Тэрэза Гардзялкоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэрэза Гардзялкоўская
Teresa Gordziałkowska
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Тэрэза Грэбніцкая / Teresa Hrebnicka
Псэўданімы «Зязюля» і «Т. Г.»
Нарадзілася 1854(1854)
Лепельскі павет, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя
Памерла травень 1933
Варшава
Пахаваная Варшава
Сужэнец Антон Мамерт Гардзялкоўскі[d]
Дзеці Альгерд Гардзялкоўскі[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Перакладніца, выдаўца, аўтарка, мэцэнатка
Гады творчасьці 1908-1933
Мова Беларуская, польская
Дэбют 1909

Тэрэза Гардзялкоўская (у дзявоцтве Тэрэза Грэбніцкая (1854 — травень 1933) — дваранка-каталічка Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі, мэцэнатка беларускамоўнага друку, перакладніца, публіцыстка, выдаўца.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрэза нарадзілася ў 1854 г. у сярэднезаможнай маянтковай дваранскай каталіцкай сям’і старажытнага роду Грабніцкіх (Дактаровіч-Грабніцкіх) герба «Налеўка», якая жыла ў Віцебскай губэрні і мела там маёнткі. Грабніцкія адносіліся да карэнных радоў (з XVI ст.) сярэднезаможнай маянтковай шляхты Полацкага і Віцебскага ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага, дзе займалі мясцовыя земскія пасады[1].

Тэрэза Грабніцкая выйшла замуж за двараніна-каталіка з Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні — Антона-Мамэрта Гардзялкоўскага, прадстаўніка сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Гардзялкоўскіх герба «Ляліва», галіны якога ў XIX ст. мелі маёнткі ў Магілёўскай і Менскай губэрнях Расейскай імпэрыі. Раней — у XVIII ст. — Гардзялкоўскія мелі маёнткі ў Наваградзкім, Полацкім і Менскім ваяводзтвах, а таксама ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, дзе таксама займалі мясцовыя земскія пасады[1].

Тэрэза ад свайго мужа Антона-Мамэрта Гардзялкоўскага мела трох дзяцей: 1) Альгерд Гардзялкоўскі (1886—1965), які ажаніўся з сваячкай — Вандай Гардзялкоўскай; 2) Канстанцін Гардзялкоўскі; 3) Станіслава Гардзялкоўская. Ейныя сыны Канстанцін Гардзялкоўскі і Альгерд Гардзялкоўскі сталі вядомымі прадпрымальнікамі ў галіне сельскай гаспадаркі і грамадзкімі дзеячамі Беларусі — важнымі сябрамі Магілёўскага таварыства сельскай гаспадаркі, карысталіся аўтарытэтам сярод карэнных каталіцкіх дваранаў Магілёўскай губэрні, належалі да краёўцаў-кансэрватараў і былі блізка знаёмыя з лідарам Менскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвардам Вайніловічам, які быў сынам Ганны Ваньковіч. Канстанцін Гардзялкоўскі быў паралельна важным і актыўным сябрам Менскага таварыства сельскай гаспадаркі[2].

Калі па выніках Рыскай мірнай дамовы (1921) дамы і маёнткі Гардзялкоўскіх на Магілёўшчыне і Меншчыне, як і многіх іншых землеўласьнікаў, аказаліся на савецкім баку і былі нацыяналізаваныя, Тэрэза Гардзялкоўская і ейныя сыны былі вымушаныя пакінуць савецкую Беларусь і прыняць грамадзянства Польшчы[3].

Тэрэза Гардзялкоўская памерла ў 1933 г. у Польшчы, пахаваная ў Варшаве[2].

Вестка аб сьмерці Тэрэзы Гардзялкоўскай у 1933 г. дайшла і да Янкі Купалы. Выказваюцца меркаваньні, што верш Янкі Купалы «Алеся» (1935 г.) з радкамі «Кукавала зязюля У зялёным лесе» прысьвечаны менавіта Тэрэзе Гардзялкоўскай[1].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрэза Гардзялкоўская была асабіста знаёмая з польскімі пісьменьніцамі Марыяй Канапніцкай і Элізай Ажэшка. У 1906 г. сын Тэрэзы Канстанцін Гардзялкоўскі стаў суарганізатарам Польскага таварыства асьветы і дабрачыннасьці (Polskie Towarzystwo Oświaty i Dobroczynności) у Магілёве, галоўнай мэтай якога было супрацьстаянне русіфікацыі «палякаў» (каталікоў)[1].

Тэрэза Гардзялкоўская шчыра падтрымлівала рух па пашырэньні ўжываньня беларускай мовы ў шырокай публічнай прасторы — і стала мэцэнаткай беларускамоўнага друку і перакладніцай на беларускую мову. У 1907—1908 гг. Тэрэза жыла за мяжой Расейскай імпэрыі — у Нэапалі (Італія) і Ніцы (Францыя), адкуль пасылала свае артыкулы ў беларускамоўную газэту «Наша ніва»[2].

У 1908 г. па прыездзе з Францыі Тэрэза разам з сынам Канстанцінам Гардзялкоўскім вырашылі арганізаваць у сваім маёнтку і нелегальную беларускамоўную школу для сялянскіх дзяцей — і выбралі для гэтай мэты сваю вёску Сані. Гардзялкоўскі прыехаў у Сані да селяніна Л. Жураўлёва і дамовіўся, каб той пусьціў у хату школу. Жураўлёў згадзіўся. Канстанцін Гардзялкоўскі быў таксама падпісчыкам беларускамоўнай газэты «Наша ніва» і, калі ён зьвярнуўся ў газэту з просьбай парэкамэндаваць настаўніка для сваёй школы ў Санях (якому быў гатовы плаціць за працу настаўніка «разы ў тры больш, чым дае казна»), яму прапанавалі Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа). Міцкевіч прыехаў і працаваў у школе два з паловай месяцы (студзень-красавік 1908 г.). У тыя часы школу наведвала каля 20 вучняў з навакольных вёсак Габрылёва, Папоўка, Плоскае, Сані, а заняткі вяліся на беларускай мове[2].

Тэрэза Гардзялкоўская перакладала на беларускую мову творы расейскіх і польскіх пісьменьнікаў: на ўласныя сродкі ў газэце «Нашай нівы», а пасля асобнымі кніжкамі ў сэрыях «Нашай хаты», «Нашай нівы» і «Лучынкі» апублікавала свае беларускамоўныя пераклады («Дым» Марыі Канапніцкай, «Архіп і Лёнька» Максіма Горкага, «Дзядзька Голад» і «Разказ Сабалы» Станіслава Віткевіча, «Што б не здарылася — вытрываю» Станіслава Жаромскага). Гардзялкоўская таксама фінансава падтрымлівала выданьне кнігі «Апавяданні» Якуба Коласа, «Бярозка» Ядвігіна Ш. i інш. У 1912 г. выдала за свае грошы зборнік-чытанку для дзяцей «Беларускія казкі» (казкі «Багатыр», «Чалавечае вока», «Ведзьмар», «Сямілетка», «Вада памагла», «Хаўрус», «Куча грошай») у кніжнай сэрыі «Нашай нівы». Верагодна, адзіным ейным аўтарскім творам зьяўляецца апавяданьне «Воўк» (1914), дзе галоўны герой — сьвяты Францішак — у італійскім месьце Губіа заступаецца за месьцічаў і пераконвае ваўка не рэзаць людзей, бо людзі «на вобраз Божы створаны». Дзіцячае апавяданьне заклікала любіць бліжняга і не быць воўкам[2].

Захаваўся ліст Тэрэзы Гардзялкоўскай ад 2 студзеня 1912 г. у рэдакцыю газэты «Наша ніва» адносна падпіскі на газэту: «2.1.912 г. На новый год шлю зычэння… Прашу Рэдакцыю пасылаць гэтый год „Нашу Ніву“ рускімі літарамі пад адрасам Альгерда Жукоўскага: Магілёўская губ., пошта Довск, маёнтак Весолов, і пад апаскай прашу паслаць зараз два календары свае таксама рускімі літарамі. Пасылаю два рублі восемдзесят чатыры кап. Ці друкуяце Маліноўскага кніжку? Паклон, Т. Г.»[1].

Карысталася псэўданімамі «Зязюля» і «Т. Г.». Паводле дасьледаваньняў Ірыны Гапоненкі, паказальным і характэрным зьяўляецца тое, што ва ўсіх тэкстах, перакладзеных з польскай мовы Тэрэзай Гардзялкоўскай (4 выданьні), палянізмы ўжываюцца выключна рэдка[4]. Паводле ацэнкі філёлягаў, пераклады Гардзялкоўскай вызначаюцца высокай дакладнасьцю перадачы сродкамі беларускай мовы адметнасьцяў твора — структуры тэкста і яго мастацка-вобразнай тканіны[5]. Аляксандр Уласаў ахарактарызаваў Тэрэзу Гардзялкоўскую як «кабета тыпу Арэшчыхі»[6].

Агульны наклад усіх беларускамоўных кнігаў, выдадзеных за грошы Тэрэзы Гардзялкоўскай, склаў 22 400 асобнікаў[7].

Пераклады і выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

(з захаваньнем тагачаснай артаграфіі)

  • Конопніцка, М. Дым: з рысункамі / Марыя Конопніцка; перэтлумачыла Зязюля; коштам Т. Г.; выданьне «Нашае хаты» № 1. — Вільня: Друк. М. Кухты, 1909. — 16 с.
  • Горкій, М. Архіп і Лявонка: апавяданьне / М. Горкій; з расейскай мовы перэклала на беларускую Т. Г.; коштам Т. Г.; малюнкі Яніслава Валакіты; выданьне «Нашае хаты» № 5. — Вільня: Друк. М. Кухты, 1910. — 22 с. (У канцы тэксту перакладчык: Зязюля).
  • Віткевіч, С. Дзядзька Голад: апаведаньне для дзяцей з рысункамі / С. Віткевіч; перэлажыла Зязюля; коштам Т. Г.; выданьне «Нашае хаты» № 6. — Вільня: Друк. М. Кухты, 1911. — 14 с.
  • Амфітэатраў, А. В. Хілібертава пакута: [апавяданні] / Амфітэатрава; вольны перэклад В. Л. [ Войцік Людвікі ]; коштам Т. Г.; выданьне «Нашае нівы». — Вільня: Прамень, 1912. — 32 с.
  • Беларускіе казкі / коштам Т. Г.; выданьне «Нашае нівы». — Вільня: Прамень, 1912. — 32 с.
  • Як багацеюць чэскіе селяне / па-польску напісаў Маліновскі; перэклала на беларускую мову Зязюля; друкавано коштам Т. Г.; выданьне «Нашае нівы». — Вильня: Віленская друкарня, 1912. — 45 с.
  • Штоб не здарылося ― вытрываю / Ст. Жэромскага. Расказ Сабалы / С. Віткевіча. Воўк; перэтлумачыла на беларускую мову Зязюля; коштам Т. Г.; выданьне «Лучынкі» № 1. ― Мінск: Электро-друкарня Н. Нахумова, 1914. ― 16 с.[5]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Угрынскі, М. Кукавала Зязюля ў … Талачынскім лесе // Наша слова. — 2014. — № 19 (1170) 7 траўня.
  2. ^ а б в г д Раюк, А. Р. Тэрэза Гардзялкоўская і яе сыны / А. Р. Раюк // Жизнь и творческое наследие А. С. Дембовецкого: к 180-летию со дня рождения: материалы Междунар. науч.-практ. конф., г. Могилев, 13 марта 2020 г. / сост.: В. В. Шейбак, Е. Н. Изергина, Я. С. Кнурева. — Минск: Бел. навука, 2021. — С. 72—77.
  3. ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 1999. — 128 с.
  4. ^ Гапоненка, І. А. Лексіка беларускай літаратурнай мовы ХІХ — пачатку ХХ ст.: асаблівасці станаўлення і развіцця / І. А. Гапоненка. — Мінск: БДУ, 2012. — 307 с.
  5. ^ а б Воінаў, М. Беларускамоўныя пераклады твораў польскай літаратуры Архівавана 5 сакавіка 2016. / М. Воінаў // Тэрмапілы. — 1999. — № 2.
  6. ^ Усава, Н. М. Янислав Волокита и его иллюстрации к «Архіпу і Лявонку» М. Горького. Проблема авторства Архівавана 26 студзеня 2019. // artmuseum.by
  7. ^ Трухамёнак, І. «Пачалося ўсё ў Санях…» // kimpress.by.