Міхась Явар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхась Явар
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Міхась Явар
Дата нараджэння 8 лістапада 1903(1903-11-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 чэрвеня 1933(1933-06-27) (29 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Міхась Явар, сапр. Міхаіл Андрэевіч Карась (8 лістапада 1903, в. Мінявічы, цяпер Мастоўскі раён — 27 чэрвеня 1933) — беларускі паэт, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Меў толькі тры класы адукацыі. У час Першай сусветнай вайны з 1915 года з сям’ёй быў у бежанстве. У Беларусь сям’я Міхася Карася вярнулася ў 1921 годзе. Па дарозе дадому сям’я была абрабавана бальшавікамі, а потым польскімі памежнікамі[2].

Сям’я Карась: бацька Андрэй, дочкі Вольга і Люба, сыны Васіль і Міхась, маці Аляксандра, пачатак XX ст.

Па вяртанні з бежанства Міхась пачаў рыбачыць на Нёмане[1] і прадаваць рыбу гандлярам у мястэчку Лунна. За грошы, якія ён зарабіў з продажу рыбы, будучы паэт набыў радыё, каб была магчымасць слухаць праграмы з Мінска[2].

Пісаў вершы, разам з сябрамі арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песнямі і танцамі, спяваў сам. Свае пастановы моладзь ставіла ў Мінявічах і суседніх вёсках. Яны гралі спектаклі паводле п’ес Янкі Купалы, Леапольда Родзевіча, Каруся Каганца. Перад пачаткам пастаноў Міхась Явара чытаў са сцэны паэтычныя радкі.

У 1920-я гады быў сябрам БСРГ. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым і культурным руху пераследаваўся польскімі ўладамі[1].

Міхась Явар быў закаханы ў аднавяскоўку Анісю Мікулу, якая жыла ў суседняй хаце. З-за таго, што Явар быў хворы на сухоты, дзяўчына адмовілася пабрацца з ім шлюбам. Супраць шлюба былі супраць і бацькі дзяўчыны, якія лічылі, што дачка хутка можа стаць удавою[2].

Некралог Міхасю Явару ў часопісе «Шлях моладзі», 1933 год.

З-за гэтага 24 чэрвеня 1933 года Міхась Явар стрэліў сабе ў сэрца з рэвальвера. Гэта адбылося на беразе Нёмана. Куля не патрапіла ў сэрца, таму Явара адвезлі ў гродзенскі шпіталь. Ён адмовіўся прымаць ксяндза і праваслаўнага святара. 27 чэрвеня 1933 года Міхась Явар памёр. Паэта пахавалі на могілках у суседняй ад Мінявічаў вёсцы Падбараны[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Сябрам Міхася Явара быў паэт Міхась Васілёк. Магчыма, што менавіта ён натхніў Явара пісаць вершы[2].

Друкавацца Міхась Явар пачаў за год да сваёй смерці. Першы верш — «Ружы і салавей» надрукавалі ў віленскім часопісе «Шлях моладзі» ў 1932 годзе. Акрамя гэтага, вершы Явара друкавалі ў іншых выданнях Заходняй Беларусі, а таксама віленскіх «Беларуская газета» і «Летапіс Таварыства беларускай школы»[2]. Некаторыя вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах[1].

Паэтычная спадчына Міхася Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны Вінцука шукалі немцы, і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напр. паэмы «Шляхам цярністым», «Думы ў адзіноце», «За сэрцам»). Верш Міхася Явара «Паклон чалавечаму страданню» ўключаны У. Калеснікам у анталогію «Ростані волі».

Асноўная тэма паэзіі Явара — пратэст супраць жорсткіх умоў жыцця, бядоты, зневажання чалавека працы. Аптымізмам прасякнутыя вершы пра прыгажосць роднага краю, прыроды («О мой Нёман мілы»), у любоўнай лірыцы пераважалі трагічныя матывы («Думы ў адзіноце»)[1].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • у кн.: «Сцягі і паходні». Мн., 1965

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д Явор Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 714. — 737 с.
  2. а б в г д е Ад бежанства да самагубства на беразе Нёмана: як склалася жыццё паэта Міхася Явара, творчасць якога амаль не захавалася

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Міхась Явар