаліўшы падчас апэрацыі косткі, пашкоджаныя тубэркулёзам. У сьнежні Леся вяртаецца з Кіева ў Калодзежнае, стан здароўя паляпшаецца, з дапамогай маці Леся вывучае францускую і нямецкую мовы.

10 чэрвеня [ст. ст. 29 траўня] 1882 нарадзілася сястра Аксана, 2 верасьня [ст. ст. 22 жніўня] 1884 — брат Мікалай.

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаючы з 1884 году, Леся актыўна піша вершы («Ландыш», «Сафо», «Лета чырвонае прайшло» і інш.) і публікуе іх у часопісе «Зара». Менавіта ў гэтым годзе зьявіўся псэўданім «Леся Ўкраінка».

Сардэчнае сяброўства аб’ядноўвае Ларысу зь яе старэйшым братам Міхаілам. Па неразлучнасьці ў сям’і іх называлі агульным імем «Мішалося», пазьней Ларысу пераназвалі ў сям’і на Лесю.

Некаторы час Ларыса вучылася ў школе Аляксандра Мурашкі ў Кіеве. З гэтага пэрыяду засталася адна карціна, намаляваная алейнымі фарбамі. Пазьней ёй прыйшлося атрымліваць адукацыю самастойна, у чым дапамагала маці.

Яна ведала многія эўрапейскія, у тым ліку і славянскія мовы: расейскую, польскую, баўгарскую і інш., а таксама старажытнагрэцкую, лацінскую, што сьведчыла аб яе высокім інтэлектуальным узроўні. Алена Пятроўна выхоўвала яе як моцнага чалавека, які ня меў права да празьмернага выказваньня сваіх пачуцьцяў. Сьлед гэтай «paidei» можна знайсьці ў кожным творы «самотнага мужчыны». Аб узроўні яе адукацыі можа сьведчыць факт, што ў 19-гадовым узросьце яна напісала для сваіх сясьцёр падручнік «Старажытная гісторыя ўсходніх народаў» (надрукаваны ў Екацярынаславе ў 1918 г.). Украінка шмат перакладала (Гогаля, А. Міцкевіча, Г. Гайнэ, В. Гюго, Гамэра й інш.).

Сталасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пабываўшы 1891 г. у Галічыне, а пазьней і на Букавіне, Украінка пазнаёмілася з многімі выдатнымі дзеячамі Заходняй Украіны: І. Франком, М. Паўлікам, В. Кабылянскай, В. Стэфанікам, О. Макавеем, Н. Кобрынскай. Асноўны адмурак сацыяльна-палітычнага сьветапогляду Л. Косач сфармаваўся пасьля круглагоднага (1894—1895) яе знаходжаньня ў М. Драгаманава ў Сафіі і трагічнай падзеяй, якой была для яе сьмерць дзядзькі.

Гісторыю каханьня Лесі Ўкраінкі часта пачынаюць зь Сяргея Мяржынскага. Таямніца Лесі Ўкраінкі і Вольгі Кабылянскай (захаваліся лісты Л. Косач) дапамагае ў разуменьні Лесінага твора «Блакітная ружа» (1896 г.).

Вымушаныя неабходнасьцю лячэньня, падарожжы ў Нямеччыну, Аўстра-Вугоршчыну, Італію, Эгіпет, неаднаразовыя знаходжаньні на Каўказе, Адэшчыне, у Крыме ўзбагацілі яе ўражаньні і спрыялі пашырэньню далягляду пісьменьніцы.

Апошнія гады жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку сакавіка 1907 Леся Ўкраінка пераехала з Калодзежнага ў Кіеў[10]. А ў канцы сакавіка разам з К. Квіткам зьдзейсьніла паездку ў Крым, дзе, у прыватнасьці, пабывала ў Севастопалі, Алупцы і Ялце[11][12].

7 жніўня 1907  Леся Ўкраінка і Клімэнт Квітка афіцыйна аформілі шлюб у царкве і пасяліліся на вуліцы Вялікай Падвальнай (цяпер вул. Яраславаў вал), 32, кв. 11 у Кіеве[13]. 21 жніўня яны разам адпраўляюцца ў Крым, дзе Квітка атрымаў пасаду ў судзе[14].

У гэты час Леся шмат працуе на літаратурнай ніве. 5 мая 1907 яна завершыла драматычную паэму «Айша і Махамед», 18 траўня канчаткова завяршыла паэму «Касандра», працу над якой пачала яшчэ ў 1903. 12 траўня накіравала ў альманах «Зь няволі» (Волагда) драматычную паэму «На руінах». Выданьне прызначалася для дапамогі палітычным сасланым[15]. У верасьні быў напісаны верш «За гарой зарніцы», працягнутая праца над творамі «У пушчы», «Мой Руфін і Прысцыла»[16].

Апошнія гады жыцьця Л. Косач-Квіткі прайшлі ў падарожжах на лячэньне ў Эгіпет і на Каўказ. Разам з мужам, Клімэнтам Квіткам, яна працавала над зьбіраньнем фальклёру, інтэнсіўна апрацоўвала ўласныя драмы. На вестку аб цяжкім стане Ларысы Пятроўны ў Грузію прыехала яе маці. Так уласна ёй пісьменьніца дыктавала праекты сваёй так і ненапісанай драмы «На берагах Александрыі». Сымбалічнае значэньне яе творчасьці можна прачытаць у малітве дзяцей да Геліяса над манускрыптамі.

Памерла 19 ліпеня (1 жніўня) 1913 року ў горадзе Сурамі ва ўзросьце 42 гадоў. Пахавана на Байкавых могілках у Кіеве (надмагільны помнік — бронза, граніт; скульптар Галіна Петрашэвіч; усталяваны ў 1939 року)[17].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэтычная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісаць паэзію Леся Ўкраінка пачала рана — 9-гадовай дзяўчынай (верш «Надзея»). Леся напісала гэты першы ў сваім жыцьці верш пад уплывам весткі пра лёс сваёй цёткі Лены Антонаўны Косач (у жаніцьбе Цясьленка-Прыходзька), сасланай за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Упершыню надрукаваныя вершы «Ландыш» і «Сафо» былі прысьвечаныя сваёй цётцы Аляксандры Судоўшчыкавай, выйшлі ў львоўскім часопісе «Зара» ў 1884 року. У 1885 у Львове выйшаў зборнік яе перакладаў зь Мікалая Гогаля (выраблены ёю супольна з братам Міхаілам).

Літаратурная дзейнасьць Лесі Ўкраінкі ажывілася зь сярэдзіны васьмідзясятых гадоў, калі Косачы пераехалі ў Кіеў, і ў асяродзьдзі сем’яў Лысенкі і Старыцкага яна ўвайшла ў літаратурны гурток «Плеяда». У 1892 у Львове выйшла «Кніга песень» Гайнрыха Гайнэ ў перакладах Лесі Ўкраінкі (супольна з М. Славінскім). Першы зборнік яе арыгінальных вершаў «На крылах песень» зьявіўся ў Львове (1893, другое выданьне ў Кіеве ў 1904), там жа выйшаў і другі зборнік «Думы і мары» (1899), трэці «Водгукі» (1902) — у Чарнаўцах.

Пасьля таго Леся Ўкраінка працавала цэлае дзесяцігодзьдзе і напісала больш за сотню вершаў, зь якіх палова за яе жыцьцё не была надрукаваная.

У канон украінскай літаратуры Леся Ўкраінка ўвайшла найперш як паэт мужнасьці і барацьбы. Тэматычна багатую яе лірыку некалькі ўмоўна (з прычыны ўзаемасувязі матываў) можна падзяліць на асабістую, пэйзажную і грамадзянскую. Галоўныя тэмы яе раньніх лірычных вершаў: прыгажосьць прыроды, любоў да роднага краю, асабістыя перажываньні, прызначэньне паэта і роля паэтычнага слова, сацыяльныя і грамадзкія матывы. У першых творах яе прыкметны ўплыў Тараса Шаўчэнкі, Панцеляймона Куліша, Міхаіла Старыцкага, Гайнрыха Гайнэ, але і ў іх бачны выразны ўплыў Вольгі Пятроўны і Міхаіла Драгаманава (псэўданім — Украінец) на выбар яе матываў.

А ўжо верш «Contra spem spero» (1890) характарызуе антычнае разуменьне доблесьці (arete), бліскучае валоданьне міталягічнымі ілюзіямі, аўтакрэацыя жанчыны-ваяра. Менавіта гэты асьпект творчасьці на доўгія гады вызначаў тонус навуковага «лесезнаўства». Такія асноўныя матывы паэтычных твораў «Да таварышаў», «Таварышу на памяць», «Грэшніца», «Slavus-Sclavus», «Fiat nox», «Эпілёг» і многіх іншых. Матыў волі набірае ў ёй вельмі разнастайныя фарбы: ад непакорнасьці традыцыйнаму разуменьню імпэрыі да індывідуальнага выбару modus vivendi, што азначае адкрыцьцё ісьціны і служэньне ёй. Здрада на любой плоскасьці тоесная з трагедыяй, з учынкам Медэі. Лірыка прагі і схаванага трыюмфу, зьвязанага зь немагчымасьцю рэалізаваць сваю любоў, экспануе схему рыцарскай любові. Лірычная гераіня — рыцар, які сьпявае сваёй даме сэрца. Эратызм такіх вершаў, як «Хацела б я цябе як плюшч абняць», «Твае лісты заўсёды пахнуць завялымі ружамі» — гэта містычныя дыфірамбы ў гонар чароўнай палюбоўніцы.

Элемэнт эпасу, уласьцівы шматлікім лірычным вершам Украінкі, знайшоў пазьней увасабленьне ў балядах, легендах, паэмах, напісаных на сюжэты сусьветнай культуры, праектаваных на актуальныя праблемы вольнага чалавека ў сьвеце заняволеньня («Самсон», «Робэрт Брус, кароль шатляндзкі», «Віла-пасястра», «Адно слова» і інш.) і ролю паэта ў гэтай барацьбе («Старая казка», «Саўл», «Арфэеў цуд»).

Драматургія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другой палове 90-х рокаў Леся Ўкраінка зьвяртаецца да драматургіі. Першая яе драма «Блакітная ружа» (1896) з жыцьця ўкраінскай інтэлігенцыі распаўсюджвае тэматыку тагачаснай украінскай драмы ды паказвае пераважна жыцьцё сялянства. Філязофскі дыскурс драмы, накіроўваючы да творчасьці Гаўтпмана, прадстаўляе ня толькі вар’яцтва як форму свабоды, але і пэўную тугу за целам.

Далей Леся Ўкраінка, шырока выкарыстоўваючы тэмы і вобразы сусьветнай літаратуры, разьвіла новы жанр — драматычную паэму.

Першая зь іх — «Апантаная» (1901). Канва біблейскай гісторыі Мірыям і Месіі трансфармуецца ў матыў Эраса і Танатаса, якія, быўшы самім увасабленьнем жыцьця, складаюць антытэзу да паставы Мірыям. Асаблівае месца ў яе творчасьці займаюць драматычныя паэмы на тэмы бабілёнскага палону пры аналёгіі палону Ўкраіны ў Расейскай імпэрыі («На руінах», «Бабілёнскі палон», «У доме працы — у краіне няволі»). Сымбалічны сэнс гэтых паэм паэтка раскрыла ў вершы «І ты калісьці змагалася, як Ізраіль, Украіна мая», дзе можна знайсьці такія радкі: «Доўга яшчэ, Госпадзе, доўга мы будзем блукаць і шукаць роднага краю на сваёй зямлі?». Складаюць яны своеасаблівы ключ да разуменьня ладу няволі як вобразу душы раба ўласных стэрэатыпаў. Пэрсанажы раб-эгіпцянін і раб-жыд з паэмы «Ў доме працы — у краіне няволі» — гэта людзі, якія забыліся пра свае карані. Духоўная сьлепата становіцца вызначаным лейтматывам творчасьці Лесі Ўкраінкі.

У драматычнай паэме «Касандра» (1907) пісьменьніца разьвівае мэтафару чалавечай праўды і трагічнай ісьціны, якую ўвасабляе галоўная гераіня. Дагаджальніцтва і пасіўнасьць ўмеранай грамады дакарае паэтка ў драматычнай паэме «У катакомбах» (1905). Свабода стваральніка — гэта не служэньне народу і ягоным утылітарным мэтам. Пакараньне за гэты ўчынак — немагчымасьць тварыць далей. Матыў вышэйшага пакліканьня мастака, які ярка выяўляецца ўжо ў цыкле вершаў «Сем струн» у вершы «Fa» (Фантазія, ты сіла чароўная) у дадзенай драме набывае асаблівае абвастрэньне. У драме «Мой Руфін і Прысцыла» сьветлы вобраз хрысьціянкі супрацьпастаўлены грубай сіле імпэратарскага Рыму. Драматычная паэма «Баярыня» ў новым ракурсе выяўляе тэму свабоды. Выходзячы за схему матыву «ўкраінскага Рысарджымэнта», прадстаўленую ў інтэрпрэтацыі Д. Данцова, можна прачытаць фігуру Аксаны як вобраз чалавека, які не адкрыў, чым ёсьць сапраўдная свабода ў ейнай антычнай хрысьціянскай іпастасі.

Паэма «Оргія» ў пэўным сэнсе працягвае тэму папярэдняй драмы. Антычны фон падзей экспліцыруе вядучыя пытаньні філязофіі. Кантраст паміж дыянізыйскім і апалёнскім пачаткамі падкрэсьлівае фігуру сьпевака Антэя. Разумеючы, чым зьяўляецца мастацтва і яго роля ў гісторыі, ён выбірае сьмерць, якая пераносіць яго ў бесьсьмяротнасьць.

Да выдатных твораў Лесі Ўкраінскі належаць драмы «Каменны гаспадар» і «Лясная песьня». Традыцыйная тэма сусьветнай літаратуры знайшла ў драматычнай паэме «Каменны гаспадар» (1912) цалкам арыгінальную трактоўку вобраза Дон Жуана. Жаноцкасьць героя і мужчынская пастава Доны Ганны працягвае клясычную традыцыю зьмены роляў, якая прыводзіць да сымбалічнай сьмерці Дон-Жуана. «Лясная песьня» (1911) — вяршыня творчасьці Лесі Ўкраінкі. У ёй паказаны канфлікт паміж высокім ідэалам і празаічнай дробязнай штодзённасьцю. Галоўная гераіня драмы-фэерыі Німфа ня толькі паэтычны вобраз казачнай істоты, але і філязофскае абагульненьне ўсяго прыгожага, вечна жывога. Цыклічнасьць натуры супрацьпастаўляецца чалавечаму жыцьцю. І то менавіта натура перамагае, абыякавая да трагедый.

Празаічная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобнае месца ў літаратурнай спадчыне Лесі Ўкраінкі мае мастацкая проза. Першыя апавяданьні пра вясковае жыцьцё («Такі яе лёс», «Сьвяты вечар», «Веснавыя песьні») зьместам і мовай зьвязаны з народнымі песьнямі. У жанры казкі напісаны «Тры жамчужыны», «Чатыры казкі зялёнага шуму», «Лелія», «Бяда навучыць», «Матылёк». Вострым драматызмам азначаюцца аповесьці «Жаль» і «Прыязьнь». Засталася няскончанай перадсьмяротная аповесьць Украінкі «Экбаль Ганем», у якой яна хацела адлюстраваць псыхалёгію арабскай жанчыны.

Значэньне творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выключна вялікае значэньне творчасьці Лесі Ўкраінкі ў гісторыі ўкраінскай літаратуры заключаецца ў тым, што яна ўзбагаціла ўкраінскую паэзію новымі тэмамі і матывамі; дасканала валодаючы катрэнамі і актавамі, санэтамі і арыгінальнымі страфічнымі будовамі, выкарыстоўваючы гексамэтр, вэрлібр, пяцістопавы ямб і да т. п., яна ўзбагаціла строфіку, рытміку і мэтрыку ўкраінскай паэзіі. На пераломе XIX—XX стагодзьдзяў, выкарыстоўваючы вандроўныя сюжэты сусьветнай літаратуры, Леся Ўкраінка стала ў авангардзе творчых сіл, якія выводзілі ўкраінскую літаратуру на шырокую арэну сусьветнай літаратуры.

Яе творы выдаваліся шмат разоў. Навукова аб’ектыўнейшымі зьяўляюцца выданьні «Книгоспілки» (у 7 тт. 1923—1925 і ў 12 т. 1927—1930 рр.) з прафэсійнымі прадмовамі М. Зэрава, Б. Якубскага, М. Драй-Хмары, П. Руліна, Е. Ненадкевіча, О. Білецкага і іншых. Усе пазьнейшыя выданьні маюць наўмысныя цэнзурныя пропускі: у 5 т. (1951—1956), у 10 т. (1963—1965) і ў 12 т. (1975—1979). Каштоўнае багатым біяграфічным і эпісталярным матэрыялам выданьне А. Косач-Крывінюк «Леся Ўкраінка. Храналёгія жыцьця і творчасьці» (Нью-Ёрк, 1970).

Леся Ўкраінка і кінэматограф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёй прысьвечаны мастацкі фільм Н. Машчанкі «Іду да цябе» (1972) па сцэнарыі І. Драча, навукова-папулярныя карціны «Леся Ўкраінка» (1957), «Леся Ўкраінка» (1969), дакумэнтальны фільм «Леся Ўкраінка» (1971). Вядомыя экранізацыі яе твораў — «Лясная песьня» (1961) В. Іўчанкі і «Лясная песьня. Маўка» (1980) Ю. Ільленка, «Спакуса Дон Жуана» (1985) В. Левіна, тэлевізійная п’еса «Оргія» (1991).

Тэатральныя пастаноўкі па творах Лесі Ўкраінкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кампазытар Міхайла Скарульскі ў 1936 року напісаў балет «Лясная песьня» па аднайменнай драме-фэерыі Лесі Ўкраінкі. Прэм’ера балету адбылася ў 1946 року ў Кіеўскім тэатры опэры і балета УССР імя Тараса Шаўчэнкі. З 1958 балет «Лясная песьня» ідзе ў пастаноўцы балетмайстра В. Вронскага[18]. Харкаўскім тэатрам «P.S.» быў пастаўлены спэктакль «Маналёгі. Вечар Слова», паэтычны спэктакль па вершах Лесі Ўкраінкі (рэжысэр С. В. Пасічнік). Харкаўскім тэатрам імя Тараса Шаўчэнкі быў пастаўлены спэктакль «Адвакат Марціян» (рэжысэр С. В. Пасічнік).

Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускую мову яе творы пераклалі Эдзі Агняцьвет, Анатоль Астрэйка, Мікола Аўрамчык, Артур Вольскі, Анатоль Вялюгін, Юрка Гаўрук, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Сяргей Дзяргай, Хведар Жычка, Ніна Загорская, Іван Калесьнік, Уладзімер Корбан, Еўдакія Лось, Піліп Пестрак, Паўлюк Прануза, Язэп Семяжон, Валеры Стралко, Мікола Хведаровіч ды іншыя[19][20].

  • Вершы і паэмы / Леся Украінка. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1957. — 254, [1] с., [1] л. партр.
  • Лясная песня: драма-феерыя ў 3 дзеях / Леся Украінка. — Мінск : Беларусь, 1971. — 126, [1] с.
  • Лясная песня: Драма-феерыя, вершы / Леся Украінка — Мн.: Юнацтва, 1996.
  • Адно слова. Якуцкая паэма: паэмы / Леся Украінка. — Самвыдат. — Койданава : Алесь Баркоўскі, 2014. — [1], 21 л.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Lesya Ukrainka // Find a Grave (анг.) — 1996.
  2. ^ Lessja Ukrajinka // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  3. ^ Lesia Ukrainka // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
  4. ^ https://dlibra.kul.pl/dlibra/publication/66784/edition/62738/content — С. 1.
  5. ^ CONOR.SI
  6. ^ Спогади про Лесю Ўкраїнку. — К. : «Дніпро», 1971 р., стор. 42
  7. ^ Спогади про Лесю Ўкраїнку. – К. : «Дніпро», 1971 р., стор. 81
  8. ^ Спогади, с. 48
  9. ^ Деятели, Т. 2. Вып. 2. с. 659
  10. ^ Косач-Кривинюк О. Хронологія життя і творчості Лесі Українки. — Інститут літератури ім. Т. Г. Шевченка АН УРСР, відділ рукописів, ф. 107
  11. ^ Ліст Лесі Ўкраінкі да А. П. Косач (сястры) ад 19 сакавіка 1907
  12. ^ Ліст Лесі Ўкраїнкі да сям’і Косачаў ад 15 сакавіка 1907
  13. ^ Ліст Лесі Ўкраінкі да А. П. Косач (маці) ад 25 ліпеня 1907
  14. ^ Лісты Лесі Ўкраінкі да бацькоў ад 10 і 17 жніўня 1907
  15. ^ Ліст Лесі Ўкраінкі да сям’і Касачоў ад 29 красавіка 1907
  16. ^ Ліст Лесі Ўкраінкі да О. П. Косач (маці) ад 10 верасьня 1907
  17. ^ Київ: Енциклопедичний довідник / За редакцією А. В. Кудрицкого. — К.: Головна редакція Української Радянської Енциклопедії, 1981. — 736 с, іл.
  18. ^ Марія Загайкевич. Про балет «Лісова пісьня» // «Лісова пісьня». Програмка до вистави. — Виданьня Націёнальної опери України імені Тараса Шэвченка. — Київ, 2009.
  19. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — ISBN 985-11-0263-6
  20. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Енциклопедія Українознавства : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка; Гол. ред. проф., д-р В. Кубійович. — Париж; Нью-Йорк; Львів: «Молоде життя», 1991—2003.  (укр.)
  • Франко І. «Леся Українка». ЛНВ, т. III, Л. 1898, кн. 7
  • Забужко О. Notre Dame d’Ukraine: Українка в конфлікті міфологій. — К. 2007
  • Зеров М. Леся Українка. X. — К. 1924
  • Музичка А. Леся Українка, її життя, гром. діяльність і поетична творчість. О. 1925
  • Драй-Хмара М. Леся Українка. Життя і творчість. К. 1926
  • Леся Українка. Публікації. Статті. Дослідження, т. І — III. 1954 — 60
  • Одарченко П. Леся Українка і М. П. Драгоманов. Нью-Йорк 1954
  • Бабишкін О. і Курашова В. Леся Українка. Життя і творчість. К. 1955
  • Бабишкін О. Драматургія Лесі Українки. К. 1963
  • Журавська І. Леся Українка та зарубіжні літератури. К. 1963
  • Спогади про Лесю Українку. К. 1963. 2 вид. 1971
  • Денисюк І., Міщенко Л. Дивоцвіт. Джерела і поетика «Лісової пісні» Лесі Українки. Л. 1963
  • Аврахов Г. Художня майстерність Лесі Українки. К. 1964
  • Кулінська Л. Поетика Лесі Українки. К. 1967
  • Сверстюк Є. «На полі чести». В кн. Є. Сверстюк, «Собор у риштованні». Париж — Балтімор. 1970, стор. 106 — 12, а також у газ. Літературна Україна, ч. 61, 1963
  • Леся Українка. Документи і матеріали. 1871—1970. К. 1971
  • Кулінська Л. У світі ідей та образів. (Особливості поетики драми Лесі Українки). К. 1971
  • Костенко Л. Леся Українка. К. 1971
  • Дзюба І. «Та, що пильнувала ватри». (До 50-ої річниці з дня смерті Лесі Українки). В кн. Л. Українка. «Бояриня». Торонто 1971, стор. 110 — 28
  • Леся Українка. Публікації. Статті. Дослідження. К. 1973
  • Вишневська Н. Лірика Лесі Українки. Текстологічне дослідження. К. 1976
  • Кулінська Л. Проза Лесі Українки. К. 1976
  • Агеєва В. Поетеса зламу тисячоліть. Творчість Лесі Українки в постмодерній інтерпретації. — К.,2001
  • Олесь Ільченко про Леонардо да Вінчі, Карла Ліннея, Жюля Верна, Джона Рокфеллера, Лесю Українку, Вінстона Черчілля / О. Ільченко. — Київ : Грані-Т, 2007. — 92 с : іл. — (Життя видатних дітей). — ISBN 978-966-2923-79-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]