Раскіданае гняздо (п’еса): Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
ілюстрацыя
untagged isolated.
Радок 164: Радок 164:


{{Янка Купала}}
{{Янка Купала}}

{{Ізаляваны артыкул}}


[[Катэгорыя:П'есы Янкі Купалы]]
[[Катэгорыя:П'есы Янкі Купалы]]

Версія ад 09:57, 30 снежня 2012

«Раскіданае гняздо»
Выданне
Тытульны ліст першага выдання
драмы «Раскіданае гняздо»
Жанр п'еса
драма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 4 верасня 1913
Дата першай публікацыі 1919
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Раскіданае гняздо» — п'еса Янкі Купалы (драма ў 5 актах), завершаная 4 верасня 1913 года ў Акопах. Адна з вяршыняў беларускае нацыянальнае драматургіі і адно з найвышэйшых дасягненняў паэтычнага генію Купалы. Упершыню выдадзена асобным выданнем у Вільні ў 1919 годзе (выдавецтва Мінскага камісарыята асветы, друкарня «Прамень»). Аўтограф п'есы захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1]

Вытокі

Па сведчанні Я. Купалы, драма напісаная на аснове жыццёвых фактаў.[2] Князі Вітгенштэйны выгналі з зямлі продкаў паэта. Дзед Я. Купалы доўга судзіўся і, не здолеўшы даказаць сваё права на валоданне зямлёй, быў вымушаны з сям'ёй пакінуць сядзібу і выправіцца ў свет у пошуках заробку. Дарэчы і сам Купала добра зазнаў, як цяжка зарабляць кавалак хлеба на чужым загоне. Падзеі ў драме, аднак, адбываюцца не ў 19 ст., а напярэдадні першай расійскай рэвалюцыі 1905 года. Праз тое аўтар надае твору вострае сацыяльнае гучанне і выразную палітычную афарбоўку.[1]

" Я памру, але «Раскіданае гняздо» займе яшчэ на сцэне сваё пачэснае месца і загаворыць на поўны голас.
Я ўклаў у гэтую п'есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і прозе
Я. Купала
"

Сюжэт і мастацкія асаблівасці

Падзеі драмы пачынаюцца ўлетку, перад касьбою, у хаце Лявона Зябліка, пасля працягваюцца на яе руінах, на «раскіданым гняздзе» і завяршаюцца позняй восенню. У цэнтры твору — сям'я Зяблікаў. Гаспадар сям'і Лявон — самы трагічны персанаж у п'есе. Ён нібы ўвабраў у сябе ўвесь горкі лёс беззямельнага селяніна. Не здолеўшы даказаць свайго права на ўладанне зямлёй, знясілены царскім судом, Лявон тыражвае на сябе рукі.[1]

Цэнтральным у творы з'яўляецца вобраз сына Лявона — Сымона. Дух бунтарства, непакоры ўласцівы Сымону ад нараджэння. Але спачатку яго бунтарства мае стыхійны характар. Чалавек горды, нескароны духам, Сымон, як і бацька, спачатку трымаецца ўласнага, хоць і ўжо разбуранага гнязда, імкнецца давесці судовую справу да канца, даказаць праўду. Нічога не дамогшыся, Сымон пакідае руіны і йдзе ў шырокі свет, на вялікі сход, па Бацькаўшчыну.[1]

Вельмі драматычны лёс сястры Сымона Зоські, вобраз якой таксама пададзены ў псіхалагічна складаным і дыялектычным развіцці. Натура надзвычай уражлівая, у нечым нават экзальтаваная, Зоська як бы ў палоне сваіх чароўных, дзівосных мрояў і мараў. Але светлыя, чыстыя памкненні дзяўчыны ўступаюць у вялікі разлад з суровай, жорсткай рэчаіснасцю, сутыкнуўшыся з якой, Зоська губляе розум. Аднак у фінале твору, калі надышоў час узнімацца на помсту, на Зоську находзіць як бы прасвятленне, і яна йдзе адзінай дарогай з Сымонам.[1]

Непаўторны характар 14-гадовага Данілкі — хлапчука не па гадах разумнага і разважлівага. Яго, як і Зоську, вабіць чароўны свет прыгожага і яго любімы занятак — змайстраваць скрыпку і сваёю музыкай суцешыць і развесяліць людзей, несці светлы прамень у іх змрочнае, бязрадаснае жыццё. Калі Данілка выправіцца ў свет разам з маці, ён будзе ёй добрым памочнікам, будзе аберагаць сваіх малодшых — сястру Аленку і брата Юрку.[1]

Своеасаблівы шлях развіцця праходзіць у п'есе жонка Лявона Марыля. Яна цяжка хворая, прыкаваная да ложку. Але калі памірае Лявон, Марыля ўстае з пасцелі. Гэта сімвалічна: калі гінуць у змаганні бацькі, на іх месца становяцца маці. Калі ў фінале п'есы Марыля разам з малодшымі дзецьмі пакідае родную хату, яе ўчынак не ўспрымаецца як капітуляцыя перад жыццёвымі нягодамі. Ходзячы ад хаты да хаты, Марыля будзе расказваць людзям пра самавольства паноў, пра несправядлівасць на зямлі.[1]

Паказальна, што Марыля выпраўляецца ў вандроўку разам са Старцам, чалавекам бліскага да яе лёсу. Ён таксама раней меў свой кавалак зямлі, але яго адтуль сагналі. Дасведчаны чалавек, Старац нясе людзям векавую народную мудрасць. Ён умее выслухаць чалавека, паспагадаць яго бядзе, даць разумную параду. Старац сее сярод людзей дух непакоры, нязломнасці перад выпрабаваннямі лёсу.[1]

Пасля Старца да Зяблікаў заходзіць Незнаёмы і таксама ў найбольш драматычныя, паваротныя моманты іх жыцця. Як і Старац, Незнаёмы не мае свайго ўласнага імя, прозвішча, не мае сваёй біяграфіі. Яго вобраз абагульнены, рамантызаваны. Гэта як бы сам покліч вякоў да людзей абудзіцца ад здранцвення, узняцца на змаганне. І Сымон, і Зоська ўрэшце адгукваюцца на кліч Незнаёмага і ідуць за ім.[1]

Станоўчым вобразам п'есы проціпастаўлены Паніч, разбешчаны нікчэмны малады чалавек, які сагнаў Зяблікаў з зямлі, загадаў разбурыць іх хату, зняславіў Зоську. Але Зяблікі ў канфлікце не толькі з Панічом, вобраз якога ў творы эпізадычны. Яны ў канфлікце і з падкупленымі і споенымі сведкамі на судзе, якія далі хлуслівыя паказанні, і з самім судом, што абараняе інтарэсы тых, хто мае ўладу.[1]

П'еса мае моцную драматычную спружыну, яна востраканфліктная. Вобразы твору раскрытыя з вялікай мастацкай сілай. Персанажаў нельга адарваць ад побыту, ад тых рэчаў, што іх атачаюць. Разам з тым твор глыбока паэтычны, мае высокае рамантычнае гучанне. У ім ідэяльна дасягнуты сінтэз побыту, паўсядзённасці і вялікай паэзіі, канкрэтнага і агульнага. Звычайныя рэчы (кветкі, вянок, торбы, скрыпка, сякера) набываюць у п'есе сімвалічнае значэнне.[1]

Сцэнічная гісторыя

Разумеючы сацыяльную і палітычную вастрыню п'есы, Я. Купала нават не звяртаўся ў царскую цэнзуру па дазвол на яе публікацыю і пастаноўку. П'еса ўбачыла свет толькі пасля падзення царызму. П'еса адыграла значную ролю ў станаўленні і развіцці беларускага прафесійнага тэатра. Упершыню п'еса была пастаўлена Ф. Ждановічам 10 ліпеня 1917 года ў Мінску Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі ў памяшканні гарадскога тэатра.[1]

У Мінску ў 1921 годзе 14 красавіка адбылася прэм'ера «Раскіданага гнязда» ў Беларускім дзяржаўным тэатры. Спектакль быў перанесены Ф. Ждановічам з Першага беларускага таварыства драмы і камедыі ў сваёй пераважна побытавай трактоўцы.[1]

«Раскіданае гняздо» шмат ставілі аматарскія тэатральныя калектывы: сярод іх — гурток Мінскага рабочага клуба, аматарскі гурток у Глуску. Нягледзячы на забарону польскіх уладаў, п'еса ставілася і ў Заходняе Беларусі: у в. Заполле Карэліцкага раёна і ў в. Чапялёва Слонімскага раёна. У 1920-я гады п'есу іграў у Латвіі Дзвінскі беларускі народны тэатр.[1]

Новае сцэнічнае жыццё «Раскіданаму гнязду» даў Беларускі тэатр імя Я. Коласа. Прэм'ера спектакля адбылася ў Віцебску 13 снежня 1951 года.[1]

Пасля пастаноўкі п'есы ў Віцебску да яе звярнуліся шматлікія аматарскія тэатральныя калектывы: Магілёўскі народны тэатр Дома культуры чыгуначнікаў, драматычныя гурткі Віцебскага дыванова-плюшавага камбінату, в. Бокшыцы Слуцкага раёна. Значнай падзеяй стала пастаноўка п'есы Мазырскім народным тэатрам (рэжысёр М. Колас). Яна атрымала высокую ацэнку ў Маскве ў 1967 годзе на Усесаюзным аглядзе народнага тэатра.[1]

У 1972 годзе новае прачытанне п'есы прапанаваў Нацыянальны тэатр імя Я. Купалы. У 1982 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы спектакль быў пастаўлены Львоўскім украінскім тэатрам імя М. Занькавецкай  (укр.).[1]

Свой унёсак ва ўвасабленне творчай задумы Я. Купалы ў сваіх спектаклях таксама зрабілі Нацыянальны тэатр імя Максіма Горкага, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Гродзенскі абласны драматычны тэатр, Мазырскі драматычны тэатр і інш.

У 1981 годзе на студыі «Беларусьфільм» паводле п'есы быў пастаўлены фільм. У 1959 годзе клавір оперы «Раскіданае гняздо» (лібрэта А. Астрэйкі і А. Скібнеўскага) напісаў М. Чуркін.[1]

Водгукі і крытыка

Першы вядомы водгук у друку на «Раскіданае гняздо» з'явіўся ў 1919 годзе ў часопісе «Беларускае жыццё». У тым жа годзе ў газеце «Беларусь» з ацэнкай твору выступіў З. Бядуля. Ён адзначыў яго паэтычную вобразнасць, звязаную з вуснай народнай творчасцю, гарманічнае спалучэнне лірычнага і сімвалічнага пачаткаў, а ў адлюстраванні рэчаіснасці бачыў эмблему жыцця ўсяго беларускага народу.

" Што тычыцца «Раскіданага гнязда» Я. Купалы, дык... гэта скарэй усяго паэма, чымся драма. Лірыка і сімволіка гэтага, бясспрэчна, мастацкага твору вытрымана болей гарманічна, як ва ўсіх другіх творах нашага паэта. Чытаючы «Раскіданае гняздо», атрымліваеш такое ўражанне, як бы пад акампанемент чуластрунных гусляў сівы дзед-баечнік, у стылі Баяна, пяе дзіўную песню і чаруе грамаду людзей, каторыя слухаюць яго, седзячы на прызбе ў летні вечарок пры захадзе сонца.... Уся драма Я. Купалы напоўнена гэткай паэзіяй у прозе. У большасці месцаў чуецца нават і рытміка. Аўтар захопліваўся народнай паэзіяй і пад яе чарамі кідаў з сваёй душы па палаючы трыножнік творчасці цудна-лірычныя косы-праменні і гэтым затуляў празаічную характарыстыку сваіх багатыроў...
Зм. Бядуля[3]
"

М. Гарэцкі новае ў драме перш-наперш звязаў з вобразам Незнаёмага.[4] Высокія ідэйныя і мастацкія вартасці п'есы адзначаў І. Замоцін. Разам з тым ён пісаў аб праліках у кампазіцыйнай пабудове, аб маладзейнасці «Раскіданага гнязда», лічыў драму «не зусім сцэнічнай»:

" Усе асобы п'есы заняты сваімі клопатамі і горасцямі і жывуць не столькі ў дзеянні, колькі ў размовах.
І. Замоцін[5]
"

Гэтую думку аб несцэнічнасці п'есы пазней падхапілі і іншыя даследчыкі і крытыкі «Раскіданага гнязда». Шэраг водгукаў з'явіўся ў сувязі з пастаноўкай п'есы ў Беларускім тэатры імя Я. Коласа. Іх аўтары (П. Глебка, Я. Рамановіч і інш.) зноў рэабілітуюць купалаўскі твор. Даследвалі п'есу М. Ярош, А. Лянсу, А. Семяновіч, І. Навуменка, А. Лойка, У. Няфёд, А. Сабалеўскі, Т. Гаробчанка.[1]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т А. Сабалеўскі Паўлінка (драматычны твор) (беларуская) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 525—527.
  2. Я. Купала. Збор твораў у 7 т.. — Мн., 1972—1976.. — Т. 7. — С. 435.
  3. Зм. Бядуля Водгук на п'есу «Раскіданае гняздо» // Беларусь : газета. — Мінск: 28 лістапада 1919.
  4. М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. — 4-е выданне. — Мінск, 1926. — С. 191.
  5. І. Замоцін Беларуская драматургія. Драматычныя творы Я. Купалы // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 1. — С. 76.

Літаратура

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Паўлінка (драматычны твор)» / Аўтар — А.Сабалеўскі — C. 525—527.
  • Васючэнка, П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Вопыт сучаснага прачытання. — Мн., 1994.
  • Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. — Мн., 1976.
  • Няфёд, Ул. Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. — Мн., 1970.
  • Няфёд, Ул. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. — Мн., 1976.
  • Няфёд, Ул. Гісторыя беларускага тэатра. — Мн., 1982.
  • Пятровіч, С. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. — Мн., 1972.
  • Семяновіч, А. Беларуская драматургія. — Мн., 1961.
  • Ярош, М. Драматургія Янкі Купалы. — Мн., 1959.

Спасылкі