Часовая канстытуцыя БНР

З пляцоўкі Вікікрыніцы

Вытрымкі з тэксту (у арыгінале)

Статут Рады Беларускае Народнае Рэспублікі[правіць]

Разьдзел 1.[правіць]

Аб вярхоўнай уладзе Беларускае Народнае Рэспублікі.

1. Вярхоўная Ўлада ў межах Беларускае Народнае Рэспублікі належыць Народу Беларускаму і другім народам, насяляючым тэрыторыю Беларускае Рэспублікі.

2. Вярхоўная Ўлада зьдзяйсьняецца Соймам Рэспублікі, каторы выбіраецца на аснове агульнага, роўнага, патаемнага, простага і прапарцыянальнага выбарчага права, закон аб чым выдаецца Радай Рэспублікі.

3. Да выбару Сойму, Заканадаўчая Ўлада належыць Радзе Рэспублікі, а Выканаўчая Вышэйшая Ўлада — безумоўна Народнаму Сакратарыяту ў згодзе зь ніжэйпамянёнымі артыкуламі гэтага закону.

Разьдзел 2.[правіць]

Аб Радзе Рэспублікі.

4. Рада Беларускае Рэспублікі ёсьць Вышэйшая Часовая Заканадаўчая Ўстанова. Ніводзін закон ня можа мець моцы без зацьвярджэньня яго Радай Рэспублікі.

5. Рада Рэспублікі ў сваім унутраным парадку кіруецца па аснове загаду, апрацаванага і зацьверджанага Самой Радай.

6. Пасяджэньні Рады Рэспублікі бываюць чарговыя і экстранныя:

а) чарговыя пасяджэньні адбываюцца штомесяц кожнага 20 дня;

б) нечарговыя пасяджэньні ззываюцца паводлуг патрэбы ў гэтым.

7. Пасяджэньні папоўненае Рады Рэспублікі адчыняюцца Старшынёй Рады, які прапануе Радзе выбраць Прэзыдыюм.

8. Прэзыдыюм Рады Рэспублікі складаецца: Старшыня, два яго таварышы і тры сакратары.

9. Прэзыдыюм Рады выбіраецца патаемным галасаваньнем.

10. Экстранныя пасяджэньні Рады ззываюцца яе Прэзыдыюмам:

1) па ўласнай ініцыятыве, 2) па ініцыятыве Народнага Сакратарыяту і 3) па пісьменным запатрабаваньні гэтага ня менш як 25 сябрамі Рады.

Разьдзел 3.[правіць]

Аб складзе Рады.

11. Да цяперашняга складу Рады БНР, асноўным ядром якой зьяўляюцца ўсе сябры Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду, далучаюцца па прынцыпе дэлегаваньня прадстаўнікі ад: 1) мясцовых Беларускіх Радаў, 2) земскіх самаўправаў ці ўстановаў, якія іх замяняюць, 3) меставых самаўправаў ці замяняючых іх установаў, 4) Радаў вышэйшых вучэбных устаноў, 5) Беларускіх рэлігійных і культурных арганізацый, 6) духавенства праваслаўнай царквы, 7) каталіцкага духавенства, 8) нацыянальных меншасьцяў, 9) прадстаўнікі земляўласнасьці і сельскагаспадарскіх арганізацыяў, 10) прадстаўнікі гандлю і прамысловасьці, 11) прадстаўнікі каапэрацыі, 12) Беларускіх палітычных партыяў, 13) сялянскіх хаўрусаў, 15) чыгуньнікаў, 16) паштова-тэлеграфных служачых і 17) Беларускага вучыцельскага хаўрусу, — існуючых на тэрыторыі Беларусі і на аснове, ніжэй паказанай.

12. Лік прадстаўнікоў ад асобных беларускіх Радаў азначаецца ў кожным асобным выпадку Радай Рэспублікі.

13. Земскія самаўпраўленьні ці ўстановы, якія іх замяняюць, дэлегуюць у Раду Рэспублікі 10 прадстаўнікоў, выбраных на Ўсебеларускім Зьезьдзе.

УВАГА: Да скліканьня Ўсебеларускага Земскага Зьезду земская група прадстаўляецца членамі земскіх упраў, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі.

14. Меставыя самаўпраўленьні, ці замяняючыя іх установы, дэлегуюць 10 прадстаўнікоў, выбраных на Ўсебеларускім Зьезьдзе мест.

УВАГА: Да скліканьня Ўсебеларускага Зьезду меставая група прадстаўляецца 5 членамі Менскае меставай і 5 членамі Магілеўскае меставае думаў.

15. Менскаму Праваслаўнаму Брацтву даецца права паслаць 10 прадстаўнікоў.

16. Менскай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратычнай Злучнасьці даецца права паслаць 4 прадстаўнікоў.

17. Усебеларускі Зьезд праваслаўнага духавенства дэлегуе 4 прадстаўнікоў у Раду Рэспублікі.

УВАГА: Да скліканьня Ўсебеларускага праваслаўнага Зьезду прадстаўнікоў у Раду Рэспублікі дэлегуюць Эпархіяльныя Рады.

18. Рымска-каталіцкія Катэдральныя Капітулы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дэлегуюць у склад Рады Рэспублікі па адным прадстаўніку па свайму выбару.

19. Польская “Рада Земі Менскай” дэлегуе ў Раду Рэспублікі 6 прадстаўнікоў.

20. Жыдоўская Абшчына дэлегуе ў Раду Рэспублікі 7 чалавек.

21. Існуючыя Губэрскія арганізацыі іншых меншасьцяў дэлегуюць у Раду сваіх прадстаўнікоў па аднаму ад кожнай.

22. Усебеларускаму Зьезду гандлёва-прамысловых арганізацыяў даецца права паслаць 3 прадстаўнікоў у склад Рады Рэспублікі.

23. Усебеларускаму зьезду земляўласьнікаў даецца права паслаць у Раду 3 прадстаўнікоў.

24. Усебеларускаму сельскагаспадарскаму зьезду даецца права паслаць 3 прадстаўнікоў.

25. Цэнтральныя Ўстановы Беларускіх палітычных партыяў дэлегуюць у Раду 2 прадстаўнікоў.

26. Бюро работніцка-прафэсіянальных хаўрусаў дэлегуе ў Раду 3 прадстаўнікоў.

27. Хаўрус каапэратываў Беларусі дэлегуе 5 прадстаўнікоў.

28. Усебеларускі паштова-тэлеграфны хаўрус дэлегуе 3 прадстаўнікоў.

29. Беларускі жалезнадарожны хаўрус дэлегуе 3 прадстаўнікоў.

30. Беларускі вучыцельскі хаўрус дэлегуе 5 прадстаўнікоў.

31. Розныя Беларускія культурна-асьветныя арганізацыі, якія маюць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, на аснове зацьверджаных статутаў, пасылаюць у Раду Рэспублікі па 1 дэлегаце.

32. Прадстаўніцтва арганізацыяў, памененых у ст. ст. 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29 і 30, часова, пакуль ня будуць выбраны правамочныя дэлегаты, даецца належным арганізацыям Менскае губэрні.

Разьдзел 4.[правіць]

Аб Кворуме Рады Рэспублікі.

33. Кворум першага пасяджэньня папоўненае Рады ўстанаўляецца ў ліку 1/3 зарэгістрованых членаў. Далейшае азначэньне кворуму робіць сама Рада.

УВАГА: Праца Рады Б. Н. Рэспублікі ў існуючым складзе не спыняецца да таго часу, пакуль кворум Рады разам з новымі дэлегатамі ня дойдзе ліку, паказанага ст. 33.