Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь»
Дэкларацыя

1991
Арыгінальная назва: Декларация «О государственном суверенитете Республики Беларусь»
Крыніца: Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь, 1991 г., N 31, ст. 536
Артыкулы ў Вікіпэдыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЭКЛАРАЦЫЯ

«АБ ДЗЯРЖАЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭЦЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ»

Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 1990 г.[1]

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь,

  • выяўляючы волю народа Рэспублікі Беларусь, усьведамляючы адказнасьць за лёс беларускай нацыі, пацьвярджаючы павагу годнасьці і правоў людзей усіх нацыянальнасьцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, сьведчачы павагу да сувэрэнных правоў усіх народаў Саюза ССР і сьвету,
  • лічачы рэспубліку паўнапраўным і незалежным чальцом сусьветнай супольнасьці,
  • дзеючы ў адпаведнасьці з прынцыпамі Ўсеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека й іншымі агульнапрызнанымі міжнародна-прававымі актамі,
  • урачыста абвяшчае поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць рэспублікі ў зьнешніх зносінах і заяўляе аб рашучасьці стварыць прававую дзяржаву.

Артыкул 1[правіць]

Рэспубліка Беларусь — сувэрэнная дзяржава, усталяваная на аснове ажыцьцяўленьня беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэньне, дзяржаўнасьці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэньні свайго лёсу.

Неад’емныя правы Рэспублікі Беларусь як сувэрэннай дзяржавы рэалізуюцца ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права. Рэспубліка Беларусь ахоўвае і абараняе нацыянальную дзяржаўнасьць беларускага народа. Рэспубліка Беларусь мае свой герб, сьцяг і гімн. Любыя гвалтоўныя дзеяньні супраць нацыянальнай дзяржаўнасьці Рэспублікі Беларусь з боку палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў ці асобаў перасьледуюцца па законе.

Артыкул 2[правіць]

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь усіх нацыянальнасьцей складаюць беларускі народ, які зьяўляецца носьбітам сувэрэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы. Ягонае поўнаўладзьдзе рэалізуецца непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.

Права выступаць ад імя ўсяго народа рэспублікі належыць выключна Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 3[правіць]

Дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь сьцьвярджаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага разьвіцьця і дабрабыту, годнага жыцьця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забесьпячэньня правоў асобы ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднымі абавязнасьцямі.

Артыкул 4[правіць]

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь зьяўляецца неад’емнай часткай яе сувэрэнітэту. Рэспубліка ахоўвае гонар, здароўе, правы і законныя інтарэсы сваіх грамадзян, забясьпечвае іх сацыяльную абароненасьць. Яны знаходзяцца пад яе абаронай, перабываючы па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка прымае ў грамадзянства і вырашае пытаньне аб выхадзе з грамадзянства.

Артыкул 5[правіць]

Зямля, яе нетры, іншыя прыродныя рэсурсы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паветраная прастора зьяўляюцца ўласнасьцю беларускага народа, якому належаць выключныя правы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня імі. Вызначэньне прававога рэжыму ўсіх відаў маёмасьці адносіцца да выключнай кампэтэнцыі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь мае права на сваю долю ў агульнасаюзнай маёмасьці адпаведна ўнёску беларускага народа і як рэспубліка-заснавальніца Савецкага Саюза, якая была яго правадзейным суб’ектам, мае права на сваю долю ад алмазнага, валютнага фондаў і залатога запасу СССР. Рэспубліка Беларусь утварае Нацыянальны банк, падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету рэспублікі, стварае сваю фінансава-крэдытную сыстэму, пацьвярджае права ўласнасьці на спэцыялізаваныя банкі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі на момант прыняцьця гэтай Дэклярацыі, арганізуе ўласныя падатковую і мытную службу, мае права на стварэньне ўласнай грашовай сыстэмы.

Артыкул 6[правіць]

Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь зьяўляецца непадзельнай і недатыкальнай і ня можа быць зьмененая або выкарыстаная бяз згоды Рэспублікі Беларусь.

Усе пытаньні аб граніцах вырашаюцца толькі на аснове ўзаемнай згоды паміж Рэспублікай Беларусь і сумежнымі сувэрэннымі дзяржавамі шляхам заключэньня адпаведных дамоваў, якія падлягаюць ратыфікацыі Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 7[правіць]

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законаў Рэспублікі Беларусь.

Усе грамадзяне і асобы без грамадзянства, дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, якія знаходзяцца або дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаныя выконваць заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Разьмежаваньне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады зьяўляецца найважнейшым прынцыпам існаваньня Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы.

Найвышэйшы нагляд за дакладным і аднастайным выкананьнем законаў Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца Генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, які прызначаецца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 8[правіць]

Рэспубліка Беларусь самастойна ўстанаўлівае парадак арганізацыі на тэрыторыі рэспублікі аховы прыроды, выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і забясьпечвае народу рэспублікі экалягічную бясьпеку.

Рэспубліка Беларусь мае права на пакрыцьцё страт, нанесеных ёй дзеяньнямі саюзных органаў, саюзных рэспублік і іншых дзяржаваў.

Рэспубліка Беларусь патрабуе ад Урада СССР безумоўнай і тэрміновай кампэнсацыі стратаў, зьвязаных зь пераадоленьнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Сваю свабоду і сувэрэнітэт Рэспубліка Беларусь у першую чаргу выкарыстоўвае на выратаваньне народа Рэспублікі Беларусь ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Артыкул 9[правіць]

Рэспубліка Беларусь самастойная ў рашэньні пытаньняў культурнага і духоўнага разьвіцьця беларускай нацыі, іншых нацыянальных супольнасьцей рэспублікі, у стварэньні ўласнай сыстэмы інфармацыі, адукацыі і выхаваньня.

Рэспубліка Беларусь забясьпечвае функцыянаваньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, захаваньне нацыянальных традыцый і гістарычнай сымболікі. Нацыянальныя, культурныя і гістарычныя каштоўнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца выключна ўласнасьцю рэспублікі і яе грамадзян.

Артыкул 10[правіць]

Рэспубліка Беларусь мае права на ўласныя Ўзброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліка Беларусь мае сувэрэннае права вызначаць парадак і ўмовы праходжаньня яе грамадзянамі вайсковай службы, службы ў органах дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, вырашаць пытаньні разьмяшчэньня войск і ўзбраеньня на сваёй тэрыторыі.

Ніякія вайсковыя фармаваньні іншых краінаў, іхнія вайсковыя базы і пабудовы ня могуць быць разьмешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь бяз згоды яе Вярхоўнага Савета. Рэспубліка Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку — нэўтральнай дзяржавай.

Артыкул 11[правіць]

Рэспубліка Беларусь самастойна ажыцьцяўляе правы на дабраахвотныя хаўрусы зь іншымі дзяржавамі і свабодны выхад з гэтых хаўрусаў.

Рэспубліка Беларусь прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дагавора аб саюзе сувэрэнных сацыялістычных дзяржаваў.

Артыкул 12[правіць]

Палажэньні дадзенай Дэклярацыі рэалізуюцца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь шляхам прыняцьця новай Канстытуцыі (Асноўнага Закону) Рэспублікі Беларусь.

Заўвагі[правіць]

  1. Зьмяненьні ў Дэклярацыю ўнесеныя паводле Закону Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі «Аб найменьні БССР і ўнясеньні зьмененьняў у Дэклярацыю Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР і Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР» ад 19 верасьня 1991 году.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.