Манголія: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[недагледжаная версія][недагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
→‎Гл. таксама: дапаўненне
Няма тлумачэння праўкі
Радок 5: Радок 5:
|сцяг=Flag of Mongolia.svg
|сцяг=Flag of Mongolia.svg
|дэвіз=
|дэвіз=
|месца=LocationMongolia.png
|месца=Mongolia in its region.svg
|мова=[[мангольская мова|мангольская]]
|мова=[[мангольская мова|мангольская]]
|сталіца=[[Улан-Батар]]
|сталіца=[[Улан-Батар]]

Версія ад 14:37, 18 жніўня 2012

{{{Беларуская назва}}}
Герб {{{Родны склон}}}
[[Сцяг {{{Родны склон}}}]] [[Герб {{{Родны склон}}}]]
[[Гімн {{{Родны склон}}}|Дзяржаўны гімн {{{Родны склон}}}]]
Афіцыйныя мовы мангольская мова
Сталіца
Форма кіравання
{{{Пасады кіраўнікоў}}} {{{Кіраўнікі}}}
Валюта Мангольскі тугрык
Інтэрнэт-дамен .mn[1]
Код ISO (Alpha-2) MN
Код ISO (Alpha-3) MNG
Код МАК MGL
Тэлефонны код +976[1]
Часавыя паясы UTC+8, Asia/Hovd[d][2], Asia/Ulaanbaatar[d][2] і Asia/Choibalsan[d][2]

Манголія (манг.: Монгол Улс) — краіна ў цэнтральна-ўсходняй Азіі. Мяжуе з Кітаем на поўдні, усходзе і захадзе і Расіяй на поўначы, выхаду да мораў не мае. У сталіцы і буйнейшым горадзе краіны Улан-Батары пражывае 38% насельніцтва. Палітычная сістэма Манголіі — парламенцкая рэспубліка.

Геаграфія

Рэльеф

Большасць паверхні краіны займае плато вышынёй 900-1500 метраў над узроўнем мора. Над гэтым плато ўзвышаецца некалькі горных масіваў і хрыбтоў. Самы высокі з іх – Мангольскі Алтай, які цягнецца на захадзе і паўднёвым захадзе краіны.

Згодна фізіка-геаграфічным умовам краіна падзяляецца на 5 буйных рэгіёнаў – Алтайскі, Хангайскі, Вялікія азёры, Усходнюю Манголію і Гобі. Алтайскі высокагорны рэгіён размешчаны на захадзе, мяжуе з Расіяй і Сінцзянам. Найвышэйшая кропка – гара Найрамдал (4374 м.) у горным раёне Таван.

Хангайскі рэгіён займае цэнтральную і паўночную частку краіны. Ён вызначаецца разнастайнасцю рэльефа – далінамі буйных рэк Архон, Анон, Керулен, Туул, Селенга і інш., а таксама Саянскім (Прысубхугульскім), Хангайскім і Хэнтэйскім высокагор’ямі. У гэтым рэгіёне можна ўбачыць мясцовасці альпійскага тыпу, пакрытыя вечнымі снягамі вяршыні, невысокія сопкі, іглічныя лясы і старажытныя ледавіковыя азёры.

Рэгіён Вялікіх азёр знаходзіцца паміж Алтайскім і Хангайскім. На вышыні ад 759 м. да 1153 м. у пустыннай ці паўпустыннай мясцовасці 5 буйных азёр, мноства саланчакоў, гліністых раўнін і пяшчаннікаў.

Усходняя Манголія – найбольш нізкі і роўны рэгіён. Пануючая форма ландшафту – сухі роўны стэп. Часам сустракаюцца невысокія пагоркі, на поўдні, на мяжы з Кітаем, - малыя ўзвышаныя масівы вулканічнага паходжання, на поўдні і ўсходзе – пяшчаныя барханы.

Поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход Манголіі займае пустыня Гобі, якая працягваецца на поўначы цэнтральнай часткі Кітая. Гэты рэгіён акружаны высокімі горнымі сістэмамі і займае тэрыторыю больш за 500 км. з поўначы на поўдзень і 1000 км. з захаду на ўсход. У Габійскім рэгіёне мала роўных прастораў. Раўніны занятыя сопкамі, чарагуюцца з сайрамі (каменнымі перасохлымі рэчышчамі), скальнымі ўзвышшамі і гарамі. У залежнасці ад структуры і характару горных парод і асвятлення пустыня мяняе колер ад чорнага да жоўтага і пурпурнага. Найбольш прыгожая частка паўднёвага Гобі – тры горных узвышшы Гурван-Сайхан, пакрытыя іглістымі лясамі, з мноствам ручаёў. У цясніне Ёлынам – магутны вадаспад і вечны горны лёд, незвычайна спярэшчаны воднымі струмянямі. Пустыня мае вельмі разнастайныя часткі: пясчаныя, скалістыя, камяністыя, роўныя і пагорыстыя, розныя па колеры часткі – манголы падзяляюць яе на Жоўтую, Чырвоную і Чорную Гобі.

Клімат

Клімат краіны рэзка кантынентальны з вельмі халоднымі зімамі і сухімі спякотнымі летамі. У сталіцы, Улан Батары, размешчанай паміж горнымі масівамі і пустынямі, тэмпература вагаецца ад мінус 25° С ÷ 35° С зімой да +25° С ÷ 35° С летам. Гэты горад - адна з самых халодных сталіцаў свету. Самая халодная зіма за апшнія 80 гадоў назірання прыпала на 2009/2010 г., калі з-за сцюжы і намаразі загінула значная частка пагалоўя хатняй жывёлы. Амаль палова паўночнай часткі краіны занятая зонай суцэльнай ці астраўной вечнай мерзлаты (самае паўднёвае распаўсюджванне вечнай мерзлаты на планеце).

Ападкі складаюць: на паўночным захадзе 250-510 мм, ва Улан Батары 230-250 мм, у пустыні Гобі яшчэ меней.

Карысныя выкапні

На тэрыторыі Манголіі знойдзена больш за 4500 радовішчаў 40 відаў карысных выкапняў, у тым ліку золата, вальфраму, фасфатаў, чорнага і бурага вугалю, рэдкіх металаў і каменняў. У Манголіі былі адкрытыя новыя мінералы – анганіт, армстронгіт і мангаліт, а таксама 50 радовішчаў лекавых гразяў і 400 гарачых і халодных мінеральных крыніц.

Унутраныя воды

Рэкі Манголіі маюць свае крыніцы ў гарах, большасць з іх адносіцца да вадастокаў Арктычнага і Ціхага акіянаў. Самыя вялікія рэкі краіны – Селенга, Керулен, Анон, Халхін Гол, Кабдо. Рэкі заходняй і паўночна-заходняй частак краіны выхаду да акіяна не маюць, а ўпадаюць у мясцовыя азёры.

У Манголіі налічваецца больш за тысячу пастаянных азёраў і значна большая колькасць часовых, што ўтвараюцца ў перыяд дажджоў. У старажытнасці значная частка Манголіі прадстаўляла сабой унутранае мора, якое потым падзялілася на некалькі вялікіх азёраў. Цяперашнія азёры – гэта тое, што ад іх засталося. Самыя валікія азёры знаходзяцца ў катлавіне Вялікіх азёраў на паўночным захадзе краіны – Убсу-Нур, Хара-Ус-Нур, Хіргіс-Нур, іх глыбіня не перавышае некалькіх метраў. На ўсходзе краіны ёсць азёры Буй-Нур і Хух-Нур. У вялікай тэктанічнай западзіне на поўначы Хангая знаходзіцца возера Хубсугул (глыбіня да 238 метраў).

Раслінны і жывёльны свет

Пераважаюць каштанавыя глебы. Раслінны і жывёльны свет надзвычай разнастайны. Лясы займаюць больш за 10 працэнтаў тэрыторыі. Дзякуючы складанаму рэльефу залесеныя ўчасткі часцяком суседнічаюць са стэпам, пяшчанымі і камяністымі пустынямі. 70 працэнтаў плошчы лясоў складаюць іглістыя дрэвы - лістоўніца, кедр, хвоя, елка, піхта. Распаўсюджаныя лісцяныя пароды (бяроза, вярба, таполя) і кустоўі (чаромха, бэз, глог, ядловец). У Гобі сустракаюцца саксаўлавыя гаі. Для ўсіх рэгіёнаў характэрнае разнатраўе. У засушлівых абласцях травы нізкарослыя, малаўраджайныя, але маюць высокі працэнт клятчаткі і надзвычайна духмяныя. Лічыцца, што мяса скаціны, якая пасвілася на засушлівых землях, мае лепшы смак.

У Манголіі налічваецца больш за 130 відаў млекакормячых жывёлін, 7 – земнаводных, 400 – птушак, 19 – плазаватых, 5 тыс. – казуркавых. У лясах і гарах Паўночнай Манголіі часта сустракаюцца паўночны і плямісты алень, дзікая каза, дзік, ліса, мядзведзь, собаль, воўк, рысь. У стэпавых і пустынных раёнах – джэйран, антылопа дзэрэн, заяц-тулай, хамяк, ліса, воўк, сурок-табарган. Мяса табаргана лічыцца сярод манголаў дэлікатэсам, а яго мех уваходзіць у лік найбольш каштоўных у свеце. Унікальны жывёльны свет поўдня і захаду Манголіі. У Гобі захаваліся такія рэдкія віды жывёлін, як дзікі асёл (кулан), дзікі верблюд (хаўтгай), дзікі конь Пржвальскага (тахі) і габійскі мядзведзь (мазалай). У Мангольскім Алтаі водзяцца снежны барс (ірбіс), горны баран архар, горны казёл янгір, антылопа дзэрэн.

Для далейшага захавання багатых прыродных комплексаў арганізаваная сетка нацыянальных паркаў і запаведнікаў. Найбольш вядомыя з іх – Вялікі Габійскі, Хубсугульскі, Богдо-Ула (каля Улан-Батара, стаў запаведным у XVII ст.) і інш.

Гісторыя

Чынгісхан
Харлагійн Чойбалсан

Першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі Манголіі ў эпоху верхняга палеаліту. Асноўнымі заняткамі чалавека той пары былі збіральніцтва і паляванне на маманта, аленя, шарсцістага насарога, бізона і іншых буйных жывёлін. У эпоху неаліта ўзніклі матычнае земляробства і жывёлагадоўля. Аднак да кан. ІІ тыс. да н. э. пераважалі паляванне на аленя і лоў рыбы. У аймаках Баянхангор і Дарнод археолагамі знойдзены пячоры з роспісамі, зробленымі неалітычнымі паляўнічымі.

У I тыс. да н. э. найбольш распаўсюджаным заняткам стала качавая і адгонная жывёлагадоўля. Манголія з’яўлялася прарадзімай як мангольскіх, так і цюркскіх народаў. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што яе тэрыторыю маглі таксама насяляць індаеўрапейскія (іранамоўныя) плямёны. Па суседству з Манголіяй у Горным Алтаі (Расія) ў сяр. ХХ ст. быў вынайдзены могільнік скіфскай жанчыны. Праўдападобным выглядае гіпотэза аб індаеўрапейскім паходжанні юэчжаў, што качавалі ў Джунгарыі і на захадзе Манголіі.

Прыкладна ў V - ІІІ ст. да н. э. пачалася здабыча і апрацоўка жалеза. У гэты ж час склаліся два асноўныя палітычныя аб’яднанні качэўнікаў – гунаў (хунну) і дунху. Большасць сучасных даследчыкаў мяркуюць, што яны мелі рознаэтнічнае паходжанне. Вядома, што аб’яднанне гунаў складалася з розных родаў і плямён, на чале якіх стаяў адзіны правадыр – шан’юй. У 209 г. да н. э. уладу сярод гунаў захапіў шан’юй Мадэ. Пры ім межы гунскай дзяржавы пашырыліся ад Сярэдняй Азіі на захадзе да р. Ляохэ на ўсходзе, ад возера Байкал на поўначы да Вялікай Кітайскай сцяны, пабудаванай для абароны Кітая ад качэўнікаў, на поўдні. У 162 г. да н. э. імператары кітайскай дынастыі Хань прызналі дзяржаўнасць паслядоўнікаў Мадэ. Але ў выніку міжплемянных сутычак гуны падзяліліся на паўночных і паўднёвых. Паўднёвыя былі хутка падначаленыя і асіміляваныя кітайцамі. Частка паўночных гунаў адкачавала на тэрыторыю Сярэдняй Азіі, а пазней – далей на захад. Іх прыход у Еўропу азнаменаваўся разбурэннем дзяржавы готаў у Паўночным Прычарнамор’і і пачаткам эпохі перасялення народаў. Астатнія паўночныя гуны змяшаліся з іншымі качэўнікамі.

Пасля знішчэння гунскай дзяржавы на тэрыторыі Манголіі ўзнікалі розныя ваенна-палітычныя саюзы. У друг. пал. IV ст. н. э. склалася аб’яднанне жужаняў, вызначальную ролю ў якім адыгрывалі роды цюрксага паходжання. Частка жужаняў вяла аселы вобраз жыцця і займалася земляробствам. На чале аб’яднання стаяў правіцель – каган (хакан). Жужаньскі (цюркскі) каганат праіснаваў да сяр. VI ст. Пасля яго распаду на тэрыторыі Манголіі панавалі аб’яднанні енісейскіх кіргізаў, уйгураў, кіданяў і г. д.. Кіданьская імперыя Ляо была створаная ханам Елюям Амбагаем у Х ст. Ён і яго нашчадкі падначалілі сабе большую частку Манголіі і Паўночнага Кітая. Менавіта ад назвы кіданяў паходзіць сучаснае "Кітай".

У ХІІ ст. імперыя Ляо была зруйнаваная іх блізкім суседзам – чжурчжэньскай імперыяй Цзінь, што дазволіла манголамоўным саюзам татараў, тайчжуітаў, кэрэітаў, найманаў, меркітаў і інш. кантраляваць тэрыторыі ад Байкала да Вялікай Кітайскай сцяны. Сама назва "мангол" яшчэ не была вядомая. Суседзі звычайна называлі манголамоўныя плямёны татарамі па назве аднаго з усходніх буйных аб’яднанняў. У кан. ХІІ – пач. ХІІІ ст. склалася адзіная мангольская дзяржава. Яе заснавальнік Тэмучжын (1162 – 1227 гг.), вядомы таксама як Чынгісхан, дамогся на курултае (сходу племянных правадыроў) на рацэ Анон у 1206 г. выбрання сябе вялікім ханам і правёў шэраг рэформ, накіраваных на знішчэнне старой родава-племянной арганізацыі і стварэння моцнага войска. Дзякуючы гэтаму ў 1211 – 1215 гг. ён знішчыў імперыю Цзінь са сталіцай у Пекіне, у 1218 – 1222 гг. захапіў Сярэднюю Азію, паўночны Іран, разбурыў дзяржавы Закаўказзя, паўночнага Каўказа і Крыма. У 1223 г. на рацэ Калка манголы перамаглі кааліцыю рускіх князёў. Яго пераемнікі Угэдэй, Мункэ і Хубілай працягвалі палітыку заваяванняў. У 1237 – 1242 гг. Батухан (Батый), сын Джучы і ўнук Тэмучжына, здзейсніў два паспяховых похода на землі Усходняй Еўропы. Наступленне манголаў на захад спыніла вестка аб смерці Угэдэя. Батухан спешна пакінуў Еўропу для прыняцця ўдзелу ў курултае і замацавання за сваім родам захопленых тэрыторый. Аднак новы вялікі хан Мункэ быў абраны без яго ўдзелу. За родам Джучы быў замацаваны ўлус (пазней дзяржава Залатая Арда), у склад якога ўвайшлі землі ўсходняй і паўднёвай Русі, Паволжа і Паўночнага Каўказа. У 1258 г. брат Мункэ, Хулагу, захапіў Багдад. Да 1279 г. было завершана заваяванне Кітая. Хан Хубілай прыняў тытул імператара (імперыя Юань). Манголы таксама арганізоўвалі ваенныя экспедыцыя супраць дзяржаў бірманцаў і в’етаў, на Зондскія астравы (сучасная Інданезія) і Японію. У Цэнтральнай Манголіі хан Угэдэй заснаваў сталіцу Каракорум (Харахарын), у будаўніцтве якой удзельнічалі ваеннапалонныя з розных краін свету, у тым ліку з Еўропы. Пазней сталіца была перанесена на тэрыторыю Кітая.

Да кан. XIV ст. адзіная мангольская дзяржава фактычна распалася. У 1368 г. кітайскія паўстанцы зверглі хана Тагон-Тымэра. Імперыя Юань пала. Пад ціскам сярэднеазіяцкага правадыра Тамерлана манголы згубілі кантроль над Сярэдняй Азіяй і Іранам. У 1571 г. вялікі хан Алтан прызнаў незалежную кітайскую імперыю Мін і прыняў будызм. У 1586 г. быў адчынены першы будысцкі кляштар. Пасля яго смерці ў Цэнтральнай Азіі вылучыліся тры буйныя аб’яднанні паўднёвых (унутраных) манголаў, халха-манголаў і джунгараў (айратаў), якія знаходзіліся ў несупыннай барацьбе адно з іншым. З 30-ых гг. XVII ст. у Кітае і Цэнтральнай Азіі палітычная перавага перайшла да маньчжурскай дынастыі Цын. У 1636 г. маньчжуры далучылі да сваіх валоданняў Унутраную Манголію. У 1688 г. халха-манголы пагадзіліся на ўвядзенне маньчжурскіх войск на свае тэрыторыі для барацьбы з джунгарамі. У 1691 г. курултай халха-мангольскіх ханаў прызнаў сваю падначаленасць дынастыі Цын. У 1758 г. пала Джунгарскае ханства.

Далучэнне зямель халха (Знешняй Манголіі) да імперыі Цын не азначала поўнай згубы незалежнасці. Мангольскія роды працягвалі кіравацца аўтаномна. Ханы атрымоўвалі матэрыяльныя ўзнагароды ад імператарскіх уладаў. З XVII ст. духоўную і часткова свецкую ўладу атрымалі будысцкія правіцелі – багдыханы (богдо-гэгэн). Аднак на тэрыторыі Знешняй Манголіі знаходзіліся кітайская адміністрацыя, гарнізоны, дзейнічалі кітайскія прадпрымальнікі і г. д.. Карыстаючыся аслабленнем маньчжураў, у друг. пал. ХІХ – пач. ХХ ст. расійскія ўлады арганізавалі ў Манголію шэраг даследчых экспедыцый. Паступова расійскія прадпрымальнікі і ваенныя занялі вызначальныя пазіцыі. Улада кітайскай адміністрацыі стала фармальнай. У выніку кітайскай рэвалюцыі 1911 г. дынастыя Цын пала. На тэрыторыі Знешняй Манголіі была абвешчана незалежная тэакратычная дзяржава на чале багдыхана. Аднак яна не была прызнаная кітайскім рэспубліканскім ўрадам. У 1915 г. на канферэнцыі ў Кяхце Кітай пад ціскам Расіі пагадзіўся з шырокай аўтаноміяй Манголіі.

Пасля захопу ўлады ў Расіі бальшавікамі (1917 г.) усе папярэднія міжнародныя дагаворы, якія маглі б лічыцца кабальнымі, былі адмененыя. Дзякуючы гэтаму ў 1918 г. Кітай атрымаў магчымасць зноў увесці свае ваенныя сілы ў Мангольскую аўтаномію. У лістападзе 1919 г. мангольскі ўрад быў распушчаны, а армія раззброеная. У 1920 г. на тэрыторыю Манголіі ўвайшлі атрады сібірскіх казакоў і часткі конна-азіяцкай дывізіі на чале барона Р. Ф. Унгерна фон Штэрнберга. Яны распачалі ваенныя дзеянні супраць кітайцаў. Р. Ф. Унгерн прыняў будызм і заручыўся падтрымкай мясцовых феадалаў і часткі будысцкіх святароў. У 1921 г. ён стаў “белым” дыктатарам Манголіі. Яго армія ўварвалася ў межы савецкай Далёкаўсходняй рэспублікі і была разбітая. Р. Ф. Унгерн быў арыштаваны і растраляны.

У 1919 г. у Урге (Улан-Батары) склалася дзве нацыяналістычныя мангольскія групы на чале з Дамдзінам Сухэ-Батарам (1893 - 1923) і Харлагійнам Чойбалсанам (1895 – 1952 гг.), якія арыентаваліся на падтрымку ўрада РСФСР. У 1920 г. яны аб’ядналіся ў Мангольскую народную партыю (пазней - Мангольская народная рабочая партыя - МНРП). Яе першы з’езд адбыўся ў сакавіку 1921 г. на тэрыторыі Расіі, у Кяхце. На ім быў створаны часовы народны ўрад і мангольская народная рэвалюцыйная армія на чале Д. Сухэ-Батара. Пасля паразы Р. Ф. Унгерна летам 1921 г. народная рэвалюцыйная армія пры падтрымцы Чырвонай арміі ўступіла ў Манголію. 6 чэрвеня была занятая Урга. 11 чэрвеня 1921 г. лічыцца днём перамогі народнай рэвалюцыі. 1 лістапада 1921 г. народны ўрад і богдыхан падпісалі дагавор, згодна якому апошні фармальна захоўваў тэакратычныя прывілеі, але рэчаісная ўлада пераходзіла да ўрада. 5 лістапада 1921 г. у Маскве паміж Манголіяй і РСФСР быў падпісаны міжнародны дагавор аб шчыльным супрацоўніцтве.

Пасля смерці багдыхана ў лістападзе 1924 г. па ініцыятыве мангольскай народнай партыі адбыўся І Народны хурал, які абвясціў Мангольскую Народную рэспубліку (МНР) і прыняў І Канстытуцыю краіны. У 1928 – 1952 гг. у МНР быў усталяваны аўтарытарны рэжым Х. Чойбалсана, адзначаны палітыкай калектывізацыі, масавымі палітычнымі рэпрэсіямі, закрыццём будысцкіх кляштароў, ганеннем рэлігійнага кліру і г. д. У 1940 г. была прынята ІІ Канстытуцыя, замацаваўшая адзінаўладзе МНРП. З 1941 г. дзейнічалі гадавыя, а з 1948 – пяцігадавыя планы развіцця эканомікі. Аднак аб заканчэнні сацыялістычных пераўтварэнняў было заяўлена толькі ў 1960 г. У міжваенны час МНР знаходзілася ў сталай залежнасці ад СССР, што тлумачылася непрызнаннем незалежнасці Манголіі з боку іншых дзяржаў і неспрыяльнай ваенна-палітычнай сітуацыяй. Да 1960-ых гг. СССР заставаўся практычна адзіным знешнеэканамічным партнёрам. МНР атрымоўвала матэрыяльную і гуманітарную дапамогу для развіцця эканомікі, сацыяльнай інфраструктуры, адукацыі і г. д. У 1936 г. быў падпісаны Пратакол аб узаемнай ваеннай дапамозе. У 1937 г. у Манголію ўвайшлі савецкія войскі. У жніўні 1939 г., калі на тэрыторыю МНР уварваліся японскія войскі, яны былі разгромлены на р. Халхін сумеснымі намаганнямі частак Чырвонай і Мангольскай народнай армій па плану, распрацаванаму Г. К. Жукавым. Восенню 1939 г. пры пасрэдніцтве СССР быў заключаны дагавор аб размежаванні Манголіі і Манчжурскай дзяржавы. У сваю чаргу, МНР аказвала актыўную ваенную і матэрыяльную дапамогу Савецкаму Саюзу пад час вайны СССР з Германіяй (1941 – 1945 гг.).

У 1956 – 1962 гг. адбылася палітычная адліга. Прыйшоўшы ў 1952 г. да ўлады Юмжагійн Цэдэнбал (1916 – 1991 гг.) арыентаваўся на цесны ваенна-палітычны і эканамічны саюз з Савецкім Саюзам. У МНР знаходзілася буйная групіроўка савецкіх войск (55 тыс. чалавек), адчыняліся сумесныя савецка-мангольскія прадпрыемствы, працавала мноства спецыялістаў з розных рэспублік СССР. Грамадзяне Манголіі таксама атрымалі магчымасць вучобы і працы ў краінах СЭУ. З 1960 да 1985 г. нацыянальны даход павялічыўся ў 3,2 разы.

З 1985 г. у МНР пад уплывам савецкай перабудовы праводзілася палітыка дэмакратызацыі. У 1988 г. на пленуме ЦК МНРП была асуджана дзейнасць Х. Чойбалсана. У 1990 г. Ю. Цэдэнбал, які к таму часу жыў у Маскве, быў выключаны з МНРП. Сацыяльныя цяжкасці ў канцы 1980-ых гг. выклікалі масавыя пратэсты сярод насельніцтва. У снежні 1989 г. частка грамадскіх няўрадавых арганізацый адкрыта выступіла супраць камуністычнага кіраўніцтва. У сакавіку 1990 г. мірныя выступленні прывялі да адстаўкі ўрада і пачатку істотных змен у палітычным і эканамічным жыцці. На нечарговых выбарах 1990 г. зноў перамагла МНРП, але да ўлады былі таксама дапушчаныя іншыя палітычныя партыі і арганізацыі. Былі нармалізаваныя адносіны з суседняй КНР, ЗША, Японіяй, Паўднёвай Карэяй і інш. МНР была пераіменавана ў Манголію. На выбарах 1996 г. апазіцыя ўпершыню дамаглася перамогі. Але змены характарызаваліся супярэчлівымі вынікамі. Ад’езд тысяч савецкіх спецыялістаў, рэзкі разрыў эканамічных сувязяў з СССР і былымі краінамі СЭУ, палітыка свабоднага гандлю, перавага таннай прадукцыі з Кітая прывялі да банкруцтва і закрыцця многіх прадпрыемстваў, беспрацоўя і згалення значнай часткі насельніцтва. Летам 2008 г. МНРП зноў атрымала перамогу на выбарах, што, аднак, прывяло да гвалтоўных выступленняў у Уланбатары ўвесну 2009 г.

Эканоміка

Асновай мангольскай эканомікі з'яўляюцца: жывёлагадоўля, здабыча бурага вугалю, медзі, золата, малібдэну і фасфатаў. Пасля шматгадовага савецкага інтэрвенцыяналізму працэс пераходу эканомікі да капіталізму сутыкаецца з шматлікімі цяжкасцямі. Эканоміка вельмі цэнтралізаваная, існуе каля 10 000 прыватных прадпрыемстваў, але іх дзейнасць абмяжоўваецца Улан Батарам. Па-за межамі сталіцы, большасць жыхароў займаецца гадоўляй коней, кароваў, вярблюдаў, козаў, авечак і г.д. Краіна мае вельмі нізкі ВУП, і акрамя гэтага мае праблемы з выплатай дзяржаўная запазычанасць Расіі (11 млрд. долараў). У 1997 годзе Манголія далучылася да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Асноўныя гандлёвыя партнёры: Кітай, Расія, Канада, Велікабрытанія, Японія, Паўднёвая Карэя.

Палітыка

Візіт Дж. Буша ў Манголію ў 2005 г.

Манголія – унітарная рэспубліка парламенцкага тыпу. Глава дзяржавы – прэзідэнт, які абіраецца на 4 гады ў выніку прамога галасавання грамадзянамі Манголіі. Прэзідэнт Манголіі павінен быць народжаным у Манголіі, ва ўзросце старэйшым за 45 гадоў, павінен стала жыць на тэрыторыі Манголіі да моманту выбараў не меней пяці гадоў. Пад час прэзідэнцтва ён абавязаны спыніць сваю дзейнасць у складзе той ці іншай палітычнай партыі. Прэзідэнт Манголіі (з 2009) — Цахіагійн Элбэгдорж.

Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту Дзяржаўнаму Вялікаму хуралу. У яго склад уваходзяць 76 прадстаўнікоў, якія абіраюцца ў выніку прамога галасавання грамадзянамі Манголіі тэрмінам на 4 гады. Дзяржаўны Вялікі хурал прызначае прэм’ер-міністра і зацвярджае ўрад.

Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, аднак яго паўнамоцтвы абмежаваныя. Ён мае права вета на законы і пастановы, прынятыя Дзяржаўным Вялікім хуралам. У сваю чаргу, парламент можа заблакаваць вета рашэннем двух трацін прадстаўнікоў. Значныя выканаўчыя паўнамоцтвы таксама мае прэм’ер-міністр, які ўзначальвае ўрад.

Палітычнае жыццё Манголіі вызначаецца супрацьстаяннем двух палітычных партый – МНРП і Дэмакратычнай партыяй. У меньшай ступені карыстаюцца падтрымкай выбаршчыкаў Партыя грамадзянскай волі, Рэспубліканская і Патрыятычная партыі.

Ваенныя сілы

Ваенныя сілы складаюцца з агульнай арміі (7000 чал. ў 2005 г.), пагранічных войскаў (6500 чал.) і ўнутраных войскаў (15000 разам з паліцэйскімі ўзброеннымі фарміраваннямі). Мангольская армія ўдзельнічае ў місіях па падтрыманню міру ў краінах Афрыкі і ваенных аперацыях НАТА ў Іраке і Афганістане.

Дэмаграфія і этнічны склад

Мангольскія жанчыны

85% насельніцтва – манголы, у асноўным халха-манголы (у тым ліку групы элжгін і дарыганга), а так сама хатагойт-манголы, дархаты, сартулы, зун-узумчыны (1 700 чал), уранхайцы (25,2 тыс чалавек), хатоны, бураты (70 000), шынэ-баргуты (каля 1 000), захчыны (29,8 тыс чалавек), таргуты, баяты (50,8 тыс чалавек), хашуты, мянгаты, алёты, харачыны, чахары, тумэты, 7% казахі і кіргізы, 4,6; дурбэты (заходне-мангольскае племя), 3,4% - іншыя этнічныя групы. Каля 5 млн. манголаў жывуць па-за межамі Манголіі (у тым ліку 4,8 млн. у Кітаі).

Халха-манголы насяляюць усю тэрыторыю краіны. Іншыя мангольскія групы насяляюць розныя рэгіёны. Так, уранхай жывуць у горных далінах Алтая і падзяляюцца на самастойныя моўныя групы манчок (горныя ўранхайцы) і цаатан (аленныя ўранхайцы з Прысубсугульскіх стэпаў). Некаторыя этнолагі лічаць іх нашчадкамі тувінцаў, якія перанялі мангольскую мову.

Другая па колькасці этнічная група – казахі (5,39%) размаўляе на мове цюркскага паходжання. Казахі пераважна насяляюць Баян-Улэгейскі аймак на захадзе Манголіі. Іншыя цюркамоўныя групы: хатоны (0,27%) – нашчадкі цюркскіх перасяленцаў з заходняга Кітая, і тувінцы(дадзеных няма). На поўначы Манголіі жывуць хамнінганы (конныя тунгусы – 0,32%), блізкія па мове да сібірскіх эвенкаў, але па матэрыяльнай культуры – да буратаў.

У Манголіі таксама маецца рускае насельніцтва (звыш 10 тыс. чалавек). Сярод рускіх Манголіі вылучаюць некалькі дробных груп старавераў і іх нашчадкаў, якія сяліліся на поўначы Манголіі з ХІХ ст. Але ў асноўным гэта перасяленцы ці нашчадкі перасяленцаў другой паловы ХХ ст., у тым ліку жанчыны, што знаходзяцца ў шлюбе з манголамі. Да рускіх таксама адносяць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў былога СССР, у тым ліку ўкраінцаў, яўрэяў, беларусаў, армян і г. д.

Кітайцы (хаятад) – 16157 чалавек. Вылучаюць дробныя групы кітайцаў – нашчадкаў перасяленцаў ХІХ – пач. ХХ стст. Але ў большасці гэта мужчыны, жанатыя на грамадзянках Манголіі, якія атрымалі магчымасць перасяляцца на сталае месца жыхарства пасля 1991 г. Сярод іх таксама ёсць нашчадкі паўднёвых (унутраных) манголаў, што перанялі кітайскія мову і культуру.

Мова

Дзяржаўная мова – мангольская. У Баян-Улэгейскім аймаке апрача мангольскай афіцыйны статус мае казахская мова. На ёй часткова вядзецца выкладанне ў мясцовых школах, працуюць сродкі масавай інфармацыі.

Рэлігія

Будысцкі ўніверсітэт ва Улан-Батары
"Овоо" (оба)

Найбольш распаўсюджаная рэлігія – будызм у форме ламаізму (ваджраяны). Яго спавядаюць не менш за 94 % насельніцтва.

Ламаізм вядомы ў Манголіі з ХІІІ ст., аднак шырокае распаўсюджанне атрымаў з XVI ст. Першы ламаісцкі кляштар (кхіід) Эрдэнедзу быў пабудаваны ў 1586 г. каля былой сталіцы Мангольскай імперыі – Каракорума. У 1918 г. у Манголіі налічвалася больш за 700 кляштароў і 120 тысяч манахаў (каля паловы ўсяго мужчынскага насельніцтва). Ламаісцкія кляштары з’яўляліся галоўнымі эканамічнымі, культурнымі і адукацыйнымі цэнтрамі. Але ў выніку антырэлігійнай палітыкі камуністычнага ўрада да 1939 г. былі зачыненыя ўсе кхііды. Манахі былі рэпрэсіраваныя ці вымушаныя далучыцца да свецкіх колаў. У 1944 г. ва Уланбатары зноў быў адчынены кхіід Гандан, пры якім у 1970 г. заснаваны Будысцкі ўніверсітэт. У 1979 і 1982 гг. Манголію наведваў далай-лама. У другой палове 1980-ых гг. палітыка дзяржавы ў дачыненні да рэлігіі змянілася, што садзейнічала адраджэнню будысцкіх кляштароў і храмаў.

Для мангольскага будызму характэрныя традыцыі: шанаванне мясцовых багоў і духаў (нароўні з тыбецкімі), культы продкаў і неба, сакральныя знакі “овоо” (оба) і г. д. Аднак у астатнім ён мала адрозніваецца ад тыбецкага ламаізму. Будысцкую арганізацыю ўзначальвае вярхоўны плябян – хутагт халха. Зараз гэтую пасаду займае манах Зая Бандзіда.

Адносна невялікая колькасць веруючых належаць да мусульман і хрысціян. Мусульмане (1,2%) – прадстаўнікі этнічных меншасцяў – казахаў і хатонаў – належаць да суніцкай веткі іслама. Большасць хрысціян – праваслаўныя (належаць да Рускай Праваслаўнай царквы і рускіх стараверскіх абшчын) і пратэстанты (розныя нэопратэстанцкія цэрквы). У сталіцы дзейнічае адна каталіцкая парафія.

Культура

Мангольскі народны танец

На працягу стагоддзяў мангольская культура развівалася пад уплывам суседняга Кітая і Тыбета, адкуль прыйшоў будызм. У XX ст. моцны культурны ўплыў аказваў СССР. Аднак гэта не азначае поўнай адсутнасці асаблівых мангольскіх культурных традыцый, якія паходзяць з спецыфічнага качавога ладу жыцця, народных строяў, этыкету і фальклору. Манголы захавалі багатыя народныя вусныя традыцыі – казкі, міфы, легенды, паданні і спевы аб сапраўдным мінулым і легендарных падзеях. У сярэднявеччы былі складзеныя буйныя эпічныя творы “Патаемнае казанне” (XIII ст.), “Залатая кніга”, “Роспач Тагон-Тэмура” і г. д. У XVII – XIX стст. у пісьмовай традыцыі пераважалі рэлігійныя традыцыі, пераклады індыйскай і тыбецкай літаратуры, але ў XIX ст. вылучылася некалькі пісьменнікаў, якія выкарыстоўвалі свецкія матывы (Гэлэгбалсан, Хішыгбат, Інжынаш). У ХХ ст. вызначыліся такія паэты і пісьменнікі, як Дажаагійн Цэдэў, Ж. Пурэў, Д. Намдаў, Д. Нацагдорж і інш.

Таксама захаваліся народныя спеўныя, танцавальныя і выяўленчыя традыцыі. Вяршыняй спеўнага мастацтва да сёй пары лічыцца працяглы спеў – артын доо, які выконваецца сола ці хорам. Народнае танцавальнае мастацтва заснавана на пантаміме, перайманні рухаў навакольнага жыцця – бегу жывёлін, павеваў ветру, штодзённых заняткаў і г. д. Асаблівым відам відовішчнага мастацтва з’яўляўся цам – рытуальныя містэрыі. Спевы і танцы суправаджаюцца ігрой на разнастайных музычных інструментах, зробленых з мясцовых матэрыялаў – дрэва, скуры, металу. Падобна іншым усходнеазіяцкім народам, манголы аддаюць перавагу мелодыі, а не рытму. Прыкладамі выяўленчага мастацтва з’яўляюцца арнамент, пабудаваны на сімвалічным адлюстраванні свету, і “мангол зураг” – плоскія графічныя малюнкі без перспектывы, якімі распісваліся сцены храмаў і кляштароў. Прычым, арнамент шырока выкарыстоўваецца ў нашыя дні для аздаблення сценаў гарадскіх будынкаў і знутры гэраў (юрт). Ужо ў старажытнасці былі вядомыя скульптурныя выявы з каменю, пазней – адлітыя з металаў, у тым ліку выявы будысцкіх багоў і духаў. Нават у сучаснасці шырока практыкуецца разьба па дрэву. Застаюцца папулярнымі народныя спартыўныя гульні – конныя скачкі, стральба з лукаў і барацьба. Святкуюцца народныя фестывалі – надамы (літаральна “відовішчы” ці “гульні”). Самы вялікі з іх праводзіцца ў ліпені ва Уланбатары. Узімку святкуюць Цаагансар – пачатак новага года па месячным календары.

У XX ст. распаўсюдзіліся запазычаныя формы мастацтва – заходнія танцы і музыка, партрэтны жывапіс, фатаграфія, скульптура, цырк і г. д. У сяр. XX ст. узнікла мангольскае кінамастацтва. У станаўленні мангольскага кіно важную ролю адыграў беларускі кінамастак Ю. В. Тарыч (1885 – 1967 гг.). З канца XX ст. у культуры Манголіі заўважна імкненне да сумяшчэння запазычаных і мясцовых традыцый. Тым не менш, з-за спынення дзяржаўнага фінансавання культурных устаноў і недахопу сродкаў назіраецца крызіс прафесійнага мастацтва. У сучасным паўседзённым жыцці дамінуе расійская, амерыканская і азіяцкая (паўднёвакарэйская, кітайская, у меншай ступені японская) поп-культура.

Адукацыя

97,8% насельніцтва Манголіі пісьменныя. Сістэма свецкай адукацыі сфарміравалася ў часы сацыялізму, і ў агульных рысах нагадвала савецкую. З 2008/2009 акадэмічнага года школьная сістэма пераведзеная на 12-гадовы тэрмін сярэдняга навучання. Дзейнічаюць два буйныя ўніверсітэты – Нацыянальны ўніверсітэт Манголіі і Мангольскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій.

Адміністрацыйны падзел

Краіна падзяляецца на 21 аймак,якія ў сваю чаргу падзяляюцца на больш дробныя адзінкі – сумы, і дзве асобныя адмінстрацыйныя адзінкі Улан-Батар і Дархан, якія завуцца хоты:

Турызм

Турызм як галіна гаспадаркі атрымаў развіццё з 1960-ых гг., але асаблівую ролю ў эканамічным і культурным жыцці ён набыў толькі ў канцы XX ст., што было звязана з палягчэннем візавага рэжыму для іншаземцаў, адраджэннем прыватнай эканамічнай ініцыятывы і значным паніжэннем унутраных коштаў у параўнанні са знешнімі. У сапраўдны час большасць арганізаваных турыстаў з розных краін свету абслугоўваюць некалькі нацыянальных тур-аператараў. Але амаль палову турыстаў складаюць самастойныя вандроўнікі. Для іх у гарадах і сельскай мясцовасці арганізаваныя хостэлы, кемпінгі, танныя транспартныя паслугі і г. д. Іншаземцаў прыцягваюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнымі традыцыямі манголаў, будысцкімі кляштарамі, а таксама амаль некранутая прырода Манголіі – чыстымі рэкамі і азёрамі, гарамі, пустыняй Гобі і г. д. Для грамадзян Беларусі ўезд безвізавы, аднак арганізаванага турыстычнага патоку з нашай краіны пакуль не існуе з-за адсутнасці прамых танных авіяліній.

Беларуска-мангольскія сувязі

Упершыню жыхары беларускіх земляў сутыкнуліся з манголамі ў XIII ст., калі мангольская армія зруйнавала Смаленск і спустошыла паўднёвыя беларускія тэрыторыі. Лічыцца, што назва населенага пункту Койданава (зараз чыгуначная станцыя, Мінская вобл.) паходзіць ад імя мангольскага цемніка Кайдана (Кейдана).

На мяжы XIX – XX стст. у сувязі з працэсам “паўстання Азіі” і публікацыямі матэрыялаў навуковых экспедыцый сярод беларускіх інтэлектуалаў цікавасць да Манголіі павысілася. Пасля Першай Сусветнай вайны некаторыя прадстаўнікі нацыянальнага руху прапаноўвалі праект “мангалізацыі” – ператварэння Беларусі ў незалежную буферную дзяржаву накшталт МНР. У 1920-ыя гг. у БССР быў заснаваны хутар Манголія (зараз вёска, Віцебская вобл.).

Больш шчыльныя сувязі паміж краінамі былі ўсталяваны ў межах супрацоўніцтва СССР і МНР. У Манголіі працавала шмат выхадцаў з БССР, у тым ліку ваенныя, будаўнікі, настаўнікі, урачы і г. д. Найбольш вядомы з іх – кінарэжысёр і аператар Ю. В. Тарыч (1885 – 1967 гг.), аўтар першай беларускай мастацкай кінастужкі і дырэктар першага мастацкага мангольскага кіно.

Пасля 1991 г. паміж Рэспублікай Беларусь і Манголіяй былі ўсталяваныя міждзяржаўныя адносіны, заключаная дамова аб узаемнам транзіце. У Брэсце дзейнічае ганаровае мангольскае консульства.

Гл. таксама

У Сеціве


Шаблон:Link FA Шаблон:Link FA Шаблон:Link FA

  1. а б в г д е Central Intelligence Agency MongoliaWashington, D.C.: Central Intelligence Agency, U.S. Government Printing Office, 2023. — ISSN 0277-1527; 1553-8133 Праверана 4 сакавіка 2023.
  2. а б в г д е ё ж з https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia