Аляксандр Ісаевіч Салжаніцын: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[недагледжаная версія][недагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
MerlIwBot (размовы | уклад)
MerlIwBot (размовы | уклад)
Радок 382: Радок 382:
[[ko:알렉산드르 솔제니친]]
[[ko:알렉산드르 솔제니친]]
[[ku:Aleksandr Soljenîtsin]]
[[ku:Aleksandr Soljenîtsin]]
[[ky:Солженицын, Александр Исаевич]]
[[la:Alexander Solženicyn]]
[[la:Alexander Solženicyn]]
[[lb:Alexander Soljenizyn]]
[[lb:Alexander Soljenizyn]]

Версія ад 07:15, 24 кастрычніка 2012

Салжаніцын

Алякса́ндр Іса́евіч Салжані́цын (11 снежня 1918, Кіславодск, РСФСР — 3 жніўня 2008, Масква, Расійская Федэрацыя) — выбітны рускі пісьменнік, публіцыст, гісторык, паэт і грамадскі дзеяч.

Атрымаў шырокую вядомасць, апрача літаратурных твораў (што, як правіла, закранаюць вострыя грамадска-палітычныя тэмы), таксама гісторыка-публіцыстычнымі творамі па гісторыі Расіі XIX—XX стагоддзяў.

Былы дысідэнт, цягам некалькіх дзесяцігоддзяў (шасцідзясятыя, сямідзясятыя і васьмідзясятыя гады XX стагоддзя) актыўна змагаўся супраць камуністычнага рэжыму ў СССР.

У апошні час стаяў на кансерватыўных пазіцыях, з'яўляючыся адным з натхняльнікаў праваслаўна-патрыятычнага руху.

Бацька Ігната Салжаніцына, вядомага дырыжора і піяніста.

Біяграфія

Дзяцінства і юнацтва

Аляксандр Ісаевіч (Ісаакавіч[1]) Салжаніцын нарадзіўся 11 снежня 1918 г. у Кіславодску. Бацька — Ісаакій Сямёнавіч Салжаніцын, рускі праваслаўны селянін з Паўночнага Каўказу. Маці — Таісія Захараўна Шчэрбак, дачка ўкраінскага шляхціча. Бацькі Салжаніцына пазнаёміліся падчас навучання ў Маскве і неўзабаве павянчаліся ў Беларусі[2]. Ісаакій Салжаніцын падчас Першай сусветнай вайны пайшоў на фронт добраахвотнікам і служыў афіцэрам. Ён загінуў да нараджэння сына, 15 чэрвеня 1918 года, ужо пасля дэмабілізацыі (у выніку няшчаснага выпадку на паляванні). Ён апісаны пад імем Сані Лажаніцына ў эпапеі «Чырвонае кола» (на падставе ўспамінаў маці А.Салжаніцына).

Сям'я маці была цалкам разбураная ў выніку бальшавісцкіх канфіскацый.

У 1924 годзе Салжаніцын пераехаў з маці ў Растоў-на-Доне, з 1926 па 1936 гады вучыўся ў школе, жывучы надзвычай бедна. Даводзілася хаваць звесткі пра службу бацькі ў царскім войску.

У малодшых класах падвяргаўся кпінам за нашэнне крыжыка і нежаданне ўступаць у піянеры, атрымаў вымову за наведанне царквы. Пад уплывам школы шчыра прыняў камуністычную ідэалогію, у 1936 годзе ўступіў у камсамол. У старэйшых класах захапіўся літаратурай, пачаў пісаць эсэ і вершы; цікавіўся гісторыяй, грамадcкім жыццём. У 1937 годзе задумаў «вялікі раман пра рэвалюцыю» 1917 года.

У 1936 годзе паступіў у Растоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Не жадаючы рабіць літаратуру асноўнай спецыяльнасцю, абраў фізіка-матэматычны факультэт. Ва ўніверсітэце вучыўся на «выдатна» (сталінскі стыпендыят), працягваў літаратурныя практыкаванні, у дадатак да ўніверсітэцкіх заняткаў самастойна вывучаў гісторыю і марксізм-ленінізм. Скончыў універсітэт у 1941 годзе з адзнакай.

Ад пачатку літаратурнай дзейнасці востра цікавіўся гісторыяй Першай Сусветнай Вайны і сацыялістычнай рэвалюцыі. У 1937 годзе пачаў збіраць матар'ялы па «Самсонаўскай катастрофе», напісаў першыя раздзелы «Жніўня Чатырнаццатага» (з артадаксальных камуністычных пазіцыяў). У 1939 годзе паступіў на завочнае аддзяленне факультэту літаратуры Інстытуту філасофіі, літаратуры і гісторыі ў Маскве. Перарваў навучанне ў 1941 годзе ў сувязі з вайной.

Цікавіўся тэатрам, летам 1938 года спрабаваў здаць іспыты ў тэатральную школу Юрыя Завадскага, але беспаспяхова.

У жніўні 1939 года здзейсніў з сябрамі падарожжа на байдарцы па Волзе. Жыццё пісьменніка з гэтага часу і да красавіку 1945 года — у паэме «Дарожанька» (1948—1952).

27 красавіка 1940 года ажаніўся са студэнткай Растоўскага ўніверсітэта Наталляй Рашатоўскай (1918—2003), з якой пазнаёміўся ў 1936 годзе.

Падчас вайны

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны не быў адразу мабілізаваны (прызнаны «абмежавана прыдатным» па здароўі). Актыўна дабіваўся накіравання на фронт. У верасні 1941 года разам з жонкай атрымаў размеркаванне школьным настаўнікам у Марозаўск Растоўскай вобласці, аднак ужо 18 кастрычніка быў прызваны і накіраваны ў грузавы конны абоз шарагоўцам. Падзеі лета 1941 — вясны 1942 года апісаныя Салжаніцыным у няскончанай аповесці «Любі рэвалюцыю» (1948).

Намагаўся атрымаць накіраванне ў афіцэрскую вучэльню, у красавіку 1942 года быў накіраваны ў артылерыйскую вучэльню ў Кастраму[3]; у лістападзе 1942 года выпушчаны лейтэнантам, накіраваны ў Саранск, дзе размяшчаўся запасны полк па фарміраванні дывізіёнаў артылерыйскай інструментальнай разведкі.

У дзейсным войску з лютага 1943 года, служыў камандзірам батарэі гукавой разведкі 794 Асобнага армейскага выведвальнага артылерыйскага дывізіёну (пазней — 68 Сэўска-Рэчыцкай 2-ога Беларускага фронту (палявая пошта № 07900 «Ф»). Баявы шлях — ад Арла[4] да Усходняй Прусіі[5]. Быў уганараваны ардэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, у лістападзе 1943 года атрымаў чын старэйшага лейтэнанта, у чэрвені 1944 года — капітану.

На фронце вёў ваенныя дзённікі, шмат пісаў, адсылаў свае творы маскоўскім літаратарам для рэцэнзавання; у 1944 годзе атрымаў добразычлівы водгук Б. А. Лаўранёва.

Арышт і зняволенне

На фронце Салжаніцын працягваў цікавіцца грамадcкім жыццём, аднак стаў крытычна ставіцца да Сталіна (за «перайначанне ленінізму»); у ліставанні са старым сябрам (Мікалаем Віткевічам) непаважна выказваўся пра «Пахана», пад якім угадваўся Сталін, захоўваў у асабістых рэчах складзеную разам з Віткевічам «рэзалюцыю», у якой параўноўваў сталінскія парадкі з прыгонным правам і казаў пра стварэнне пасля вайны «арганізацыі» для аднаўлення так званых «ленінскіх» норм. Лісты выклікалі падазрэнне ваеннай цэнзуры, і ў лютым 1945 Салжаніцын і Віткевіч былі арыштаваныя.

Чэшскі журналіст Т. Ржэзач (аўтар распаўсюджванай на Захадзе кнігі «Спіраль здрады Салжаніцына», якая з'явілася «вынікам добрасумленнае працы аўтара і настойлівай сумеснай працы з ім супрацоўнікаў 10 Управы МУС ЧССР і 5 Управы КГБ СССР»[6]), вылучыў версыю пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, абвінаваціў чатырох чалавек, адзін з якіх, Н.Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год[7].

Пасля арышту Салжаніцын быў дастаўлены ў Маскву; 27 ліпеня завочна асуджаны Асобай нарадай да 8 год выпраўленча-працоўных лагероў (па артыкуле 58, пункт 10, частка 2, і пункт 11 Крымінальнага Кодэксу РСФСР).

У жніўні накіраваны ў лагер у Новы Ерусалім, 9 верасня 1945 пераведзены ў лагер «Калужскія Вароты».

У чэрвені 1946 запатрабаваны ў сістэму спецтурмаў 4-га Спецаддзелу НКУС, у верасні накіраваны ў спецінстытут для зняволеных («шарашку») пры авіяматорным заводзе ў Рыбінску, праз пяць месяцаў — на «шарашку» ў Загорск, у ліпені 1947 — у аналагічную ўстанову ў Марфіна (пад Масквой). Працаваў па спецыяльнасці — матэматыкам. У Марфіне Салжаніцын пачаў работу над аповесцю «Любі рэвалюцыю». Пазней заключныя дні на Марфінскай шарашцы апісаныя Салжаніцыным у рамане «У крузе першым», дзе сам ён выведзены пад імем Глеба Нержына, а яго сукамернікі Дзмітрый Панін і Леў Копелеў — Дзмітрыя Салагдзіна і Льва Рубіна.

У снежні 1948 жонка завочна разышлася з Салжаніцыным.

У маі 1950 Салжаніцын быў этапаваны ў Бутыркі (раздрай з кіраўніцтвам «шарашкі»), у жніўні накіраваны ў Стэплаг — асобы лагер у Экібастузе. У лагеры быў шахцёрам, муляром, ліцейнікам, некаторы час — брыгадзірам, удзельнічаў у забастоўцы. Пазней лагернае жыццё атрымае літаратурнае ўвасабленне ў аповедзе «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», а страйк зняволеных — у кінасцэнары «Ведаюць ісціну танкі».

У перыяд канфлікту Салжаніцына з савецкімі ўладамі з'яўляюцца інспіраваныя КДБ публікацыі пра тое, што ён, знаходзячыся ў зняволенні, актыўна супрацоўнічаў з органамі МДБ. Тэкст аднаго з данясенняў[8], нібыта напісаных ім пад псеўданімам Ветраў, быў надрукаваны[9] ў 1990. Сапраўднасць дакументу была дэклараваная нямецкім крымінолагам Франкам Арнаў, аднак афіцыйна не высветленая. Сам Салжаніцын прызнае, што пад ціскам даў пісьмовую згоду на супрацоўніцтва з лагернай адміністрацыяй і ўзяў на сябе абавязак даносіць пра падрыхтоўку зняволеных да пабегаў, але сцвярджае, што да сапраўднага супрацоўніцтва не дайшло:

…Так і абышлося. Ніводнага разу больш мне не давялося падпісацца «Ветраў». Але і сёння я паёжваюся, сустракаючы гэтае прозвішча[10].

Узімку 1952 у Салжаніцына выявілі рак, ён быў праапераваны ў лагеры.

Вызвалены 13 лютага 1953.

У зняволенні Салжаніцын цалкам расчараваўся ў марксізме, з цягам часу паверыў у Бога і схіліўся да праваслаўна-патрыятычных ідэй (поўнае адмаўленне камуністычнай ідэалогіі, роспуск СССР і стварэнне славянскай дзяржавы на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Украіны, усталяванне ў новай дзяржаве аўтарытарнага ладу з паступовым пераходам да дэмакратыі, накіраванне рэсурсаў будучай краіны на духоўнае, маральнае і рэлігійнае развіццё народа, у першую чаргу рускіх). Ужо на «шарашцы» вярнуўся да пісальніцтва, у Экібастузе складаў вершы, паэмы («Дарожанька», «Прускія ночы») і п'есы ў вершах («Палоннікі», «Пір пераможцаў») і завучваў іх напамяць.

Пасля вызвалення Салжаніцын быў накіраваны ў ссылку на пасяленне «назаўжды» (сяло Берлік Кактарэкскага раёна Джамбульскай вобласці, паўднёвы Казахстан)[11]. Працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі ў 8-10 класах мясцовай сярэдняй школы імя Кірава.

У канцы 1953 здароўе рэзка пагоршылася, даследванне выявіла ракавую пухліну, у студзені 1954 ён быў накіраваны ў Ташкент на лячэнне, у сакавіку выпісаны са значным паляпшэннем. Хвароба, лячэнне, ацаленне і бальнічныя ўражанні леглі ў аснову аповесці «Ракавы корпус», якая была задуманая ўвесну 1955.

У ссылцы напісаў п'есу «Рэспубліка Працы» (пра лагер), раман «У крузе першым» (пра сваё перабыванні на «шарашцы») і нарыс «Працершы вочы („Гора ад розуму“ зэкавымі вачыма)».

У чэрвені 1956 рашэннем Вярхоўнага Суду СССР Салжаніцын быў вызвалены без рэабілітацыі «за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства».

У жніўні 1956 вяртаецца са ссылкі ў Цэнтральную Расію. Жыве ў вёсцы Мільцава (паштовае аддзяленне Торфапрадукт Курлоўскага раёна Уладзімірскай вобласці), выкладае матэматыку ў Мязінаўскай сярэдняй школе Гусь-Хрустальнага раёна. Тады ж сустрэўся са сваёй былой жонкай, якая канчаткова вярнулася да яго ў лістападзе 1956 (паўторна шлюб зарэгістраваны 2 лютага 1957).

6 лютага 1957 рашэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР Салжаніцын рэабілітаваны[12].

З ліпеня 1957 жыве ў Разані, працуе настаўнікам астраноміі сярэдняй школы № 2.

Першыя публікацыі

У 1959 Салжаніцын напісаў аповед «Щ-854» пра жыццё простага зняволенага з рускіх сялян, у 1960 — апавяданні «Не стаіць сяло без праведніка» і «Правая кісць», першыя «Драбняткі», п'есу «Святло, якое ў табе» («Свяча на ветры»)[13]. Перажыў пэўны крызіс, не маючы мажлівасці надрукаваць свае творы.

У 1961 пад уражаннем ад выступу Аляксандра Твардоўскага (рэдактара часопіса «Новый мир») на XXII з'ездзе КПСС, перадаў яму «Щ-854», папярэдне выключыўшы з расповеду найбольш палітычна вострыя, загадзя непраходныя цераз савецкую цэнзуру фрагменты. Твардоўскі ацаніў апавяданне надзвычайна высока, запрасіў аўтара ў Маскву і стаў дабівацца публікацыі твору. М. С. Хрушчоў пераадолеў супраціў членаў Палітбюро і дазволіў публікацыю апавядання. Аповед пад назвай «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» быў надрукаваны ў часопісе «Новый мир» № 11, 1962, адразу ж перавыдадзены і перакладзены на замежныя мовы.

30 снежня 1962 Салжаніцын быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Неўзабаве пасля гэтага ў часопісе «Новый мир», (№ 1, 1963) былі надрукаваныя «Не стаіць сяло без праведніка» (пад назвай «Матронаў двор») і «Выпадак на станцыі Кочатаўка» (пад назвай «Выпадак на станцыі Крэчатаўка»[14]).

Першыя публікацыі выклікалі аграмадную колькасць водгукаў пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, крытыкаў і чытачоў. Не толькі і не столькі праз іхнія ўражваючыя рэалістычнасць і шчырасць, колькі таму, што гэта быў першы выпадак выдання кніг па палітычна значнай тэме з 20-х гадоў, да таго ж напісаных не членам партыі. Пісьмы чытачоў — былых зняволеных (у адказ на «Івана Дзянісавіча») паклалі пачатак «Архіпялагу ГУЛАГ».

Аповеды Салжаніцына рэзка вылучаліся на фоне твораў таго часу сваімі мастацкімі вартасцямі і грамадзянскай смеласцю. Гэта падкрэслівалі на той час многія, у тым ліку пісьменнікі і паэты. Напрыклад, Ганна Андрэеўна Ахматава адзывалася пра «Матронаў двор» так:

- Але… Дзіўная рэч… Дзіўна, як маглі надрукаваць… Гэта страшней за «Івана Дзянісавіча»… Там можна ўсё на культ асобы сапхнуць, а тут… Бо гэта ў яго не Матрона, а ўся руская вёска пад паравоз трапіла і ўшчэнт… Дробязі таксама дзіўныя… Памятаеце — чорныя бровы старога, як два масты адзін адному насустрач?.. Вы заўважылі: у яго лавы і зэдлічкі бываюць то жывыя, то мёртвыя… А прусакі пад шпалерамі шастаюць? Запомнілі? Як далёкі шум акіяну! і шпалеры ходзяць хвалямі… А якая выключная старонка, калі ён раптам бачыць Матрону маладой… І ўсю вёску бачыць маладою, то бок такою, якая яна была да ўсеагульнага спусташэння…[15]

Летам 1963 Салжаніцын стварае чарговую, пятую па чарзе, усечаную «пад цэнзуру» рэдакцыю раману «У крузе першым», прызначаную для друку (з 87 раздзелаў). Чатыры раздзелы з раману выбраныя аўтарам і прапанаваныя «Новаму миру» «…для спробы, пад відам „Урывка“…».

Апавяданне «Для карысці справы» апублікаванае ў часопісе «Новый мир» № 7 за 1963.

28 снежня 1963 рэдакцыя часопісу «Новый мир» і Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва вылучаюць «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» на здабыццё Ленінскай прэміі за 1964 год (у выніку галасавання Камітэту па прэміях прапанова была адхінута[16]).

У 1964 Салжаніцын упершыню аддае свой твор у самвыдат — цыкл «вершаў у прозе» пад агульнай назвай «Драбняткі».

Улетку 1964 пятая рэдакцыя «У крузе першым» абмяркоўваецца і прынятая да надрукавання ў 1965 «Новым миром». Спроба публікацыі не атрымалася. Твардоўскі знаёміцца з рукапісам раману «Ракавы корпус» і нават прапануе яго для прачытання Хрушчову (зноў — праз яго памочніка Лебедзева).

Салжаніцын сустракаецца с Варламам Шаламавым, які раней добразычліва адгукнуўся пра «Івана Дзянісавіче», і прапануе яму сумесна працаваць над «Архіпелагам».

Увосень 1964 п'еса «Свяча на ветры» прынятая да пастаноўкі ў Тэатры імя Ленінскага камсамолу ў Маскве.

«Драбняткі» праз самвыдат пранікаюць за мяжу і пад назвай «Эцюды і дробныя апавяданні» надрукаваныя ў кастрычніку 1964 у Франкфурце ў часопісе «Грані» (№ 56) — гэта першая публікацыя ў замежнай рускай прэсе твору Салжаніцына, адрынутага ў СССР.

У 1965 Салжаніцын ездзіць у Тамбоўскую вобласць з Барысам Мажаевым для збору матэрыялаў пра сялянскае паўстанне (у паездцы вызначаецца назва раману-эпапеі пра рускую рэвалюцыю — «Чырвонае кола»), пачынае першую і пятую часткі «Архіпелагу» (у Салатчы Разанскай вобласці і на хутары Коплі-Мярдзі ля Тарту), завяршае працу над апавяданнямі «Як шкада» і «Захар-Каліта», публікуе ў «Літаратурнай газеце» (спрачаючыся з акадэмікам Вінаградавым) артыкул «Не обычай дёгтем щи белить, на то сметана»[17] у абарону рускай гаворкі:

Яшчэ не позна выгнаць тое, што ёсць публіцыстычны жаргон, а не руская гаворка. Яшчэ не позна выправіць склад нашай пісьмовай (аўтарскай) мовы, так, каб вярнуць ёй размоўную народную лёгкасць і свабоду.

11 верасня КДБ праводзіць вобыск на кватэры сябра Салжаніцына В. Л. Тэўша, у якога Салжаніцын захоўваў частку свайго архіву. Забраныя рукапісы вершаў, «У крузе першым», «Драбнятак», п'есаў «Рэспубліка працы» і «Пір пераможцаў».

Хмары над Салжаніцыным згушчаюцца. ЦК КПСС выдае закрытым накладам і распаўсюджвае сярод наменклатуры «дзеля абвінавачання аўтара» «Пір пераможцаў» і пятую рэдакцыю «У крузе першым». Салжаніцын піша скаргі на незаконную канфіскацыю рукапісаў міністру культуры СССР Дзёмічаву, сакратарам ЦК КПСС Брэжневу, Суславу і Андропаву, перадае рукапіс «Круга-87» на захаванне ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва.

Чатыры апавяданні прапанаваныя рэдакцыям «Огонька», «Октября», «Литературной России», «Москвы» — адрынутыя ўсюды. Газета «Известия» набрала аповед «Захар-Калита» — гатовы набор рассыпаны, «Захар-Калита» перададзены ў газету «Правда» — адмова Абалкіна.

У гэты самы час у ЗША выйшаў зборнік «А.Салжаніцын. Выбранае»[18]: «Адзін дзень…», «Качэтаўка» і «Матронаў двор»; у ФРГ у выдавецтве «Пасеў» — зборнік апавяданняў на нямецкай мове[19].

Дысідэнцтва

Ужо да сакавіка 1963 Салжаніцын страціў прыхільнасць Хрушчова (непрысуджэнне Ленінскай прэміі, адмова друкаваць раман «У крузе першым»). Пасля прыходу да ўлады Брэжнева Салжаніцын практычна страціў мажлівасць лягальна друкавацца і выступаць. У верасні 1965 КДБ сканфіскаваў архіў Салжаніцына з ягонымі найбольш антысавецкімі творамі, што пагоршыла становішча пісьменніка. Карыстаючыся пэўным бяздзеяннем улады, у 1966 г. ён пачаў актыўную грамадcкую дзейнасць (сустрэчы, выступы, інтэрвію замежным журналістам). Тады ж пачаў распаўсюджваць ў самвыдаце і свае раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус». У лютым 1967 г. Салжаніцын таемна скончыў мастацкае даследванне «Архіпелаг ГУЛАГ».

У маі 1967 г. Салжаніцын разаслаў «Ліст з'езду» да Саюзу пісьменнікаў СССР, у якім запатрабаваў зліквідаваць цэнзуру і рэабілітаваць многіх рэпрэсаваных пісьменнікаў (з беларускае дэлегацыі яго падтрымалі толькі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, з якімі ён сышоўся ў сярэдзіне 1960-х)[2]. Пасля «Лісту» ўлады сталі ўспрымаць Салжаніцына сур'ёзна. У 1968 г., калі ў ЗША і Заходняй Еўропе былі надрукаваныя раманы «У крузе першым» і «Ракавы корпус», што прынеслі пісьменніку агромністую папулярнасць, савецкая прэса пачала прапагандысцкую кампанію супраць аўтара. У 1969 г. Салжаніцын быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Прэмія была прысуджаная не яму, але неўзабаве пасля гэтага ён быў выключаны з Саюзу пісьменнікаў СССР. Пасля выключэння Салжаніцын стаў адкрыта абвяшчаць пра свае праваслаўна-патрыятычныя перакананні і рэзка крытыкаваць уладу. У 1970 Салжаніцын ізноў вылучаны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, і гэтым разам быў ёй уганараваны. Пісьменнік не мог атрымаць гэтую прэмію ў Стакгольме, баючыся, што не зможа вярнуцца ў СССР. Таму прэмія знайшла яго толькі ў 1974 годзе, ужо пасля дэпартацыі. У савецкіх СМІ была арганізавана магутная прапагандысцкая кампанія супраць Салжаніцына, улады прапанавалі яму з'ехаць з краіны, але ён адмовіўся.

Яшчэ ў жніўні 1968 Салжаніцын пазнаёміўся з Наталляй Святловай, у іх распачаўся раман. Салжаніцын стаў патрабаваць разводу з першай жонкай. З надзвычайнымі цяжкасцямі развод быў здзейснены 22 ліпеня 1972. Неўзабаве Салжаніцыну ўдалося зарэгістраваць шлюб са Святловай, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў (шлюб даваў яму мажлівасць прапісацца ў Маскве). У іх нарадзілася трое дзяцей: Ермалай (1970 г.нар.), Ігнат (1972) і Сцяпан (1973).[20]

11 чэрвеня 1971 у Парыжы выйшаў раман Салжаніцына «Жнівень Чатырнаццатага», які быў неадназначна ўспрыняты чытачамі праз яскрава выразныя праваслаўна-патрыятычныя погляды аўтара.

З яшчэ большым непаразуменнем быў сустрэты «Вялікапосны ліст» Патрыярху Пімену (1972)[21] пра праблемы Царквы, у падтрымку выступу архіепіскапа Калужскага Ермагена (Голубева).

У 19721973 Салжаніцын працаваў над эпапеяй «Чырвонае Кола», актыўнай дысідэнцкай дзейнасці не вёў.

У жніўні-верасні 1973 адносіны між уладай і дысідэнтамі абвастрыліся, што закранула і Салжаніцына.

23 жніўня 1973 Салжаніцын даў вялікае інтэрвію замежным карэспандэнтам. У гэты ж дзень КДБ затрымаў адну з памочніц пісьменніка Лізавету Варанянскую. У ходзе допыту яна выдала месцазнаходжанне аднаго асобніку рукапісу «Архіпелагу ГУЛАГ» і, вярнуўшыся дахаты, павесілася. 5 верасня Салжаніцын даведаўся пра здарэнне і распарадзіўся пачаць друкаванне «Архіпелагу» на Захадзе (у эмігранцкім выдавецтве YMCA-Press). Тады ж ён даслаў кіраўніцтвуу СССР «Ліст правадырам Савецкага Саюзу», у якім заклікаў адмовіцца ад камуністычнай ідэалогіі і зрабіць крокі па пераўтварэнні СССР у рускую нацыянальную дзяржаву. З канца жніўня ў заходняй прэсе друкавалася вялізная колькасць артыкулаў у абарону дысідэнтаў і, у прыватнасці, Салжаніцына.

У СССР была разгорнутая магутная прапагандысцкая кампанія супраць дысідэнтаў. 24 верасня КДБ цераз былую жонку Салжаніцына препанаваў пісьменніку афіцыйную публікацыю аповесці «Ракавы корпус» у СССР у абмен на адмову ад друку «Архіпелагу ГУЛАГ» за мяжой. (У пазнейшых успамінах Наталля Рашатоўская адмаўляе ролю КДБ і сцвярджае, што спрабавала дабіцца пагаднення між уладамі і Салжаніцыным са сваёй уласнай ініцыятывы.) Аднак Салжаніцын, сказаўшы, што не пярэчыць супраць надрукавання «Ракавага корпусу» ў СССР, не паказаў і жадання звязваць сябе сакрэтнай дамоўленасцю з уладамі. (Розныя апісанні звязаных з гэтым паведамленняў месцяцца ў кнізе Салжаніцына «Бадалася цялё з дубам» і ва ўспамінах Н.Рашатоўскай «АПН — я — Салжаніцын», надрукаваных пасля смерці Рашатоўскай.) У канцы снежня 1973 г. было абвешчана пра выхад у свет першага тому «Архіпелагу ГУЛАГ». У савецкіх сродках масавай інфармацыі пачалася чарговая масіраваная кампанія ачарнення Салжаніцына як здрадніка радзімы з кляймом «літаратурнага ўласаўца». Упор рабіўся не на рэальны змест «Архіпелагу ГУЛАГ» (мастацкае даследванне савецкай лагерна-турэмнай сістемы 1918—1956), якое ўвогуле не абмяркоўвалася, а на салідарызацыю Салжаніцына са «здраднікамі радзімы падчас вайны, паліцаямі і ўласаўцамі».

У СССР, у гады застою, «Жнівень Чатырнаццатага» і «Архіпелаг ГУЛАГ» (як і першыя раманы) распаўсюджваліся ў самвыдаце.

7 студзеня 1974 г. выхад «Архіпелагу ГУЛАГ» і меры «спынення антысавецкай дзейнасці» Салжаніцына былі абмеркаваныя на паседжанні Палітбюро. Пытанне было вынесенае на ЦК КПСС, за высылку выказаліся Ю. В. Андропаў і іншыя; за арышт і ссылку — Касыгін, Брэжнеў, Падгорны, Шалепін і іншыя; каб пакінуць і ставіцца са спагадай, каб Салжаніцын змяніў сваю пазіцыю з антысавецкай на супрацьлеглую — М. А. Шчолакаў і інш. Перамагла думка Андропава. 12 лютага Салжаніцын быў арыштаваны і абвінавачаны ў здрадзе Радзіме. 13 лютага ён быў пазбаўлены савецкага грамадзянства і высланы з СССР (дастаўлены ў ФРГ самалётам). 29 сакавіка з СССР з'ехала і сям'я Салжаніцына.

Выгнанне

Неўзабаве пасля высылкі Салжаніцын здзесніў кароткае падарожжа па Паўночнай Еўропе, у выніку прыняўшы рашэнне часова пасяліцца ў Цюрыху, Швейцарыя.

3 сакавіка 1974 г. у Парыжы быў надрукаваны «Ліст правадырам Савецкага Саюзу»; вядучыя заходнія выданні і шмат якія дэмакратычна настроеныя дысідэнты ў СССР, улучна з Сахаравым, ацанілі «Ліст» як антыдэмакратычны, нацыяналістычны, які змяшчае да таго ж «небяспечныя памылкі»; адносіны Салжаніцына з заходняй прэсай працягвалі пагаршацца.

Улетку 1974 г. на ганарары ад «Архіпелагу ГУЛАГ» пісьменнік стварыў «Рускі грамадcкі Фонд дапамогі пераследваным і іхнім сем'ям» для дапамогі палітычным вязням у СССР (пасылкі і грашовыя пераводы ў месцы пазбаўлення волі, лягальная і нелягальная матэрыяльная дапамога сем'ям зняволеных).

У 1974—1975 гг. у Цюрыху Салжаніцын збіраў матэрыялы пра жыццё Леніна ў эміграцыі (для эпапеі «Чырвонае Кола»), скончыў і выдаў мемуары «Бадалася цялё з дубам».

У красавіку 1975 г. пісьменнік здзейсніў разам з сям'ёй падарожжа па Заходняй Еўропе, пасля накіраваўся ў Канаду і ЗША. У чэрвені-ліпені 1975 г. Салжаніцын наведаў Вашынгтон і Ню-Ёрк, выступіў з прамовамі на з'ездзе прафсаюзаў і ў Кангрэсе ЗША. У сваіх выступах Салжаніцын рэзка крытыкаваў камуністычны рэжым і ідэалогію, заклікаў ЗША адмовіцца ад супрацоўніцтва з СССР і палітыкі «разрадки»; у той жа час пісьменнік яшчэ працягваў успрымаць Захад як саюзніка ў вызваленні Расіі ад «камуністычнага таталітарызму».

У жніўні 1975 г. пісьменнік вярнуўся ў Цюрых і працягнуў працу над эпапеяй «Чырвонае кола».

У лютым 1976 г. Салжаніцын здзейсніў паездку па Вялікабрытаніі і Францыі, да гэтага часу ў яго выступах сталі заўважныя антызаходнія матывы. У сакавіку 1976 г. пісьменнік наведаў Іспанію. У нашумелым выступе па іспанскім тэлебачанні ён ухвальна выказаўся пра нядаўні рэжым Франка і перасцярог Іспанію ад «вельмі хуткага прасоўвання да дэмакратыі». У заходняй прэсе ўзмацнілася крытыка Салжаніцына, вядучыя еўрапейскія і амерыканскія палітыкі абвяшчалі пра нязгоду з яго поглядамі.

Ідэйныя рознагалоссі Салжаніцына з эміграцыяй «трэцяй хвалі» і заходнімі актывістамі Халоднай вайны асветленыя ў яго мемуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

У красавіку 1976 г. Салжаніцын з сям'ёй пераехаў у ЗША і пасяліўся ў гарадку Кавендыш (штат Вермонт). Пасля прыезду пісьменнік вярнуўся да працы над «Чырвоным Колам», дзеля чаго правёў два месяцы ў расійскім эмігранцкім архіве ў Інстытуце Гувера.

Ізноў у Расіі

З пачаткам перабудовы стаўленне ў СССР да творчасці і дзейнасці Аляксандра Салжаніцына змянілася, былі надрукаваныя шматлікія яго творы. У пачатку 1990-х гг. загадам прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова было адноўленае яго савецкае грамадзянства.

За кнігу «Архіпелаг ГУЛАГ» у 1990 Салжаніцыну была прысуджаная Дзяржаўная прэмія.

Салжаніцын разам з сям'ёй вярнуўся на радзіму 27 мая 1994 года, прыляцеўшы з ЗША ва Уладзівасток і праехаўшы цягніком праз усю краіну да сталіцы.

У сярэдзіне 1990-х[22] асабістым распараджэннем расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына яму была падораная дзяржаўная дача[23] «Сасноўка-2» ў Троіца-Лыкаве. Салжаніцыны спраэктавалі і збудавалі там двухпавярховую цагляную хату з вялікай заляй, зашклёнай галярэяй, гасцінай з камінам, канцэртным раялем і бібліятэкай, дзе вісяць партрэты Сталыпіна і Калчака.

Амаль не пакідаў сваю хату і таму атрымаў сярод мясцовых жыхароў, што бачылі яго хіба зрэдчас, празванне «наш затворнік».[24] «Ды мы гэтага Салжаніцына і не бачылі ніводнага разу» — гавораць абарыгены.[25] Праблемы суседняе вёскі пісьменніка не клапацілі.[26]

У 1997 быў абраны дзейсным членам Расійскай Акадэміі навук.

У 1998 быў узнагароджаны ордэнам Святога Андрэя Першазванага, аднак ад узнагароды адмовіўся:[27]

" Ад вярхоўнай улады, што давяла Расію да цяперашняга пагібельнага стану, я прыняць узнагароду не магу. "

Узнагароджаны Вялікім залатым медалём імя М. В. Ламаносава (1998).

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Расійскай Федэрацыі за выбітныя дасягненні ў галіне гуманітарнае дзейнасці (2006).

Сам пісьменнік неўзабаве пасля вяртання ў краіну заснаваў літаратурную прэмію свайго імя для ўзнагароджання пісьменнікаў, «чыя творчасць валодае высокімі мастацкімі годнасцямі, спрыяе самапазнанню Расіі, дадае значны ўнёсак у захаванне і асцярожнае развіццё традыцыяй айчыннай літаратуры».

Апошнія гады жыцця правёў у Маскве і на падмаскоўнай дачы.

Да апошняга часу Аляксандр Ісаевіч працягваў займацца творчай дзейнасцю. Разам з жонкай Наталляй Дзмітрыеўнай — прэзідэнткай Фонду Аляксандра Салжаніцына — працаваў над падрыхтоўкай і выданнем свайго самага поўнага, 30-томнага збору сачыненняў. Пасля перанесенай цяжкай аперацыі ў Салжаніцына дзейнічала толькі правая рука.

Смерць і пахаванне

Салжаніцын сканаў 3 жніўня 2008 на 90-м годзе жыцця, на сваёй дачы ў падмаскоўным пасёлку Троіца-Лыкава ад вострай сардэчнай недастатковасці. Смерць надышла а 23:45 па маскоўскім часе[28][29] (20:45 UTC).

5 жніўня ў будынку Расійскай акадэміі навук, дзейсным сябрам якой быў А. І. Салжаніцын, адбыліся грамадзянская паніхіда і развітанне з нябожчыкам. На гэтай цырымоніі прысутнічалі экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, экс-прэзідэнт Расіі, кіраўнік ураду РФ Уладзімір Пуцін, прэзідэнт РАН Юрый Восіпаў, экс-старшыня ўраду РФ, акадэмік Яўген Прымакоў, дзеячы расійскай культуры і некалькі тысячаў грамадзян Расіі, што прыйшлі аддаць Аляксандру Ісаевічу апошнюю даніну павагі.[30]

Заўпакойную літургію і адпяванне 6 жніўня 2008 ў Вялікім саборы маскоўскага Данскога манастыру здзейсніў архіепіскап Арэхава-Зуеўскі Алексі (Фралоў), вікарый Маскоўскай епархіі. У гэты ж дзень прах Салжаніцына быў пахаваны ў някропалі Данскога манастыру за алтаром храму Яна Лесвічніка, побач з магілай гісторыка В. О. Ключэўскага.

Крытыка

Чэшскі журналіст Т.Ржэзач, а таксама Л.Самуцін, былы ўласавец, адзін з «суаўтараў» Салжаніцына, а пасля ў 1998 г. расійскі журналіст А.Давыдаў вылучылі версію пра «самаданос», у якім Салжаніцын, апрача сябе, звінаваціў чатырох чалавек, адзін з якіх, М.Віткевіч, быў асуджаны на дзесяць год.[31][32] Салжаніцын абвяргае ўсе падобныя абвінавачанні.[33] На думку Т.Ржэзача, ён [А.Салжаніцын] агітаваў супраць улады падчас ваенных дзеянняў, пісаў правакацыйныя лісты, вёў паражэнчую прапаганду — усё гэта рабілася з мэтай адсядзецца ў тылу; менавіта за гэта і быў Салжаніцын пакараны. На старонках кнігі «ЦРУ супраць СССР» (1983) М. М. Якаўлева сцвярджалася, што «Архіпелаг Гулаг» з'яўляецца прадуктам работы супрацоўнікаў амерыканскіх спецслужбаў[34].

Звярталася ўвага на рэзкія супярэчнасці між колькасцю рэпрэсаваных па дадзеных, што прыведзеныя Салжаніцыным, і архіўнымі дадзенымі, якія сталі даступныя ў перыяд перабудовы.[35] Аспрэчвалася дакладнасць «турэмных» твораў Салжаніцына ў той іхняй частцы, дзе вядзецца пра побыт лагераў, смяротнасці зняволеных, іх колькасці.[36][37]. Крытыка з камуністычнага флангу падмацоўвалася спасылкай на даследаванні вучоных, што працавалі ў расійскіх архівах[38]

Салжаніцына таксама неаднаразова крытыкавалі за апраўданне калабаранцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны і звязаныя з гэтым фальсіфікацыі адносна савецкіх ваеннапалонных[39][40]. Сцвярджалася, што матэрыял для сваіх выкрыццяў Салжаніцын пазычаў з гэбельсаўскае прапаганды. Падобны водгук зыходзіць ад Л. А. Самуціна, па сцвярджэнні, дысідэнта, былога ўласаўца, што асабіста працаваў у ідэялагічным апараце гэбельсаўскага міністэрства прапаганды і прыхільніка Салжаніцына і захоўваў у сябе рукапіс «Архіпелагу» ад КГБ[41].

Салжаніцына актыўна крытыкавалі і «справа» — найперш іншыя дысідэнты і эмігранты, якія адмаўлялі яго хрысціянскія і антыліберальныя погляды (дысідэнты-нацыяналісты, наадварот, углядалі залішні лібералізм). «Ліст правадырам Савецкага Саюзу» падвергся крытыцы А. Д. Сахарава.

Канфлікт Салжаніцына з антысавецкай эміграцыяй і заходнімі актывістамі Халоднай вайны асветлены ў яго мемуарах «Патрапіла зярнятка паміж двух жорнаў».

Ягонае даследванне гісторыі ўзаадносінаў яўрэйскага і рускага народаў у кнізе «Дзвесце год разам» выклікала актыўную крытыку як з боку многіх яўрэйскіх публіцыстаў, так нацыяналістычнай прэсы. Так, напрыклад, прыхільнік ліберальных поглядаў Уладзімір Вайновіч сказаў: «Кніга Салжаніцына „Дзвесце год разам“ — доўгая, сумная і хлуслівая».[42]

Аблічча Салжаніцына падвергнутае і сатырычнаму выяўленню ў мастацкіх творах, напрыклад, у рамане Уладзіміра Вайновіча «Масква 2042» [43] і ў паэме Юрыя Кузняцова «Путь Христа».

Пры ўсёй павазе да Салжаніцына, трэба адзначыць яго шавіністычныя погляды адносна Беларусі і Украіны. У працы пад назвай «Як нам уладкаваць Расію» ён прапаноўваў стварэнне адзінай расійскай дзяржавы, куды неабходна было б уключыць і гэтыя дзве краіны, такім чынам адмаўляючы іхнюю незалежнасць[44].

Узнагароды

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1970 года «за маральную моц, з якой ён кіраваўся няўхільным традыцыям рускай літаратуры»[45] (прапанавана Франсуа Марыякам).

Лаўрэат Вялікага залатога медалю імя М. В. Ламаносава Расійскай Акадэміі навук — за выбітны ўнёсак у развіццё рускай літаратуры, рускай мовы і рускай гісторыі (1998).

Лаўрэат Вялікай прэміі Французскай Акадэміі маральна-палітычных навук (2000)[46].

Ордэн Святога Саввы 1-й ступені (найвышэйшая ўзнагарода Сербскай праваслаўнай царквы; нададзеная 16 лістапада 2004).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі 2006 года за выбітныя дасягненні ў галіне гуманітарнай дзейнасці[47].

Лаўрэат прэміі Фонду «Жыўка і Міліца Тапалавіч» (Сербія) 2007 года (нададзеная 7 сакавіка 2008 г.): «выбітнаму пісьменніку і гуманісту, чыя хрысціянская праўдзівасць дорыць нам адвагу і суцяшэнне».

Творы

Фільмы

Літаратура

Крыніцы

  1. У некаторых дакумантах 1930-х гадоў яго імя па бацьку пазначанае як «Ісаакавіч», напрыклад, у выпускным атэстаце, у іншых, як у пашпарце, выдадзеным у 1934 годзе з памылкай пашпартысткі, і ў заяве ва ўніверсітэт, напісанай на падставе пашпартных дадзеных, — як «Ісаевіч» (абодва гэтыя дакументы надрукаваныя ў часопісе «Студенческий меридиан», 1990, № 7, цыт. паводле: Ю. Р. Федоровский. Ода диссиденству, или стукач у дураков. (руск.)
  2. а б Валянціна Аксак. Аляксандар Салжаніцын і Беларусь// Радыё Свабода. 4 жніўня 2008
  3. Эвакуіраваная туды 3-я Ленінградcкая артылерыйскае вучылішча.
  4. А. Салжаніцын. Желябугские Выселки. Двучастный рассказ. // Новый мир, 1993, № 3.
  5. Акружэнне батарэі ва Усходняй Прусіі (між Адліг Швенкітэн і Дытрыхсдорф) і выхад з яго 26 студзеня 1945 года, за які Салжаніцын быў прадстаўлены да Ордэну Чырвонай Зоркі, апісаныя ў: А. Солженицын. Адлиг Швенкітэн. Односуточная повесть. // Новый мир, 1993, № 3.
  6. ЭКСПЭРТНАЯ ВЫСНОВА ДА ПАСЕДЖАННЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДУ РФ 26 мая 1992 г. http://www.memo.ru/history/exp-kpss/Chapter5.htm
  7. Салжаніцын абвяргае ўсе такія абвінавачанні: «Поцемнікі святла не шукаюць». http://www.rusk.ru/st.php?idar=310414 (руск.)
  8. Выява: Донос Ветрова
  9. Ф. Арнау. «Ветров, он же — Солженицын», Военно-исторический журнал, № 12, 1990 (руск.)
  10. Салжаніцын А. Архипелаг ГУЛАГ, т. 2 — М.: Центр «Новый мир» — 1990, с. 243. (руск.)
  11. Па нараду 9-е ўправы МДБ ад 27 снежня 1952 № 9/2-41731.
  12. Пасведчанне пра рэабілітацыю № 4н-083/57.
  13. «Гэтая п'еса — самае няўдалае з усяго, што я напісаў» («Бадалася цялё з дубам. Нарысы літаратурнага жыцця». YMCA-PRESS, Paris, 1975, с. 18)
  14. Назва станцыі выпадкова супала з прозвішчам тагачаснага галоўнага рэдактара часопісу «Октябрь» Кочатава, з якім «Новый мир» вёў прынцыповыя літаратурныя і светапоглядныя спрэчкі. Каб не пагаршаць раздражненне Кочатава, назву станцыі вырашана было змяніць на нейтральнае.
  15. Цыт. паводле: Лідзія Чукоўская. Записки об Анне Ахматовой.
  16. Прэмія па літаратуры за 1964 была прысуджаная Алесю Ганчару за раман «Тронка» і Васілю Міхайлавічу Пяскову за кнігу «Крокі па расе».
  17. «Литературная газета», 4 ноября 1965 — адзіная газетная публікацыя Салжаніцына ў СССР.
  18. Чыкага, Russian Language Specialties (Russian Study Series, # 54)
  19. «Solshenizyn Alexander. …Den Oka-Fluss entiang. Funfzehn Kurzgeschijhten und eine Erzahlung», у перакладзе Мары Хольбэк
  20. Aikman, David. Great Souls: Six Who Changed a Century, p.172-3. Lexington Books, 2003, ISBN 0739104381.
  21. Аляксандар Салжаніцын. «Великопостное письмо» Патриарху Пимену. Крестопоклонная неделя 1972 г. (руск.)
  22. http://www.1tv.ru/owa/win/ort6_main.print_version?p_news_title_id=79048
  23. http://wikimapia.org/#lat=55.7835599&lon=37.4002719&z=17&l=1&m=a&v=2
  24. http://www.ng.ru/events/2006-02-06/7_moscow.html (руск.)
  25. http://www.vmdaily.ru/article.php?aid=34437 (руск.)
  26. http://www.kommersant.ru/doc.aspx?DocsID=667392 (руск.)
  27. Кацярына Дзёгаць. Солженицын не принял награды. — Коммерсант-daily, 15.12.1998. — № 233 (руск.)
  28. NewsRu.com: Скончался Александр Солженицын (руск.)
  29. Інтэрфакс: У Маскве сканаў Аляксандар Салжаніцын (руск.)
  30. За Аляксандрам Салжаніцыным перегарнулі бачыну — «Коммерсантъ» № 137(3954) ад 06 жніўня 2008 (руск.)
  31. http://www.libelli.ru/works/solzh.htm ОДА ДИССИДЕНТСТВУ, ИЛИ СТУКАЧ У ДУРАКОВ
  32. http://cn.com.ua/N257/archive/archive.html
  33. «Потёмщики света не ищут» (руск.)
  34. http://www.lib.ru/POLITOLOG/yakowlewnn.txt (руск.)
  35. Гулаг: архівы супраць хлусні Якія маштабы сталінскіх рэпрэсыяў
  36. Ігар Пыхалаў_ Якія маштабы сталінскіх рэпрэсій)
  37. В. Н. Земсков. ГУЛАГ (историко-социологический аспект) (руск.)
  38. ГУЛАГ: АРХИВЫ ПРОТИВ ЛЖИ (руск.)
  39. Дзюкаў А. Р. Госпремия для ревизиониста (руск.)
  40. Дзюкаў А. Р. Літасць да загінулых: савецкія рэпрэсыі супраць нацысцкіх памагатых // Великая оболганная война-2. Нам не за что каяться! — М.: Яуза, Эксмо, 2008. — 432 с: ил. — (Война и мы). ISBN 978-5-699-25622-8, с. 98-141 (руск.)
  41. http://beserikov.chat.ru/Samutin.htm (руск.)
  42. Уладзімір Вайновіч: «Солженицын недостаточно ўмный человек» — з інтэрв'ю Ўладзіміра Нузава ў «Русский базар» 02-03-2004. (руск.)
  43. Майкл Нікалсан. Солженицын на мифотворческом фоне (руск.)
  44. Памёр Аляксандр Салжаніцын. Беларусы ўзгадваюць расійскага пісьменніка// Хартыя'97. 4 жніўня 2008
  45. …for the ethical force with which he has pursued the indispensable traditions of Russian literature (англ.)
  46. Прамова Алена Безансона падчас ўганаравання прэміяй гл.: Русская мысль, № 4346, 21 снежня 2000.
  47. Загад Прэзідэнта РФ ад 05.06.2007 № 699 «О присуждении Государственной премии Российской Федерации в области гуманитарной деятельности 2006 года» (руск.)

Спасылкі

Старонкі

Кнігі і артыкулы

Інтэрв'ю

Біяграфіі, артыкулы пра Салжаніцына

Шаблон:Link FA