Дзядзька Антон: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
вікіфікацыя, афармленне, шаблон
→‎Літаратура: re-categorisation using AWB
Радок 77: Радок 77:


[[Катэгорыя:Выданні на беларускай мове лацінкай]]
[[Катэгорыя:Выданні на беларускай мове лацінкай]]
[[Катэгорыя:Кнігі па алфавіце]]
[[Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіту]]

Версія ад 18:32, 30 ліпеня 2012

Дзядзька Антон
Выданне
тытульны ліст
Дата першай публікацыі ХІХ ст.

«Дзядзька Антон» — перакладны твор беларускай літаратуры ХІХ ст.

Крыніца перакладу

Пераклад зроблены з польскай агітацыйнай брашуры «Ojciec Szymon» («Бацька Шыман»), якая з'яўляецца перапрацоўкай рускай публіцыстычнай брашуры А. Іванова (В. Варзара  (руск.)) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Польская народніцкая брашура выйшла ў свет у 1878 ў двух варыянтах пад назвамі «Opowiadanie starego gospodarza» («Апавяданне старога гаспадара») і «Opowiadanie o biedzie» («Апавяданне пра бяду»), у пазнейшыя часы брашура стала называцца «Ojciec Szymon». Яе аўтарам лічыцца польскі публіцыст Шымон Дыкштэйн  (руск.).

Ранейшым захаваным варыянтам «Дзядзькі Антона» з'яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К. Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экзэмпляр зберагаецца ў Цэнтральным гістарычным архіве Украіны  (руск.) ў Львове).

Аўтарства

Аўтарства працы доўгі час памылкова прыпісвалася Адаму Гурыновічу. Першым сярод беларускіх літаратуразнаўцаў гэта зрабіў М. Гарэцкі (1920), не прывёўшы аднак доказаў. У той самы час Р. Зямкевіч прадставіў версію, паводле якой аўтарам «Дзядзькі Антона» быў Мар'ян Абрамовіч, а выдаўцамі — тыльзіцкія літоўцы. Гэтыя дзве версіі паўтарыў без каментароў у 1922 акадэмік Я. Карскі. Прозвішча выдаўца (а гэта быў М. Абрамовіч) было раскрыта да пачатку 1930-х г. Н. Чарноцкім, Л. Абрамовічам і Ф. Пэрлем. Аднак беларускія даследчыкі сярэдзіны ХХ ст. не ўзялі гэтага пад увагу. Як не былі прыняты да ведама ў той час і ўспаміны тыльзіцкага друкара гэтай брашуры М. Янкуса, апублікаваныя В. Ластоўскім (1926). У 1950-я г. І. Лушчыцкі і С. Майхровіч сцвярджалі, што выдаўцом і аўтарам (ці суаўтарам) брашуры быў А. Гурыновіч, пакрываючы адсутнасць доказаў аўтарытэтам Я Карскага. І. Лушчыцкі пісаў, што такі сур'ёзны даследчык, як акадэмік Карскі, «не мог галаслоўна сцвярджаць гэтага факту». У 1961 г. стан ведаў пра абставіны выдання «Дзядзькі Антона» падсумаваў С. Александровіч, які нарэшце паставіў М. Абрамовіча на месца выдаўца. Таксама С. Александровіч паспрабаваў выявіць аўтара брашуры; мяркуючы, што М. Абрамовіч добра ведаў беларускую мову, даследчык прыпісаў яму і аўтарства перакладу.

У 1971 вынікі ўласных даследаванняў апублікаваў Г. Каханоўскі. У львоўскім гістарычным архіве, ён натрапіў на невядомае да гэтага часу беларускае выданне пад назваю «Старая прысказка». Гэтая брашура была надрукаваная лацінкаю ў Польскай друкарні ў Львове ў 1887 г. Як паказваў паліцыйны рапарт ад 25 лютага 1887 г., наклад яшчэ не збрашураванай «Старой прысказкі» быў канфіскаваны, а два яе асобнікі далучаныя да судовай справы і захаваліся. На падставе аналізу тэксту Г. Каханоўскі сцвярджаў, што «Старая прысказка» з'яўляецца на пяць гадоў ранейшым варыянтам «Дзядзькі Антона», а брашура, выдадзеная М. Абрамовічам у Тыльзіце, была нязначна папраўленым перадрукам яе ранейшага львоўскага варыянту. Гэта па-новаму ставіла пытанне паходжання «Дзядзькі Антона», бо ў часе падрыхтоўкі «Старой прысказкі» да друку М. Абрамовіч быў яшчэ занадта малады. У полі ўвагі даследчыкаў з'яўляліся новыя дзеячы, якія раней, чым Абрамовіч, паспрабавалі выдаць «Ojca Szymona» на беларускай мове.

Успаміны Н. Чарноцкага (1923) сведчаць, што ён разам з А. Ражавым і іншымі навучэнцамі Слуцкай гімназіі перапрацаваў польскамоўную агітацыйную брашуру «Ojciec Szymon». Затым яна была выдадзена ў беларускамоўным варыянце на гектографе пад назвай «Дзядзька Антон» (1885), за што А. Ражаў быў арыштаваны, але ўвесь наклад удалося выратаваць. Пасля з Слуцку або яго ваколіц «Дзядзька Антон» трапіў да Львова (верагодна дачыненне да гэтага меў В. Наркевіч-Ёдка).

Абставіны выдання

Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнацыянальная студэнцкая арганізацыя ў Маскве, куды ўваходзілі М. Абрамовіч, В. Вароўскі  (руск.), Н. Чарноцкі і інш.). Пераклад быў разлічаны на беларускага чытача. Рукапіс і сабраныя грошы члены арганізацыі перадалі М. Абрамовічу, які выправіўся ва Усходнюю Прусію. Рукапіс «Дзядзькі Антона» і дзвюх польскамоўных брашур М. Абрамовіч прывёз у Тыльзіт напачатку студзеня 1892 г. і перадаў іх у друкарню М. Янкуса.

Брашура была выдадзена ў 1892 г. у Тыльзіце пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем…» (у арыгінале «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — ня ведаім…»). Яна была надрукавана лацінскім шрыфтам і змяшчала 46 старонак невялікага фармату (16°). На тытуле для канспірацыі як месца выдання пазначалася Вільня, друкарня Марыі Красоўскай, а на адвароце была пастаўлена прыпіска «Дозволено цензурою. Вильна. 10 ноября 1891 г.». Пададзеныя звесткі аб месцы выдання, друкарні і цэнзуры былі канспірацыйнай выдумкай і мелі мэтаю зрабіць выгляд, што выданне легальнае, і тым самым пазбавіць ад магчымых клопатаў яго распаўсюднікаў і чытачоў. Пры тым, што пададзеная друкарня з'яўлялася фікцыяй, асоба М. Красоўскай рэальная: на брашуры М. Абрамовіч указаў прозвішча сваёй каханай, а фіктыўная дата дазволу цэнзуры на друк прыблізана адпавядае даце яе шлюбу з Ю. Ганусовічам.

Пасля выхаду з друку брашура была на пачатку красавіка часова канфіскавана прускай паліцыяй разам з іншымі кнігамі. Але неўзабаве выдаўца М. Янкуса прызналі невінаватым і кнігі вярнулі. Дапамогу ў пераправе брашуры да беларускіх чытачоў праз мяжу верагодна аказаў дзеяч польскага сацыялістычнага руху А. Сулькевіч, які працаваў на мытні на расійска-прускай мяжы. Невялікімі пачкамі «Дзядзька Антон» перасылаўся праз мяжу, што працягвалася, падобна, не адзін год.

Змест

Твор напісаны ў форме навукова-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і мастацкую прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на фабрыках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан народнай асветы, выдаткі на цара і царскую сям'ю, дзяржаўны апарат, армію, заклікае беларускіх сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!»

Перавыданні

У 1902-03 г. выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць». У 1904 выданне выйшла ў Кракаве ў выглядзе адозвы «Царская гаспадарка». У 1907 «Гутарка…» перавыдадзена ў Пецярбургу, забаронена цэнзурай.

Ацэнкі

Даследаванні абставінаў выдання «Дзядзькі Антона» выяўляюць першыя пачынанні энтузіястаў беларускага нацыянальнага руху. У суме выйшла прынамсі 6 беларускіх выданняў «Ojcа Szymonа», што ў той час было безпрэцэндэнтнай з'яваю.

Публікацыі

  • Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2-е выд. Мн., 1988.

Літаратура

  • Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Вільня. 1920. С. 101.
  • Карский Е. Белорусы. Петроград, 1922. Т. ІІІ. Ч. 3. С. 154.
  • Czarnocki N. Przyczynki do historii PPS // Księga Pamiątkowa PPS. Warszawa, 1923. S. 48—61.
  • Czarnocki N. Marian Abramowicz (wspomnienie pośmiertne) // Przegląd Wilenski. 1925. № 1. S. 5—6.
  • Ластоўскі В. Беларускія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце // Крывіч. 1926. № 1. С. 106.
  • Abramowicz L. Abramowicz Marian // Polski Slownik Biograficzny. Kraków, 1935. T. I. S. 13—14.
  • Perl F. Dzieje ruchu socjalistycznego w zaborze rosyjskim (do powstania PPS). Warszawa, 1932. T. I. S. 351.
  • Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне ХІХ веку. Мн., 1958. С. 338.
  • Майхровіч С. Нарысы беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Мн., 1959. С. 308.
  • Александровіч С. Гісторыя з «Дзядзькам Антонам» // Літаратура і Мастацтва. 1961. № 61. С. 4.
  • Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77—82, 118, 122, 155.
  • Каханоўскі Г. Львоўскае рэха // Полымя. 1971. № 11. С. 78—79.
  • Туронак Ю. Вакол абставінаў публікацыі «Дзядзькі Антона» / пер. з пол. // Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006.
  • Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. 2 выд. Мн., 1984.
  • Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.
  • Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.