Дзяржава Само: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
др Праўкі аўтарства Frantishak (размова) адкочаныя; вернута апошняя версія аўтарства MerlIwBot
др Maksim L. перанёс старонку Дзяржава Сама у Дзяржава Само: правільны перанос
(Няма розніцы)

Версія ад 01:43, 14 лістапада 2012

Прыкладная карта дзяржавы Сама

Дзяржава Сама (славенск.: Samova ríša, славацк.: Samova država, Samova plemenska zveza, польск.: Państwo Samona, чэшск.: Sámova říše; 623658) — першае вядомае палітычнае ўтварэнне славян, звесткі пра яго стварэнне і гісторыю бедныя і носяць паўлегендарны характар. Назву атрымала ад імя заснавальніка — франкскага купца Сама. У склад дзяржавы ўваходзілі тэрыторыі сучасных Чэхіі, Славакіі, часткова Германіі (землі лужыцкіх сербаў), Польшчы, Славеніі і Харватыі. Неўзабаве пасля смерці Сама яго дзяржава распалася.

Крыніцы

Адзінымі крыніцамі пра Сама і яго дзяржаву з'яўляюцца Хроніка Фрэдэгара (Gesta Dagoberti I regnis Francorum) і пазнейшая Зальцбургская хроніка (Conversio Bagoariorum et Carantanorum). Хроніка Фрэдэгара лічыцца больш надзейнай, Зальцбургская хроніка змяшчае значную колькасць паўлегендарных звестак, але, бо звесткі вельмі раннія, таксама лічыцца неабходнай крыніцай пра Самаву дзяржаву.

Асоба Сама

Сама — кароль славян, выява ў Зноемскай ратодзе (10191034)
Здымак ва ўльтрафіялетавым святле. © F. Sysel a K. Dvořáková, 1999.

Са́ма (славацк. і славенск.: Samo, польск.: Samon, чэшск.: Sámo; кан. 6 ст. — 658) — гандляр з Франкскай імперыі, першы пэўна вядомы славянскі ўладар. У 623 г. заснаваў у Цэнтральнай Еўропе першае вядомае палітычнае ўтварэнне славян.

У Хроніцы Фрэдэгара ён завецца «homo nomen Samo, natione Francos, de pago Senonago» («чалавек на імя Сама, франк з мясцовасці Сенанага»). Senonago верагодней за ўсё атаясамліваецца з сёнешняй тэрыторыяй Сэнс дэпартамента Ён на паўднёвы ўсход ад Парыжа, але natione Francos магчыма разумець па рознаму — «франк па нацыянальнасці», «народжаны ў Франкскай імперыі» або «падданы/жыхар Франкскай імперыі».

Зараз існуе дзве гіпотэзы аб этнічнай прыналежнасці Сама. Першая зыходзіць з таго, што ён галараманец, раманізаваны жыхар Галіі — былой правінцыі Рымскай имперыі, а імя Сама кельцкага паходжання. Другая, заснаваная на Зальцбургскай хроніцы «Conversio Bagoariorum et Carantanorum», зыходзіць з таго, што слова сама трэба разглядаць у якасці старажытнаславянскага тытулу. У такім разе Сама значыць самаўладзец. Таксама, у славянскіх мовах слова сама мае самастойны сэнс і некаторыя даследчыкі лічаць Сама скарачэннем ад Самаслаў. Аднак большасць даследчыкаў аддае перавагу першай гіпотэзе.

Славяне ў гэты час

Славянскія землі на якіх утварылася дзяржава Сама ў кан. 6 ст. нахадзіліся пад уладаю Аварскага каганата. Вядомыя паўстанні славянаў супраць авараў. У 603 г. пасля смерці аварскага кагана Баяна ў каганаце пачалася міжусобная барацьба. Славянскія землі пачалі паўстанне за вызваленне ад больш як 50-гадовай залежнасці.

Дзейнасць Сама

Каля 620 г. Сама з гандлёвым караванам адправіўся на ўсход. Дасягнуўшы месца дзе Усходні гандлёвы шлях перасякаўся з Бурштынавым шляхам — Мараўскага поля, сутокі Маравы і Дунаю, Сама спыніўся лагерам. Планы Сама змяніліся, ён вырашыў накіравацца ў Італію і, каб падарожжа стала выгоднейшым, пачаў купляць у славянаў аварскіх рабоў, якія карысталіся вялікім попытам у Ламбардыі. Сама ўмацаваў лагер, побач з ім сталі спыняцца драбнейшыя групы купцоў. Сама не валодаў славянскай мовай, бо ў гэтым пакуль не было патрэбы, карыстаўся паслугамі тлумачоў.

Праз нейкі час да лагера, але на супрацлеглым беразе, наблізіўся загон аварскай кавалерыі пра які стала вядома загадзя з-за характэрнага шуму. Каб напасці на купецкі лагер, аварам трэба было пераправіцца праз раку, а брод быў даволі далёка і часу на пераправу авары страцілі шмат, таму Сама паспеў дамовіцца з славянамі пра супольную абарону і наступны падзел здабычы. Славянскі атрад быў пастаўлены ў засаду, у лясным гушчары на шляху руху авараў Сама паставіў атрады лучнікаў, таму калі авары вырваліся з лесу і распачалі бой з атрадам Сама, яны ўжо былі моцна пабітыя стрэламі. Калі на іх з тылу рушылі славяне, то ўсё было хутка скончана. Сама падзяліў багатую здабычу, а пагалоска пра яго поспех разнеслася па навакольных землях, да Сама пацягнуліся людзі і яго войска пачала расці.

Сама перастаў спяшацца ў Італію, стаў ахоўваць пераправы праз рэкі і гандлёвыя шляхі, а купцы за гэта плацілі. Месца і справа Сама спадабаліся. Умацоўваўся яго фінансавы і ваенны патэнцыял, калі праз год ён яшчэ раз перамог аварскае войска ў баі, слава пра Сама разнеслася па ўсёй Еўропе. Сама стаў князем у славянскіх землях, кантралюемая ім тэрыторыя пашыралася, а ваенны поспех не пакідаў. Ад абарончай тактыкі ў барацьбе з аварамі ён перайшоў да наступальнай, пачаў нападаць на аварскія атрады і паселішчы. Адно яго імя наводзіла на авараў жах. Пасля паражэнняў авараў ад Сама з-пад іх улады вызваліліся харваты, прыальпійскія славяне.

Кароль Аўстразіі Дагаберт I сачыў за развіццём падзей на ўсходзе. Ён вырашыў, што землі, спустошаныя жорсткімі войнамі, не акажуць моцнага супраціву яго войску. Агульнай мяжы ў Аўстразіі са славянскімі землямі не было, паміж імі ляжалі шырокія нічыйныя землі. Славяне не нападалі на заходнія каралеўствы, але Дагаберт асцерагаўся іх і хацеў нанесці папераджальны ўдар. Пагатоў знайшлася ўдалая падстава. На Мараўскім полі быў разрабаваны нейкі франкскі караван. Купцу пашчасціла выратавацца і ён адправіўся са скаргай да Дагаберта. Кароль абяцаў яму сваю дапамогу і адправіў да Сама пасла Сіхарыя, які валодаў славянскай мовай.

Сіхарый прыбыў да Сама і запатрабаваў сустрэчы з князем, але ведаючы хто такі Сама, ён размаўляў і быў апрануты па-франкску. Сама, які ўжо вывучыў славянскую мову і трымаўся славянскіх звычаяў, не прыняў пасла. Тады Сіхарый апрануўся па-славянску і прыйшоў да князя. Сама прыняў Сыхарыя, але той паставіўся гаспадара без павагі і стаў патрабаваць кампенсацыі страт за разрабаваны караван. Сама пагадзіўся са справядлівасцю патрабаванняў і пагадзіўся кампенсаваць прычыненую шкоду, калі Дагаберт кампенсуе ўсе страты славянскіх купцоў на тэрыторыі Аўстразіі. Сіхарый не меў такіх паўнамоцтваў і стаў адказваць унікліва, Сама з'едліва высмейваў яго адказы, і справа дайшла да сваркі паміж імі, падчас якой Сіхарый дазволіў сабе абразы ў адрас Сама. Гаспадар паклікаў сваіх слуг і загадаў выкінуць пасла за валы лагера, што тыя і зрабілі.

Дазнаўшыся пра няўдачу пасольства, Дагаберт каля 630 г. сабраў войска і вясною трыма калонамі рушыў на дзяржаву Сама. У некалькіх дробных сутычках у памежных землях алеманы і лангабарды ўзялі перамогу над славянамі. Але на шляху калоны на чале з Дагабертам была памежная крэпасць Вагасцісбург, дзе засеў Сама са сваёй дружынай. Дагаберт аблажыў крэпасць, але Сама са сваімі людзьмі выйшаў за валы і навязаў франкам бой. Паводле падання бой доўжыўся трое сутак, пасля чаго франкі збеглі, кінуўшы свой лагер, харч і здабычу. Сама не абмежаваўся гэтай перамогай і стаў здзяйсняць набегі на заходнія землі, даходзячы да Цюрынгіі. Слава і магутнасць Сама настолькі ўзраслі, што сербскі князь Дрэван выйшаў з васальнага падначалення Дагаберту і прызнаў уладу Сама.

Славяне пачалі напады на землі франкаў і часцяком атрымлівалі перамогі, праўда, усе гэтыя бітвы былі дробнымі. У гэтых абставінах, саксы, якія жылі недалёка ад дзяржавы Сама і праз землі якіх славяне праходзілі на захад, прапанавалі свае паслугі Дагаберту. За паніжэнне даніны яны абавязаліся ахоўваць межы Аўстразіі ад набегаў славян і інш. ворагаў. Дагаберт прыняў іх прапанову, але не шмат выйграў, славяне па-ранейшаму праходзілі ў яго зямлі і рабавалі іх.

Дагаберт не мог зладзіць са славянскім нашэсцем. Тады ў справу ўступіў герцаг Цюрынгіі Радульф, якога таксама непакоілі набегі ваяроў Сама. Радульф здолеў разбіць славян і выгнаў іх атрады са ўсіх франкскіх земляў. Але хутка Радульф пасварыўся з дараднікамі Зігіберта, пасля чаго ён абвясціў сябе суверэнным уладаром свайго герцагства і яму сталі патрэбныя саюзнікі, славяне ж былі ці не лепшым саюзнікам супраць Зігіберта і Дагаберта. Так славянская дзяржава стала саюзнікам і апорай герцагства Цюрынгія.

Спадчына

У апошнія гады жыцця Сама не вёў буйных войнаў, ворагі баяліся яго войска і вайсковага шчасця. Памёр Сама ў 658 г., вартага пераемніка ў яго не было і дзяржава распалася. У Сама было 12 жонак-славянак і ад іх 22 сыны і 15 дачок. Паводле паданняў, нашчадкамі Сама з'яўляюцца Майміравічы — гаспадары Вялікамараўскай дзяржавы і Пржэмыславічы — гаспадары Чэшскай дзяржавы. Пацверджанняў гэтаму няма, але гледзячы на шматлікасць сыноў і дачок падобнае можна дапусціць. Магчыма, яго нашчадкі ўладарылі і ў іншых славянскіх дзяржавах, якія ўтварыліся пасля распаду Дзяржавы Сама.

Літаратура

  • Грацианский Н. П. Славянское царство Само (К критике известий «Хроники Фредегара») // ИЖ. 1943. № 5-6.
  • Пичета В. Н. П. Грацианский и его труды по истории славянских народов // Вопросы истории. 1946. № 7. С. 96—99;
  • Mikkola J.J. Samo und sein Reich // ASPh. 1928, Bd. 42.
  • Labuda Gerard. Pierwsze państwo słowiańskie Państwo Samona. Poznań, 1949.
  • The fourth book of the Chronicle of Fredegar. Greenwood Press, 1981. Глядзіце: аматарскі рускі пераклад — Эл.рэсурс vostlit.info; урывак з хронікі на арыгінальнай лаціне пра стасункі франкаў з вендамі.