Гісторыя Старажытнага Егіпта: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[недагледжаная версія][недагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
др r2.7.3) (робат выдаліў: it, nl, pt, sv змяніў: ar
Радок 129: Радок 129:
[[hr:Povijest drevnog Egipta]]
[[hr:Povijest drevnog Egipta]]
[[lt:Senovės Egipto istorija]]
[[lt:Senovės Egipto istorija]]
[[nl:Geschiedenis van het Oude Egypte]]
[[pt:História do Antigo Egito]]
[[ro:Istoria Egiptului Antic]]
[[ro:Istoria Egiptului Antic]]
[[ru:История Древнего Египта]]
[[ru:История Древнего Египта]]

Версія ад 22:06, 30 снежня 2012

Першая храналогія гісторыі Старажытнага Егіпта была прапанаваная першым вядомым егіпецкім гісторыкам Манефонам у кан. IV — 1-ай пал. III стст. да н.э., яна ўлучала ў сябе дзяленне старажытнаегіпецкай гісторыі паводле перыядаў і дынастый. Гэтая храналогія і перыядызацыя з сучаснымі ўдакладненнямі існуе і выкарыстоўваецца дасюль.

Дадынастычны перыяд

Галоўная характэрызуючая рыса гэтага перыяду – аднутнасць адзінай дзяржавы і дынастыі ўладароў ёй кіруючай. На апошнім этапе развіцця гэтага перыяду існавалі две вялікіх дзяржавы — Ніжні Егіпет з цэнтрам у горадзе Бехдэд, дзе пачыталі бога Гора, і Верхні Егіпет, з цэнтрам у горадзе Амбас, дзе пачыталі бога Сэта, якія дасягнулі высокага ўзроўню развіцця. Цар Верхняга Егіпта зрабіў знакам сваёй ўлады высокую белую карону, у той час як цар Ніжняга Егіпта — чырвоную карону, якая сваёй формай нагадвала коўш.

Паміж гэтымі дзяржавамі здараліся войны. Сталіцы абодвух дзяржаў былі перанесеныя на новае месца, Верхняга Егіпту ў Нехебт, дзе пакланяліся багіні-каршуну Нехбет, а сталіца Ніжняга Егіпта — у Бута, дзе пакланяліся багіні-кобры Уаджэт. Дакументальных сведчанняў аб перамозе таго або іншага боку няма, але захавалася паданне, якое апавядае аб поспеху, дасягнутым у адной з такіх войнаў царом Верхняга Егіпта Менесам. Лічыцца, што ён адолеў Ніжні Егіпет, аб'яднаў абодве краіны і стаў першым царом Верхняга і Ніжняга Егіпта - фараонам. Кананічнае змяшчэнне ў тытуле Верхняга Егіпта перад Ніжнім таксама сведчыць, што Верхні заваяваў Ніжні. Менес зрабіў сімвалам сваёй улады падвоеную бела-чырвоную карону, якая без змен захоўвалася ў фараонаў Егіпта на працягу больш 3500 гадоў. З таго часу каранаванне кожнага новага егіпецкага фараона стала сімвалічным аднаўленнем адразу двух краін. Аб'яднаны Егіпет лічыўся падвойным царствам - у яго былі дзве кароны, два збожжасховішчы, дзве скарбніцы, часам нават дзве магільні для памерлага фараона – адна ў Верхнім Егіпце і пустая магільня - кенатаф у Ніжнім Егіпце, або наадварот. Пазней на помніках падвойнае імя фараона сталі ўлучаць у два авалы.

Пасля перамогі Менес палічыў мэтазгодным заснаваць новую сталіцу ў Мемфісе, на мяжы двух царстваў, што дазваляла яму паспяховей кіраваць аб'яднанай дзяржавай. Тут для яго быў збудаваны палац, а ў размешчанай заходней пустэльні было закладзена месца пахавання фараонаў. Паводле Манефона, Менес быў заснавальнікам I дынастыі, адпаведна адсюль пачаўся новы буйны перыяд у гісторыі Старажытнага Егіпта - дынастычны. Дынастычны перыяд у сваю чаргу яшчэ Манефонам быў падзелены на больш дробныя перыяды адпавядаючыя глабальным унутрыпалітычным падзеям краіны і зменам у стане Старажытнага Егіпта.

Дынастычны перыяд

Ранняе царства

3000—2778 да н.э. Час I-II дынастый. Звесткі аб Раннім царстве грунтуюцца на нешматлікіх помніках якія змяшчаюць імёны фараонаў гэтага перыяду. Пасля Менеса ўладарыла 7 ці 8 фараонаў заснавай ім I дынастыі, якую змяніла II дынастыя, але падрабязных звестак аб іх не захавалася, хутчэй усяго з-за таго, што пісьменнасць у той час мела вельмі прымітыўны характар. Магільні фараонаў гэта перыяду – мастабы ў Ціне і іншыя магільні ў Накадзе, Абідосе, Сакары і Хелуане ўзводзіліся пераважна з гліняных блокаў і дрэва з абмежаваным ужываннем каменя для будоўлі сценаў і полу і для вырабу культавых таблічак. Камень выкарыстоўваўся для вырабу ўпрыгожванняў, прадметаў ужытку, посуду разнастайных тыпаў і нешматлікіх статуй.

Важнай рысай было ўмацаванне ў розумах адзінства ўсёй краіны, адмова ад разгляду Ніжняга Егіпта як заваяванай тэрыторыі. Актыўна вялася знешняя палітыка, асноўнымі партнёрамі Егіпта былі багатыя дрэвам Фінікія і Сірыя, краіны Сінайскага паўвострава, гандляваўшыя меднай рудой, таксама асвойваюцца шляхі Аравійскай і Лівійскай пустэльнь. У гэты перыяд склаліся прымітыўныя эканамічныя адносіны, якія звычайна класіфікуюцца як рабаўладальніцкія, хоць у дадзеную эпоху ўласна рабы практычна адсутнічаюць.

Фараонамі I дынастыі вядуцца войны з азіяцкімі суседзямі. Здзейсненыя першыя паходы ў Паўночную Нубію. Вялася барацьба з бедуінамі, якія кантралявалі медныя капальні паўвострава Сінай, што прывяла да часовай частковай ізаляцыі дзяржавы. Егіпцяне дасягаюць высокага ўзроўня ў геаметрыі (прыблізнае знаходжанне ліку Пі, плошчы фігур) і астраноміі (планеты, сузор'і). Пачатак знешняга марскога гандлю Старажытнага Егіпта - спачатку з Біблам у Ліване, затым з Пунтам, магчыма, на тэрыторыі сучаснага Самалі.

Каля сяр. XXVIII ст. да н.э. нейкі Семхію, які лічыцца фараонам II дынастыі, але верагодней быў адным з намархаў аддзяліў Ніжні Егіпет, змяніў свае імя на Перыбсен утоесніўшы сябе з міфалагічным ворагам бога Гора і зрабіў сваёй сталіцай Абідос. Верхні Егіпет застаўся пад уладай II дынастыі, па-ранейшаму пачытаўшай Гора. Адзінства Егіпта было адноўлена апошнім фараонам з II дынастыі — Хасэхемуі, які зноў заваяваў Ніжні Егіпет забіўшы там каля 50000 чалавек і столькі ж увёўшы ў рабства, такім чынам аб'яднаная дзяржава ўвайшла ў новы перыяд свайго развіцця - Старажытнае царства.

Старажытнае царства

2778—2263 да н.э. Час III-VI дынастый. Пачатакам эпохі Старажытнага царства лічаць узыходжаннем на сталец каля 2780 да н.э. першага фараона III дынастыі Джосера. Гэтая эпоха адзначаецца незвычайна хуткім развіццём архітэктуры. У гэтую пару працаваў вядомы дойлід Імхатэп, з імем якога звязана будаўніцтва ў Сакары першай гіганцкай прыступкавай піраміды – найстаражытнейшай збудаванай чалавекам каменнай пабудовы з тых, якія захаваліся да нашых дзён.

Паўтара стагоддзі падзяляюць піраміды Джосера і Хеопса. У гісторыі Старажытнага Егіпта гэта быў перыяд стабільнасці, дастатку і магутнасці. Наватарствы ў архітэктуры працягваліся, і іх кульмінацыяй з'явілася Вялікая піраміда, пабудаваная ў Гізе каля 2560 да н.э. для пахавання Хеопса. Гэтая піраміда — найбуйнейшы будынак Старажытнага свету (вышыня 147 м, а ўвесь комплекс займае прастору ў 5,3 га; каласальныя вапняковыя і гранітныя блокі, з якіх пабудаваная піраміда, часам дасягаюць у даўжыню 6 м, шчыльна падагнаныя адзін да аднаго). Саступаюць ёй піраміды пераемнікаў Хеопса: Хефрэна — 143 м і Мікерына — 66 м.

Члены царскай сям'і і вяльможы мелі ўласныя магільныя скляпы, размешчаныя шэрагамі каля пірамід валадароў Старажытнага царства. Ва ўпрыгожванні гэтых магільняў дасягнула росквіту рэльефная скульптура, якая ўпершыню з'явілася яшчэ ў дадынастычны перыяд.

У пачатку валадарання VI дынастыі пры будаўніцтве піраміды для фараона Уніса на яе ўнутраных сценах былі выразаныя шматлікія іерагліфічныя надпісы, вядомыя пад назовам Тэкстаў пірамід. Надпісы ўтрымоўваюць рытуальныя тэксты, звязаныя з пахаваннем фараона, а таксама з працягам яго валадарання і магутнасці на тым свеце. Такія надпісы маюцца ў пірамідах наступных кіраўнікоў VI дынастыі, а таксама — з даданнямі, растлумачэннямі, зменамі і скажэннямі — у магільнях прыватных асоб на працягу ўсяго дынастычнага перыяду. Гэтыя тэксты неацэнная крыніца звестак аб рэлігіі Старажытнага Егіпта.

З-за недахопу крыніц пэўныя звесткі аб сацыяльнай структуры эпохі Старажытнага царства нешматлікія. Магчыма, аж да IV дынастыі фараон быў галоўным, калі не адзіным землеўласнікам. Вышэйшыя прыдворныя пасады звычайна займалі члены сям'і фараона. Для кіравання патрабавалася мноства саноўнікаў і пісараў, што прывяло да фарміравання шматлікага і складана ўладкованага дзяржаўнага апарату. Найболей важныя пасады сталі практычна спадчыннымі, але на працягу доўгага часу заставаліся пад цвёрдым кантролем фараона. Некаторыя службовыя асобы, якія не належылі да сваякоў фараона, насілі тытул «сын цара» выключна дзякуючы сваім дзяржаўным функцыям.

Фараоны VI дынастыі будавалі шматлікія храмы як у Верхнім, так і Ніжнім Егіпце. Акрамя таго, Піопі I (каля 2400—2375 да н.э.) распачаў ваенныя паходы на Сінайскі паўвостраў, у Палесціну і Нубію. Яго сын Піопі II (2287—2193 да н.э.) таксама арганізаваў паход у глыб Нубіі і накіраваў гандлёвыя місіі ў краіну Пунт (у раёне сучасн. Самалі). Празмерная цэнтралізацыя ўлады і падатковы прыгнёт земляробаў, выклікалі мяцежныя настроі сярод знаці і ўсеагульная незадаволенасць насельніцтва. Кіраўнікі правінцый, спачатку былыя падданымі фараона, сталі выяўляць значную самастойнасць. Яны перасталі будаваць свае магільныя скляпы па суседстве з пірамідамі фараонаў і аддавалі перавагу знаходзіць спачынак у магільнях, высечаных у скалах каля ўласных рэзідэнцый.

Першы пераходны перыяд

2263—2070 да н.э. Час VII—X дынастый. Пасля 500-гадовага перыяду велічы Старажытнае царства распалася на 42 асобных нома. Гэта час смут і анархіі — паўстанні, напады лівійцаў, крах грамадскага правапарадку, разрабаванні магільняў былых фараонаў.

Пры ўсім гэтым першы пераходны перыяд быў плённым для творчасці — найвышэйшага росквіту дасягнула класічная старажытнаегіпецкая літаратура. «Павучанне для фараона Мерыкары» — пасланне фараона Хэці III свайму сыну, якое змяшчае практычныя рэкамендацыі правіцелю па набліжэнні вяльможаў і адданых выхадцаў з народа — было створана ў гэты перыяд. Апісанні бедстваў таго часу можна знайсці ў «Прароцтве Нефэрці», у якім гаворыцца аб рэзкай змене клімату і паніжэнні ўраджаяў, а таксама аб разгубленасці людзей, якія не разумеюць, як створанае багамі дзяржава можа прыйсці да такога заняпаду. Таксама вядомыя «Скаргі красамоўнага селяніна», «Гутарка стомленага ад жыцця з душой».

Паводле Манефона, VII дынастыя складалася з 70 фараонаў, якія ўладарылі на працягу ўсяго 70 дзён — гэта вядома перабольшванне, але адлюстроўвае нестабільны стан старажытнаегіпецкай дзяржавы ў той час.

Частковае аднаўленне парадку ў Старажытным Егіпце адбылося падчас кіравання фараонаў IХ дынастыі з Гераклеопаля. Першаму фараону гэтай дынастыі — Хэці I удалося часова аб'яднаць краіну, аднак неўзабаве пачынаецца падзенне егіпецкай культуры. Каля 2100 да н.э. ўзвысіліся Фівы дзе кіраваў прадстаўнік Х дынастыі — Ініатэф II. Гераклеопальскія фараоны з падтрымкай намархаў з Гермопаля і Сіута былі занятыя войнамі з іншымі правіцелямі Сярэдняга і Верхняга Егіпта. Фараон IХ дынастыя Хэці IV — выгнаў азіяцкіх заваёўнікаў, якія захапілі значную частку дэльты Ніла, і аднавіў гандлёвыя адносіны з Сірыяй. Аднак яго ўлада на поўдні распаўсюджвалася толькі да Сярэдняга Егіпта. Хэці IV у сваіх спробах адолець фіванскіх уладароў заручыўся падтрымкай намарха з Сіута. Барацьба паміж Фівамі і Гераклеопалем за новае аб'яднанне краіны і гегемонію ў ёй абвастрылася пасля разрабавання гераклеопальскімі фараонамі святога горада Верхняга Егіпта Абідоса. Аднак фіванскім уладарам удалося ўзвысіцца і яны заснавалі XI дынастыю, кіраванне якой было пачаткам эпохі Сярэдняга царства.

Сярэдняе царства

Перыяд гісторыі Старажытнага Егіпета ў 2040-1783 да н.э. Час XI-XII дынастый. Канчатковая цэнтралізацыя стражытнаегіпецкай дзяржавы. Пачатак Сярэдняга царства - 2040 да н.э., калі Ментухатеп I фараон з Фіваў перамог Мерыкара - фараона з Гераклеопаля. Фараонаў XI дынастыі, што насілі імёны Інтэфі і Ментухатэпі, размясцілі сваю рэзідэнцыю паблізу Фіваў, а ў падножжа заходніх гор, насупраць Карнака, — царскія магільныя скляпы.

Фараонаў XII дынастыі звалі Аменэмхетамі і Сенусэртамі. Заснавальнік XII дынастыі Аменэмхэт I быў узурпатарам. Займаючы пасаду візіра пры двары апошняга з Ментухатэпаў, ён захапіў уладу з-за адсутнасці законнага спадчынніка. Хоць ён правілаў на працягу 30 гадоў, яго становішча на пасадзе было нетрывалым. На дваццатым гаду ўладарання ён прызначыў суправіцелем сына Сенусэрта, што паказальна дэманструе жаданне гарантаваць пераемнасць улады. Калі Сенусэрт адправіўся на вайну, фараон быў забіты, як і пазней Аменэмхэт II. Пры гэтай дынастыі галоўным боствам Старажытнага Егіпта стаў Амон.

Фівы ператварыліся ў прызнаную рэлігійную сталіцу Сярэдняга царства, а рэзідэнцыяй фараонаў XII дынастыі была крэпасць Іт-Тауі, размешчаная прыкладна ў 30 км на поўдзень ад Мемфіса. Адгэтуль было зручна кіраваць будаўнічымі і іншымі грамадскімі працамі, аднаўленнем гандлёвых сувязяў Егіпта і яго ўплыву ў Палесціне і Сірыі, а таксама супакаеннем лівійцаў, якія жылі ў заходняй пустэльні, — сталай крыніцы турбот. Адбывалася пашырэнне Егіпецкай дзяржавы і ў паўднёвым напрамку — зноў была заваяваная Нубія аж да другога нільскага парога, а таксама заснаваная і ўмацаваная сталая гандлёвая факторыя ў Керме, да поўдня ад трэцяга парога.

У цэлым XII дынастыі Аменэмхэтаў-Сенусэртаў, асабліва Сенусэрт III, атрымалася стабілізаваць становішча краіны і ператварыць Егіпет у моцную дзяржаву, якая мела валодала вялікім ваенным і эканамічным патэнцыялам. Абапіраючыся на яго, XII дынастыя праводзіла паспяховую заваявальную палітыку. Працягвалася засваенне Фаюма. Вялікія поспехі былі зробленыя ў засваенні Нубіі, дзе былі адкрытыя багатыя радовішчы золата. Імкнучыся захаваць сваё панаванне ў золатародных раёнах Паўночнай Нубіі, егіпцяне пракладалі дарогі, будавалі сістэмы ўмацаванняў. Нубія ператварылася фактычна ў правінцыю Егіпта. Пашыралася егіпецкі ўплыў ва Усходнім Міжземнамор'е, адкуль егіпцяне атрымоўвалі срэбра, золата, будаўнічы лес. У цэлым пры XII дынастыі Егіпет ператварыўся ў даволі буйную дзяржаву на Блізкім Усходзе, а прысваенне шырокіх тэрыторый суправаджалася захопам вялікіх партый рабоў, быдла, матэрыяльных каштоўнасцяў.

Верагодна, вышэйшым дасягненнем фараонаў гэтай дынастыі з'явілася аднаўленне Аменэмхетам III разгалінаванай арашальнай сістэмы. У Файюмскай западзіне, каля фараонскай рэзідэнцыі Іт-Тауі, была створаная складаная сетка каналаў, злучаная з Нілам праз канал Бахр-Юсуф. Мерыдава возера ў Файюме было пераўтворана ў вадасховішча, штогод падчас паводак запаўняўшаяся па сістэме каналаў водамі Нілу, а паблізу была заснаваная новая сталіца Хетэпсенусэрт. Каб кантраляваць арашэнне палёў у працяглыя перыяды спаду ўзроўня Нілу, на каналах былі збудаваныя шлюзы. Удасканаленая і больш разгалінаваная арашальная сістэма часу кіравання Аменемхета III функцыянуе дагэтуль.

У перыяд Сярэдняга царства ў Егіпце ідзе развіццё тэхналогій: удасканаліцца апрацоўка зямлі, адбываецца засваенне бронзы. Увесь народ Егіпта дзяліўся на дзве часткі: працоўнае насельніцтва - «царскія людзі», і службоўцы дзяржаўнага аппарату якія складалі эліту. Такія грамадскія адносіны толькі зведаўшы некаторыя змены праіснавалі аж да пач. I тыс. да н.э. Менавіта ў перыяд Сярэдняга царства паўстаў сярэдні клас егіпецкага грамадства, аднак моцная эксплуатацыя «царскіх людзей» прывяла да ўскладнення сацыяльнай сітуацыі.

Каля 1783 да н.э. сацыяльныя супярэчнасці прывялі, відавочна, да выбуху народнай незадаволенасці. На кароткі час улада перайшла ў рукі народа. Узніклым цяжкім унутраным становішчам у краіне скарысталася змяшаная этнічная группа - гіксосы. Гіксосы акупавалі ўсю Дэльту – Ніжні Егіпет, а затым распаўсюджвалі сваю ўладу і ў Верхнім Егіпце. Эпоха Сярэдняга царства ў Егіпце скончылася, пачаўся перыяд панавання гіксосаў, так званы Другі пераходны перыяд.

Другі пераходны перыяд

1783—1580 да н.э. Час XIII-XVII дынастый. Як і ў эпоху VI дынастыі, Старажытны Егіпет часу Сярэдняга царства прыйшоў у заняпад з-за шэрагу слабых фараонаў. Імя апошняга фараона XII дынастыі невядома, а наступная XIII дынастыя налічвае звыш 50 фараонаў. Іх рэзідэнцыя па-ранейшаму знаходзілася ў Ітаўі, і яны працягвалі пакланяцца файюмскаму богу-кракадзілу Себеку. На той жа час прыходзіцца шэраг 72 фараонаў, якія хутка змянялі адзін аднаго, самастойнай XIV дынастыі з цэнтрам якой быў Ксоіс, размешчаны ў дэльце. Менавіта ў гэты смутны перыяд у Ніжні Егіпет сталі пранікаць шматлікія азіяцкія плямёны. Семіцкія імёны некалькіх фараонаў XIII дынастыі сведчаць, што прадстаўнікі гэтых чужакоў часам нават займалі сталец.

Каля 1725 да н.э. гэтыя прышэльцы, якіх егіпцяне звалі чужацкімі валадарамі, а Манефонгіксосамі (літаральна «цары-пастухі»), спустошылі дэльту. Праз 50 гадоў адзін з іх правадыроў узышоў на егіпецкі сталец, стаўшы заснавальнікам новай дынастыі. Гіксосы назаўжды захаваліся ў памяці егіпцян як бязлітасныя тыраны і разбуральнікі. У іх атрымалася захапіць значную частку Егіпта, за выключэннем раёна Фіваў, і дамагчыся саюза з нубійскімі правадырамі, якія скінулі егіпецкую ўладу.

Фараоны XV і XVI дынастый паходзілі з гіксосаў, зрабіўшых новую сталіцу ў горадзе Аварыс (егіп. Хат-Урат, сучасн. Тэль эль-Даба). Аб іх роднасных адносінах захавалася мала звестак, але ёсць сведчанні, што паміж імі ішла барацьба за сталец. Абедзве дынастыі існавалі адначасова і былі сучаснікамі XVII дынастыі фіванскіх фараонаў, якіх яны так і не здолелі падпарадкаваць. Помнікі таго перыяду нешматлікія, аднак гэтай эпохай датуецца вялікая колькасць знаходак скарабеяў — выразаных з каменя жукоў з высечанымі на іх імёнамі. Скарабеі служаць асноўнай крыніцай звестак аб фараонах XV і XVI дынастый.

Каля 1600 да н.э. Камас, апошні фараон XVII фіванскай дынастыі, коштам вялікіх высілкаў здолеў выгнаць гіксосаў з краіны. Насуперак парадам дараднікаў ён рушыў у паход уніз па плыні Нілу і атрымаў шэраг бліскучых перамог, якія вымусілі гіксосаў адступіць да Аварысу, які быў на самай мяжы з Палесцінай. Камас памёр да заканчэння гэтай кампаніі, яму спадкаваў яго брат Яхмас (каля 1580—1559 да н.э.), якога лічаць заснавальнікам XVIII дынастыі. Пасля трохгадовай аблогі ён захапіў і разбурыў Аварыс, назаўсёды выгнаўшы гіксосаў, якія адступілі ў Азію. Разарваўшы саюз з Нубіяй, Яхма тут жа распачаў паход на поўдзень і пашырыў межы сваёй дзяржавы да ранейшай яго мяжы вышэй другога нільскага парога.

Новае царства

1580—1085 да н.э. Час XVIII-XX дынастый. Выгнанне гіксосаў дазволіла Старажытнаму Егіпту пашырыць сувязі з Азіяй. Магчыма, з меркаванняў бяспекі, асцерагаючыся яшчэ адной пагрозы са боку гіксосаў, а можа быць, у імкненні ўсталяваць неабходныя ім гандлёвыя сувязі з азіяцкімі краінамі, егіпцяне з тых часоў не абмяжоўваліся традыцыйным аддзеленым існаваннем у даліне Нілу. Старажытны Егіпет стаў часткай міжземнаморскага свету. Унук Яхмаса Тутмас I пашырыў межы краіны як у паўднёвым, так і ў паўночным накірунку. Ён прывёў сваё войска да вярхоўяў Еўфрата і на беразе гэтай ракі ўзвёў трыўмфальнай стэлу з надпісам. Яго ўнук Тутмас III быў найвялікшым з усіх егіпецкіх фараонаў, аднак быў адціснуты з стальца царыцай Хатшэпсут, а сам ён распачаў шэраг паходаў у Азію і за 17 гадоў падпарадкаваў большасць усходніх суседзяў.

Эпохай росквіту і магутнасці было для Старажытнага Егіпта і 32-гадовае валадаранне Аменхатэпа (ок. 1455—1419 да н.э.), які карыстаўся плёнам заваёў Тутмаса III. Аменхотэп III лічыцца адным з найвялікшых будаўнікоў у гісторыі Егіпта.

Час Эхнатона

Асновай магутнасці царскай улады была падтрымка войска і жрацоў бога Амона-Ра. Аднак пасля спынення войнаў у Азіі дзяржава патрабавалася ў новых апорах. Пасля смерці Аменхатэпа III сталец заняў яго сын Аменхатэп IV, які ўвайшоў у гісторыю як рэлігійны рэфарматар. Сваё імя ён змяніў на Эхнатон у знак адмаўлення сваёй сувязі з богам Амонам, на якую паказвала імя Аменхатэп. Эхнатон скасаваў шанаванне бога Амона, перасяліўся ў заснаваную ім каля Герыопаля новую сталіцу Ахетатон (яе разваліны ў цяперашні час носяць назоў Эль-Амарна) і абвясціў культ адзінага праўдзівага бога Атона, знакам якога з'яўляўся сонечны дыск. Магутнае жрэцтва, звязанае з культам Амона, было падушанае, храмы гэтага бога зачыненыя, і нават яго малюнка былі счэсаныя або знішчаныя.

Барацьба з традыцыйнай рэлігіяй працягвалася каля 20 гадоў, але завяршылася са смерцю Эхнатона. Катастрофай для Егіпта абярнулася яго пагардлівасць прамымі абавязкамі фараона. Мяцежныя правадыры азіяцкіх народаў, уключаных у дзяржаву на Ніле, неадкладна скарысталіся тым, што Эхнатон прыслабіў ціск дзяржаўнага кіравання. Такая сітуацыя давала ім доўгачаканую магчымасць скінуць егіпецкае панаванне. Некалькі адданых фараону намархаў звярнуліся да яго з просьбай падтрымаць іх барацьбу з агрэсіўнымі суседзямі, але калі іх лісты (якія захаваліся на таблічках з Эль-Амарны) засталіся без адказу, яны спынілі свае беспаспяховыя спробы. Ад вялізнай дзяржавы, з цяжкасцямі ствооанай папярэднікамі Эхнатона, практычна нічога не засталося. Пасля смерці Эхнатона Семенехкара (1348-47 гг. да н.э.) праз некаторы час аднавіў культ Амона і старым багам было вернута іх ранейшае становішча.

Аб багацці Егіпта ў эпоху кіравання XVIII дынастыі можна скласці ўяўленне па знаходках скарбаў у знойдзенай у 1922 годзе магільні Тутанхамона — зяця Эхнатона. Рэальнымі кіраўнікамі падчас яго валадарання (каля 1400—1392 да н.э.) былі ранейшы вярхоўны жрэц Атона Эйе і галоўны вайскаводзец Эхнатона Харэмхеб. Пасля смерці фараона-юнака яго ўдаве Анхесенамон прапанаваў пабрацца шлюбам сын хецкага цара Супілуліўмы I, аднак быў забіты егіпецкай знаццю. Пасля з Анхесенамон уступіў у шлюб Эйе, які лічыцца апошнім царом XVIII дынастыі, а Супілуліўма I цалкам выгнаў егіпцян з Азіі.

Час XIX і XX дынастый

Пасля Херэмхеба, якія высунуўся пры Эхнатоне ў час хецкіх паходаў, заснавальніка новай XIX дынастыі, на стальцы апынуўся немалады Рамзес I. У кіраванне яго сына Сеці I (каля 1337—1317 да н.э.) пад уладу Егіпта вярнуліся Палесціна, Фінікія і паўднёва-цэнтральная Сірыя. Рамзес II Вялікі (каля 1317—1251 да н.э.) таксама ваяваў на гэтых тэрыторыях, то вяртаючы іх пад сваю ўладу, то ізноў губляючы, а асноўным супернікам Егіпта заставалася Хецкае царства. Аднак адроджаная дзяржава была нетрывалай, таму Рамзес II палічыў мэтазгодным падпісаць дагавор аб міры з Хатусілі III, царом хетаў, якія занялі месца ўладароў Заходняй Азіі што перад тым належыла егіпцянам.

За доўгім валадараннем Рамзеса II пачаўся перыяд бесперапынных масавых міграцый розных народаў у Цэнтральнае Міжземнамор'е. Пераемнікам гэтага цара прыйшлося выпрабаваць уварванні лівійцаў з захаду, а Рамзес III (каля 1204—1173 да н.э.), другі цар XХ дынастыі, сутыкнуўся на поўначы і ўсходзе з магутным саюзам не роднасных паміж сабою плямёнаў-заваёўнікаў — так званых «народаў мора», чыйго націску не вытрымалі нават магутныя хеты. Рамсес III паспяхова супрацьстаяў іх полчышчам, але яго працяглае знаходжанне на стальцы было азмрочанае войнамі, паўстаннямі насельніцтва, а таксама змовамі і інтрыгамі членаў яго ўласнай сям'і. Рамсес III быў апошнім вялікім валадаром эпохі Новага царства. Каля 1075 года да н.э. пасля смерці апошняга фараона XX дынастыі Рамзеса XI, Старажытны Егіпет распадаецца на дзве часткі — Фіванскую вобласць на чале з вярхоўным жрацом Амона Херыхорам, і аб'яднаўшую ў сабе Сярэдні і Ніжні Егіпет дзяржаву з цэнтрам у горадзе Таніс.

Трэці пераходны перыяд

1085—656 да н.э. Час XXI-XXVI дынастый. У пачатку гэтага перыяду паўднёвая частка Егіпта застаецца пад уладай спадчыннікаў Херыхора, а ў Сярэднім і Ніжнім Егіпце кіруе XXI дынастыя. У гэты час у шэрагу номаў гэтых раёнаў узвышаюцца былыя лівійскія ваенныя правадыры, якія аселі ў Егіпце яшчэ ў час Новага царства. Адзін з іх, Шэшонк I у 945 да н.э. захоплівае сталец і становіцца заснавальнікам XXII дынастыі, якая вядомая як «лівійская». Паспяховая новая цэнтралізацыя Старажытнага Егіпта прывяла да таго, што Шэшонк пасля смерці цара Ізраіля Саламона здзейсніў паспяховы паход на Палесціну ў 925 г. да н.э., аднак ужо яго сын Асаркон I пацярпеў паразу ад цара Іудзеі Асы каля 897 да н.э., а да другой паловы XVIII ст. да н.э. Старажытны Егіпет зноў перастае быць адзінай дзяржавай.

Узмацнелы валадар з Саіса Тэфнахт усталёўвае цвёрдую ўладу XXIV дынастыі над дэльтай Нілу і раёнам Мемфіса (727—720 гг. да н.э.), а яго пераемнік Бакхорыс выдае шэраг законаў, накіраваных супраць пазыковага рабства. Аднак, ужо ў 715 да н.э. да ўлады прыйшоў Шабака з XXV дынастыі, найзначнейшым з фараонаў якой быў Тахарка (690—664 гг. да н.э.), які аб'яднаў Нубію і Егіпет у адзіную дзяржаву. Ён таксама спрабаваў супернічаць з Асірыяй, але ў рэшце яе цар Асархадон заваяваў Егіпет у 671 да н.э.

Асірыйцы не імкнуліся пабудаваць у Егіпце сталую сістэму ўлады і задаволіліся прызнаннем залежнасці мясцовых валадароў. У «Гісторыі» Герадота гэты перыяд завецца «дадэкархія», гэта значыць валадарства дванаццаці цароў, якія дзялілі краіну паміж сабою. У 663 да н.э. адзін з іх, Псамеціх I, скарыстаўшыся вайной Асірыі з іншым егіпецкім валадаром — Танутамонам, пачынае пашыраць свае ўладанні і неўзабаве кантралюе ўсю дэльту Нілу, а да 656 да н.э. аб'ядноўвае ўвесь Старажытны Егіпет, уключаючы даўно аўтаномныя Фівы і засноўвае XXVI дынастыю, пачаўшы час «Саіскага адраджэння».

Позні перыяд

Апошні перыяд у гісторыі Старажытнага Егіпта — час яго заняпаду. 656—332 да н.э. Час XXVII—XXX дынастый. У XI стагоддзі да н.э. фараонаў сталец заняў ваявода Херыхор, які адначасова быў вярхоўным жрацом Амона. Пры ім Старажытны Егіпет ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву, важныя дзяржаўныя справы сталі вырашацца шляхам зваротаў да аракула Амона ў Карнаке. Ніжні Егіпет аддзяліўся, а яго правіцель — Смендэс, маючый сталіцу ў Танісе, абвясціў сябе царом Верхняга і Ніжняга Егіпта. Хутка была страчаная Нубію.

Ключавыя пазіцыі ў апараце кіравання паступова перайшлі да лівійцаў — правадыроў наёмных воінскіх атрадаў і нашчадкамі сем'яў, што пасяліліся ў Дэльце падчас кіраванне XIX і XX дынастый. Каля 950 да н.э. адзін з такіх лівійцаў захапіў сталец у Бубасцісе і прыняў імя Шашонк I (Шышак). Упершыню пасля выгнання гіксосаў егіпецкі сталец заняў іншаземец. Шашонк здзейсніў паход у Палесціну і захапіў Іерусалім, дзе ў то час уладарыў Іеравам. Кіраванне заснаванай Шашонкам XXII дынастыі працягвалася каля двух стагоддзяў, але гэта быў час заняпаду. Прадстаўнікі фараонскай ўлады спрабавалі ўмацаваць свой уплыў саюзам з рэлігійнымі інстытутамі. Спадчыннік пасаду прызначаўся вярхоўным жрацом Амона ў Карнаке, а дочкі фараонаў станавіліся вярхоўнымі жрыцамі гэтага бога.

Тым часам дужэла маладое Нубійское царства Куш, і каля 730 да н.э. яго ўладар Піанхі (Пі), які сачыў за смутамі, што раздзіралі Старажытны Егіпет, уварваўся ў даліну Ніла, аблажыў і ўзяў штурмам Гермопаль Вялікі і Мемфіс і захапіў сталец. Прадстаўнікі эфіопскай — XXV дынастыі, спрабавалі кіраваць краінай з сталіцы Куша Напата, але пазней фараон гэтай дынастыі Тахарка (689—663 да н.э.) быў змушаны на працягу некалькіх гадоў кіраваць ваеннымі дзеяннямі ў Дэльце з Таніса, адбіваючы моцны наступ з боку не толькі сваіх егіпецкіх праціўнікаў, але і Асірыі. У 671 да н.э. войска Тахарка было пабіта асірыйскім царом Асархадонам, і прадстаўнікі эфіопскай дынастыі былі змушаныя збегчы ў Напату. Васьмю гадамі пазней асірыйскі цар Ашурбаніпал падчас новага ўварвання разграміў егіпецкія і эфіопскія сілы пляменніка Тахарки, фараона Танутамона, і спустошыў сталіцу Старажытнага Егіпта — Фівы. Эфіопы былі выгнаныя, а сталец занялі намархі размешчанага ў Дэльце Саіса. Яны вялі безперапынныя войны з асірыйцамі і атрымалі кароткую перадышку толькі калі Ашурбаніпал быў змушаны з-за ўзніклых у яго на радзіме хваляванняў вярнуцца ў Ніневію. Пры Псамеціхе I (663—610 да н.э.), заснавальніку і першым фараонам саіскай — XXVI дынастыі, спустошаныя асірыйцамі гарады былі адбудаваныя зноў. Прадпрымаліся спробы аднавіць славутасці былых часоў, у першую чаргу будынкі эпохі пірамід. Іншаземных купцоў заахвочвалі засноўваць у вобласці Дэльты гандлёвыя паселішчы, і падчас уладарання Псамеціха II там быў пабудаваны знакаміты грэчаскі горад Наўкраціс. Яхмас II (569—525 да н.э.), услед за бацькам праводзіў прагрэчаскую палітыку, магчыма, спадзяючыся на падтрымку Грэцыі ў супрацьстаянні нарастаючай пагрозе з усходу. Пасля яго смерці крызіс дасягнуў апагею, і на Старажытны Егіпет напалі персы. Яго пераемнік Псамеціх III (526525 да н.э.) быў пабіты ў 525 да н.э. пры Пелусіі персідскім царом Камбісам II, які захапіў Старажытны Егіпет аж да Нубіі і абвясціў сябе фараонам, а заваяваную тэрыторыю — правінцыяй Персіі. Такім чынам да ўлады дашлі фараоны персідскай — XXVII дынастыі, гэта азначала пачатак канца існавання незалежнага Старажытнага Егіпта.

Нягледзячы на шэраг паўстанняў, у выніку якіх егіпцянам атрымоўвалася выганяць персаў, а з 404 да н.э. краіна нават атрымала незалежнасць на 60 гадоў, Старажытны Егіпет перыядычна быў персідскай правінцыяй аж да яго заваёвы ў 332 да н.э. Аляксандрам Македонскім. Гэтая заваёва паклала канец Старажытнаму Егіпту і пачатак буйному новаму перыяду ў гісторыі Егіпта — эліністычнаму.